Чатыры гады таму ў Глушы адкрылі «Прыпынак Адамовіча». У якім ён сёння стане і чаму нам усім трэба чытаць Алеся Адамовіча?

6 кастрычніка 2018 года ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна быў урачыста адкрыты арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча». Гэта самы звычайны аўтобусны прыпынак, які, дзякуючы бабруйскім актывістам, стаў сапраўдным месцам ушанавання памяці пісьменніка Алеся Адамовіча. У чацвёртую гадавіну «Прыпынку» гутарым з аўтарам ідэі Андрусём Архіпенкам пра стан арт-аб’екта, пашкоджанні, якія сёлета былі ўпершыню нанесеныя на графіці, а таксама пра ролю, якую адыграў за гэты час «Прыпынак» і вострую актуальнасць твораў Алеся Адамовіча.

«Прыпынак Адамовіча» у Глушы, кастрычнік 2022 года. Фота: 1387.io

«Прыпынак Адамовіча» патрабуе абнаўлення – з часам стала адыходзіць фарба

Напярэдадні афіцыйнага 95-годдзя Алеся Адамовіча 3 верасня бягучага года шмат якія беларускія СМІ напісалі пра акт вандалізму, здзейснены ў дачыненні да арт-аб’екту «Прыпынак Адамовіча» у Глушы. Нібыта невядомыя пашкодзілі партрэт Алеся Адамовіча, намаляваны на сцяне аўтобуснага прыпынку. Наступствы ж гэтага вандалізму выпраўлялі мясцовыя жыхары, якія ўзялі ў рукі пэндзлі і замалявалі пашкоджанні, пісала бабруйская раённая газета «Трыбуна працы».

Так «Прыпынак Адамовіча» у Глушы, быў пашкоджаны ў траўні 2022 года. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

Валанцёры Бабруйскай раённай дзіцячай школы мастацтваў аднавілі пашкоджаны партрэт Алеся Адамовіча на прыпынку ў Глушы. Фота: газета Бабруйскага раёну «Трыбуна працы»/tribunapracy.by

Андрусь Архіпенка, бабруец, які некалі і ініцыяваў ператварэнне аўтобуснага прыпынка ў памятны аб’ект у гонар Адамовіча, кажа, што яму стала вядома пра пашкоджанні на партрэце яшчэ ў траўні бягучага года. То бок, яны не былі нанесеныя наўмысна перад 95-годдзем пісьменніка.

«Яшчэ напрыканцы траўня мне распавялі, што быў пашкоджаны партрэт у раёне вуснаў, – кажа Андрусь. – А на пачатку чэрвеня на беларускім тэлебачанні выйшла праграма пра Глушу, у якой добра бачна, што на партрэце ў раёне вуснаў падрапаная фарба. Але акрамя гэтага, там увогуле шмат у якіх месцах пачала адыходзіць фарба – патрэбная абнаўленне, што натуральна з уплывам часу».

Андрусь не вельмі ўхваляе ініцыятыву глушанскіх уладаў прыцягнуць да ліквідацыі пашкоджанняў супрацоўнікаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў, бо лічыць, што такімі працамі мусіць займацца спецыяліст па графіці, а ў ідэале – той самы мастак, які афармляў «Прыпынак» – Аляксандр Благій.

«Агулам гэта добра, што мясцовыя жыхары звярнулі ўвагу, вырашылі сваімі сіламі гэта зрабіць, аднак невядома, якую фарбу яны ўжывалі. Бо для графіці выкарыстоўваецца іншая фарба, чым тая, якой фарбуюць, напрыклад, дамы, – кажа Андрусь Архіпенка. – Я бачыў, што фарбавалі мясцовыя пэндзлем, а не балончыкам – ужо ёсць розніца ў тэхніцы. У ідэале абнаўляць павінен аўтар малюнка – беларускі мастак Аляксандр Благій. Тым больш, што ў яго захаваліся трафарэты. Я даваў ягоныя кантакты глушанскім уладам, размаўляў з ім і ён быў згодны абнавіць, і пра грошы нічога не сказаў. Не ведаю, ці глушанцы ўрэшце звязваліся з ім, але працаў па абнаўленні пакуль не было».

«Прыпынак Адамовіча» патрабуе абнаўлення, бо з часам пачала адыходзіць фарба. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

«Прыпынак» натхніў іншых беларусаў на стварэнне падобных арт-аб’ектаў

Андрусь кажа, што не ведае, ці хтосьці пастаянна глядзіць за «Прыпынкам», але зазначае, што цягам чатырох гадоў ніякіх працаў па абнаўленні не вялося. Гэтак жа, дарэчы, як не было за гэтыя гады і вандалізму ці проста ненаўмысных пашкоджанняў – тое, што адбылося ў траўні, стала першым такім фактам.

