Чаму Алесь Адамовіч быў супраць пасады прэзідэнта ў Беларусі? Да 95-годдзя нашага славутага земляка

Сёлета 3 верасня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча, нашага земляка Алеся Адамовіча. Гэта паводле афіцыйнай, пашпартнай даты. А насамрэч Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 жніўня 1926 году, то бок – 96 гадоў таму. Паміж гэтымі двума датамі – сапраўдным і пашпартным днём народзінаў, мы, каманда 1387.io вырашылі ўзгадаць, якую ролю Адамовіч адыграў у беларускай літаратуры, гісторыі, грамадскім жыцці. Мы перакананыя – сёння чытаць Адамовіча важна як ніколі раней, бо ў сусветнай павестцы самымі «гарачымі», актуальнымі зноў сталі тыя тэмы, якім была прысвечана творчасць літаратара – вайна, мірны і ваенны атам, свабода і дэмакратыя.

Малая радзіма і самае загадкавае месца на зямлі

Алесь Адамовіч. Фота: асабісты архіў дачкі Алеся Адамовіча Наталлі Адамовіч

Алесь Адамовіч нарадзіўся ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёну Менскай вобласці 3 жніўня 1926 году. Але ў пашпарце пісьменніка была пазначаная іншая дата – 3 верасня 1927 году. Гэтую дату адмыслова ўпісала ў дакументы маці Алеся Ганна Мітрафанаўна, каб уратаваць сына ад прымусовых працаў у Нямеччыне.

У 1928 годзе сям’я Адамовічаў пераехала ў рабочы пасёлак Глуша пад Бабруйскам. Менавіта гэтае месца пісьменнік да канца жыцця называў сваёй радзімай.

«… сапраўдная малая радзіма, дзе я ўваходзіў ва ўзрост і ў жыццё, – рабочы пасёлак Глуша. Савецкае ўдакладненне: шклозавод «Камінтэрн». Або проста: гута – так называлі завод здавён, з часу яго заснавання. Польска-нямецкае слоўца, але зусім прыручанае, наша мясцовае. На паўшляху з Варшавы на Маскву, на ўсход сем соцень вёрст, на захад – амаль столькі ж», – пісаў Алесь Адамовіч пра глушу ў адной са сваіх апошніх кніг «Vixi» («Пражытае»).

Канюхі ж Адамовіч згадваў як самае загадкавае месца на зямлі:

«Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі – гэтыя самыя Канюхі, у іх я нарадзіўся…. Я нічога з Канюхоўскага жыцця не памятаю».

Пісьменнік з сям’і медыкаў

Бацьку літаратара Міхаіла Адамовіча пасля сканчэння медыцынскага факультэту БДУ накіравалі ў Глушу на працу. Дзякуючы яму, у пасёлку пабудавалі лякарню, якой ён і кіраваў. А з пачаткам Другой сусветнай вайны Міхаіл Адамовіч пайшоў лекарам на фронт.

Маці Алеся Адамовіча Ганна скончыла Магілёўскую фармацэўтычную школу і таксама працавала ў медыцыне – фармацэўтам у глушанскай аптэцы. Лекарам стаў і старэйшы брат Алеся Яўген.

Ганна Адамовіч з сынамі Яўгенам і Алесем. Фота: асабісты архіў дачкі Алеся Адамовіча Наталлі Адамовіч

У Ганны Адамовіч быў не самы бяспечны для савецкіх часоў «бэкграўнд» – ейнага бацьку Мітрафана Тычыну ў 1930 годзе раскулачылі і выслалі разам з жонкай і трыма дзецьмі (з сямі) у Якуцію, адкуль ён так і не вярнуўся. Ганне Адамовіч улады ўсё жыццё нагадвалі, што яна – «дачка кулака».

Да сённяшняга дня ў Глушы захаваўся будынак аптэкі, дзе працавала маці Алеся Адамовіча. Драўляны дом бірузовага колеру стаіць уздоўж шашы Глуск-Бабруйск. У часы Другой сусветнай вайны ён быў цэнтрам Глушанскага падполля. Ганна Адамовіч прывозіла з Бабруйска медыкаменты і забяспечвала імі партызанаў. У пачатку 1943 году гэтую дзейнасць раскрылі і яна разам з сынамі была вымушаная ратавацца ў лесе ў партызанскіх атрадах. Вярнуцца дамоў сям’я змагла толькі ў 1945 годзе, пасля перамогі.

