«Беларускай школы як крыніцы ведаў – няма». Гутарка з настаўніцай, якую судзілі за жоўта-блакітную стужку

Навіна пра настаўніцу гісторыі з Бабруйску, Ларысу Секержыцкую, якую судзілі за тое, што яна прыйшла на працу са стужкай у валасах жоўтага-блакітнага колеру, у сакавіку бягучага году абляцела ўсе беларускія медыі. Пісалі пра гэты выпадак і некаторыя замежныя СМІ. Надоечы стала вядома, што з настаўніцай не працягнулі кантракт, пра што яна распавяла ў сваіх сацсетках. Мы пагутарылі з Ларысай пра звальненне, жыццё пасля суду, сучасную беларускую школу, беларускую мову, Бабруйск.

Ларыса Секержыцкая. Фота: Ларыса Секержыцкая/Facebook

«У школу прыйшла пастанова з суду, і на гэтай падставе са мной не працягнулі кантракт»

– Ларыса, вы распавялі ў сацсетках пра непрацягненне кантракту. Як вам гэта патлумачыла адміністрацыя школы – сваё рашэнне развітацца з дасведчаным настаўнікам?

– Афіцыйны ліст са школы з уведамленнем, што са мной не працягваюць кантракт, я атрымала напрыканцы ліпеня. Я пайшла ў школу, сустрэлася з дырэктаркай. На маё пытанне: «Чаму не працягваецца кантракт?» дырэктарка адказала, што прыйшлі дакументы з пастановай суду па маёй адміністрацыйнай справе, і на гэтай падставе яна не працягвае кантракт. У працоўнай кніжцы, сказалі, будзе запісана «канец кантракту».

– Вас звольнілі перад самым пачаткам новага навучальнага году. Магчыма, вы ўжо спрабавалі некуды ўладкавацца? Якія ўвогуле далейшыя працоўныя планы?

– На дадзены момант, з 31 жніўня я – беспрацоўны чалавек. Яшчэ гэтай вясной мне казалі, што са мной працягнуць кантракт, бо паводле закону, калі ёсць дзеці да пяці гадоў, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымліваць сям’ю. Аднак, напрыканцы ліпеня я даведалася, што кантракт не працягнуць. У мяне былі прапановы змяніць месца працы ў сярэдзіне навучальнага году, але я вырашыла дапрацаваць, каб не траўмаваць навучэнцаў і адміністрацыю. Пасля падзеяў сакавіка гэтыя прапановы перасталі быць актуальнымі. Цяпер працоўныя планы ў мяне ёсць, але яны не звязаныя з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі.

«Вельмі падтрымалі былыя вучні. Адна вучаніца патэлефанавала, каб проста сказаць «дзякуй»

Ларыса Секержыцкая. Фота: Ларыса Секержыцкая/Facebook

– Пасля той сітуацыі са стужачкай і суду вам даюць спакойна жыць? Не чапаюць? Як вы сябе сёння ўвогуле адчуваеце?

– Пасля суду маё жыццё працягвалася далей больш-менш спакойна, ніхто мяне не чапаў. Быў адзін выпадак на педагагічнай нарадзе, дзе спрабавалі настроіць калектыў супраць мяне. Гэта было «феерычнае» 25 сакавіка для мяне. Я тады напісала ў адказ скаргу на паводзіны дырэктаркі ў аддзелы адукацыі Бабруйску і Магілёва. Але ўсё скончылася шараговымі адпіскамі.

Мае адчуванні былі розныя. Ведаеце, гэта апісаць складана. Я неяк пажартавала навучэнцам, што пасля суду я зразумела – з мяне адвакатка ў судовых спрэчках ніякая. Кожнаму неабходна ўмець аргументавана спрачацца, адстойваць сваю пазіцыю. Далей той урок пайшоў па цікаваму сцэнару: я задавала навучэнцам пытанні, на якія патрэбна было хутка адказваць.

Пра гэтыя падзеі я напішу аўтабіяграфічную кніжку, дзе будзе ўвесь спектр маіх пачуццяў. Адпраўлю яе рэжысёру і ён з добрай камандай здыме кінастужку. Жартую. Гэта былі складаныя месяцы майго жыцця.

– Ці падтрымалі вас тады вашыя калегі і вучні?

– Адкрыта падтрымалі няшмат. Але спачуваючых было больш за палову. Ёсць выдатныя, шчырыя, адкрытыя настаўнікі, якія не баяліся размаўляць са мной, абмяркоўваць розныя тэмы і прысутнічаць у зале суда. Я ім бязмерна ўдзячная. Без іх падтрымкі было б зусім сумна.

Мяне вельмі падтрымалі мае былыя вучні. Я расчулілася ад іхных паведамленняў, словаў падтрымкі. Вось напрыклад, улетку патэлефанавала адна былая вучаніца, каб проста сказаць «дзякуй». Такіх людзей было шмат і сярод жыхароў гораду, краіны і замежжа. Гэта мяне вельмі падтрымала.

