«Адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў». Як бабруйчанка Наталля Сайед стала спявачкай у Гішпаніі

Бабруйчанка Наталля Сайед паўтара года жыве ў гішпанскім горадзе Валенсія. Прыехала яна сюды, бо заставацца ў Беларусі ў нейкі момант стала трывожна і небяспечна. У Бабруйску ў дзяўчыны была свая адукацыйная студыя для дзяцей. У Гішпаніі ж давялося пачынаць усё наноў. У крытычны момант, калі над Наталляй і ейнымі двума малымі дзецьмі навісла пагроза застацца без даху над галавой, бабруйчанка пайшла спяваць на вуліцу. У гутарцы з 1387.io Наталля распавядае, як гэтае рашэнне змяніла яе жыццё, ці эміграцыя – гэта толькі пра «грэцца на сонцы каля мора», і навошта далёка ад Беларусі весці ўласны Tik-Tok-канал пра радзіму.

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

Засталася адна з двума малымі дзецьмі

– Наташа, распавядзі, калі і чаму ты з’ехала з Беларусі?

– У верасні 2021 года. Па-першае, я тады ўбачыла, што законы ў Беларусі больш не працуюць, і жыць у такой краіне мне не хацелася, а па-другое, мне проста стала там небяспечна. Пад маімі вокнамі стаяла міліцэйская машына. Я не магла жыць у пастаянным напружаным стане, гэта не мой стыль. Таму я прыняла рашэнне з’ехаць.

Малады чалавек, з якім я тады сустракалася, прапанаваў ехаць у Гішпанію. Я тады зусім нічога не ведала пра гэтую краіну, мову таксама не ведала. Я валодаю англійскай, але тут мала хто на ёй размаўляе. Таму давялося вучыць гішпанскую, і магу сказаць, што цяпер, праз паўтара года я даволі добра размаўляю.

– Якім было першае ўражанне ад Гішпаніі і як прайшоў славуты перыяд адаптацыі?

– На самым пачатку было захапленне. Валенсія вельмі прыгожая, тут мора. Але праз некаторы час мы разышліся з тым маладым чалавекам, з якім разам прыехалі. Я засталася адна з двума дзецьмі. З Бабруйскам усе сувязі разбурыліся. Там у мяне была праца – уласная адукацыйная студыя «Yellow Duck». У мяне была надзея на маіх вучняў, што буду працаваць з імі онлайн і пасля пераезду. Але большасць «адвалілася». Потым мяне папрасілі з’ехаць з кватэры. У мяне не было працы, не было грошай. Гэта быў вельмі крытычны момант, я была на мяжы адчаю. Гэтыя паўгода былі вельмі цяжкімі. Трэба было наноў шукаць сябе і рабіць гэта хутка. Эміграцыя – гэта няпроста. Гэта зусім не так, як некаторыя думаюць, што мы тут пад сонейкам на моры ляжым і грэемся.

«Выйсці спяваць на вуліцу было страшна і цяжка маральна»

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

– Якое выйсце знайшлося з гэтай няпростай сітуацыі?

– Я думала, дзе зарабляць грошы. Прыбіраць кватэры я не хацела, быць няняй, калі дома двое сваіх – таксама. І тады я пайшла спяваць на вуліцу – стала вулічнай артысткай.

– Нічога сабе! Як прыйшло такое рашэнне?

– Гэта быў чысты выпадак. Бабруйцы мусяць памятаць, як некалі ў нашым горадзе на вуліцах спяваў эквадорац. Ён прыводзіў сваю дачку да мяне ў студыю на заняткі. І вось мне патэлефанавала ягоная жонка і распавяла, што ён цяпер там жа, дзе і я – у Валенсіі. Я звязалася з ім і ўжо на наступны дзень пайшла разам з ім спяваць на вуліцы. Мне было вельмі страшна. Выйсці спяваць на вуліцу – гэта вельмі цяжка маральна. Я здолела. Таму што адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў. І цяпер, калі прайшоў час, я ўжо адчуваю сябе даволі камфортна як артыстка. Я нават завяла сабе старонку ў Інстаграме, дзе прасоўваю сябе менавіта як спявачку.

