Бабруйскі вайсковы аэрадром мог бы стаць грамадзянскім? Гісторыі пра мясцовую авіяцыю і не толькі

Таму, пакуль прыгадваем цікавыя факты з гісторыі мясцовай авіяцыі і не толькі.

 

Фота: 1387.io

 

Польскі корпус, пачатак авіяцыі ў Бабруйску

У 1918 годзе ў Бабруйску вайскоўцы 1-га Польскага корпуса, які размяшчаўся ў крэпасці, мелі ў распараджэнні некалькі бамбавікоў “Илья Муромец”. Адметна, што сканструяваў і выпрабаваў чатырохматорныя біпланы кіеўлянін Ігар Сікроскі. Не блытайце з бабруйцам і героем СССР Сяргеем Сікорскім, у гонар якога назвалі адну з вуліц у нашым горадзе.

 

Ігар Сікорскі. Крыніца: wikipedia

 

Дарэчы, імя згаданага вышэй авіятара і не магло б з’явіцца ў горадзе з пераважна савецкімі тапонімамі, бо акурат па рэвалюцыі, ён даведаўся пра загад наконт свайго расстрэлу, і паспеў збегчы спачатку ў Еўропу, а пасля ў ЗША, дзе паспяхова працягваў распрацоўваць паветраныя судны.

А самалётамі, якія ён сканструяваў да вымушанай эміграцыі, яшчэ нейкі час карысталіся “чырвоныя”, як у вайсковых, так і ў грамадзянскіх палётах. У тым ліку ў Бабруйску.

 

На фота: самалёт “Илья Муромец”. Фота: riseofflight.com

 

Савецка-польская вайна

У 1919-1920 гадах Бабруйск быў заняты Войскам польскім. Менавіта пра гэтыя часы ўзгадвала збеглая з галоднага і разрабаванага бальшавікамі Пецярбурга Зінаіда Гіпіус, калі параўноўвала ў сваіх дзённіках наш горад з Парыжам:

“Мы ведь были совсем дикие. Первые магазины в Бобруйске привели нас в столбняк. <…> Через бобруйскую улицу мы боялись переходить, точно это была Avenue de l’Opéra: лошади, ездят! <…> В офицерском клубе, куда нас пригласили на большой обед, мы с недоверием и почти с ужасом глядели на белый хлеб и на яблоки, точно это были плоды нового, иного мира. Вообще Бобруйск, после Петербурга, казался нам верхом благоустройства и культурной жизни”.

Акурат у апісаны паэткай перыяд, у раёне Кісялевіч дыслакаваліся 12-я разведвальная і 13-я вынішчальная эскадрыллі. Але пасля таго, як у чэрвені 1920-га Бабруйск заняла Чырвоная армія, ужо яе вайскоўцы выкарыстоўвалі аэрадром падчас наступлення на Польшчу.

 

На фота: Пілоты і назіральнікі 1-й Вялікапольскай лётнай эскадрыллі каля бамбавіка-выведніка LVG C. V са знакам “За абарону Крэсаў Усходніх”. Кісялевічы, 1919г. фота з «Wielkopolanie1920»/ “Вечерний Бобруйск”.

 

Барацьба з бандытызмам і занядбаныя бамбавікі

Зімой 1922 года ў Бабруйск накіроўваецца авіяатрад для барацьбы з бандамі (маюцца на ўвазе антысавецкія фармаванні). 2-м атрадам Дывізіёна паветраных суднаў “Илья Муромец” кіраваў пецярбуржац з дваранскага роду Аляксей Туманскі, які падлеткам паспеў адвучыцца ў мінскай гімназіі, а ўжо пасля, падчас вайсковай кар’еры, часта выконваў заданні на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Напрыклад – разбамбаваў у 1920 годзе чыгуначную станцыю ў Бабруйску, і ў той жа дзень скінуў на Асіповічы “11 пудоў бомбаў ды адзін пуд прапагандысцкай літаратуры”. Застаецца толькі здагадвацца, якому з “падарункаў” больш радаваліся мясцовыя жыхары.

