Конкурс ідэй: "Кірмаш праектаў-Бабруйск"

Бабруйск абраны культурнай сталіцай Беларусі ў 2017 годзе! Але як выявілася, далёка не ўсе бабруйчане ў захапленні ад выгляду і культурнага жыцця горада.

Чаго бракуе для камфортнага жыцця і адпачынку ў Бабруйску? Якіх падзеяў і з’яў не хапае культурнаму жыццю? Якім вы хочаце бачыць свой горад?

Маеце ІДЭІ? Самы час, калі вашыя задумы і прапановы не проста маюць шанец, а мусяць быць заўважанымі і здзейсненымі!

"Кірмаш праектаў" – гэта месца, дзе збіраюцца культурніцкія прапановы, іх аўтары і крытыкі. Удзельнічайце ў конкурсе і атрымайце падтрымку ў рэалізацыі сваіх задумаў ад кампаніі "Будзьма беларусамі!" і Цэнтра даследванняў "СІМПА".

 

ШТО ПАТРЭБНА ДЛЯ ЎДЗЕЛУ:

Каб стаць удзельнікам конкурсу, неабходна да 18.01.2017 уключна даслаць сваю ідэю на kirmash.praektau@gmail.com з пазнакай “Кірмаш праектаў-Бабруйск”. Праекты прымаюцца ў фармаце прэзентацый PowerPoint і аналагічных з пазначэннем дадзеных удзельніка (прозвішча, імя, арганізацыя, назва праекта, кантактны нумар тэлефона).

Што трэба ўключыць у прэзентацыю?

  • назва, мэта і сутнасць ідэі;
  • чаму і каму гэты праект неабходны?
  • калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?
  • якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце? (каманда, партнёры, бюджэт).

ХТО МОЖА БЫЦЬ УДЗЕЛЬНІКАМ:

Удзел могуць браць усе ахвочыя: дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі, фізічныя асобы, творчыя групы і ініцыятывы незалежна ад статусу і ўзросту.

 

ШТО БУДЗЕ ПАСЛЯ:

Публічная прэзентацыя ў фармаце “маланкавай размовы” (5-7 хвлін, якія даюцца на ваш выступ) у тайм-клубе "1387" (Бабруйск, вул. Савецкая, 97-2). Дата будзе абвешчаная дадаткова.

Падчас прэзентацыі вы зможаце:

  • распавесці пра свой праект/ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі;
  • апрабаваць і прарэкламаваць свае задумы;
  • атрымаць экспертную і народную ацэнку свайго праекта;
  • знайсці аднадумцаў, партнёраў, валанцёраў, пляцоўкі і рэсурсы для рэалізацыі вашай ідэі;
  • пазнаёміцца з іншымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;
  • натхніць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку;
  • і тым самым зрабіць свой унёсак, каб статус культурнай сталіцы Беларусі для Бабруйска быў не толькі намінальным, а насыціў год цікавымі для бабруйчан падзеямі і дапамог гораду выйсці на новы культурны ўзровень!

Падчас прэзентацыі праекты пабачаць афіцыйныя асобы і незалежныя прадстаўнікі культуры, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнесу, турызму і іншыя зацікаўленыя, з кім будзе карысна абмеркаваць вашую прапанову ў дэталях.

 

Пасля выніковай імпрэзы экспертная рада адбярэ найбольш цікавыя і абгрунтаваныя праекты, з прадпрымальнай камандай і канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі, новымі падыходамі да вырашэння праблем і культурна-сацыяльным кірункам. Кампанія "Будзьма беларусамі!" і "СІМПА" акажуць усю магчымую дапамогу: ад кансультацый да рэалізацыі.

 

Кампанія "Будзьма беларусамі!" ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі, каб дапамагчы жыхарам горада знайсці выйсце ў рашэнні важных мясцовых пытанняў.

"Будзьма беларусамі!" аб’ехала з "Кірмашамі" Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Рагачоў і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы гэтаму фармату многія цікавыя гарадскія ініцыятывы здзейсніліся, іх ініцыятары пазнаходзілі аднадумцаў і для рэалізацыі іншых цікавых праектаў. Да прыкладу, у гэтым годзе "Кірмаш праектаў" у Віцебску дапамог узбагаціць Дзень горада і Дзень моладзі мноствам адметных падзей. Сярод іх – Летні маркет "Барадулінкі", фестываль актыўнага адпачынку "Свята ветру", турнір па футбольным фрыстайле "Вежа", першая агульнагарадская фотасушка, "Спеўны сход" і нават вулічныя майстар-класы па танцах. А ў Магілёве з’явілася "Палатно гісторыі ў стылі графіці", якое расказвала пра найбольш значныя гістарычныя даты, а яшчэ ініцыятыўныя жыхары горада здзейснілі літаратурны праект "Паэзія ў метро", чым па атмасферы наблізілі свой горад да Лондана.

 

ЗБОР ІДЭЙ да 18 студзеня 2017 года ўключна

ДАСЛАЦЬ ІДЭЮ: праекты прымаюцца ў фармаце прэзентацый PowerPoint і аналагічных на kirmash.praektau@gmail.com

Даведкі і падрабязнасці: (29) 191 22 67, (29) 319 93 09, kirmash.praektau@gmail.com

 

“Кірмаш праектаў-Бабруйск” у сацыяльных сетках: ВКонтакте, Facebook

Як праходзілі Кірмашы праектаў у розных гарадах Беларусі, глядзіце тут.