Ларыса Секержыцкая з мужам і дачкой каля суда. Фота: «Вечерний Бобруйск»

Яшчэ ў мяне быў цудоўны тыл – гэта мой муж Андрэй, які падзяляе мае погляды. На жаль, суддзя не дазволіла яму быць маім абаронцам на працэсе, але мы разам рыхтавалі лінію абароны. Мы далі сапраўдны бой у судзе. Няхай мы не выйгралі працэс, але мае абвінаваўцы не аднойчы пашкадавалі, што распачалі гэту справу.

«Беларуская школа не вучыць галоўнаму – думаць самастойна»

Ларыса Секержыцкая. Фота: Ларыса Секержыцкая/Facebook

– Колькі гадоў вы прапрацавалі ў школе?

– Больш за 17 гадоў. Спачатку я працавала ў вясковай школе пад Магілёвам, калі вучылася ва ўніверсітэце. Потым па размеркаванні ў Бабруйску ў школе на «П’янай» плошчы. Затым у самай лепшай гімназіі гораду – гімназіі №1. І гэта былі цудоўныя гады. Завяршальным этапам кар’еры стала нібыта «самая крутая» школа гораду – №27. Мяне цешыць такі спіс. Дзякуючы розным месцам працы не было прафесійнага выгарання.

– Пасля столькіх гадоў што вы можаце сказаць пра беларускую школу, пра працу і навучанне ў ёй? Што школа ў нашай краіне дае сёння вучням? Што, на ваш погляд, трэба змяніць?

– Беларускай школы, як крыніцы ведаў, няма. Ёсць дырэктывы, пастановы, агульныя класныя гадзіны, агульныя элементы, дзелавы стыль і г.д. «Схоле» з грэцкай мовы – «вольны час» для інтэлектуальных заняткаў, адпачынку і забаваў. Дзве тысячы гадоў таму грэкі ведалі больш, чым нашае Міністэрства адукацыі зараз. Школа адбірае дзяцінства і вучыць быць паслухмяным. Яна не вучыць галоўнаму – думаць самастойна. Змяняць трэба грамадства, тады зменіцца і школа. Якое грамадства, такая і школа. І наадварот.

«Беларуская мова ў мяне з малаком і песнямі маці»

Ларыса Секержыцкая. Фота: Ларыса Секержыцкая/Facebook

– Як увогуле сёння жыць у Беларусі? Якая атмасфера ў краіне? Што, на ваш погляд, чакае Беларусь, і што нам усім сёння варта рабіць?

– Жыць цяжка, але неабходна шукаць станоўчае. Маю краіну чакае тое, што яна заслугоўвае. Беларусы здымаюць жніво ўласна прынятых рашэнняў. Кожны чалавек самастойна робіць выбар як жыць. Я веру, што добрых людзей большасць.

Што рабіць? Працаваць над сабой, развівацца, вучыцца і заставацца сумленным чалавекам. Не дазваляць прыніжаць чалавечую годнасць, гэта адносіцца як да настаўніка, так і да навучэнца.

Ларыса Секержыцкая з дзецьмі. Фота: асабісты архіў сям’і Секержыцкіх

– Распавядзіце, калі ласка, пра сябе. Вы нарадзіліся ў Бабруйску? Ці ў бацькоўскай сям’і вас выхоўвалі з любоўю і цікаўнасцю да роднай зямлі, мовы, ці вы прайшлі да гэтага ў свядомым узросце падчас навучання?

– Мне 40 гадоў. Я паляшучка, нарадзілася ў балотах Палесся, якія закранула меліярацыя. Гэта Піншчына, вёска Мерчыцы. Мой палескі гаварок усім вельмі падабаўся ва ўніверсітэце. Я хадзіла ў беларускамоўную школу, беларуская мова ў мяне з малаком і песнямі маці.

У суседняй вёсцы Велясніца нарадзілася Яўгенія Янішчыц. Я ў дзяцінстве прысутнічала на розных сустрэчах беларускіх пісьменнікаў. Бураўкіна помню, быў там.

Цікаўнасць да зямлі ад вясковага жыцця. У мяне ёсць уласныя вершы, яны наіўныя, але добра паказваюць мяне.

Ліст да бацькі.

Прывітанне, шаноўны мой, бацька.

Гэты ліст табе шлю ад душы,

Усім сэрцам шукаючы шчасце,

Зразумела, яно – гэта ты.

Гэта цёплае летняе сонца,

Сенакос, трактары і палі,

І размовы аб вечным, высокім

Вечарамі на роднай зямлі.

Гэта Ясельды плёскат вясёлы,

Храбусценне авечак, кароў,

Пах смародзіны, вішань, рабіны,

Што стаяць за стракатым гумном.