– Як людзі ў Гішпаніі ставяцца да вулічных спевакоў?

– Я для іх стала шокам (смяецца – рэд.). Яны ніколі не могуць здагадацца, адкуль я. З іх мала хто чуў пра Беларусь да 2020 года, але цяпер яны ведаюць нашую краіну ў сувязі з рэпрэсіямі. Яны распытваюць мяне, адкуль я, чаму спяваю па-гішпанску. Я ўсё часцей чую словы падтрымкі і не толькі ў свой адрас, але ўвогуле ўсіх беларусаў. Гішпанцы нас добра прымаюць.

«Гішпанцы – вельмі ўдзячная публіка»

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

– Ты выступаеш толькі на гішпанскай? На беларускай не спрабавала штосьці гішпанцам заспяваць?

– Я спяваю на гішпанскай, італьянскай, англійскай, расейскай. Што спяваць на беларускай – не ведаю. Увогуле, нейкі свой рэпертуар я склала не адразу. Я ніколі да гэтага не спявала на вуліцы, гэта быў вялізны стрэс для мяне. Мне было страшна, бо я памятала перадузятае стаўленне да вулічных спевакоў у Беларусі. Таму я спачатку выступала разам з эквадорцам, а потым ужо і самастойна пачала. І пераканалася, што гішпанцы – вельмі ўдзячная публіка.

Я паступова набралася смеласці, каб спяваць без мікрафона. Таму ў рэпертуары ў мяне цяпер у асноўным опера, бо яна не патрабуе мікрафона. Да таго ж, у Валенсіі ўвогуле забаронена выкарыстоўваць апаратуру, калі спяваеш на вуліцы. І спачатку, калі я пела з мікрафонам, то перажывала, што мяне можа спыніць паліцыя, забраць апаратуру. Таму я прыняла рашэнне спяваць без мікрафона. Я выкарыстоўваю калонку, але гэта ціхая фонавая музыка.

«Людзі самі нясуць мне грошы»

– Ці сапраўды такім чынам можна зарабіць нармалёвыя грошы на жыццё?

– Я ўжо стала вядомай у Валенсіі, мяне шмат хто ведае і мне паўсюль рады – і гішпанцы, і турысты. Пераважна вулічныя артысты тут апранаюцца ў брудную вопратку, спяваюць няякасна. Я ж заўсёды стараюся выглядаць прыгожа, рабіць якасны прадукт. Таму людзі самі нясуць мне грошы, дзякуюць і кажуць, каб я не кідала музыку. Але я і не збіраюся, бо я ж – музыкант паводле адукацыі.

Мяне ўжо запрашаюць выступаць на розных мерапрыемствах, вінных дэгустацыях. Я і сама прапаноўваю свае паслугі, але пакуль што я пераважна – вулічная артыстка і часам выступаю ў рэстарацыях. Але стараюся расці.

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

– Ты кажаш, што вулічным спевакам нельга карыстацца апаратурай. Ці ёсць яшчэ нейкія правілы? Ці павінен вулічны спявак атрымліваць дазвол, каб недзе на вуліцы спяваць?

– Валенсія – горад турыстычны, да музыкі тут ставяцца вельмі добра. Але правілы, канешне, ёсць. Каб спяваць на вуліцы, патрэбны дазвол. Але з ім можа быць больш праблем, чым бонусаў. Калі табе даецца дазвол, у ім прапісана, што ты не маеш права карыстацца ўзмацняльнікамі, ты можаш толькі спяваць акапэла. Але па факце ніхто гэтае правіла не выконвае, усе спяваюць з мікрафонам ці калонкай. І калі цябе спыняюць у такой сітуацыі, і ў цябе ёсць дазвол, то табе скажуць – вы ведаеце, што нельга карыстацца калонкай, але парушаеце гэта, таму штраф. А калі няма дазволу, ты быццам не ведаеш правілаў, і тады табе проста скажуць, што трэба звярнуцца ў мясцовы аналаг выканкама і ўзяць дазвол і проста адпусцяць.

