Адзін з будынкаў былой футравай фабрыкі на Бахарава знеслі, а разам з ім – мазаіку. Фотафакт

 

Але футравая фабрыка даўно збанкрутавала, і новыя гаспадары пачалі наводзіць парадкі. Так, 7 лістапада бабруйцы заўважылі, што зносяць галоўны будынак з той самай мазікай. Вось як гэта выглядала:

 

 

А раніцай 8 лістапада мазаікі ўжо не было:

 

Сімвалічна, што мазаіку з рэвалюцыйным сюжэтам і Леніным знішчылі 7 лістапада – усё яшчэ выходны дзень у Беларусі, які лічыцца святочным.

Тым часам меркаванні бабруйцаў у сацсетках падзяліліся. Адны пішуць: «Не шкада», «Дзякуй Богу. Такая сабе творчасць», «Адным Леніным менш – толькі лепш. Мастацкай вартасці не бачу, а як помнік эпохі – іх дзяваць няма куды».

Іншыя перажываюць, што чарговы раз знішчана нешта ўнікальнае: «Безумоўна, да наяўнай пакуль мазаікі можна ставіцца выключна адмоўна, з улікам цалкам ідэалагічнай скіраванасці сюжэту. Аднак, як і ва ўсім іншым, назапашаным Беларуссю за ХХ стагоддзе, згустку супярэчнасцяў і крыўдаў, я не магу пазбавіцца іншага пункту гледжання на такія творы. Мазаічнае пано выканана на дастаткова добрым узроўні, верагодна мясцовымі мастакамі. Я заўважаю ў цалкам сацрэалістычным сюжэце яўныя цытаты з твораў мінулага. Маё меркаванне можа быць памылковым, але я бачу тут нішто іншае, як наўпростую цытату з сакральнага жывапісу, а менавіта з сюжэту, які прынята называць Маці Божая Валадарка Нябёсаў, дзе галоўным пасылам ёсць паведамленне свету, што Марыя зацяжарала беззаганна, і ў гэтым ёсць сведчанне надыходу новага часу, у якім з чалавекам будзе ўкладзены Новы запавет. Мастак гуляе із здабыткам культуры, пераносячы яго ў новыя ўмовы. І ў гэтым сацрэалізм не быў першым, бо аднойчы і хрысціянства зрабіла пазыкі з антычнага мастацтва. А ва ўмовах тых часоў, а мы напэўна кажам пра 1970-1980-ыя гады, у цалкам савецкай рэспубліцы пачынала фармавацца, у чарговы раз у сваёй гісторыі, мастацтва ўласнае школы, адбывалася кшталтаванне майстроў новага погляду і шырыні творчых амбіцыяў, якія, прадзіраючыся скрозь ідэалагічныя штампы, пачыналі казаць уласным голасам, што нёс ужо на сабе адбіткі ранейшых беларускіх выяўленчых дасягненняў. Адно толькі спрабаваць плюнуць на здабыткі савецкага часу зноў завядуць нас у багну, мы ізноў пачнем не разумець сябе ўчорашніх.

Нам патрэбная новая інтэрпрэтацыя, а не бязглуздае змаганне з мінулым.

–  Зрэшты, ніхто ж не асуджае “шпакоўню” Галушчанкі, ці інсталяцыі на колішнім ДК “Шыннік”. Не, вока за вока, – гэна правіла з часоў блукання народу па пустэльні і спробы проста выжыць. Каб узбагаціць сябе, варта ўсё ж быць цярпімейшымі ды разумнейшымі, з кім бы мы сябе не раўналі», – напісаў неабыякавы бабруец.

 

 

А што думаеш ты? Выказвайся ў нашым інстаграм! Таксама пішы, калі ведаеш, хто аўтар знішчанай мазаікі.