«Чаму вы катаеце нежывое дзіця?». Бабруйчанка Ася Траяноўская – пра тое, як гэта: быць маці, калі ты ў інвалідным вазку

Ася Траяноўская (да шлюбу – Фёдарава) вядомая ў Бабруйску сваёй зоаабарончай дзейнасцю, а таксама як мастачка (у тайм-клубе «1387» некалькі гадоў таму праходзілі выставы ейных прац). Асі – 29 гадоў. Дзеўчына з маленства перасоўваецца ў інвалідным вазку. Але гэта не перашкодзіла ёй весці актыўнае жыццё, а таксама стварыць сям’ю і нарадзіць дзіця. У размове з намі Ася распавяла, з якімі стэрэатыпамі адносна маці ў інвалідным вазку ёй даводзіцца сутыкацца, а таксама ці атрымліваецца сумяшчаць мацярынства і абарону жывёлаў.

Ася з дачкой Касіяпеяй. Фота: асабісты архіў Асі Траяноўскай

«Напэўна, людзі думаюць, што мы ўжо зусім дахам паехалі і вырашылі ляльку катаць»

– З апошняга – днямі падчас шпацыру падыходзіць сусед і цалкам сур’ёзна пытаецца – а навошта вы катаеце нежывое дзіця? – на пачатку размовы Ася распавядае пра нядаўні інцыдэнт. – Мы з Чарапком (так завуць мужа Асі – рэд.) пераглянуліся, разгубіліся. Кажам – яно жывое. Той сусед пачаў яшчэ пальцамі тыкаць у Касіяпею, каб упэўніцца. А потым такі – вой, сапраўды, губкі варушацца! Пачаў выбачацца, ледзь не плакаў. Паабяцаў аддаць нам рэчы ад ягоных дзвюх дачок. Патлумачыў, што проста кожны раз, як ён бачыць нас з дзіцём, яно заўсёды спіць, вось ён і падумаў, што гэта лялька.

Гэта не адзіны такі выпадак, зазначае Ася. Аналагічнае пытанне яны з мужам пачулі ад жанчыны-дворніка ў двары, дзе жыве маці Асі.

– Калі Касіяпеі было 3 месяцы, мы паехалі да маёй мамы, гэта ў іншым раёне гораду, і там да нас падышла дворнічыха. Яна даўно там працуе, ведае мяне. І пытаецца – навошта вам лялька? – распавядае наша суразмоўца. – Мы кажам ёй – гэта не лялька, гэта дзіця. Яна – праўда? Яно жывое? Паўгадзіны не магла паверыць.

Ася з Чарапком да такіх пытанняў ставяцца спакойна – кажуць, што разумеюць, што людзі так рэагуюць не са зла, а хутчэй ад здзіўлення і неразумення. Магчыма, мяркуе Ася, мінакоў бянтэжыць, што яны з мужам не возяць дачку ў вазку з люлькай, у якіх звычайна катаюць немаўлят, а таксама не захутваюць так, што бачныя толькі вочы.

– Падчас цяжарнасці мы праходзілі міжнародныя курсы па падрыхтоўцы да родаў і мацярынства, і адтуль вынеслі, што дзіця лепш не катаць у звычайным вазку, – кажа Ася. – У ім дзіця ляжыць захутанае цалкам, і нічога не бачыць. У цывілізаваным свеце лічаць, што такі вазок – гэта вялізны стрэс для дзіцяці. І ўвогуле, першыя паўгода немаўля павінна быць з мамай. Мы прытрымліваліся гэтага правіла і першыя 6 месяцаў насілі Касіяпею на руках. А калі мы ўбачылі, што ёй ужо цікавы навакольны свет, то набылі звычайны вазок для шпацыраў. Людзі ж не прызвычаіліся бачыць такіх малых дзяцей у падобных вазках. Напэўна, таму той сусед і падумаў, што мы катаем ляльку. А ўвогуле, мы з мужам не самая звычайная пара – я ў вазку, Чарапок заўсёды з сабакамі, катамі. Напэўна, людзі думаюць, што мы ўжо зусім дахам паехалі і вырашылі ляльку катаць.

