Ад мары да праекту. У Бабруйску завяршыўся трэці сезон акселератару сацыяльных ідэяў «Твой раён»

З кастрычніка 2021 году па красавік 2022 году ў Бабруйску працаваў трэці сезон акселератару сацыяльных ідэяў «Твой раён». З дапамогай дасведчаных настаўнікаў, цягам шасці месяцаў удзельнікі распрацоўвалі свае ініцыятывы і ператваралі іх у сапраўдныя гатовыя бізнес-праекты. 24 красавіка ўдзельнікі «Твайго раёну» на адмысловым «выпускным» прэзентавалі вынікі сваёй працы – 8 новых сацыяльных ініцыятываў.

Каардынатары і ўдзельнікі акселератару «Твой раён». Фота: 1387.io

Каардынатары і ўдзельнікі акселератару «Твой раён». Фота: 1387.io

Людзі прыходзяць з ідэяй, а сыходзяць з гатовым праектам

Злева – каардынатарка акселератару «Твой раён» Ганна Прылішч. Фота: 1387.io

Сёлетні бабруйскі «Твой раён» – гэта ўжо трэці сезон акселератару. Першы адбыўся толькі ў Менску, другі і трэці праходзілі ў Менску, Віцебску і Бабруйску, распавяла каардынатарка праекту Ганна Прылішч.

– Мы завем гэты акселератар «антыкрызісны праект Бабруйскай габрэйскай суполкі», шлях ад мары да праекту, – апісвае Ганна сутнасць «Твайго раёну». – Сутнасць праекту ў тым, што ўдзельнікі прыходзяць са сваімі ідэямі, а прафесійныя лектары вучаць іх, як гэтыя ідэі разгарнуць і зарабіць на іх грошы. Удзельнікі прыйшлі з ідэяй, а сыходзяць з гатовым праектам, з палічаным бюджэтам, мэтавымі аўдыторыямі. Гэта ўжо больш, чым ідэя.

Удзельнікі праекту «Твой раён». Фота: 1387.io

Ганна зазначае, што «Твой раён» удыхнуў жыццё ў габрэйскую суполку Бабруйску – прыйшлі новыя людзі, сталі праводзіцца розныя мерапрыемствы. Аднак карысны праект не толькі для габрэйскай суполкі – ён аб’яднаў самых розных людзей – жыхароў Бабруйску, розных узростаў і заняткаў.

– Сёлета ў нас вельмі разнастайныя ідэі – ёсць юрысты, у прыватнасці, медыятарка, музыканты, літаратурны клуб, чалавек, які хоча развіваць мысленне ў падлеткаў, – распавядае каардынатарка пра тэмы, з якімі працавалі ўдзельнікі цягам 3-га сезону.

«Было б файна, калі б гарадскія ўлады ці прадпрымальнікі падтрымалі нашых выпускнікоў»

Удзельнікі праекту «Твой раён». Фота: 1387.io

Некаторыя з ініцыятывай ужо працуюць, кажа Ганна Прылішч, а цягам навучання кожны з удзельнікаў правёў як мінімум адзін майстар-клас ці прэзентацыю свайго праекту, паспрабаваў сябе ў працы.

– Ініцыятыва «Успешный ребёнок» ужо працуе на базе габрэйскай суполкі – ужо былі некалькі заняткаў як для дзяцей, так і для бацькоў, – распавядае Ганна. – Блізкі да рэалізацыі «Цэнтр медыяцыі і перамоваў». Праект «Кастомныя рэчы» таксама ўжо працуе – дзяўчына размалёўвае вопратку, дае рэчам другое жыццё. Па любым праекце нейкая праца ўжо была праведзеная на базе габрэйскай суполкі.

Каардынатарка «Твайго гораду» асобна зазначае, што, хоць удзельнікі праекту і прыйшлі да фінішу з гатовымі бізнес-ідэямі, большасці з іх усё яшчэ патрэбная падтрымка.

– Нашыя выпускнікі толькі пачынаюць свой шлях, і было б файна, калі б іх падтрымалі гарадскія ўлады ці прадпрымальнікі, – зазначае Ганна, і абяцае, што 4 сезон «Твайго раёну» у Бабруйску абавязкова будзе.

Удзельнікі «Твайго раёну»: Аляксей з ідэяй інжынірынгавай кампаніі

Аляксей Сцепанкоў, аўтар ініцыятывы інжынірынгавай кампаніі, з дзецьмі. Фота: асабісты архіў Аляксея Сцепанкова

Мы паразмаўлялі з некаторымі ўдзельнікамі акселератара і папрасілі іх распавесці пра свае праекты.

