Блог педыятаркі, ютуб-канал пра бадзяжных жывёлаў, lifestyle і краязнаўства: каго з бабруйцаў чытаць і глядзець у сацсетках

А вы б хацелі зазірнуць «за кулісы» працы педыятра ў Бабруйску, зразумець, як ставяцца дыягназы? А ведаеце, хто ў нашым горадзе дапамагае бяздомным людзям? Колькі каштуе ўратаваць бадзяжную котку ці сабаку і знайсці ім новую сям’ю? Калі фотаздымак Бабруйску ўпершыню з’явіўся на паштоўцы і якія сакрэты хаваюць будынкі на нашых вуліцах? Пра гэта, а таксама пра шмат іншага і цікавага распавядаюць бабруйцы – аўтары блогаў і влогаў з нашай падборкі лепшага бабруйскага кантэнту, якую мы зрабілі для вас. Знаёмцеся, падпісвайцеся, натхняйцеся).

Бабруйскія блогеры. Фотакалаж

Facebook

Пра медыцыну і жыццё

Педыятарка Мая Церакулава, казашка, якая некалькі гадоў таму пераехала ў Беларусь, а з пачатку гэтага лета жыве ў Бабруйску, вядзе вельмі цікавую старонку ў Фэйсбуку.

Мая Церакулава. Фота: Мая Церакулава/Facebook

Акаўнт нельга назваць вузка прафесійным блогам. Мая часта шчыра піша пра асабістыя праблемы, сваю сям’ю, выхаванне дачкі з аўтызмам. Адначасова жанчына распавядае пра беларускую медыцыну, асаблівасці працы педыятра ў Бабруйску, стэрэатыпы ў дачыненні дзіцячых хваробаў у маладых бацькоў у Беларусі, пра дыягназы і дыягностыку – часам гэта не менш захапляльна, чым у серыяле пра доктара Хаўса.

А тут інтэрв’ю з Маяй, якое мы рабілі зусім нядаўна, і ў якім лекарка распавядала нам, чаму пераехала ў Бабруйск, што думае пра наш горад і навошта вучыць беларускую мову.

«Стары дом»

Даволі шмат у сацсетках блогаў, прысвечаных гістарычнай і культурнай спадчыне Бабруйска. Апошнім часам вельмі цікавыя рэчы з’яўляюцца на старонцы Бабруйскага краязнаўчага музею ў Фэйсбуку. Навуковая супрацоўніца музею Іна Аўсейчык пачала публікаваць анлайн-праект «Стары дом» пра гісторыю асабнякоў Бабруйска канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.

Мы распавядалі пра пачатак праекту, але цяпер у ім дадаліся новыя допісы пра бабруйскія дамы, уздоўж якіх мы штодня праходзім, калі ідзем на працу, дадому ці проста гуляем па горадзе, і не задумваемся, колькі цікавага яны хаваюць за сваімі фасадамі. Вельмі раім прачытаць гэтыя гісторыі, бо большасць фактаў у іх публікуюцца ўпершыню.

Віталь Крыванос

У Фэйсбуку цікава пачытаць Віталя Крываноса – аматара гісторыі, архітэктурных помнікаў, а таксама беларускай прыроды. Апошнім часам Віталь, здаецца, аб’ездзіў і абхадзіў ці не ўсю Бабруйшчыну, фотасправаздачы пра свае вандроўкі і роздумы з гэтай нагоды рэгулярна выкладае на сваю старонку.

Старыя дворыкі Бабруйска. Фота: Віталь Крыванос/Facebook

Чароўная Бярэзіна ў красавіку. Фота Віталя Крываноса

Аднаўленне бабруйскага касцёла

Старонка «Аднаўленне бабруйскага касцёла» у Фэйсбуку распавядае пра ўнікальны архітэктурны помнік Бабруйску – неагатычны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Будынак касцёлу, узведзены ў 1906 годзе, у 1968 быў пашкоджаны савецкай уладай – вежу са званіцай забудавалі пяціпавярховікам, у якім пазней размясцілася адміністрацыя Бабруйскага будаўнічага камбінату.

Блог паўстаў некалькі гадоў таму, калі парафіяне бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі вырашылі змагацца за свой касцёл і пачалі збор подпісаў за яго аднаўленне. Вядуць старонку неабыякавыя бабруйцы. Яны распавядаюць пра гісторыю і сучаснасць святыні, знаходзяць цікавыя, невядомыя раней факты, фотаздымкі, дакументы.

Таксама ў блогу можна прачытаць пра былы езуіцкі касцёл, які захаваўся на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці – адзіны будынак XVIII стагоддзя ў Бабруйску.

Instagram

Bez.doma

Праблеме бяздомных людзей у Бабруйску прысвечаная старонка ў Інстаграме Bez.doma, якую вядзе Максім Чарняк – заснавальнік арганізацыі «Справядлівая дапамога». З 2017 году Максім, які працуе фельчарам хуткай дапамогі, корміць бабруйцаў, якія засталіся без даху над галавой, арганізоўвае зборы рэчаў, вопраткі для іх. Арганізацыя шмат разоў была на мяжы закрыцця, не было за што купіць ежу, аплаціць арэнду, давялося пераязджаць з аднаго памяшкання ў іншае. Тым не менш, па магчымасці Максім з камандай працягваюць дабрачынную дзейнасць. Усё гэта нягледзячы на тое, што Максім – шматдзетны бацька, выхоўвае траіх дзяцей, а некалькі гадоў таму змагаўся з анкалагічным дыягназам.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Максим Черняк (@bez.doma)

Апошнім часам на старонцы Bez.doma Максім распавядае пра стэрэатыпы, звязаныя з дапамогай бяздомным, а таксама пра сябе і навошта яму ўсё гэта патрэбна.