Дарэчы, паветраныя біпланы для барацьбы з бандытамі прадказальна былі прызнаныя малаэфектыўнымі, іх замянілі на наземны нямецкі легкавік “Wanderer”, абгрэйджаны кулямётамі з “мурамцаў”. А закінутыя летакі тым часам псаваліся з-за кепскіх умоваў захоўвання. У выніку, атрад быў расфармаваны.

 

Першыя дэсантнікі

У 1930 годзе ў Бабруйску сфармавалі 2-і авіяцыйны батальён асаблівага прызначэння. Ён стаў адным з першых у СССР паветрана-дэсантных падраздзяленняў.

 

35-ы вынішчальны авіяцыйны полк

У 1938 годзе на бабруйскім аэрадроме з некалькіх эскадрылляў быў сфармаваны 35-ы вынішчальны авіяцыйны полк. У 1939 годзе ён удзельнічаў у адваёўванні Заходняй Беларусі, у межах “чацвёртага падзелу” Польшчы паміж хаўруснікамі – СССР і Германіяй.

Адметна, што ўвядзенне савецкіх войскаў на чужыя тэрыторыі тады тлумачылася неабходнасцю “абароны жыцця і маёмасці насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі”.

У выніку ў СССР сапраўды атрымалася абараніць маёмасць “заходнікаў” – але ад саміх гаспадароў. Напрыклад, у мясцовага насельніцтва канфіскавалі “лішкі грошай”, а вайскоўцы Чырвонай арміі стварылі дэфіцыт тавараў, скупляючы іх дзеля далейшага перапродажу ў Маскве, па завышаных коштах. Сітуацыя пагаршалася разрывам гандлёвых сувязяў з Польшчай, спажывецкія тавары больш не прыходзілі з Захаду, а СССР быў няздольны наладзіць  належнае забеспячэнне.

Што тычыцца 35-га вынішчальнага авіяцыйнага палка, то вясной 1940 года ён перабазаваўся на аэрадром у Батумі.

 

Аэрадром у Бабруйску, захоплены немцамі 29 чэрвеня 1941 г. На пярэднім плане – рэшткі савецкіх самалётаў. Фота: wiki.bobr.by

 

Ваенны час

З 1940 года на бабруйскім аэрадроме дзейнічалі курсы камандзіраў звёнаў вайскова-паветраных сілаў. На пачатак лета 1941 года тут базаваліся 154 самалёты. Яны здзяйснялі баявыя вылеты, каб бамбаваць занятыя немцамі аэрадромы, склады, войскі, артылерыйныя пазіцыі.

Але і бабруйскі аэрадром, у сваю чаргу, бамбавалі войскі люфтвафе, і напрыканцы чэрвеня паветраныя сілы Чырвонай арміі былі вымушаныя яго пакінуць. Немцы гаспадарылі тут да 1944 года, і за гэты час мадэрнізавалі ўзлётку з грунтавой у драўляную. Ёсць звесткі, што савецкія ваеннапалонныя нарыхтоўвалі метровыя калодкі, а пасля забівалі іх у зямлю.

Па вайне аэрадром стаў месцам пастаяннага базавання 330-га бамбавальнага авіяцыйнага палка 48-й дывізіі. Да 1994 года ён выкарыстоўваўся бамбавальнай авіяцыяй дальняга дзеяння.

 

На фота: сховішча “Казакова”. Крыніца: budgawl.livejournal.com

 

Сховішча ядзернай зброі і пажар на складзе боепрыпасаў

У 50-я гады пры аэрадроме, у 20 км ад гораду, збудавалі два сховішчы ядзернай зброі “Казакова”. У іх захоўвалі 9 вадародных бомбаў і 200 ядзерных боегаловак для крылатых ракетаў.

Напрыканцы 1994 года ўсе ядзерныя боепрыпасы вывезлі ў Расійскую Федэрацыю. Аэрадром перадалі спачатку на баланс гарвыканкаму, пасля – лясгасу. У 2014 годзе аб’ект быў у закінутым стане і з разбуранай інфраструктурай.