«Калі ў Гішпаніі штосьці не складзецца, я выжыву ў любой краіне»

– Ты хочаш далей развівацца як спявачка ці ёсць нейкія іншыя планы наконт таго, што далей рабіць у эміграцыі?

– Так, я хачу далей развівацца як спявачка. Хачу паўдзельнічаць у адным конкурсе, але пакуль не буду казаць, якім, каб не спужаць удачу. Я буду далей у гэтым кірунку развівацца, бо з такім відам заробку я нідзе не прападу. І нават калі з Гішпаніяй штосьці не складзецца, я змагу выжыць і зарабіць у іншай краіне. Хоць адсюль мяне ніхто не выганяе і не выганіць без прычын. Тут увогуле калі ты жывеш законапаслухмяна, да цябе не будзе ніякіх пытанняў, усё будзе добра.

Акрамя таго, я шукаю магчымасць адкрыць тут сваю адукацыйную студыю для дзяцей, як у мяне была ў Бабруйску.

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

– Наташа, кажуць, у Гішпаніі няпроста легалізавацца, атрымаць ВНЖ. Распавядзі, як у цябе гэта атрымалася?

– Калі я прыехала, то адразу падалася на міжнародную абарону, таму цяпер мы тут з дзецьмі знаходзімся цалкам легальна. У нас ёсць медычная страхоўка, у мяне – права на працу. Далей ёсць магчымасць падацца на внж па аселасці, калі мы тры гады тут пражывем. У гэтым верасні будзе ўжо два гады і застанецца год. Час ляціць хутка.

Tik-Tok-эфіры з Гішпаніі пра Беларусь і для беларусаў

– Што самае цяжкае для цябе цяпер у Валенсіі?

– Тут вельмі няпроста зняць жытло. Патрабуюць пацверджанне даходаў. А спевы на вуліцы – гэта прыбытак, які не дэкларуецца, таму я не магу нічога пацвердзіць. Каб тут зняць кватэру, патрэбная вялікая ўдача ці шмат знаёмстваў.

– Як адаптаваліся дзеці? Як усё вырашылася са школай?

– Са школай не ўзнікла ніякіх праблем. У Гішпаніі цудоўнае стаўленне да дзяцей. Тут кожнае дзіця мае права на адукацыю, нават калі ягоныя бацькі ў краіне нелегальна знаходзяцца. Я хутка ўладкавала дзяцей у школу. Мы прыехалі ў верасні, а ў кастрычніку ўжо пачаліся заняткі. Школа дзяржаўная, бясплатная, і дзеці харчуюцца ў школе бясплатна. З мовай у іх таксама праблемы не ўзнікла.

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

– Ты сумуеш па Беларусі? Часта ўзгадваеш пра мінулае жыццё?

– Я не кідаю беларускую павестку. Я дагэтуль сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі, і непакоюся пра сваю краіну. Яшчэ ў 2020 годзе, калі была ў Беларусі, я стварыла Tik-tok-канал, у якім паказвала сваё стаўленне да шмат якіх праблем у краіне. Пасля пераезду я паставіла яго на стоп, але апошнім часам вырашыла аднавіць. З лютага гэтага года я вяду прамыя эфіры для беларусаў унутры краіны і за мяжой. Да мяне на эфіры прыходзяць розныя людзі, якія гэтак жа, як і я, эмігравалі, але таксама людзі з іншага боку барыкад, якія знаходзяцца ў Беларусі.

«На сваім канале я даю слова ўсім»

– Пра што твой канал?

