Эколаг: Бабруйскі дуб-волат можна ўратаваць. (+ дзе яшчэ на Бабруйшчыне ёсць помнікі прыроды. Шмат фота)

Пра 300-гадовы бабруйскі дуб-волат – помнік прыроды, загаварылі па ўсёй Беларусі пасля таго, як стала вядома, што яму пагражае пазбаўленне ахоўнага статуса. А ці ведаеце вы, якія яшчэ дрэвы і мясціны ў нашым горадзе і раёне з’яўляюцца прыроднымі помнікамі ці тэрыторыямі, што асабліва ахоўваюцца, і ў якім яны стане? Распавядаем пра іх у нашым матэрыяле, а таксама як эколаг Ігар Куталоўскі спрабуе ўратаваць самы знакаміты дуб Бабруйска.

дуб-волат

300-летний дуб-великан, памятник природы. Бобруйск, ул. Гогаля, ноябрь 2022 г. Фото: 1387.by

Аварыйнасць дуба можа ўзнікнуць толькі падчас ураганнага ветру

У дуба-волата, які расце ў Бабруйску на вуліцы Гогаля каля крамы «Керамін», яшчэ не ўсё згублена – ягоны стан зусім не безнадзейны, лічыць эколаг Ігар Куталоўскі. Дрэва магчыма ўратаваць, і яно можа прастаяць яшчэ сто ці нават больш гадоў.

«Паводле дзейсных крытэраў ацэнкі стану аб’ектаў расліннага свету гэтае дрэва знаходзіцца ў даволі добрым стане. Сухавяршыннасць адсутнічае, маецца добры і здаровы новы прырост, – кажа спадар Ігар. – Аварыйнасць дадзенага дрэва можа ўзнікнуць праз яго шырокую разгалістую крону толькі падчас ураганнага ветру, у сувязі з блізкім знаходжаннем ходніка і праезджай часткі».

Аднак пазбаўляць унікальнае дрэва ахоўнага статусу помніка прыроды з прычыны магчымай аварыйнай сітуацыі ні ў якім выпадку нельга – гэта незаконна, непрафесійна і бязглузда, лічыць эксперт, бо як раз ахоўны статус абавязвае прафесійна абследаваць дрэва і прызначаць яму індывідуальны і рэгулярны догляд.

300-летний дуб-волат

300-летний дуб-великан в Бобруйске, памятник природы. ноябрь 2022. Фото: 1387.by

Ігар Куталоўскі запэўнівае – каб перадухіліць узнікненне аварыйнай сітуацыі, дастаткова выканаць пісьменную санітарную і амаладжальную абрэзку. Гэта аблегчыць крону дрэва, зробіць яе больш кампактнай, зменшыць даўжыню галінаў, якія навісаюць над праезджай часткай, і адпаведна перадухіліць іх абломванне і падзенне.

Дрэвам патрэбны належны догляд, у дуба яго не было

300-летний дуб-волат

300-летний дуб-великан в Бобруйске, памятник природы. ноябрь 2022. Фото: 1387.by

Эколаг зазначае, што ўсе жывыя дрэвы, як помнікі прыроды, так і звычайныя, патрабуюць пісьменнага, індывідуальнага і рэгулярнага комплекснага догляду і ўтрымання.

«Толькі так можна падтрымліваць іх здаровы бяспечны стан, доўгачасовую жыццяздольнасць і захаванасць. Дрэвы – гэта не валуны, – кажа спадар Ігар. – У дуба такога догляду не было».

Ігар Куталоўскі раней жыў у Бабруйску, яму неабыякавы лёс горада, таму ён цяпер спрабуе зрабіць, што можа, каб уратаваць дуб. Эколаг звяртаўся па гэтым пытанні ў Бабруйскую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы наваколля, а таксама ў Акадэмію навук.

«У інспекцыі не супраць захавання дуба, але ўсе баяцца, што можа ўзнікнуць аварыйная сітуацыя і прыйдзецца адказваць. Я ім патлумачыў, што можна зрабіць абрэзку. Але патрэбны адказ з Акадэміі навук, што гэтая абрэзка магчымая, і таму можна абысціся без пазбаўлення ахоўнага статуса», – распавёў спадар Ігар.

Паводле эксперта, трэба змяншаць крону дрэва, бо калі пакінуць так, як ёсць, галіны сапраўды могуць ламацца.