Спачатку стаў няўгодным у Менску, потым – у Маскве

Алесь Адамовіч – аспіранта БДУ, 1950-я гады. Фота: асабісты архіў дачкі Алеся Адамовіча Наталлі Адамовіч

Адразу пасля сканчэння вайны Алесь экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, пасля сканчэння якога ў 1950 годзе пайшоў у аспірантуру. У 1954 годзе абараніў дысертацыю і пачаў выкладаць беларускую літаратуру на філфаку БДУ. У тым жа годзе ўвесну ў Алеся Адамовіча і ягонай жонкі Веры нарадзілася дачка Наталля.

У 1962 годзе Адамовіч абараніў дысертацыю ў Кіеве ў Інстытуце літаратуры ім. Т.Шаўчэнкі і стаў доктарам філалогіі. У Кіеў пісьменніку давялося ехаць, бо ў Менску «уплывовыя» літаратары пагражалі нядопускам да абароны. З таго часу Адамовіча пачалі выціскаць з Беларусі, і ён паехаў вучыцца на Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскву. Там жа ўладкаваўся на працу ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт – выкладаў беларускую літаратуру. Але ў 1966 годзе быў вымушаны сысці, бо адмовіўся падпісаць ліст супраць Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля, маскоўскіх літаратараў-дэсідэнтаў, якіх судзілі за «антысавецкую дзейнасць». У 1967 годзе вярнуўся ў Менск. Больш за паўгода Алесь Адамовіч быў беспрацоўным – яго не бралі ні ў БДУ, ні ў Акадэмію навук БССР, пакуль нарэшце не атрымалася ўладкавацца ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы ў якасці старэйшага навуковага супрацоўніка.

У 1979 годзе памерла маці Алеся Адамовіча. Бацьку ён страціў яшчэ раней – у 1948 годзе.

Свой першы раман – «Сыны ідуць у бой» – Алесь Адамовіч пачаў пісаць у 1948 годзе. Пісьменнік так узгадваў аб тым, што прывяло яго ў літаратару:

«Кожны, хто піша, ведае той галоўны штуршок у жыцці, які зрабіў яго літаратарам. Для адных гэта была рэвалюцыя, Грамадзянская вайна. Для мяне і многіх маіх аднагодкаў – Айчынная вайна і XX з’езд. Два штуршкі – два «эпіцэнтры». Без другога і пра вайну распавядалі б па-іншаму. Або наогул не расказвалі б».

У літаратуры Алеся Адамовіча, як і агулам у жыцці, найбольш хвалявалі тры галоўныя тэмы – вайна, мірны і ваенны атам, дэмакратызацыя, свабода слова і будучыня Беларусі.

Вайна ў творчасці Алеся Адамовіча

Успаміны пра перажытае падчас жыцця ў партызанскім атрадзе, пераасэнсоўванне вайны займалі адну з самых значных частак у пісьменніцай дзейнасці Адамовіча. У сваіх творах наш зямляк не імкнуўся гераізаваць вайну, а хацеў паказаць усю праўду, няхай і страшную і жорсткую. Таксама адметна, што Адамовіч у асноўным пісаў пра перажыванні вайны звычайнымі людзьмі, а не жаўнерамі на фронце. Жыццё звычайнага чалавека падчас вайны пакладзена ў аснову твору «Вайна пад стрэхамі».

Алесь Адамовіч з маці і бацькам, сакавік 1946-га году. Фота: асабісты архіў дачкі Алеся Адамовіча Наталлі Адамовіч

У 1971 г. Алесь Адамовіч напісаў «Хатынскую аповесць», якая разам з аповесцю «Карнікі» потым лягла ў аснову фільму «Ідзі і глядзі».