Дзякуй, шчырае дзякуй, мой бацька,

За любоў да людзей і зямлі,

За жыццё (найвялікшае шчасце)

Ты паклон мой ад сэрца прымі.

2007 г.

Маці

Ты – светлая і шчодрая;

Ты – самая на свеце родная;

Ты – сонца промень у жыцці;

Ты накіроўваеш мяне ісці

Да шчасця, да людзей, у свет.

Сумленны, шчыры запавет

Я пранясу да скону дзён

Праз велічны жыццёвы звон.

У бітвах сэрца не прадам,

І д’яблу душу не аддам:

Бо голас праўды, словы маці

Мацней за ўсе на свеце жахі.

Прымі паклон мой да зямлі,

Жыві… жыві… даўжэй жыві.

2007 г.

«Сказала на апошнім званку, што дакажу, што значыць быць сапраўдным настаўнікам»

– Цудоўныя вершы! Ларыса, скажыце, а чаму вы абралі прафесію настаўніка? Дзе атрымалі адукацыю? Ці шмат змянілася ў беларускай адукацыі з часоў вашага навучання – як вы адчуваеце?

– У дзяцінстве я не хацела быць настаўніцай. У мяне былі складаныя адносіны з многімі настаўнікамі ў маёй школе. Яны былі несправядлівыя і нецікавыя. Я абрала педагагічную ВНУ ў канцы 11 класа, сказаўшы на апошнім званку, што дакажу, што значыць быць сапраўдным настаўнікам. Гэта, канешне, юнацтва, але я была ўпэўнена, што не буду такімі, як яны. Я хачу любіць свой прадмет, з павагай адносіцца да вучняў і быць заўсёды цікавай, жывой.

Вучылася ў дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова ў Магілёве па спецыяльнасці «гісторыя і нямецкая мова». Выбар быў асэнсаваны, бо гэтыя прадметы ў школе былі любімымі.

За апошнія гады ў навучанні ў Беларусі, у тэмах змянілася няшмат. Мы дагэтуль недалёка адышлі ад мадэлі савецкай школы. А вось вучні змяняюцца, і гэта добра.

«Мы ва ўнутранай эміграцыі»

– Распавядзіце, калі ласка, пра вашую сям’ю. Як вы вучыце сваіх дзяцей любіць сваю радзіму, цікавіцца ёй? На якой мове размаўляеце ў сям’і?

– Наша сям’я складаецца з чатырох асобаў: муж, я і дзве дачушкі – Вераніка (7 гадоў) і Адэлька (4 гады). Я размаўляю па-беларуску, муж па-расейску. Дзеці цудоўна разумеюць і маму, і тату. Нельга навучыць любіць радзіму – гэта прыходзіць ад ладу жыцця, ад каштоўнасцяў сям’і. У нас шмат дзіцячых кніжак. Я прыдумваю казкі на сон дачушкам, дзе яны знаёмяцца з рознымі героямі, мясцінамі і асобамі. Муж заўсёды ўсё тлумачыць. Мы вандруем. Хацелася б болей, але гэта не галоўнае ў выхаванні. Галоўнае – гэта прыклад бацькоў, іх узаемаадносіны, павага да ўсяго.

Ларыса Секержыцкая з дзецьмі. Фота: асабісты архіў сям’і Секержыцкіх

– Як вы любіце бавіць час? Як увогуле гэта сёння магчыма ў Бабруйску? Якая атмасфера ў горадзе? Ці ёсць яшчэ куды пайсці, у нейкія ўлюбёныя месцы, дзе можна пабачыцца з аднадумцамі?

– Я – чалавек творчы. Бавіць час магу ў залежнасці ад настрою і натхнення. Я граю на гітары, спяваю. Вучуся маляваць пастэллю, акварэллю. Чытаю, гатую. І гэта не ўсё – яшчэ ж ёсць цэлы ворах хатніх справаў, якія я вучуся рабіць з любоў. Раней вельмі часта наведвала імпрэзы розныя ў тайм-клубе «1387» – там было жывое сэрца Бабруйску. А зараз мы ва ўнутранай іміграцыі. Аднадумцы збольшага ў іншых краінах, з якімі сустракаешся праз электронныя прылады. А любімае месца ў горадзе – гэта я сама 😊.

4 сакавіка бягучага году Ларыса Секержыцкая прыйшла на працу са стужкамі жоўтага і блакітнага колераў у валасах. Пэўныя калегі ў адказ на гэта выклікалі міліцыю. Супраць Ларысы завялі адміністратыўную справу паводле арт.24.23 КаАП РБ – «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў». 31 сакавіка суддзя суду Бабруйскага раёну і г.Бабруйску Ганна Асіпенка прызнала настаўніцу вінаватай у незаконным пікетаванні і аштрафавала яе на 70 базавых велічыняў (2 240 рублёў).