Яшчэ адна гучная гісторыя звязаная з складамі боепрыпасаў 789-й авіяцыйна-тэхнічнай базы 200-га гвардзейскага цяжкага бамбавальнага палку далёкай авіяцыі. Здарэнне адбылося раніцай 7 мая 1984 года. Пачаўся пажар, выбухнулі бомбы, моц хвалі адчулі ўсе бабруйчане. У многіх будынках павыляталі вокны, знесла дахі, горад скалануўся, як ад землятрусу. “Падчас тушэння адзін з пажарных аўтамабіляў разарвала на шматкі, другому знесла заднюю частку, аскепкамі цяжка параніла двух чалавек, многіх кантузіла”, – прыводзіць успаміны відавочцы “Коммерческий курьер”. Пасля ліквідацыі агню мясцовым жыхарам раілі не наведваць лес, бо там маглі заставацца “шарыкі” ад касетных бомаў, якія разляцеліся, але не паспелі выбухнуць. І, па сведчаннях гараджанаў, выпадкі траўмавання імі сапраўды былі.

 

На фота: напамін пра пажар на складзе боепрыпасаў. Крыніца: komkur.info

 

Што тычыцца саміх вайскоўцаў-лётчыкаў, гэта былі не адзіныя выпрабаванні для іх: з Бабруйску яны адпраўляліся на вайну ў Аўганістан, а таксама на ліквідацыю паследстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

 

Пераезд у новае месца

У траўні 1994 года аэрадром перасяліўся з Кісялевічаў у Авіягарадок. Бабруйск стаў месцам базавання 13-й асобнай верталётнай эскадрыллі баявога ўпраўлення ВПС Беларусі. Але ў 2002 годзе эскадрылля была расфармаваная, тэхніку і лётны склад перадалі аэрадрому Мачулішчы.

Ад таго часу бабруйчане падпарадкоўваюцца ўпраўленню 83-га асобнага ордэна Чырвонай Зоркі інжынерна-аэрадромнага палка ВПС і ВСА. Іх асноўнай задачай стала ўтрымліваць аэрадром у працоўным стане і забяспечваць прыём і вылет паветраных суднаў.

 

Ці мог бы бабруйскі аэрадром стаць грамадзянскім?

Акрамя вучэнняў, раз на год аэрадром “Бабруйск” пераўтвараецца ў пляцоўку для святкавання: у жніўні тут адзначаюць Дзень вайскова-паветраных сіл. Гэта стандартная праграма з гандлёвымі шэрагамі, паказальнымі выступамі сілавікоў і дэманстрацыяй тэхнікі, але жадаючыя могуць палётаць над горадам на АН-2.

 

А ў 2019 годзе ў межах Дня ВПС тут адбыўся рок-фестываль, у якім узялі ўдзел бабруйскія і запрошаныя гурты. Фота: bobr.by

 

Яшчэ калі старшынём гарвыканкаму быў Дзмітрый Бонахаў, у 2010 годзе ён агучыў думку, што мясцовы аэрадром мог бы стаць грамадзянскім. У 2019 годзе пра гэта нагадала газета “Вечерний Бобруйск”, і зноў узяла каментар у гэтага чыноўніка. Вось што ён адказаў:

“Існуе такое паняцце, як “падвойнае выкарыстанне”. Гэта значыць, у ваенны час аб’ект выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах, а ў мірнае – як грамадзянскі. Я, вядома, не меў на ўвазе пасажырскі аэрапорт. Ёсць паняцце грузавой авіяцыі, гэта значыць, перавалка транспартных грузаў і гэтак далей. Тым больш што пытанне лагістыкі і тады, і зараз з’яўляецца вельмі актуальным. Можна было б дастаўляць грузы з таго ж Кітая. <…> Маё перакананне: гэтае пытанне актуальнае і цяпер. Навошта эксплуатаваць ваенныя аб’екты як такія, утрымліваць іх, калі ў мірны час яны могуць прыносіць нейкую карысць”.