З 1970 па 1973 год разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам Алесь Адамовіч аб’ехаў з магнітафонам усю Беларусь, пабываў у сотнях спаленых вёсак. Пісьменнікі апыталі і запісалі больш за трыста сведкаў ваеннай трагедыі, апавяданні якіх ляглі ў аснову дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі», якая выйшла ў 1975 годзе асобным выданнем. Перакладзеная на многія замежныя мовы, стала літаратурным бестселерам на Захадзе. Працуючы над гэтай кнігай, Адамовіч, Брыль і Калеснік выйшлі на такі мастацкі ўзровень, які дазволіў казаць пра стварэнне новага жанру дакументальнай прозы ў беларускай літаратуры. Нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, якая таксама піша ў гэтым жанры нон-фікшн, называе Алеся Адамовіча сваім настаўнікам.

Уладзімір Калеснік, Янка Брыль, Алесь Адамовіч. Фота: асабісты архіў дачкі Алеся Адамовіча Наталлі АдамовічУ 1983-85 гадах разам з рэжысёрам Элемам Клімавым здымаўся фільм «Ідзі і глядзі», у аснове сцэнара якога – «Хатынская аповесць» і «Карнікі». Першапачатковая назва фільму была «Забіце Гітлера!». Ідэя фільму нарадзілася задоўга да пачатку здымак, але ў 1977 годзе працу над стужкай спыніла «Дзяржкіно».

У 1985 г. «Ідзі і глядзі» атрымаў першую прэмію і Залаты прыз і прыз ФІПРЭСІ на XIV Маскоўскім кінафестывалі, абышоў экраны многіх краін свету, меў вялікі рэзананс. Па ўспамінах Элема Клімава, замежнікаў карціна ўражвала настолькі, што падчас сеансаў за мяжой ля кінатэатраў дзяжурылі карэты «хуткай дапамогі».

Дагэтуль «Ідзі і глядзі» кінакрытыкі прызнаюць адным з лепшым фільмаў пра вайну.

Алесь Адамовіч на здымках фільму «Ідзі і глядзі» . Фота: Sputnik Беларусь

Змаганне за бяз’ядравы свет і з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС

Тэмай атаму, спачатку, пераважна, ваеннага, Алесь Адамовіч пачаў цікавіцца яшчэ да аварыі на ЧАЭС. Яшчэ ў 1981 годзе ён напісаў:

«На планеце няма надпісу на нейкія дзверы:«запасны выхад». Няма куды будзе бегчы ў выпадку ядравага пажару».

У 1982 годзе пісьменнік прыняў удзел у працы Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў складзе беларускай дэлегацыі па тэме ядравай зброі. Потым шмат ездзіў па свеце, прымаючы ўдзел у міжнародных антываенных, анціядравых канферэнцыях, дзе выступаў з дакладамі, даваў шматлікія інтэрвʼю. Публіцыстыка таго часу сабрана ў кнігах «Выберы – жыццё!» (1986), «Літаратура і праблемы стагоддзя» (1986), «Дадумваць да канца» (1988).

З новай сілай Адамовіч узяўся за тэму атаму пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У ноч на 26 красавіка, калі выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч ляцеў на самалёце на Каўказ, у санаторый Жалезнаводска. З першых дзён шукаў магчымасць разбурыць сцяну сакрэтнасці вакол Чарнобылю, апытваў вучоных, фізікаў-атамшчыкаў, медыкаў Менску і Масквы пра магчымыя наступствы катастрофы. Пасля гэтага напісаў ліст Міхаілу Гарбачову, каб данесці да яго і сусветнай грамадскасці сапраўдныя маштабы бедства, якое абрынулася на Беларуса. У лісце пісьменнік выклаў рэальныя факты забруджання не толькі так званай 30-кілямэтравай зоны, але і раёнаў і нават вобласцяў, якія лічыліся «чыстымі». Адамовіч пісаў пра пагрозу радыяцыйнага атручвання праз прадукты харчавання, пра адсутнасць дазіметраў, пра неабходнасць стварэння спецыялізаваных медычных установаў.

Беларускае партыйнае кіраўніцтва арганізавала ў друку кампанію супраць Адамовіча, абвінаваціўшы яго ў панікёрстве, блюзнерстве і клікунстве. У выніку ён быў вымушаны пакінуць Менск і зноў пераехаць у Маскву. Алесь Адамовіч настойваў, што адказных за чарнобыльскую трагедыю трэба судзіць:

«Вінаватых Чарнобылю трэба судзіць – пісаў ён. – Бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не выратуемся і ад Чарнобылю, і ад непазбежных новых катастроф».