«Старыя дрэвы праз пісьменную абрэзку можна амалоджваць. Калі мы цяпер узімку гэта зробім, то ўвесну будзе зразумела, ці ўсё добра, – кажа спадар Ігар. – Калі ўсё зрабіць, як трэба, то дуб прастаіць яшчэ сто год і нават больш. А калі мы нічога не будзем рабіць, сапраўды рызыкуем застацца без гэтага дрэва. Але лямантаваць тут не трэба, а проста працаваць з дубам. У інспекцыі прызналі, што да гэтага часу з ім нармальна ніхто нічога не рабіў. Так, зрабілі сцяжкі на ствале, але гэта ні пра што (КУП «ДЭП г. Бабруйска» у 2015 годзе сцягнула дрэва стальным абручом, каб замацаваць расколіну ў ствале і перадухіліць ад канчатковага разлому – рэд.)».

Бобруйск дуб

В 2015 году КУЭ «ДЭП г. Бобруйска» стальным обручем перетянули дуб, чтобы заделать трещину в стволе и не дать ему окончательно сломаться. Фото: 1387.by

Можа спатрэбіцца грамадскае апякунства над дубам

18 лістапада Ігар Куталоўскі наведаў аддзел Акадэміі навук, які займаецца прыроднымі тэрыторыямі, што асабліва ахоўваюцца. Менавіта гэты аддзел праводзіў інвентарызацыю прыродных помнікаў у Магілёўскай вобласці і выявіў, што дуб у Бабруйску ў аварыйным стане. Размова са спецыялістамі з Акадэміі навук атрымалася пазітыўнай, зазначае спадар Ігар.

«Прыйшлі да таго, што мясцовая ўлада павінна звярнуцца ў Акадэмію навук у пытанні распрацоўкі плану кіравання. Гэта план комплексных мерапрыемстваў, які ўключае спецыяльную абрэзку, лячэнне, догляд, далейшае ўтрыманне», – распавёў эксперт.

Статус помніка прыроды мясцовага значэння надаюць ці здымаюць мясцовыя ўлады. Таму спадар Ігар збіраецца далей падтрымліваць сувязь з бабруйскім выканкамам праз мясцовую інспекцыю аховы прыроды ў пытанні лёсу дуба-волата. Эколаг падрыхтуе прапановы па абрэзцы дуба. Увесну, паводле эксперта, план кіравання з прапісанымі працэдурамі грамадскіх слуханняў мусіць быць зацверджаны на ўзроўні горада і вобласці.

Бобруйскі дуб-волат

В 2015 году КУЭ «ДЭП г. Бобруйска» стальным обручем перетянули дуб, чтобы заделать трещину в стволе и не дать ему окончательно сломаться. Фото: 1387.by

Пасля таго, як з’явяцца вынікі распрацоўкі плану кіравання, можа спатрэбіцца арганізацыя грамадскага апякунства над дрэвам і валанцёрская дапамога ў патрэбных для аховы дрэва працах, мяркуе спадар Ігар.

Месцы сілы Бабруйска: ці ёсць яны і дзе?

Бабруйскі дуб-волат: даведка

Бабруйскі выканкам у 2003 годзе абвесціў дуб на вуліцы Гогаля каля крамы «Керамін» батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Дыяметр ствала дрэва складае 1,4 м. Вышыня дуба – 28 метраў. Крона мае 17,1 м з поўначы на поўдзень і 24,2 м – з усходу на захад. Дуб-волат расце ў Бабруйску з часоў Рэчы Паспалітай, яму больш за 300 гадоў.

Помнікі прыроды – гэта асобныя ўнікальныя прыродныя аб’екты ці прыродныя комплексы, якія маюць гістарычнае, навуковае, эколага-асветніцкае значэнне, з’яўляюцца неад’емнай часткай і важным кампанентам прыроднага ландшафта, забяспечваюць захаванне генафонда біялагічнай разнастайнасці асобнай мясцовасці, краіны ці Зямлі ўвогуле.

У Беларусі надаваць раслінам статус помнікаў прыроды пачалі ў 1960-х гадах. Сёння, паводле Міністэрства прыроды Беларусі, у нашай краіне налічваецца 330 батанічных помнікаў прыроды. З іх 90 маюць рэспубліканскае значэнне, 230 – мясцовае.

Якія яшчэ помнікі прыроды і тэрыторыі з ахоўным статусам, акрамя знакамітага дуба-волата, маюцца ў Бабруйску і Бабруйскім раёне?

Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «Пойменная дубрава»

Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «Пойменная дубрава», Бабруйскі раён, лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Знаходзіцца дубрава ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці ў 10 кіламетрах на поўдзень ад Бабруйска і 600 метрах на паўднёвы захад ад вёскі Даманова (аўтадарога Р31 «Ламы-Даманова»).

Гэта частка ляснога масіву ў пойме Бярэзіны плошчай 598 гектараў. У «Пойменнай дубраве» 50,4% дрэваў складаюць дубы. Сярэдні ўзрост старых дрэваў – 94 гады, разбежка – ад 35 да 140 гадоў. Узрост асобных дубоў сягае 180-200 гадоў. Тут сустракаюцца расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу РБ – шпажнік чарапіччаты і касацік сібірскі.

Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «Пойменная дубрава», Бабруйскі раён, лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «Пойменная дубрава», Бабруйскі раён, лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Батанічны помнік прыроды «Векавая сасна»

Гэтая сасна расце ў лясным масіве ў 4,4 кіламетрах на паўднёвы ўсход ад вёскі Міхайлаўка ў Гарбацевіцкім сельсавеце Бабруйскага раёна.

Батанічны помнік прыроды «Векавая сасна. Бабруйскі раён, лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Батанічны помнік прыроды «Векавая сасна. Бабруйскі раён, лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Гэта сасна звычайная. Расце ў дубраве з узростам дрэваў 200-250 гадоў. Узрост сасны – 200 гадоў. Яе вышыня – 35,2 метры, вышыня да першага жывога сучка – 27,5 метраў, вышыня максімальнай шырыні кроны – 22,5 метраў. Плошча кроны – 85 квадратных метраў. Дыяметр ствала на вышыні 1,3 метраў складае 3,7 метра.

Помнік мае батанічную, навуковую і эстэтычную каштоўнасць.

Батанічны помнік прыроды «Векавая сасна. Бабруйскі раён, лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Батанічны помнік прыроды «Векавая сасна. Бабруйскі раён, лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Дубаўскі каскад азёраў»

У Бабруйскім раёне, у 4 кіламетрах на захад ад вёскі Цялуша, знаходзіцца ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Дубаўскі каскад азёраў». Гэта ўнікальны па эстэтычнай і прыроднай каштоўнасці аб’ект. На працягласці 14 км з поўначы на поўдзень рака Вір яднае чатыры возера – Драгочын, Усох, Плавун і Вяхава. Гэта адзіная такая з’ява ў Магілёўскай вобласці.

Асаблівасці рэльефнага і гідралагічнага рэжыму стварылі ў гэтым рэгіёне ўтвараюць своеасаблівы мікраклімат. Тут асаблівы раслінны і жывёльны свет. Тут растуць шырокалісцевыя лясныя масівы, маюцца дубовыя і кляновыя гаі. Сустракаюцца расліны і жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі – Гарлачык белы, Балотная чарапаха.

Заказнік – прыродная тэрыторыя, што асабліва ахоўваецца з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў, у тым ліку – ландшафтаў. Такія аб’екты каштоўныя ў тым ліку з эстэтычнага пункту гледжання.

Ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Лукавая гара»

Від на Лукавую гару і Бярэзіну. Лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Гэта ўчастак правага берага ракі Бярэзіна, знаходзіцца на паўночнай ускраіне Бабруйска паміж 6 і 7 мікрараёнамі і пасёлкам Бярэзіна. Назва Лукавая гара пайшла ад былой назвы пасёлку Бярэзіна – Лукі. Пасёлак у сваю чаргу, хутчэй за ўсё, быў названы ад рэзкага павароту ракі ў гэтым месцы – лука – так некалі называлі дугападобны паварот ракі.

Касмічныя пейзажы Бабруйска. Пусткі – і нічога лішняга (фотарэпартаж)

На поўнач ад Бабруйска каля пасёлка Бярэзіна рэчышча вельмі шчыльна падыходзіць да правага схіла рачной даліны, вышыня якога над поймай складае каля 30 метраў. Зверху адкрываецца маляўнічы від на луг і рачную даліну. Гэта незвычайна прыгожая тэрыторыя мае не толькі эстэтычную, але прыродную каштоўнасць. У фармавання мясцовага пейзажа прымалі ўдзел водна-ледніковыя адклады дняпроўскага і сожскага абледзяненняў, тут амаль можна назіраць і сучасную дзейнасць ракі, якая пераўтварае ландшафт.

Від на Лукавую гару і Бярэзіну. Лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Заказнік тут быў створаны ў 1994 годзе з мэтай захавання характэрных формаў рэльефу Цэнтральна-Бярэзінскай водна-ледніковай раўніны з багатым раслінным і жывёльным светам. Працягласць – 1000 метраў, агульная плошча – 30,5 гектараў.

Від на Лукавую гару і 7 мікрараён. Лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

Від на Лукавую гару і Бярэзіну. Лістапад 2022 года. Фота: 1387.by

На схіле Лукавай гары знаходзіцца крыніца. Бліжэй за ўсё да крыніцы дом №1 у пасёлку Бярэзіна. Ад дома трэба спусціцца да ракі і прайсці па беразе ўніз па цячэнні.

Бабруйцы часта распавядаюць пра тое, што на Лукавай гары шмат смецця. Час ад часу неабыякавыя гараджане самі збіраюцца і прыбіраюць заказнік.