 

А вось, дарэчы, вынікі апытанкі, якую мы праводзілі ў нашым Instagram. Мы запытваліся ў бабруйчанаў, што б яны хацелі бачыць на месцы вайсковага аэрадрома? Адказы былі такія:

  • Пляцоўку пад фестывалі (круглы год).
  • Іпадром.
  • Аквапарк (некалькі галасоў).
  • Парк атракцыёнаў (некалькі галасоў).
  • Стадыён.
  • Аўтадром. Гоначны трэк з інфраструктурай.
  • Пляцоўку для канцэртаў.
  • Пустое поле.
  • Яблыневы сад. Алея.
  • Грамадзянскі аэрапорт (некалькі галасоў).
  • Музей авіяцыі.
  • ЭКСПА 2025.
  • Прыгожы парк (некалькі галасоў).
  • Экапарк з возерам, зонамі адпачынку, пляцоўкамі для спорта.
  • Навошта такія пытанні.
  • Велатрэк, карцінг.
  • Батанічны сад.
  • Што заўгодна акрамя таго, што там цяпер.
  • Творчая прастора, фуд-корт, кіназала, тэатральная пляцоўка.
  • Спеўнае поле, як у Таліне.
  • Вы хоць ведаеце, дзе ён знаходзіцца, і колькі?
  • Парк без помнікаў.
  • Пляцоўка для драгрэйсінга, 10 год таму там пастаянна праводзіліся спаборніцтвы.
  • Скейт-парк.
  • Новы мікрараён.

 

Авіягарадок – ад закрытага раёну да спальнага, з помнікам лётчыкам-вайскоўцам

Пасля Другой сусветнай вайны на бабруйскай мапе з’явіўся авіягарадок. Спачатку тут пачалі будаваць дамкі з прыбіральняй на вуліцы, а пасля – двух- і пяціпавярховікі з умовамі. Сёння гэта звычайны спальны раён, які разбудоўваецца.

Зразумела, перыядычна мясцовыя жыхары жылі з думкай пра небяспеку суседства з вайсковым аэрадромам. І нездарма. Некалькі год таму, стратэгічнае камандаванне ЗША апублікавала звесткі па аб’ектах, якія планаваліся для знішчэння на выпадак ядзернай вайны з СССР у 1959 годзе. Сярод іншых тут ёсць аэрадром у Бабруйску. На шчасце, да катастрофы тады не дайшло.

 

Мапа: nsarchive2.gwu.edu

 

Сам авіягарадок доўгі час быў зачынены, трапіць сюды можна было толькі праз КПП. Але ў 2000-я бетонны плот знеслі, а вуліцы атрымалі назву –  у гонар лётчыка Барыса Коўзана. Да ўключэння ў склад Бабруйску тут была толькі нумарацыя будынкаў.

 

Коўзан – адзіны ў свеце лётчык, які здзейсніў чатыры паветраныя тараны і застаўся ў жывых. Напрыклад, у адным з баёў яго самалёт быў падбіты, а сам Барыс атрымаў раненне вока, і тады ён проста рушыў на бамбавік суперніка. Ад удару Коўзана выкінула з кабіны, з вышыні 6 000 метраў, з парашутам, які не цалкам раскрыўся, ён упаў у балота. Лётчык зламаў нагу і некалькі рэбраў. Яго выратавалі партызаны і пераправілі праз лінію фронта, у шпіталь. Коўзан страціў правае вока, але пасля лячэння дамогся дазволу працягнуць службу.

 

У 2016 годзе, на мяжы гарадка і вуліцы Пушкіна, з’явіўся помнік вайскоўцам-авіятарам – самалёт СУ-24 на п’едэстале. Гэты бамбавік не звязаны з ваеннымі падзеямі. Свой першы палёт ён здзейсніў у 1986 у Беларусі, пасля тры гады базаваўся на нямецкім аэрадроме Бранд, які па вайне перайшоў у валоданне СССР, і зноў вярнуўся ў Беларусь. Апошні раз ён узняўся ў неба ў 2000 годзе.

 

Фота: 1387.io

 

Заўважым, што пасля вываду савецкіх войскаў з Германіі ў 1992 годзе, той самы аэрадром Бранд, на якім базаваўся наш лятак-помнік, быў вернуты мясцовым уладам. Спачатку на ім у 1998 годзе была пабудаваная верф для дырыжабляў, а ў 2002 годзе тэрыторыю прадалі інвестарам з Малайзіі, якія праз два гады выбудавалі ўнутры верфі парк забаў “Tropical Islands”.