Асін Бложык

Зоаваланцёрка з Бабруйску Ася Траяноўская ў сваіх блогах «Асін Бложык» і «Зоашыза» піша пра ўратаванне бадзяжных жывёлаў. Дзеўчына ўжо даўно ў зоабароне. Некалі самыя розныя жывёлы жылі ў яе дома, і не толькі каты і сабакі. Ася ратавала параненых птушак, чарапах з кантактных заапаркаў. Яна выходжвала жывёлаў і шукала ім новы дом.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Асин Бложик ❤️ (@asyafox44)

Ася з дзяцінства мае інваліднасць і перасоўваецца ў вазку. Нядаўна дзеўчына нарадзіла дачку і цяпер шмат піша таксама пра тое, як гэта – быць маці, калі ты ў інвалідным вазку. Пра гэта мы таксама гутарылі з бабруйчанкай у інтэрв’ю.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Асин Бложик ❤️ (@asyafox44)

Паштоўкі з Бабруйска

Цікавай галіне гісторыі і краязнаўства Бабруйску – філакартыі, прысвечаны блог Віталя Мурашкевіча «Паштоўкі з Бабруйска». Віталь – краязнаўца, перакладчык, бібліятэкар, а таксама калекцыянер і ўласнік адной з самых буйных сярод бабруйцаў калекцыяў старых паштовак.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Паштоўкі з Бабруйска (@bobr_postcards)

Віталь па-сапраўднаму захапляецца паштоўкамі, лічыць, што яны могуць вельмі шмат распавесці пра гісторыю гораду. Да нядаўняга часу бабруец вёў блог толькі ў сацсетцы «У Кантакце», але нядаўна завёў старонку таксама ў Інстаграме. На ёй Віталь распавядае, як і чаму захапіўся калекцыянаваннем, пра першую паштоўку ў сваёй калекцыі, самую старую з вядомых паштоўку з Бабруйска і шмат іншага.

“Пераклад – гэта падвоеная адказнасць, за аўтара і сябе”

Бабруйскай даўніне таксама прысвечаны блог у Інстаграме «Серж Бобруйскер». Аўтар старонкі публікуе старыя фотаздымкі Бабруйска і бабруйцаў, дакументы мінулага і пазамінулага стагоддзяў, рэчы, якія былі ва ўжытку шмат гадоў таму.

Акадэмія 50+ і lifestyle ад Святланы Краснай

Натхняльная і прыгожая старонка ў Інстаграме ў Святланы Краснай. Разам з мужам, краязнаўцам Алегам Красным яны стварылі адукацыйны праект для людзей сталага ўзросту «Акадэмія 50+», а таксама сужэнцы арганізоўваюць экскурсіі па Беларусі. На старонцы «Акадэміі 50+» можна чытаць пра навучальныя заняткі і насычанае жыццё студэнтаў праекту.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Светлана Василенко (@vasilenko740)

А ў сваім асабістым профілі, які цалкам можна назваць lifestyle-блогам, Святлана піша пра сябе, разважае пра жыццё пасля 50 гадоў, выкладае прыгожыя фотаздымк і проста захапляе сваёй актыўнасцю, цікаўнасцю да свету, мудрасцю.

Youtube

Sanishow

Бабруец Аляксандр Пінчук вядзе ютуб-канал «Sanishow» пра дапамогу бадзяжным жывёлам. Першае відэа на канал было загружана ў 2016 годзе, а ўжо ў 2020 годзе Аляксандр атрымаў «залатую кнопку» за першы мільён падпісчыкаў. На сённяшні дзень «Sanishow» мае 3,38 мільёнаў падпісчыкаў. Некалі Аляксандр распавядаў, што вядзе свой канал зусім не дзеля заробку, нават з такой папулярнасцю і колькасцю падпісчыкаў. Мэта влогу – звяртаць увагу на праблему жывёлаў на вуліцах і дапамагаць ім знаходзіць новы дом, і аўтар «Sanishow» заўсёды радуецца, калі гэтай мэты атрымліваецца дасягнуць.

А ў Інстаграме ў Аляксандра – прыгожыя фотаздымкі коцікаў і сабачак.

Адкрыты Бабруйск

Адзін з самых цікавых відэапраектаў, які робяць бабруйцы пра бабруйцаў – ютуб-серыял «Адкрыты Бабруйск», які ўжо цягам некалькіх месяцаў выходзіць на канале «Бабруйск у прамым эфіры». Серыял распавядае пра адметных бабруйцаў, асвятляе розныя актуальныя і вострыя аспекты гарадскога жыцця.

Як праект нарадзіўся і як гэта – здымаць у Бабруйску і пра Бабруйск, аўтары ідэі дзяліліся нам у інтэрв’ю. На старонцы «Адкрыты Бабруйск» у Інстаграме Нік і Віка распавядаюць пра сябе, пра выбар тэмаў і працу над сюжэтамі. Таксама вы там знойдзеце шмат фота з бэкстэйджу са здымак.