«Арганізаваў тэрарыстычную групоўку». 85 гадоў таму НКУС расстраляў пісьменніка Платона Галавача – ураджэнца Бабруйшчыны

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ўвайшла ў беларускую гісторыю як «Ноч расстраляных паэтаў» – тады ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКУС («амерыканкі») былі забітыя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты – пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва, навукоўцаў, грамадскіх актывістаў. Сярод іх быў і наш зямляк – пісьменнік Платон Галавач, які нарадзіўся і правёў дзяцінства і юнацтва ў вёсцы Пабокавічы пад Бабруйскам. Распавядаем ягоную гісторыю. А ў нашым фотарэпартажы глядзіце, як сёння жывуць родныя мясціны Платона Галавача.

Платон Галавач разам з жонкай.

Нарадзіўся ў Пабокавічах, у школу пайшоў у Гарбацэвічах

Платон Галавач нарадзіўся 18 красавіка 1903 года ў вёсцы Пабокавічы ў 20 кіламетрах ад Бабруйска па глускай шашы. Гадаваўся будучы пісьменнік у небагатай шматдзетнай сям’і (агулам было пяцёра дзяцей). Рана страціў маці – яна памерла, калі Платону было паўтара года. Ён згадваў яе ў сваёй аўтабіяграфіі:

«Маці не памятаю. Яна памерла, калі я быў зусім маленькім. У сямігадовым узросце паспытаў уласнага хлеба – прыйшлося ісці працаваць пастухом».

Вёска Пабокавічы ў Бабруйскім раёне – малая радзіма пісьменніка Платона Галавача. Фота: 1387.io

Вёска Пабокавічы ў Бабруйскім раёне – малая радзіма пісьменніка Платона Галавача. Фота: 1387.io

Праз неабходнасць працаваць Платон Галавач пайшоў вучыцца толькі ва ўзросце 10 гадоў, у 1913 годзе. Да перавароту 1917 года паспеў скончыць двухкласную царкоўнапрыходскую школу ў Гарбацэвічах.

«Вучыцца па-сапраўднаму не было магчымасці, і ўсе мае агульнаадукацыйныя «універсітэты» – Гарбацэвіцкая царкоўнапрыходская школа», – пісаў пра тыя часы Галавач.

Пасля 1917 года Платон працягнуў навучанне ў новай школе ў Гарбацэвічах. Там жа юнак далучыўся да камсамольскай дзейнасці, захапіўся лозунгамі рэвалюцыі пра роўнасць усіх людзей, блізкую шчаслівую будучыню, у якой бедныя сяляне нарэшце добра зажывуць. Платон актыўна ўключыўся ў новую сістэму, разгортванне якой толькі набірала абароты. На той момант хлопец не мог ведаць, што ўжо вельмі хутка яму адкрыецца сапраўдны яе твар, і замест абяцанага раю ён убачыць пекла.

Пісаў на беларускай мове

Платон Галавач пачаў свой пісьменніцкі шлях у 1920 годзе, як ён сам распавядаў – «спачатку карэспандэнцыі, невялікія аповесці і расказы». Пісаў Галавач на роднай, беларускай мове.

Вёска Пабокавічы ў Бабруйскім раёне – малая радзіма пісьменніка Платона Галавача. Фота: 1387.io

Першы твор нашага земляка – расказ «Загубленае жыццё», быў апублікаваны ў 1925 годзе ў газеце «Савецкая Беларусія». Ужо ў 1927 годзе выйшаў першы зборнік расказаў «Дробязі жыцця». На гэтую кнігу напісаў водгук пісьменнік Максім Гарэцкі і зазначыў, што аповесці Галавача «з задавальненнем і карысцю прачытае самы масавы чытач».

Вёска Гарбацэвічы ў Бабруйскім раёне. Фота: 1387.io

Царква ў вёсцы Гарбацэвічы. Фота: 1387.io

Платон Галавач пісаў пра лёсы такіх жа звычайных людзей, якім быў ён сам, на фоне гістарычных падзеяў тых часоў – грамадзянскай вайны, калектывізацыі, першых гадоў савецкай улады. Пісьменнік шукаў адказ на пытанне пра месца чалавека ў новай сістэме. І ён зусім не бяздумна ўхваляе камуністычны лад. Галавач распавядае пра драмы беларусаў, у якіх забіраюць апошняе падчас калектывізацыі, ці не даюць вучыцца праз «ненадзейнае» мінулае бацькоў. Пісьменнік ставіць пытанні пра меру і мяжу адказнасці дзяцей за бацькоў, класавую варожасць, рызыку ўзвышэння сістэмы і яе каштоўнасцяў над чалавекам. У ягоных творах выразна адчуваеш, што ён зусім не быў песняром «новага лепшага свету», а хутка пачаў разумець, што далёка не ў рай вядзе «светлы шлях камунізму».

Ваенны білет Платона Галавача ў экспазіцыі музея ў школе ў Гарбацэвічах. Фота: 1387.io

У творах паказваў драмы людзей на фоне пабудовы камуністычнай сістэмы

Так, у 1929 годзе Галавач скончыў аповесць «Вінаваты». Галоўны герой, малады камуніст Алесь Швец, быў выключаны з тэхнікума, калі стала вядомым «цёмнае» мінулае ягонага бацькі, які служыў у царскай ахове. Праз гэта Алесь стаў ворагам для суседзяў, родных і сяброў. Галавач выразна ставіць у сваім творы пытанне аб тым, ці павінны дзеці адказваць за бацькоў, паказвае трагізм падзелу грамадства, які адбыўся пасля перавароту 1917 года, калі паўсюль пачалі шукаць ворагаў і учорашнія суседзі, сябры, сваякі сталі пісаць даносы.

