“Будынкі працягваюць жыць, калі ў іх знаходзяцца людзі”. Аўтары паштовак “Жывы Бабруйск” – пра свой праект

Што кожны з нас можа зрабіць, каб захаваць каштоўную забудову роднага горада – помнікі, якія засталіся нам у спадчыну ад продкаў? Бабруйскія актывісты, якія прыдумалі серыю сувенірных паштовак “Жывы Бабруйск” упэўненыя – можна проста рабіць тое, што ты найбольш умееш. Журналістка Алеся Лацінская ўмее прыдумляць розныя крэатыўныя рэчы, ідэі. Фатограф Валянцін Валянцінаў, як ён сам кажа, лепш за ўсё можа прыгожа фатаграфаваць. Бабруйцы аб’ядналі свае таленты і стварылі арыгінальныя сувенірныя паштоўкі пра закінутыя бабруйскія помнікі архітэктуры. Кожны з іх сам распавёў пра сутнасць праекта і свой удзел у ім.

“Хочацца арыгінальнага, нетыповага, адметнага”

Алеся Лацінская, гарадская актывістка, журналістка, аўтарка ідэі:

–  Ідэя такога праекту нарадзілася ў мяне шмат гадоў таму, калі ў доме каменданта ў крэпасці яшчэ не згарэў другі паверх, і туды яшчэ можна было падымацца. Аднойчы, калі мы туды залезлі, я ўявіла сабе, як бы файна той пакой, у які мы трапілі, падыйшоў для балетнай фотасэсіі. Тая ідэя захавалася ў праекце ў выглядзе балярыны, якая танчыць каля руінаў гасцініцы “Бярэзіна і Еўрапейская”. Мне з самага пачатку хацелася спалучыць будынкі і людзей, і так раскрыць важнасць захавання гістарычнай спадчыны.

Галоўная ідэя нашых фотаздымкаў – што будынкі працягваюць жыць, пакуль яны некаму патрэбныя, пакуль там знаходзяцца людзі.

Таксама я думаю пра якасную сувенірную прадукцыю пра Бабруйск. Калі я бачу паштоўкі, якія прадаюцца ў “Белсаюздруку” – мне становіцца сумна. Бо там паўсюль стандартныя краявіды кшталту гасцініцы “Бабруйск”. А мне хочацца нечага арыгінальнага, нетыповага, адметнага. Таму некалькі гадоў таму я зрабіла серыю паштовак “Міфічны Бабруйск”. Там я хацела паказаць напаўлегенды гораду, напаўсапраўдных гістарычных персанажаў, сапраўды неардынарных. Там былі і кіношныя персанажы з фільмаў, дзе згадваўся Бабруйск, і вядомыя асобы, карані якіх паходзяць з нашага гораду як, напрыклад, Сцівен Тайлер з гурта “Аэрасміт”.

Як шукалі герояў для паштовак

– А ў гэтай серыі мне захацелася зрабіць паштоўкі з сюжэтам, ажывіць будынкі. Таму нашыя героі чымсьці займаюцца – мастачка малюе, скейтар паказвае нейкі трук над крэпасцю і т.п. Усе ідэі сюжэтаў – мае. Валянцін дапамагаў карэктаваць іх як фатограф.

Дзеці, якія гуляюць на фоне будынкаў крэпасці, балярына, якая танчыць ля руінаў, сімвалізуюць, што будынкі жывуць, і працягваюць жыць толькі тады, калі мы пра іх памятаем, калі мы звяртаем на іх увагу. І я лічу, што трэба як мага часцей казаць пра нашую архітэктурную і гістарычную спадчыну, каб на яе звярталі ўвагу таксама людзі, якія маюць сродкі і магчымасці гэта ўсё хаця б якасна закансерваваць, а ў ідэале нешта зрабіць, каб яны працягвалі жыць яшчэ некалькі стагоддзяў.

Знайсці герояў для паштовак было і проста, і не. Шукала праз сацыяльныя сеткі і знаёмых. Хутка адушкаўся скейтар, бо я яго ведала – рабіла з ім раней матэрыял. Складаней атрымалася з балярынай. Знаходзіліся дзяўчыны, якія ўмелі танчыць, але не мелі пачкі і пуантаў. Потым знайшлася дзяўчына з неабходным адзеннем, але яно было не белае. Я ўжо гатовая была пагадзіца на любы колер, але Валянцін пераканаў, што лепш за белы нічога не будзе глядзецца.