У 1986 годзе Адамовіч напісаў аповесць-антыўтопію «Апошняя пастараль» пра жыццё і смерць апошніх людзей на зямлі пасля ядравага канфлікту.

У 1987 годзе скончыў сцэнар «..Імя гэтай зорцы Чарнобыль» для мастацкага фільму, рэжысёрам якога павінен быў стаць Стэнлі Крамер. Сцэнар ужо быў ухвалены кінакампаніяй Columbia Pictures. Аднак Крамер з нейкіх прычын так і не зняў той фільм.

Пра свае змаганні з сістэмай за праўду пра Чарнобыль Алесь Адамовіч распавядае ў кнізе «Апакаліпсіс па графіку».

У 1988 годзе ў 9-м нумары літаратурнага часопісу «Новы мір» было надрукаванае эсэ Алеся Адамовіча «Честное слово, больше не взорвётся». Гэтая публікацыя супала з барацьбой супраць планаў пабудовы Віцебскай АЭС і дала экалагічным актывістам дадатковыя аргументы. У выніку, упершыню ў СССР пад ціскам грамадскасці (было сабрана каля 60 тысяч подпісаў) улады былі вымушаныя адмовіцца ад будаўніцтва атамнай станцыі.

Алесь Адамовіч стаў адным з ініцыятараў стварэння ў Беларусі Фонду «Дзеці Чарнобылю», дзякуючы якому мільёны дзяцей прайшлі аздараўленне за мяжой, а таксама сустаршынём Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобылю».

Алесь Адамовіч на Першым Чарнобыльскім шляху ў 1989 годзе. Фота: асабісты архіў дачкі Алеся Адамовіча Наталлі Адамовіч

30 верасня 1989 году Адамовіч прыняў удзел у першым Чарнобыльскім шляху ў Менску, на якім заявіў пра неабходнасць «экалагічнага Нюрнбэргу».

У 2007 годзе свет пабачыла кніга «Імя гэтай зорцы Чарнобыль». Яе ўклала дачка Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч. У кнізе сабраныя артыкулы, нататкі, дзённікавыя запісы пісьменніка, прысвечаныя тэме Чарнобылю. Асобная частка кнігі – той самы сцэнар, паводле якога Стэнлі Крамер мусіў зняць кіно.

Барацьба за галоснасць і дэмакратыю

У 1989 годзе Алесь Адамовіч стаў народным дэпутатам СССР ад Саюзу кінематаграфістаў, шмат выступаў за перабудову, дэмакратызацыю і галоснасць.У тым жа годзе стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру.

Быў сябрам Часовай камісіі Вярхоўнага Савету БССР па ацэнцы дзейнасці службовых і іншых адказных асобаў у сувязі з ліквідацыяй наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

У гады перабудовы Алесь Адамовіч падтрымліваў дэмакратычныя ініцыятывы ў тагачаснай БССР і, у прыватнасці, стварэнне Беларускага Народнага Фронту. Пасля жорсткага падаўлення «Дзядоў» увосень 1988 года Адамовіч назваў кансерватыўнае кіраўніцтва БССР «Вандэяй перабудовы».

Алесь Адамовіч – народны дэпутат СССР. Фота: nlb.by

Алесь Адамовіч быў перакананы – беларусы не гатовыя да пасады прэзідэнта. Яшчэ ў 1991 г.  пісьменнік выказваўся:

«Я вам скажу, грузіны, якія так рваліся да таго, каб у іх была прэзідэнцкая пасада, сёння патрабуюць (і інтэлігенцыя, і дэмакраты – усе) гэтую пасаду скасаваць. Яны аказаліся не гатовыя да той сітуацыі, калі можна перадаваць аднаму чалавеку такую моцную ўладу. Тым больш што чалавек гэты можа аказацца маленькім Сталіным, вялікім параноікам, хоць кім. Мы такога ўжо бачылі нямала. Дык вось, у Беларусі зноў паўстае пытанне, хто дарвецца да гэтай пасады. (…) Таму, я думаю, не час нам дабівацца прэзідэнцкай пасады. Нам патрэбны моцны Вярхоўны Савет, які б адлюстраваў сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі. Таму патрэбныя свабодныя новыя выбары, якія далі б нам новы заканадаўчы орган. Сапраўды аўтарытэтны, мабільны, дынамічны, здольны на адказныя хады, рашэнні і ўчынкі».