 

Фота: atzwanger.net

 

Яшчэ адно нагадванне пра мінулае – бар-музей “Авіятар”. Яго гаспадар захапляецца савецкай гісторыяй і збірае рэчы, звязаныя з “паветранай” тэмай:

 

Музей “Авіятар”. Крыніца: bobruisk.ru

 

Як справы ў сённяшніх жыхароў авіягарадка?

У першыя дні, калі Расія распачала вайну ва Украіне, мясцовыя казалі пра тое, што зусім не маглі спаць. Гукі бамбавікоў, якія чуліся і ўдзень, і ўночы, былі для іх вусцішнымі і паглыблялі і без таго прыгнечаны маральны стан.

 

Мы спрасілі праз Instagram, што адчувалі нашы падпісчыкі ў момант, калі ў лютым актывізаваліся самалёты ў Бабруйску:

 

Цяпер – адныя зацята робяць выгляд, што ўсё добра і жыццё працягваецца. Другія – кажуць пра тое, што пачуццё страха нікуды не сышло. І, канечне, усё гэта тычыцца не толькі жыхароў авіягарадка, а наагул усіх бабруйцаў:

 

“Мы вярталіся дахаты, і адзін з самалётаў праляцеў над галавой. Спачатку да мяне не моцна дайшло, што адбываецца, было нават цікава. Але пасля, калі кожныя пяць хвілін мы назіралі за акном чарговы самалёт, рабілася страшна. Я пачала злавацца, што яны перашкаджаюць мне і майму дзіцяці спаць. Кожны раз, калі глядзела на неба, мне было млосна. Таксама з’явіўся страх, што ў нас забяруць мужа і бацьку. І наагул страх за тое, што будзем жыць як у часы Другой сусветнай вайны. Цяпер кожны раз, калі чую гэты гук – з’яўляецца пачуццё вусцішы і адчування вайны”.

 

“На дварэ 21 стагоддзе, усе хочуць міра ва ўсім свеце! Мы былі ў шоку, калі пабачылі самалёт, што пралятаў над нашай машынай. І калі ўбачылі вайсковае абсталяванне, якое везлі па горадзе. Спалохаліся за родных. Чытаем навіны штодня і спадзяемся, што ўсё хутка скончыцца”.

 

“Было вельмі страшна ў першы дзень. Яны лёталі ўсю другую палову дня і ўсю ноч. Проста над галавой, роў быў аглушальны, і здавалася, што цяпер ці ўпадзе на цябе нешта, ці ўрэжацца ў дом.

Цяпер яны лётаюць рэдка і не так гучна, мабыць, у іншы бок. Сёння вунь транспартнік ляцеў… А пасля таго першага дня мне снілася, што ў дом было прамое трапленне, і ён у трэскі! А я сяджу на сцежцы, абдымаю ката і рыдаю.

Але да ўсяго прывыкаеш. Цяпер мы амаль увагі не звяртаем, калі гудуць. Але трэба шчыра сказаць, што цяпер гэта не так гучна і не так часта. Вельмі хочацца спадзявацца, што больш іх у нас тут не будзе. Але яно ж у прынцыпе страшна, ад таго, што адбываецца. І ад таго, што многія падтрымліваюць тое, што адбываецца. Што ў людзей у галовах, не разумею”.

Фота з вучэнняў «Взаимодействие-2013».

 

Напэўна, многія гараджане памятаюць, як ў 2014 годзе пайшлі размовы, што праз пару год у Бабруйску з’явіцца расійская авіябаза, дзе будуць размешчаныя вынішчальнікі СУ-27. Чыноўнікі казалі пра планы на прыбыццё 700 чалавек – лётчыкаў з сем’ямі, вайскоўцаў, якія будуць абслугоўваць судны.  Бабруйчанам раілі “выспацца на два гады наперад”, але пры гэтым малявалі вясёлкавыя перспектывы развіцця інфраструктуры і “вяртанне ў рамантыку былых часоў”.

Адметна, што меркаванні наконт “гасцей” у тыя часы падзяліліся, хтосьці быў за суседства з расійскімі вайскоўцамі, іншыя – катэгарычна супраць. Але паказальна, што ні тады, ні цяпер – дазволу ў саміх бабруйчанаў ніхто і не пытаў.