«За ўсе гэтыя гады ніхто на ім нічога не маляваў, не пісаў, там нават абвесткі не ляпілі, як гэта звычайна бывае на прыпынках, – зазначае актывіст. – То бок, у людзей усё ж ёсць нейкая свядомасць у дачыненні да прыпынку, і можна сказаць, што глушанцы цэняць яго і разумеюць, што гэта славутасць, якую можна паказваць сябрам, гасцям Глушы».

У Глушы ёсць яшчэ два месцы, звязаныя з ушанаваннем памяці Алеся Адамовіча – помнік пісьменніку і будынак аптэкі, у якой некалі працавала маці Адамовіча Ганна Мітрафанаўна. Андрусь кажа, што за помнікам стала глядзяць супрацоўнікі Глушанскага дома культуры, таму ён заўсёды ў дагледжаным стане. У адрозненні ад аптэкі, якую хоць і фарбуюць звонку, але стан дома выклікае ўсё большы непакой, бо яго не рамантуюць, не ацяпляюць, а час і пагодныя ўмовы граюць зусім не на карысць.

«Прыпынак Адамовіча» патрабуе абнаўлення – месцамі адыходзіць фарба. Кастрычнік 2022 года. Фота: 1387.io

«Прыпынак Адамовіча» патрабуе абнаўлення– месцамі адыходзіць фарба. Кастрычнік 2022 года. Фота: 1387.io

«Прыпынак Адамовіча» патрабуе абнаўлення – месцамі адыходзіць фарба. Кастрычнік 2022 года. Фота: 1387.io

Андрусь Архіпенка лічыць, што ўсталяванне помніка Адамовічу ў Глушы стала магчымым менавіта дзякуючы з’яўленню перад гэтым «Прыпынка».

«Прыпынак» прыцягнуў увагу да кампаніі па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча, тое, што мы яго зрабілі, стварыла давер да нашай каманды, даказала, што мы можам зрабіць тое, пра што кажам, давесці гэта да канца, – кажа бабруец. – Таму можна сказаць, што ён стаў першы крокам у прасоўванні самой ідэі ўшанавання памяці Адамовіча. Далей быў помнік, на жаль, мы так і не дайшлі да стварэння музея».

«Прыпынак Адамовіча» натхніў іншых беларусаў на падобныя ініцыятывы, зазначае Андрусь.

«Са мной кансультаваліся актывісты з Маладзечанскага раёна – яны хацелі на нашым прыкладзе зрабіць прыпынкі, звязаныя з народнымі традыцыямі, – распавядае наш суразмоўца. – Яшчэ з’явіўся другі «Прыпынак Адамовіча», які мясцовыя актывісты зрабілі ў Капыльскім раёне – у вёсцы Канюхі, дзе і нарадзіўся Адамовіч».

Прыпынак Адамовіча, в.Канюхі. Фота: Таццяна Корзун, жыхарка в.Канюхі Капыльскага раёну.

Вайна, гвалт на вайне, палітычныя рэпрэсіі, ядравая небяспека – пра ўсё гэта казаў і пісаў Адамовіч

Андрусь Архіпенка ўжо амаль год жыве ў Польшчы, вучыцца ў Гданьску ў магістратуры мясцовага ўніверсітэту на факультэце сацыяльных навук. Аднак бабруец не забываецца пра ўшанаванне памяці Алеся Адамовіча і не кідае надзеі аднойчы давесці да канца ідэю з адкрыццём музея Адамовіча ў Глушы.

«Я хачу, каб гэта быў не проста музей, а культурна-адукацыйная пляцоўка, якая раскрывала б не толькі асобу і творчасць Адамовіча, але і тыя тэмы, пра якія ён пісаў, – кажа Андрусь. – Сёлета я хацеў арганізаваць нейкія мерапрыемствы да 95-годдзя Алеся Адамовіча, аднак у сувязі з вайной мне прыйшлося шмат сіл першыя месяцы вайны выдаткаваць на валанцёрства, дапамагаць Украіне і ўкраінцам. Але я застаюся перакананым, што цяпер, як ніколі раней, трэба папулярызаваць асобу і творчасць Адамовіча».

«Раніцай 24 лютага прыйшоў да консульства Украіны і стаў на калені». Размова з бабруйскім актывістам Андрусём Архіпенкам

Андрусь кажа, што яго засмучае, што беларускія медыі вельмі мала ўвагі надаюць сёння Алесю Адамовічу, не падымаюць ягоную публіцыстыку.