“Трэба фатаграфаваць гэтую прыгажосць, пакуль яна яшчэ ёсць”

–  На прэзентацыі паштовак амаль усе запытваліся ў нас, ці будзе працяг праекта. Калі казаць пра закінутыя будынкі, то хацелася б яшчэ езуіцкі касцёл закрануць. Што датычыць іншых, то яны не змогуць трапіць у гэтую серыю, бо яны тым ці іншым чынам выкарыстоўваюцца ў Бабруйску. Канешне, можна было б стварыць розныя серыі. Напрыклад, чыгуначную – уключыць туды нашыя два вакзалы. Ці праваслаўную, каталіцкую, габрэйскую серыі. Людзі хочуць бачыць бабруйскія будынкі на паштоўках. Ім гэта вельмі падабаецца. Ну і трэба фатграфаваць гэтую прыгажосць, пакуль яна яшчэ ёсць, бо часта калі сыходзяць гаспадары з будынка, то ён руйнуецца літаральна за пару год.

Гэтыя паштоўкі – цалкам валанцёрскі праект. Я вельмі ўдзячная фатографу Валянціну Валянцінаву, які зрабіў цудоўныя фотаздымкі. І Наташы Халанскай, што яна дапамагае рабіць такія важныя праекты. І канешне ж Магілёўскай школе гарадскіх ініцыятыў “Цяпліца”. З дапамогай гэтых людзей і арганізацыі, за якой таксама стаяць людзі, мы робім сувенірную прадукцыю, на якую цікава глядзець, якую прыемна ўзяць у рукі, і гэта вельмі важна.

“Прапанаваў дасылаць нашыя паштоўкі палітвязням”

Валянцін Валянцінаў, фатограф.

– Нашай з Алесяй мэта было звярнуць увагу грамадскасці Бабруйска на будынкі, якія руйнуюцца, і якія маюць архітэктурную, культурную каштоўнасць. Трэба было зрабіць гэта цікава, нібыта ў гэтых будынкаў ёсць яшчэ надзея на жыццё. Дзеля гэтага мы, напрыклад, паклікалі балярыну да гасцініцы “Бярэзіна-Еўрапейская”. Ці хлопец, які сядзіць у задуме ў вакне закінутага вінзавода, нібыта там яшчэ ёсць рэшткі жыцця. Да кожнага будынка мы дапасавалі людзей, каб дадаць жыццё. Проста банальная паштоўка з гэтым будынкам – не так цікава.

Мы з Алесяй задумваліся – што мы, як жыхары Бабруйска, можам зрабіць, каб дапамагчы нашай архітэктуры? Я не магу пайсці і пачаць рэстаўраваць крэпасць, напрыклад, ці пачаць пералічваць свой заробак у невядомы мне фонд, які нібыта будзе нешта аднаўляць. Я ўмею прыгожа фатаграфаваць, звярнуць увагу – я гэта зрабіў, сфатаграфаваў будынкі. Як фатограф для захавання культурнай спадчыны Бабруйска я магу зрабіць вось гэта. Я гэта і зрабіў.

Алеся, фонд “Цяпліца”, Наталля Халанская – мы разам зрабілі гэты праект. Звярнулі ўвагу на праблему руйнавання нашых помнікаў. Мы зрабілі максімум з таго, што маглі. Як у тым фільме “Пралятаючы над гняздом зязюлі” – па меньшай меры мы паспрабавалі.

Святочную прэзентацыю паштовак мне было цяжка ўспрымаць, бо ў галаве пастаянна думкі, што мы тут весялімся, пакуль людзі за кратамі. Таму на прэзентацыю я прынёс капэрты, і прапанаваў, каб людзі падпісалі гэтыя самыя паштоўкі і выслалі палітвязням.

Фотавыставу “Жывы Бабруйск” можна паглядзець абсалютна бясплатна ў тайм-клубе на працягу красавіка. Таксама ў краме “1387” можна бясплатна ўзяць набор паштовак. Адрас: вул.Чангарская, 54.

Фота: Валянцін Валянцінаў