Беларускіх чыноўнікаў пісьменнік параўноўваў з карнікамі:

«Немцы, каб выпрабаваць карнікаў з нашых людзей, прымушалі рабіць іх асабліва жудаснае. І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў – дык табе давяраць будуць бязмежна. Чыноўнікі, якія здрадзілі і заклалі свой народ – ім ужо апарат можа давяраць бясконца».

21 снежня 1991 года Адамовіч перанёс цяжкі інфаркт міякарда.

У 1992 г., знаходзячыся ў клініцы, а затым у падмаскоўным санаторыі, спяшаўся дапісаць аповесці «Венера, або Як я быў прыгоннікам», «Нямко».

7 траўня 1992 году памёр брат Алеся Адамовіча Яўген.

У 1993 г. Адамовіч скончыў і апублікаваў аўтабіяграфічную аповесць «Vixi» («Пражыта»), а таксама эсэ «Самалячэнне ад камунізму» у 1-м нумары часопісу «Нёман».

У 1994 годзе на праваслаўныя Каляды і стары Новы год Алесь Адамовіч прыехаў у Менск. Удзельнічаў у працы Сойму БНФ. З’ездзіў у Глушу, пабываў на магілах брата і бацькоў. На могілках паказаў месца побач з магілай брата, дзе завяшчаў сябе пахаваць.

26 студзеня выступаў у Вярхоўным судзе Расейскай Федэрацыі з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюзу пісьменнікаў, Міжнароднага Літфонду, у падтрымку непадзельнасці ўласнасці пісьменнікаў былога СССР, вярнуўся на сваё месца ў зале, спытаў у суседа, як ён выступіў, пасля чаго здарыўся другі, апошні інфаркт. Грамадзянскія паніхіды праходзілі ў Доме кіно (Масква) 28 студзеня, у Доме літаратараў (Менск) 29 студзеня, адпявалі ў Менскім саборы 29 студзеня.

Пахаваны ў Глушы 30 студзеня 1994 года побач з братам, недалёка ад магілаў бацькоў, бабулі.

Магіла Алеся Адамовіча пад Глушай. Фота: babruysk.by

У вёсцы Глуша сёння ёсць вуліца, названая ў гонар Алеся Адамовіча – яна вядзе ад галоўнай вуліцы Кастрычніцкай у бок школы. Яшчэ ў 1990-х гадах была прапанова даць імя Адамовіча цэнтральнай вуліцы вёскі, аднак мясцовыя ўлады былі супраць.

Захаваўся будынак аптэкі маці Адамовіча. Шмат гадоў вядуцца размовы пра стварэнне там музею, часам выглядала, што вось-вось пачнуцца нейкія працы, абласныя ўлады нават грошы выдзялялі, аднак дагэтуль так нічога і не зроблена.

Бюст Алеся Адамовіча ў Глушы. Фота: strada.by

У 2018 годзе дзякуючы намаганням бабруйскім актывістаў – Андрусю Архіпенка і камандзе тайм-клубу «1387» звычайны аўтобусны прыпынак у Глушы стаў арт-аб’ектам, прысвечаным Адамовічу. А ў лістападзе 2019 году ў вёсцы быў усталяваны першы ў краіне помнік Алесю Адамовічу. Тады ж у Глушы прайшла тэатралізаваная экскурсія па творах Алеся Адамовіча. Экскурсія была часткай ініцыятывы «Глуша Адамовіча», якая тады перамагла ў конкурсе сацыяльных праектаў «Social weekends». Сцэны з твораў пісьменніка сыгралі акторы бабруйскага тэатру ім.В.Дуніна-Марцінкевіча.

Больш пра Алеся Адамовіча і ягоную малую радзіму – вёску Глушу ў Бабруйскім раёне – у адмысловым спецпраекце па спасылцы.