У 1932 годзе выйшла аповесць «Спалох на загонах», прысвечаная калектывізацыі. У ёй аўтар паказвае, ува што ператварыліся жыцці сялянаў, якіх пагналі ў «калектыўныя гаспадаркі» – канфлікты, здрады, пошукі ворагаў, смерці. Яшчэ пры жыцці Платона аповесць была некалькі разоў выдадзена на беларускай, а таксама на рускай, польскай, ідышы і іншых мовах.

Вёска Пабокавічы ў Бабруйскім раёне – малая радзіма пісьменніка Платона Галавача. Фота: 1387.io

Абвінавацілі ў «арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі» і «правядзенні нямецка-фашысцкай дзейнасці»

У 1931 годзе Платон Галавач напісаў заяву аб выхадзе з Камуністычнай партыі Беларусі. Патлумачыў ён гэты свой намер жаданнем цалкам прысвяціць сябе літаратурнай дзейнасці. Аднак яму не дазволілі, а пра ягоную заяву кіраўніцтва партыі адзначыла, што яна «ва ўмовах класавай барацьбы атрымлівае значэнне антысавецкага контррэвалюцыйнага дакумента».

Да 1937 года Галавач напісаў раман «Праз гады», дзве аповесці – «Носьбіты нянавісці» і «Яны не пройдуць». Вядома, што пісьменнік працаваў над раманамі «Ён» і «Вялікі Днепр», аднак яны згублены. Магчыма, рукапісы былі канфіскаваныя падчас ператрусу ў кастрычніку 1937 года ў кватэры Галавача ў Менску. Тады следчыя забралі 67 сшыткаў рукапісаў. Сярод іх быў рукапіс рамана пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. Лёс рукапісаў дагэтуль невядомы.

Экспазіцыя музея Платона Галавача ў школе ў Гарбацэвічах. Фота: 1387.io

Паводле дадзеных, якія захоўваюцца ў Бабруйскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, Платона Галавача арыштавалі 28 кастрычніка 1937 года. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі» і «правядзенні нямецка-фашысцкай дзейнасці». Галавача выключылі з партыі. Суд, які адбыўся ноччу 29 кастрычніка ў сутарэннях турмы, вынес вырак – вышэйшая мера пакарання – расстрэл, а таксама канфіскацыя маёмасці. Забілі пісьменніка ў тую ж ноч – з 29 на 30 кастрычніка. Нашаму земляку на той момант было 34 гады.

У той жа час даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў прыводзіў у сваёй кнізе «Ахвяры і карнікі» больш дакладную інфармацыю:

«Арыштавалі 11 жніўня 1937 года ў Менску <…>. Пры вобыску следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў (магчыма, сярод іх быў і раман «Ён»). У сувязі з арыштам выключаны з ВКП (б). <…> Перад «судом» Галавач пакінуў у камеры запіску: «Таварышы, даруйце, калі ў чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон». Але на «судзе» (пачаўся ў 22.15, а скончыўся праз 15 хвілін) вінаватым сябе прызнаў. 28 кастрычніка 1937 года ў 22.30 тройкай НКУС асуджаны як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці».

Таксама Маракоў піша, што Галавач быў расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду, то бок, у ноч з 28 на 29 кастрычніка.

«Прыгожы, эфектны, харызматычны Платон Галавач быў заўважнай фігурай на нашым культурным полі 1920-30-х гадоў. У небяспецы ён ніколі не хаваўся за спіны іншых», – так ахарактарызаваў нашага земляка сучасны беларускі пісьменнік і культурны дзеяч Васіль Дранько-Майсюк.

«Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Платон Галавач пакінуў у камеры перадсмяротную запіску, у якой напісаў: «Таварышы, даруйце, калі ў чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон».

Мемарыяльная шыльда на школе ў Гарбацэвічах, у якой вучыўся Платон Галавач. Фота: 1387.io

Успаміны пра Платона Галавача. Фота з фондаў музея ў Гарбацэвіцкай школе

Успаміны пра Платона Галавача. Фота з фондаў музея ў Гарбацэвіцкай школе

Успаміны пра Платона Галавача. Фота з фондаў музея ў Гарбацэвіцкай школе

У 1956 годзе Галавач быў пасмяротна рэабілітаваны. Тады ж пачалі друкаваць ягоныя творы. У 1968 годзе на будынку школы ў Гарбацэвічах, дзе вучыўся пісьменнік, адкрылі мемарыяльную дошку. Сёння ў школе, якая носіць імя Платона Галавача, працуе невялікі музей, у якім захоўваюцца ўспаміны пра пісьменніка сваякоў, сяброў, аднавяскоўцаў.

Стэнд, прысвечаны пісьменніку Платону Галавачу ў экспазіцыі Бабруйскага раённага гісторыка-краязнаўчага музею ў вёсцы Сычкава. Фота: 1387.io

Платону Галавачу таксама прысвечаная частка экспазіцыі ў Бабруйскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ў Сычкава. У Бабруйску ёсць вуліца і завулак Платона Галавача.

Месца пахавання пісьменніка невядомае, як і шматлікіх іншых ахвяраў рэпрэсіяў 1930-х гадоў.

Па спасылцы можна прачытаць некаторыя з кніг Галавача.

Вёска Пабокавічы ў Бабруйскім раёне – малая радзіма пісьменніка Платона Галавача. Фота: 1387.io