– Я ствараю смешныя ролікі, тролю тых, хто падтрымлівае цяперашні стан у Беларусі. І я бачу, што людзям цікава, нават з іншага лагера, бо ў мяне яны бяруць інфармацыю, якой не хапае ўнутры Беларусі. Да таго ж, у мяне фармат адкрытага мікрафону і можна падключыцца і адкрыта выказацца. І я даю слова ўсім, каб людзі паслухалі і зрабілі свае высновы. Я бачу ў іх шмат страху, трывогі. Яны разумеюць, якая будучыня іх чакае.

Адначасова я бачу, што беларускі сегмент у Tik-Tok цяпер актыўна развіваюцца, і там з’яўляецца шмат цікавага кантэнту пра Беларусь і для беларусаў. Але да мяне на эфіры, акрамя беларусаў, прыходзяць таксама ўкраінцы. Мы падымаем самыя розныя, часта вострыя тэмы. Я кажу на сваім канале пра ўсё.

«Мяне пытаюць – табе больш за ўсіх трэба? Я думаю – а хто, калі не я?»

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

– Наташа, навошта табе гэта? І так жа хапае розных складанасцяў на новым месцы. Адкуль ты бярэш энергію на канал?

– Гэта кліч сэрца. Мне хочацца гэта рабіць. Ніхто мне за гэта не плаціць. Я ахвярую свой час, свае высілкі цалкам бясплатна, па ўласным жаданні. І я бачу, што людзям гэта патрэбна, і гэта дае мне сілы працягваць. Што здзіўляе – да мяне прыходзяць тыя, хто памятае мяне па маіх судах у Бабруйску ў 2020 годзе (Наталлі не дазволілі быць назіральніцай на выбарчым участку падчас выбараў у 2020 годзе, і завялі на яе адміністратыўную справу. Наталля доўга спрабавала адстаяць справядлівасць і даказаць, што былі парушаныя ейныя правы. На суды да дзеўчыны тады прыходзіла шмат бабруйцаў – рэд.).

За прыкладна паўтара месяцы ў эфіры ў мяне пабылі 100-120 чалавек, падпісчыкаў у маім акаўнце цяпер больш за 4 тысячы.

Я тут чула ад беларусаў – цішэй, Наташа, куды ты лезеш? Табе больш за ўсіх трэба? Тая ж рыторыка, што і ў Беларусі. А я думаю – хто, калі не я? Я хацела стварыць пляцоўку для беларусаў з рознымі пазіцыямі, бо я б хацела, каб беларусы былі салідарнымі і маглі дамовіцца. Бо заўважыла нават у беларускіх суполках за мяжой, што людзі пачынаюць сварыцца. Я гляджу на гэта і думаю – навошта? Ці не больш сэнсу ў тым, каб паразмаўляць і дамовіцца?

«Я шчаслівая там, дзе я ёсць»

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

– Наташа, як ты глядзіш на будучыню Беларусі? Ці падзяляеш упэўненасць, што неўзабаве ўсё зменіцца і будзе добра?

– Я ўпэўнена, што ў Беларусі будуць перамены, і нам не так доўга чакаць іх, калі беларускі народ стане свядомым, прыме адказнасць за сваё жыццё на сябе. Бо свабода не даецца проста так, бясплатна, за яе трэба пацярпець і пачакаць. Я лічу, што мы цяпер у такім гістарычным моманце, калі ці Беларусі не стане, яна перастане існаваць на палітычнай мапе свету, ці яна адродзіцца. І я кажу цяпер, і ў мяне ўнутры ўсё трымціць, мне балюча, бо я не разумею, як хтосьці можа вырашыць, што мае права пазбаўляць грамадзянства, выганяць з краіны.

– Ты хочаш вярнуцца дамоў?

– Я шмат дзе пажыла і я лічу сябе чалавекам свету. Я шчаслівая там, дзе я ёсць. Але гэта не адмяняе таго факту, што я – беларуска, нарадзілася ў Беларусі, маю права голасу і буду казаць у незалежнасці ад таго, падабаецца гэта каму ці не падабаецца.