«Бо гэта тое, што сёння трэба чытаць. Бо пра тое, што сёння адбываецца, Адамовіч казаў і пісаў, калі жыў, – зазначае актывіст. – Гэта тэма вайны, гвалту на вайне, палітычных рэпрэсіяў. Гэта ўсё актуальна сёння. Таму што рэпрэсіі сёння і ў Беларусі, і ў Расеі, ды і ў іншых краінах з таталітарным рэжымам. Таксама антыядравая тэма, якая стала актуальнай у сувязі з Запарожскай атамнай станцыяй ва Украіне, якая цяпер захопленая Расеяй і пагражае ядравай катастрофай ва ўсёй Еўропе».

«Нямецкі жаўнер Франц у «Нямко» – гэта сённяшні расейскі жаўнер, які адмовіўся ваяваць за ідэю Пуціна»

Асобна Андрусь вылучае тэму дыскрымінацыі і прымірэння, якую закранаў у сваёй творчасці Алесь Адамовіч.

«Цяпер з боку ўкраінцаў можна бачыць дыскрымінацыю па пашпарце ў дачыненні да расейцаў і беларусаў. Значная частка ўкраінцаў не дзеліць расейцаў і беларусаў на тых, хто іх падтрымлівае, і на тых, хто падтрымлівае Пуціна. Для іх усе ворагі. І гэта самая балючая тэма, якую трэба падымаць, – кажа бабруец. – Вядома пра выпадкі, калі беларусам не працягвалі ВНЖ ва Украіне, блакавалі рахункі, прымушалі іх зноў станавіцца ўцекачамі. І хто за іх заступіцца? Беларусы сталі як нямецкія габрэі ў гады Другой сусветнай вайны. Яны былі па пашпарце немцамі, якіх усе ненавідзелі, і не было розніцы, што ты як габрэй цярпеў ад Халакосту. Беларусы ж у сваю чаргу не наважваюцца падтрымліваць расейцаў, якія супраць вайны, каб не трапіць пад асуджэнне ўкраінцаў. Бо ўкраінцы пытаюцца – а чаму вы іх падтрымліваеце? Яны ж расейцы. Там усе кепскія, там няма добрых. Што рабіць у такім выпадку расейцам? У іх нават няма прадстаўніка, які б па ўсім свеце казаў, што яны ёсць – расейцы, якія супраць вайны. У беларусаў хоць ёсць такі прадстаўнік – нашая лідарка дэмакратычных сілаў».

Чаму Алесь Адамовіч быў супраць пасады прэзідэнта ў Беларусі? Да 95-годдзя нашага славутага земляка

Андрусь згадвае пра аповесць Алеся Адамовіча «Нямко» і кажа, што ўсе гэтыя пытанні – нянавісці, дыскрымінацыі, прымірэння і прабачэння – былі паднятыя там.

«Нямецкі жаўнер Франц у «Нямко» – гэта сённяшні расейскі жаўнер, які адмовіўся ваяваць за ідэю Пуціна, той расеец, які ўцякае сёння з Расеі, – кажа Андрусь. – Ён хто? І для сваіх вораг, і для ўкраінцаў таксама вораг, і для іншых нацыяў. Ён – нічый. Пра гэта трэба чытаць і разважаць, і ніхто лепш за Адамовіча гэтыя пытанні не раскрыў».

Бюст Алеся Адамовіча ў Глушы. Фота: komkur.info

Ідэя па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча нарадзілася ў Андруся Архіпенкі некалькі гадоў таму. На пачатку 2018 года ён пачаў збіраць подпісы за ўсталяванне ў Глушы помніка. Паралельна, з дапамогай Магілёўскай школы гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца» і каманды тайм-клуба «1387» Андрусь дамогся ператварэння звычайнага аўтобуснага прыпынку ў Глушы ў «Прыпынак Адамовіча». У 2019 годзе абвесціў краўдфандынгавую кампанію па зборы грошай на помнік. Найбольшы ўнёсак зрабілі стваральнік самага буйнога да нядаўняга часу медыя ў Беларусі Юры Зісер і нобелеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч.

Бюст Алеся Адамовіча быў адкрыты ў Глушы 9 лістапада 2019 года.

Паралельна з падрыхтоўкай усталявання помніка, Андрусь і каманда тайм-клуба «1387» перамаглі ў конкурсе сацыяльных праектаў «Social weekends» з ініцыятывай «Глуша Адамовіча». Вынікам перамогі стала тэатралізаваная экскурсія па творах Алеся Адамовіча, якая прайшла ў Глушы 10 лістапада 2019 года. Герояў аповесцяў Адамовіча гралі акторы бабруйскага тэатра ім. В.Дуніна-Марцінкевіча.