34-гадовы Аляксей Сцепанкоў, тэхнік-праектыроўшчык, прыйшоў у праект з ідэяй стварыць інжынірынгавую кампанію з адукацыйным кампанентам для маладых спецыялістаў.

– Пра «Твой раён» я даведаўся яшчэ падчас мінулага сезону, у ім удзельнічаў мой сябар з габрэйскай суполкі. Але на той момант у мяне яшчэ не было сваёй ідэі, я проста назіраў, слухаў сябра і вырашыў абавязкова паўдзельнічаць у наступным сезоне, – распавядае Аляксей. – У Беларусі я працаваў з інжынернымі сістэмамі будынкаў – ацяпленнем, вентыляцыяй, і вырашыў распрацаваць ідэю, звязаную са сваёй прафесійнай галіной.

Аляксей хоча аб’яднаць прафесійных інжынераў Бабруйску ў інжынірынгавую кампанію з поўным комплексам паслугаў, а таксама ўвесці адукацыйны складнік – навучаць маладых спецыялістаў, тых, хто адчувае патрэбу ў ведах.

– Гэтая галіна даволі складаная, і я не раз сутыкаўся з тым, што кваліфікацыя людзей, якія ў нас працуюць на розных прадпрыемствах, мае пэўныя прабелы, а церпяць ад гэтага спажыўцы. І вось чым больш я глядзеў на гэта, тым больш мне хацелася, каб у нас было было больш прафесіяналаў, і каб яны аб’ядналіся ў нейкую супольнасць, а моладзь пры гэтым мела магчымасць навучацца.

«Тым, хто застаўся ў Беларусі, патрэбная падтрымка»

Падчас выпускнога акселератару «Твой раён» 24 красавіка. Фота: 1387.io

«Твой раён» даў Аляксею тыя веды, якіх яму не хапала – навучыў даследаваць рынак, знаходзіць сваю нішу, мэтавага кліента, разлічваць бюджэт.

Рэалізаваць сваю ініцыятыву ў Бабруйску Аляксей не паспеў – з’ехаў з Беларусі. Аднак ён не губляе надзеі, што ўсё яшчэ атрымаецца, нават на адлегласці.

– Сёння ўсё магчыма, дзякуючы сучасным сродкам сувязі, – кажа Аляксей. – І я лічу вельмі важным рэалізаваць такі праект менавіта ў сённяшняй Беларусі. Шмат разумных, ініцыятыўных людзей сёння з’язджаюць. Але ў той жа час шмат хто і застаецца на радзіме, і ім патрэбная падтрымка, новыя веды. Арганізатары праекту распавядалі, што «Твой раён» атрымаў вялікі водгук у Беларусі, большы, чым у той жа Грузіі, Малдове. Я думаю, што прычына гэтага ў тым, што ў нас увогуле мала такіх праектаў, і таму яны як паветра патрэбныя людзям.

Аляксей не выключае, што паспрабуе стварыць Інжынірынгавую кампанію сваёй мары таксама ў той краіне, дзе ён цяпер знаходзіцца.

Вольга Чаша і «Цэнтр медыяцыі і перамоваў»

Вольга Чаша, аўтарка ініцыятывы «Цэнтр медыяцыі і перамоваў». Фота: 1387.io

Вольга Чаша паводле адукацыі – выкладчыца замежны моваў. Але дзеўчына даўно марыла пра ўласны Цэнтр медыяцыі. У 2021 годзе Вольга прайшла навучанне, здала адмысловы экзамен і атрымала пасведчанне медыятара.

Медыяцыя – гэта спосаб урэгулявання спрэчак і канфліктаў. Медыятар – перамоўшчык, які сядае за стол перамоваў разам з бакамі канфлікту і дапамагае не давесці яго да суду. Закон аб медыяцыі ў Беларусі быў прыняты ў 2014 годзе. Паводле яго, медыятарам можа стаць любы чалавек з вышэйшай адукацыяй – трэба толькі прайсці навучанне ў адным з адмысловых цэнтраў, якія маюць ліцэнзію на падрыхтоўку медыятараў. Вольга Чаша вучылася ў Цэнтры медыяцыі і перамоваў Ліліі Уласавай.