Я аб’ектыўна разумею, што каб я вярнулася ў Беларусь, старая сістэма павінна быць разбураная. Я не фантазёрка, у тую Беларусь, якая ёсць цяпер, я не гатова вярнуцца. І я буду зямлю грызці, але я туды цяпер не паеду, бо ў гэты момант ад мяне больш карысці за мяжой.

«Мне кажуць – трэба захаваць Беларусь. А я пытаюся – а што захоўваць?»

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

– Ці добра табе ў Гішпаніі?

– Мне тут цалкам камфортна. Мне падабаецца, што людзі расслабленыя, усміхаюцца, яны шчаслівыя. Тут файны клімат, мора, сонца. Я спяваю. Канешне, паўсюль ёсць нейкія праблемы, бюракратычныя моманты, пытанні сістэмы. Але ў еўрапейскім шляху нашмат больш плюсаў, чым у савецкім, які ўсім спрабуюць навязаць беларускія ўлады. Мне надоечы на эфіры сказалі, што галоўнае – захаваць Беларусь. А я пытаюся – а што вы хочаце захаваць? Што па факце трэба захаваць? Нам сапраўды трэба захоўваць тую Беларусь, якой яна ёсць цяпер?

– Ці шмат беларусаў у Валенсіі і ці падтрымліваеш ты з імі сувязь?

– У групе «Беларусы Валенсіі» 200 чалавек. Часам мясцовыя беларусы ладзяць нейкія акцыі, часам – проста сустракаюцца на пікнікі. Людзі тут вельмі розныя. Ёсць беларускамоўныя, але ўсё ж такі расейская мова больш распаўсюджаная. Нават школа, якую тут зрабіла беларуска – расейскамоўная. І я цалкам нармальна стаўлюся да расейскай мовы, я не лічу, што пасля таго, як Расея напала на Украіну, расейскую мову трэба забараніць. Але ў мяне ўзнікла думка – мо, у маёй школе, якую я хачу тут адкрыць, зрабіць беларускі клас? Збіраць дзяцей на беларускія мульцікі, фільмы?

 

Наталля Сайед. Фота: Наталля Сайед/Instagram

 

Увогуле, я вельмі хацела б наноў адкрыць тут сваю студыю. У Бабруйску ў мяне дзеці навучаліся музыцы, англійскай, кітайскай мовам. Але ў мяне была больш шырокая ідэя, куды развівацца далей. Я хацела вучыць дзяцей думаць. Бо я разумела, што ў беларускай школе гэта немагчыма. Я хацела, каб у дзяцей была бяспечная прастора, дзе дзеці маглі б пасваволіць, пастаяць на галаве, сказаць тое, што яны думаюць. На жаль, у Беларусі цяпер адну за адной закрываюць падобныя прыватныя прасторы.

«Не чакаю ні ад каго дапамогі, разлічваю толькі на сябе»

– Ці проста стварыць школу ў Гішпаніі?

– Тут цяжка распачаць уласны бізнес, калі ты без грошай. Магчымасці крэдыт узяць няма, бо яго даюць толькі пад гарантыі, якіх у мяне няма. Зняць памяшканне – тая ж праблема, што і з кватэрай, бо патрэбныя гарантыі аплаты.

Увогуле, гэта заўсёды самае цяжкае – пачатак. Я асабліва не чакаю ні ад каго дапамогу, разлічваю толькі на сябе. Я бачу такую тэндэнцыю ў супольнасцях беларусаў – яны любяць крытыкаваць, а каб самім пайсці і зрабіць, дык не. Усе чакаюць, што хтосьці прыйдзе, пашкадуе яго і за яго зробіць

Я таксама хачу, каб мяне хтосьці пашкадаваў, але такі хтосьці ўсё не прыходзіць. Таму я ўстаю і раблю сама, і лічу, што гэта – найлепшы шлях.