«Людзям цяжка сабе ўявіць, што жанчына ў вазку можа мець дзіця»

Ася з дачкой Касіяпеяй. Фота: асабісты архіў Асі Траяноўскай

Ася распавядае, што не раз сутыкалася са здзіўленнем, што яна ўвогуле не толькі яшчэ жывая, але жыве самастойна, выйшла замуж.

– Адна знаёмая маёй мамы вельмі здзіўлялася, што я сама жыву, не з мамай, не вучуся ў інтэрнаце, – кажа дзеўчына. – Тым больш людзям з большага цяжка сабе ўявіць, што жанчына ў вазку можа мець дзіця. Хаця ў суседнім пад’ездзе ў нас жыве жанчына, таксама ў вазку, у яе двое дзяцей. Здавалася б, не павінны людзі ўжо здзіўляцца.

Ася прыгадвае сваю знаёмую, у якой жывуць два вялікіх папугаі, і параўнала рэакцыю людзей на гэтых папугаяў на вуліцы са стаўленнем да вазочніцы з дзіцём.

– Гэтая мая знаёмая гуляе па горадзе з адным з гэтых папугаяў. Ён нікуды не злятае, проста сядзіць на ёй, – распавядае Ася. – Гэта выклікае здзіўленне ў людзей, яны падыходзяць, пытаюцца дазволу сфатаграфавацца. Я думаю, нешта падобнае выклікаю ў людзей і я, але ім культура не дазваляе падысці і сфатаграфавацца са мной, праверыць – а ці яна размаўляе? А як яна ўвогуле нараджае – якім месцам?

Але калі не лічыць такіх выпадкаў, то з большага людзі ставяцца прыязна, кажа Ася, і зазначае, што калі нарадзілася Касіяпея, то з іхнай сям’ёй «памірылася палова суседзяў». Раней узнікалі канфлікты з-за таго, што ў Асі з Чэрапам заўсёды было шмат жывёлаў.

– Суседзі сварыліся, маўляў, ты тут разводзіш сабак, яны гадзяць пад вокнамі, дзяцей пужаюць, – кажа дзеўчына. – У нас шмат шматдзетных у доме, і ў двары заўсёды дзеці. Але ніхто з іх не баяўся нашых сабак, наадварот – заўсёды падбягалі і павісалі на іх. Але бацькі тых дзяцей, асабліва мамы, паўсюль бачылі небяспеку. Сваю агрэсію яны змянілі на лагоднасць, калі ўбачылі Касіяпею.

«У жаночай кансультацыі спачатку ставіліся так, нібыта муж прынёс хамячка да ветэрынара»

Ася з Чарапком кажуць, што стэрэатыпнага стаўлення чакалі таксама ад лекараў, таму, калі даведаліся пра цяжарнасць, з візітам у жаночую кансультацыю цягнулі да апошняга.

– Мы знайшлі акушэрку з Расеі, якая вядзе цяжарнасці онлайн. Яна нам дапамагала, – кажа бабруйчанка. – Потым мы прайшлі міжнародныя курсы па падрыхтоўцы да родаў. І ў жаночую кансультацыю прыйшлі на 28 тыдні цяжарнасці, калі лекарам ужо не было куды падзецца.

Лекары ў цэлым паставіліся нармальна, кажа Ася:

– Але спачатку спрабавалі размаўляць толькі з мужам – казалі не мне, а яму ў маёй прысутнасці – у яе то і то, зрабіце ёй то і то. Нібыта Чэрап прывёз хамячка да ветэрынара.

На ўсе прыёмы Ася хадзіла разам з мужам.

– Думаю, гэта мяне шмат у чым абараняла, – зазначае дзеўчына. – Звычайна ж як – прыходзіць жанчына ў кансультацыю адна, і на яе лекары адразу як каршуны налятаюць, нібыта яна ім усім нешта павінная. А калі з мужам, то стаўленне зусім іншае.

Нараджала Ася ў Менску ў перынатальным цэнтры «Маці і дзіця».