– Пасля атрымання пасведчання я думала, як развіваць гэтую дзейнасць у Бабруйску, зусім не ведала, з чаго пачаць, і тут знаёмы мне падказаў, што як раз ідзе набор у праект, які дапамагае, падказвае і накіроўвае такіх, як я – «Твой раён», – распавядае Вольга.

Выкладчыкі праекту «Твой раён» – Дзяніс Дудаль і Сабіна Курбанава. Фота: 1387.io

Дзяўчына засталася цалкам задаволеная ўдзелам у акселератары.

– Я хацела атрымаць веды па маркетынгу, развіццю бізнесу і пашырыць сваё кола камунікацыі, пазнаёміцца з новымі людзьмі, распавесці ім пра медыяцыю, – кажа Вольга. – Гэтыя мае запыты акселератар цалкам задаволіў. Я атрымала добрыя веды, у нас былі цікавыя лектары, якія дзяліліся сакрэтамі вядзення і прасоўвання бізнесу. Пра мяне даведалася шмат людзей. Я завершыла праект з цалкам сфармаванай ідэяй – я зразумела, чаго хачу, якім бачу свой цэнтр, і як яго развіваць у Бабруйску.

Паўнавартасны Цэнтр медыяцыі і перамоваў, які хацелася б, Вольга Чаша пакуль не адкрыла – яшчэ няма патрэбнай плыні кліентаў. Цяпер дзеўчына па меры неабходнасці арандуе офіс, у якім праводзіць медыяцыйныя сустрэчы.

Вольга Чаша прэзентуе сваю ініцыятыву «Цэнтр медыяцыі і перамоваў». Фота: 1387.io

Адзін з галоўных выклікаў, які часткова вырашыў праект «Твой раён», але яго трэба працягваць вырашаць далей – гэта распавядаць беларусам, бабруйцам пра медыяцыю – што гэта такое, што гэта вельмі добры інструмент вырашэння спрэчак ці канфліктаў, і што такая магчымасць ёсць і ў нашым горадзе, зазначае Вольга.

– Сапраўды, беларусы не так шмат ведаюць пра медыяцыю, і ў чым яе перавагі перад тымі ж судамі, і што ёсць такія адмыслоўцы – медыятары. У той час як па ўсім свеце медыяцыя вельмі запатрабаваная, у нашым горадзе дагэтуль не было цэнтру медыяцыі, – кажа ўдзельніца «Твайго раёну».

Калі вам патрэбныя паслугі медыятара, вы можаце звярнуцца да Вольгі Чашы: тэлефон: +375291588640, інстаграм.

Ліза Гарбелік – з дапамогай фарбаў дае старому адзенню новае жыццё

Ліза Гарбелік, аўтарка ініцыятывы «Кастомныя рэчы», дэманструе ўласнаручна размаляванае адзенне. Фота: 1387.io

15-гадовая Ліза Гарбелік удзельнічала ў «Тваім раёне» з ініцыятывай «Кастомныя рэчы». Ліза дае новае жыццё старой вопратцы – размалёўвае яе, а ў будучыні хоча навучыцца і цалкам перашываць.

На акселератар Ліза прыйшла па парадзе псіхолага.

Я распавядала псіхолагу, што не ведаю, чым хачу займацца ў жыцці, і яна параіў мне «Твой раён». Тады як раз ішоў набор, – распавядае дзяўчына. – Я крыху хвалявалася, баялася, што да мяне скептычна паставяцца з-за майго ўзросту, аднак і выкладчыкі, і іншыя ўдзельнікі вельмі добра прынялі мяне.

К 3-4 занятку Ліза дакладна вызначылася з ідэяй будучага праекту і сваёй прафесіяй.

– Дзякуючы «Твайму раёну» я зразумела, як ператварыць ідэю ў рэальны праект. А таксама даў веру ў сябе, што ў мяне можа нешта атрымацца, – кажа дзеўчына. – Цягам 5 гадоў я размалёўваю адзенне, і гэта, напэўна, адзіная рэч у жыцці, якая прыносіць мне столькі задавальнення. Таму я зразумела, што гэтым і хачу далей займацца.

«Перадаю на адзенні свае пачуцці і эмоцыі»

Размалёўвае адзенне Ліза акрылавымі фарбамі па тканіне. Гэта не так проста, бо да кожнай тканіны трэба падабраць адпаведную фарбу, зазначае дзеўчына. Што да сюжэтаў малюнкаў, то Ліза кажа, што малюе ўсё, што прыйдзе ў галаву.

