«Бабёр расказвае дзецям ды падлеткам пра гісторыю». Бабруйчанка робіць адукацыйны тыкток, які можа спадабацца і табе

Дар’я Роскач – мастачка, паэтка, выкладніца моўных курсаў для дзетак і дарослых. А нядаўна дзяўчына запусціла яшчэ і тыкток, у якім у вобразе Бабра расказвае гісторыю Бабруйска.

 

Усе фота з асабістага архіва гераіні

 

Даша, як з’явілася ідэя рабіць гістарычны тыкток для дзяцей і падлеткаў?

– Я настаўніца, таму часам шукаю дзіцячы кантэнт па-беларуску ў інтэрнэце і бачу, што яго пачало з’яўляцца больш. Але практычна ўвесь гістарычны кантэнт разлічаны на дарослых. Ён падаецца навукова, сур’ёзна, і не чапляе малых гледачоў. Але часам і дарослым хочацца адпачыць, і паглядзець штось адукацыйнае ў лёгкім фармаце.

Тое ж тычыцца кантэнту пра Бабруйск – ён скіраваны ў першую чаргу на дарослых. Недахоп матэрыялаў склаўся ў ідэю самой рабіць тыкток. Пачала думаць над фарматам, як усё падаць цікавей для маёй мэтавай аўдыторыі.

Тыкток – папулярная платформа, магчыма, мой канал спрацуе як маленькі старт, з якога можна будзе зрабіць штосьці больш маштабнае. Адзіны мінус – не зусім зразумела, як выйсці менавіта на свайго гледача. Бо ты выходзіш на аўдыторыю беларусаў, але паўстае пытанне, ці яны таго ўзросту, які мне ў першую чаргу хацелася б ахапіць. Думаю, з цягам часу дам гэтаму рады.

 

Ці ёсць ужо водгукі на канал, станоўчыя ці крытычныя?

– Адмоўных пакуль не было, як і хейтарскіх. Самы «страшны» камент быў пра «курвабабра» – але гэта ж вядомы мем, нават не лічу яго за негатыўны.

Пазітыўныя – так, былі, нават знаёмыя выказвалі меркаванні. Таксама ў школе, у якой я выкладаю беларускую мову дзеткам выявілася, што адзін з супрацоўнікаў глядзіць мой тыкток, сказаў, што цікава. Ведаю, што некаторыя бабруйцы спецыяльна рэгістраваліся ў тыктоку, каб сачыць за выпускамі Гістарычнага Бабра. Гэта прыемна.

@histarycny_babior Якія тэорыі паходжання назвы ў твайго горада? Пішы 👇#беларусь #бабруйск #babrujsk #бобруйск #гісторыя #пабеларуску #беларускіцікток #беларускітыкток #белцікток #бабёр #гістарычныбабёр #беларускаямова #гісторыябеларусі ♬ Spooky, quiet, scary atmosphere piano songs – Skittlegirl Sound

Як прыдумала персанажа?

– Быў мазгаштурм з маёй каляжанкай, і мы падумалі, што можна нават штось крынжовае рабіць. Гэта ж дзіцячы тыкток, быць проста Дашай, якая расказвае пра гісторыю Бабруйска – нецікава. Значыць, трэба прыдумаць персанажа. Перабрала шмат варыянтаў, а пасля прыгадала, што многія крыніцы падаюць паходжанне назвы горада ад жывёлы. Ну і наагул мала хто будзе спрачацца з тым, што бабёр – сімвал горада.

Тады пачала думаць пра касцюм, і спярша планавала набыць яго, кшталту карнавальнага, каб не было бачна, што я чалавек. Пайшла ў сэканд, пашукаць штосьці падобнае. І там адразу сабрала ўвесь вобраз: адшукала карычневы берэт, камізэльку – адсылачка да Бабра Самуілавіча, што стаіць на Сацыялцы. Вырашыла, што буду рабіць грым, на шчасце, карычневых ценяў у мяне хапае.

 

Цяпер штораз, як ты запісваешся, трэба рабіць грым. Шмат часу на яго сыходзіць?

