Бабруйская настаўніца стварае настолкі, па якіх прасцей вывучаць беларускую мову

– Упершыню думка рабіць дыдактычныя гульні для школьнікаў у мяне з’явілася тры гады таму, у часы працы ў цэнтры дзіцячай творчасці, – распавядае Людміла Крылова. – Я была намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы і займалася праектам беларускамоўнай змены летніка для сотні дзяцей. Спачатку педагогі напалохаліся, бо мала хто валодае мовай. Я прапанавала такі варыянт: буду сама размаўляць па-беларуску, прыдумляць заданні, а ў вас ужо як атрымаецца. І паступова калегі самі запаліліся гэтай ідэяй і мы паспяхова зладзілі такую змену на 18 дзён.

Адным з заданняў лагера было «Гуляем па-беларуску». Напрыклад, дзецям трэба было зрабіць сэлфі на фоне беларускамоўных надпісаў у Бабруйску. І яны хадзілі, квэсцілі, шукалі іх. Таксама былі сустрэчы з цікавымі беларускамоўнымі людзьмі, майстар-класы па народных танцах. З прэзентацыяй гэтага праекта я з’ездзіла ў «Зубрёнок».

 

 

Калі Людміла прыйшла працаваць у школу, задумалася над пытаннем: як заахвоціць васьмікласнікаў на шосты навучальны дзень? Бо дзецям патрэбная матывацыя, разуменне «для чаго я гэта раблю?»

– Гэта нам, настаўнікам, трэба падладжвацца пад сучасных дзяцей. Я ім прапанавала ствараць гульні для малодшых школьнікаў, быць карыснымі. Формы я ім прапаноўвала сама, напрыклад – лато. А яны самастойна падбіралі лексічны матэрыял, цікавыя, на іх позірк, словы. Рабілі гульні ў электронным выглядзе, напрыклад, можна было пачуць птушыныя галасы праз QR-код. Ім было дужа цікава прыходзіць да меншых дзяцей, выступаць у якасці настаўнікаў.

Для старэйшых класаў патрэбныя гульні з падвышанай складанасцю, але не ўсе яны праходзяць. Таму нам так важна тэставаць іх на розных класах, каб знаходзіць хібы, ці цалкам адмаўляцца ад настолкі. Важна, каб гульня была гульнёй, з інтрыгай, а не проста дыдактычным матэрыялам.

Зараз Людміла Крылова распрацоўвае сюжэтную гульню. Ідэя ўзнікла на бізнес-інтэнсіве «Включи себя». Ёй сказалі: «Гульні, якія маеце, будуць набываць толькі настаўнікі. А каб уключыць больш дзяцей, трэба стварыць нешта маштабнае». Настаўніца кажа, што адной ёй было б цяжка прыдумаць актуальную настолку.

– Трэба часцей пытаць у дзяцей: «А што цікава вам?» І даць ім магчымасць паўдзельнічаць. Нядаўна я ездзіла на «Eduton» у Мінск, дзе сабраліся настаўнікі з розных куткоў Беларусі. І там я знайшла аднадумцаў, з якімі зараз распрацоўваю сюжэтную гульню. Гэта настаўнікі з Мінска, Іванава і Брожы (Бабруйскі раён). Мы стасуемся з імі праз інтэрнэт.
Спадзяюся, ужо ў верасні зможам абкатаць гульню на дзецях. Бо перад тым, як трапіць у друк, настолка павінна быць добра пратэставаная і даведзеная да дасканаласці.

 

На фота: Лато для малодшых класаў. Трэба закрываць словамі карцінкі, якія аб’яднаныя рознымі тэмамі. Словы для гэтай гульні падабралі вучні Людмілы.

 

– Слова «кілішак» сустракаецца ў 8-м класе ў «Магіле Льва». У малодшых класах дзеці з ім не сутыкаюцца. Але гэта не значыць, што яго не трэба ведаць. Назапашванне словаў спатрэбіцца ў старэйшых класах. Каб не давялося доўга шукаць яго значэнне. Таму я пастаянна падкідаю дзецям рэдкія словы. Бо з разуменнем тэкстаў у некаторых вучняў катастрофа, – кажа настаўніца.

 

На фота: «Трохкутнік з сінонімамі і антонімамі. Гэтая гульня паскладаней, для старэйшых класаў. Па другой адукацыі я дэфектолаг, і ўзяла гатовую ідэю з матэрыялаў. Вельмі добра па такой настолцы рыхтавацца алімпіяднікам, словы лягчэй запамінаюцца. Зараз раблю па такой жа форме літаратурны трохкутнік – пісьменнік і твор».

 

На фота: Рэбусы. Складаем словы па першых літарах словаў на малюнках. Людміла паказвае, што на адной картцы ёсць памылка – «лук» замест «цыбуля». Настаўніца спецыяльна не прыбірае хібу, бо дзеці знаходзяць яе самастойна.

 

На фота: Распрацоўкі для сюжэтнай гульні. У ёй будуць тры ўзроўні пытанняў, якія каманда плануе тэставаць на падлетках. Зараз яны шукаюць мастака-дызайнера, які адчувае сучаснае пакаленне, і здолее аформіць настолку ў актуальным стылі. Гульня будзе прыгодніцкая, з міфічнымі істотамі і цікавымі выпрабаваннямі. Будзе ў гульні і магчымасць зарабіць грошы – талеры, і набыць на іх скарб.

 

Для таго, каб атрымаць у карыстанне адну з дыдактычных гульняў Людмілы Крыловай, звяртайцеся праз яе Instagram.

 

Крыніца: BOBR.BY