– Мы доўга выбіралі радзільню, бо шмат чулі пра акушэрскую агрэсію, – кажа наша суразмоўца. – А яшчэ ў нас была дадатковая асаблівасць – абавязковая шпіталізацыя разам з мужам, бо мне таксама патрэбны догляд, і ніхто не ведае ўсіх асаблівасцяў так добра, як ён.

Адмовіліся ад прышчэпак, бо з-за іх Ася некалі апынулася ў інвалідным вазку

Ася Траяноўская з дачкой Касіяпеяй. Фота: асабісты архіў Асі Траяноўскай

Свой выбар Ася і Чэрап спынілі на перынатальным цэнтры «Маці і дзіця». Каб быць там разам, нават разглядалі варыянт атрымання крэдыту на аплату асобнай палаты. Але потым загадчыца жаночай кансультацыі дамовілася, каб цэнтр узяў сужэнцаў разам і цалкам бясплатна.

– Наш астэапат казаў, што «Маці і дзіця» – вельмі кепская радзільня, але нам там усё спадабалася, – кажа Ася. – Мы там увесь час былі разам, адзінае што Чэрапа не пусцілі на кесарава, але потым амаль адразу дазволілі пайсці ў рэанімацыю – нам выдзелілі асобную палату. Мы ўсё чакалі, калі будзе адбывацца нешта кепскае, на нас будуць злавацца, патрабаваць рабіць прышчэпкі малой. Мы былі гатовыя стаяць гарой і абараняцца. А нам так лагодна – вы не хочаце рабіць прышчэпкі? Ну не трэба, падпішыце тут і тут. Усе былі вельмі мілымі і прыязнымі.

Ася катэгарычна супраць прышчэпак з-за сваёй асабістай гісторыі. Яна нарадзілася здаровым дзіцём, аднак ва ўзросце 7 месяцаў, пасля таго, як ёй зрабілі прышчэпку, у яе спачатку паднялася высокая тэмпература, а потым пачаліся больш сур’ёзныя праблемы са здароўем, якія прывялі да таго, што Ася з дзяцінства ў інвалідным вазку.

– Я апынулася ў вазку з-за прышчэпкі, таму не хачу такога для свайго дзіцяці, – зазначае Ася.

Ася з Чэрапам далі дачцэ вельмі незвычайнае імя – Касіяпея. Ася кажа, што ніякай незвычайнай гісторыі з імем не было – яно ім проста спадабалася.

«У вайберы скідваем лекарцы рост і вагу Касіяпеі»

Ася з дачкой Касіяпеяй. Фота: асабісты архіў Асі Траяноўскай

У звычайную дзіцячую паліклініку маладыя бацькі таксама не ходзяць, як некалі ў жаночую кансультацыю.

– Мы адзін раз схадзілі, яшчэ да родаў, паглядзелі, як там. У нас аб’яднаныя паліклінікі – дарослая і дзіцячая. Там сядзіш у калідоры ў чарзе чалавек на 50. Яшчэ тады мы вырашылі, што туды хадзіць не будзем, – кажа Ася. – А лекарка нам казала, што калі мы прыйдзем і пасядзім у чарзе, то такім чынам атрымаем імунітэт. Але нам такі імунітэт не патрэбы. У выніку мы скідваем лекарцы ў вайберы ўсе дадзеныя Касіяпеі – рост, вагу, а таксама нашыя адмовы ад прышчэпак. А калі нешта нам патрэбна, мы ходзім да платнага педыятра, да якога няма чаргі. Але па магчымасці стараемся дамоў выклікаць.

Агулам жа, галоўная праблема лекараў у Беларусі, зазначаюць маладыя бацькі – нежаданне вучыцца і развівацца:

– Усё залежыць асабіста ад чалавека, і так не толькі ў медыцыне, а і ў той жа ветэрынарыі, што мы не раз назіралі – нехта хоча развівацца, пастаянна ездзіць на курсы, семінары, чытае шмат прафесійнай літаратуры, атрымлівае новыя сучасныя веды. Як, напрыклад, доктар Яноўскі ў Бабруйскай радзільні. Ён казаў нам тыя ж рэчы, якія мы чулі на нашых міжнародных курсах. І ён пастаянна на нейкім навучанні. Большасць жа, на жаль, спыняе сваё развіццё пасля атрымання дыплому. Як медсястра, якая да нас прыходзіла пасля нараджэння Касіяпеі – яна пераконвала, каб мы паілі дачку вадзічкай з бутэлькі, у той час як Сусветная арганізацыя аховы здароўя забараняе і бутэлькі, і дапайванне падчас груднога кармлення.