– Хвілін 15-20, каб ён прыкладна быў падобны на вобраз, які намалявала ў першы раз. Пакуль у мяне былі два здымачныя дні, я стараюся адразу здымаць па два-тры выпускі. Калі прыгледзецца, макіяж трохі будзе адрознівацца, бо паўтарыць адзін у адзін не атрымліваецца. Але блізка.

Таксама я ўжо позна заўважыла, што ў апошніх відэа не здолела ўтрымаць «суворы» голас, які быў у першых, планую над гэтым яшчэ папрацаваць. Каб персанаж быў больш ці менш аднолькавы.

 

 

На першы погляд можа падасца, што рабіць тыкток вельмі проста. Накідала тэкст, зняла, парэзала і – гатова. Колькі часу сыходзіць на адзін ролік насамрэч?

– Гэта абсалютна не проста. Мне дапамагаюць з сцэнарамі і гэта трошкі эканоміць мой час. Але ўсё адно падрыхтоўка да запісу, і сам запіс займае яго шмат – бо не заўсёды атрымліваецца адзняцца з аднаго дубля. Хвілінны ролік да мантажа прыкладна пяць хвілін, пасля я адразаю ўсё лішняе. Сам мантаж аднаго роліка займае да гадзіны – але ў мяне ўжо набітая рука, бо часта мантую. І я не проста наразаю, а таксама дадаю нейкія фотаздымкі, надпісы. Напрыклад, у выпуску пра лега-будынак я намалявала гіфку з купчыхай Кацнельсон, бо яе фота нідзе няма. Відэа і аўдыя я пішу на розныя носьбіты, таму трэба пасля іх зводзіць разам. Агулам на кожны ролік да двух гадзін сыходзіць.

Вось тут, у серыяле “На вопыце” можна паглядзець, як Даша знаходзіць тэмы.

– З гістарычным тыктокам, на першы погляд, усё проста: здымай сабе пра нейкія цікавыя факты, пра мінулае Бабруйска… Але – не ўсё так проста, калі ствараеш кантэнт для дзяцей і падлеткаў. Самі тэмы ролікаў мусяць чапляць! Патрэбныя сюжэты, якія лёгка пераказваць сябрам ці бацькам у некалькіх сказах. А таксама ў іх мусіць быць логіка, каб за тыктокам было цікава сачыць, як за серыялам. Таму я і вырашыла пачаць з памылковых уяўленняў. Што дата 1387 – год будаўніцтва, а назва горада паходзіць ад жывёлкі. Гумар у відэа таксама вітаецца.

@histarycny_babior А на якая вуліцп горада твая ўлюбёная? Пішы ў каментарах #беларусь #бабруйск #бобруйск #бобруйск #гісторыя #пабеларуску #беларускіцікток #беларускітыкток #белцікток #бабёр #гістарычныбабёр #беларускаямова #гісторыябеларусі #bobruisk ♬ Я нарадзіўся тут – Я нарадзіўся тут & Зміцер Вайцюшкевіч

З якімі пачуццямі публікавала першы ролік, хвалявалася?

– Былі перажыванні, што ніхто не паглядзіць, падумаюць, што гэта нейкая лухта. Не тое каб я баялася негатыўных каментароў, але мне не хацелася бачыць хейт і жоўць. На дзіва, у першых ролікаў было нават больш праглядаў, чым у апошніх, дагэтуль туды каментары пішуць. Але я не разумею, як працуе тыкток і не магу для сябе гэта патлумачыць.

Калі вядзеш свой, асабісты канал, не адчуваецца такой адказнасці. А тут ты разумееш, што ў цябе ёсць місія, хочацца, каб гэта не было дарэмна, каб было цікава. Бо тэма вельмі вузкая. Нават калі б гэта быў Бабёр, які расказвае пра агульнабеларускую гісторыю – гэта было б значна прасцей, быў бы большы ахоп.

Планую з часам пашырыць тэматыку да агульнабеларускай – паглядзім, як пойдзе. Гэта, напрыклад, могуць быць іншыя гарады ці персоны, што неяк звязаныя з Бабруйскам.

 

Больш пра Дашу чытай тут:

«Украіна натхніла мяне размаўляць па-беларуску». Гутарым з мастачкай Дар’яй Роскач, якая малюе вайну