– Я перадаю на адзенні свае пачуцці і эмоцыі. Таму мне гэта так падабаецца, – кажа дзеўчына. – І таму я разумею, што не хачу нічым займацца ў жыцці, акрамя творчасці.

Цяпер Ліза вучыцца ў 9 класе ў 3-й гімназіі г.Бабруйску. Пасля 11 класаў плануе паступаць вучыцца на дызайнера ці вэб-журналіста – дакладна дзеўчына яшчэ не вызначылася. Адначасова самая юная ўдзельніца «Твайго раёну» хоча прасоўваць сваю ініцыятыву ў сацсетках, навучыцца перашываць адзенне і неўзабаве адкрыць уласную майстэрню.

Ліза зазначае, што ідэя з размалёўкай адзення не толькі прыносіць радасць ёй і тым, хто атрымае новую старую рэч, але яна таксама карысная для экалогіі і нашых гаманцоў.

– Калі людзі перарабляюць сваю вопратку, то яны перастаюць купляць усё, што бачаць на сваім шляху, ашчаджаюць грошы, дадаюць арыгінальнасці ў свой гардэроб, а адначасова ратуюць прыроду, бо менш спажываюць.

Падчас «выпускнога» праекту «Твой раён». Фота: 1387.io

Іншыя праекты і партнёры 3-га сезону «Твайго раёну»

  • Студыя гуказапісу «Ліра» – створаная і запісаная ў студыі музыка будзе выстаўляцца ў інтэрнэце на аўдыёстоках, дзе ёй змогуць скарыстацца блогеры, аўтары ютуб-праектаў, тэлеканалы. Паралельна аўтар ідэі Пётр Мікуліч хоча стварыць моладзевы музычны гурт.

Пётр Мікуліч, аўтар ідэі «Студыя гуказапісу «Ліра». Фота: 1387.io

  • Праект «Matrix-Life» – мае два накірунку: машынабудаўніцтва і шлях мыслення. На дадзены момант аўтар Дзмітрый Вароніч развівае кірунак «шлях мыслення». Гэта афлайнавы курс для моладзі ад 14 да 18 гадоў. Задача – дапамагчы маладым людзям сфармаваць свой шлях мыслення.

Дзмітрый Вароніч, аўтар праекту «Matrix-Life». Фота: 1387.io

  • Ініцыятыва «Успешный ребёнок» Алены Каспаравай – серыя заняткаў для дашкольнікаў 5-6 гадоў, малодшых школьнікаў і іхных бацькоў, зацікаўленых у эфектыўным навучанні сваіх дзяцей. Алена таксама кажа, што ейная ініцыятыва будзе карысная для сталых людзей з разладамі памяці і ўвагі.

Алена Каспарава, аўтарка ініцыятывы «Успешный ребёнок». Фота: 1387.io

  • Інфармацыйна-прававы цэнтр «Зубр». Аўтарка ідэі – Вольга Барысік. Цэнтр будзе спецыялізавацца на кансультатыўных паслугах у сферы працоўнага права для маладых спецыялістаў, асобаў перадпенсійнага ўзросту, а таксама наёмных працаўнікоў. Мэта – падвышэнне прававой пісьменнасці беларусаў і стварэнне камфортных умоваў для працы.

Вольга Барысік, аўтарка праекту «Інфармацыйна-прававы цэнтр «Зубр». Фота: 1387.io

  • Кніжны клуб «Літаратурная Адысея» Марыны Бялінскас. У гэтым клубе аднадумцы могуць разам чытаць, абмяркоўваць розныя кнігі, таксама гэта прастора, у якой можна праводзіць лекцыі і прэзентацыі кніжных навінак.

Марына Бялінскас, аўтарка ініцыятывы «Кніжны клуб »Літаратурная Адысея«. Фота: 1387.io

Арганізатары і ўдзельнікі «Твайго раёну» дзякуюць партнёрам праекту:

  • JDC Belarus
  • Федэрацыя «Атланта»
  • Грамадскае аб’яднанне «Габрэйскі студэнцкі культурны цэнтр «Гілель»
  • Грамадскае аб’яднанне «Габрэйская культурная супольнасць «Эмуна»
  • Габрэйскі валанцёрскі рух
  • Габрэйская агенцыя для Ізраілю ў Рэспубліцы Беларусь «Сохнут»
  • НАТИВ – Ізраільскі культурны цэнтр пры Амбасадзе Ізраілю ў Беларусі
  • Limmud Labs

Падчас «выпускнога» праекту «Твой раён». Фота: 1387.io