«Зоаабарону не кідаем, а вось на маляванне часу няма»

Малюнкі Асі. Фота: асабісты архіў Асі Траяноўскай

Ася шмат гадоў займаецца зоаабарончай дзейнасцю. У дзеўчыны заўсёды жыло шмат жывёлаў – яна забірала з вуліцы бяздомных катоў, сабак. Акрамя таго, ратавала з кантактных заапаркаў чарапах, падбірала параненых птушак. Пасля нараджэння дачкі бабруйчанка не кінула клопат пра жывёлаў, аднак давялося значна зменшыць маштабы.

– Калі раней мы сабе бралі жывёлаў на ператрымку, то цяпер шукаем іншых людзей і дыстанцыйна займаемся куратарствам, – зазначае Ася. – Але гэта таксама займае шмат часу. Бо бывае, што каб арганізаваць той жа візіт да ветэрынара для гадаванца ці збор сродкаў, трэба ўвесь дзень вісець на тэлефоне. А яшчэ ж і Касіяпея побач, і ў яе свае патрэбы. Так і носішся ўвесь дзень.

Не застаецца ў Асі часу і на маляванне.

– Бо калі я знаходжуся ў вертыкальным становішчы, у мяне ёсць шмат іншых справаў, а лежачы не памалюеш асабліва, – тлумачыць дзеўчына. – Але калі мы ляжым разам з Касіяпеяй, можна, напрыклад, працаваць з ноўтбукам, таму я пачала вывучаць праграмаванне, падпісалася на курсы дызайну. Разам з Чэрапам робім цяпер кампутарную гульню.

Асі патрэбны новы электравазок

Ася Траяноўская ў сваім электравазку. Фота: асабісты архіў Асі Траяноўскай

Ася з мужам цалкам даюць рады са сваімі бацькоўскімі абавязкамі, сумяшчаюць выхаванне дачкі з працай і зоаабаронай. Аднак ёсць праблема, якую маладой сям’і самастойна вырашыць не пад сілу – у Асі псуецца ейны электравазок, якому ўжо 5 гадоў.

– У яго ўключаецца «аўтапілот», які раптоўна пачынае везці мяне ў невядомыя далі і давіць кожнага сустрэчнага, у тым ліку мяне саму, – піша дзеўчына на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. – Яшчэ ён зусім не выключаецца. Гэта пастаянна расходуе акумулятар. З-за гэтага яго прыходзіцца зараджаць штовечар. А калі забыўся – на наступны дзень ён можа выключыцца недзе пасярод дарогі.

Ася кажа, што рамантаваць вазок не мае сэнсу, бо гэта будзе не танней за пакупку новага.

– Застацца без вазку для мяне ўсё роўна, што для вас апынуцца ў вазку, – кажа Ася. – Жыць можна. Але неяк сумна.

Дзеўчына адкрыла дабрачынны збор на новы вазок, які каштуе прыблізна 13 157 беларускіх рублёў ці 3 897 долараў. Дакладная сума будзе вядомая, калі вытворца выставіць канчатковы рахунак.

Падтрымліваць збор Ася заклікае праз набыццё ейных карцін і паштовак у акаўнце ў Інстаграме.

Таксама можна проста перавесці грошы:

  • з Беларусі: баланс МТС +375336887269 (пажадана праз АРІП, але можна і звычайным спосабам);
  • з Расеі: Сбербанк – 5469380094417358 (там у атрымальніках Аліна, але Ася кажа, што ўсё гуд – так і павінна быць);
  • з усяго свету: Paysend – +375298588444