Ці ёсць дзе ў Бабруйску схавацца ад вайны? Як мы шукалі бамбасховішчы

З пачаткам вайны ва Украіне запыт пра бамбасховішчы стаў адным з самых папулярных у пашукавіках у інтэрнэце. Нам ужо не раз даводзілася сустракацца з пытаннем у сацсетках ад бабруйцаў – дзе ў горадзе хавацца ў выпадку вайны? Мы вырашылі пашукаць адказ. Распавядаем, што ў нас атрымалася.

Сховішча каля кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

Спісу бамбасховішчаў з адрасамі ў адкрытым доступе няма

Насамрэч бамбасховішчаў як такіх у Беларусі не існуе. Гэты тэрмін выкарыстоўваўся ў Савецкім Саюзе. А цяпер адмысловыя ўкрыцці на выпадак надзвычайных сітуацыяў называюць «ахоўнае збудаванне». Аднак сутнасці гэта не змяняе – такое збудаванне мусіць абараніць у тым ліку ад бамбавання.

У спадчыну ад СССР беларусам застаўся не толькі тэрмін «бамбасховішча», аднак і абсалютная большасць саміх укрыццяў. Новыя за гады незалежнасці амаль не будаваліся. З адкрытых крыніцаў вядома пра некалькі сховішчаў у Менску, пабудаваных у 2000-я гады. Пра новыя ўкрыцці ў Бабруйску мы звестак не знайшлі.

Перад публікацыяй гэтага матэрыялу, мы запыталіся ў бабруйцаў, ці ведаюць яны, дзе ў горадзе хавацца ад вайны, калі трэба бегчы ў сховішча і што пакласці ў «трывожны чамаданчык». І вось якія вынікі апытання атрымалі:

Але, хоць, як вынікае з апытання, большасць адказвае, што не ведае, дзе знаходзяцца бамбасховішчы, так званыя ўкрыцці грамадзянскай абароны ў нашым горадзе, напэўна, бачыў кожны. Штодня мы праходзім каля бетонных «грыбкоў» з рашоткамі, і, хутчэй за ўсё, не звяртаем на іх увагу. А яны як раз і з’яўляюцца пазнакамі таго, што тут – сховішча. Гэтыя «грыбкі» – гэта вентыляцыйныя шахты і адначасова аварыйныя выхады з укрыццяў.

Сховішча каля кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

Атрымаць спіс з адрасамі ахоўных укрыццяў у Бабруйску на сённяшні дзень аказалася немагчымым. МНС такую інфармацыю не дае, ЖЭСы таксама.

VIP-сховішча з коўдрамі і падушкамі

Крыху пралівае святло на «таямніцу» інтэрнэт. Там знаходзім матэрыял «СБ» за 2016 год, у якім журналістка апісвае свой досвед пошуку бамбасховішчаў у Бабруйску. Дарэчы, яна таксама зазначае на пачатку рэпартажу, што ёй адмаўляліся даваць інфармацыю, спасылаючыся на тое, што яна сакрэтная (і гэта карэспандэнтцы праўладнай газеты). Урэшце рэшт, яна змагла дамагчыся нават экскурсіі па некаторых сховішчах разам з супрацоўнікам гарадскога аддзелу па надзвычайных сітуацыях.

Аварыйны выхад са сховішча на тэрыторыі школы №1. Фота: СБ

Такім чынам, мы чытаем, што ў Бабруйску маецца некалькі буйных бамбасховішчаў, кожнае з якіх разлічана на 1200 чалавек. Яны знаходзяцца на тэрыторыях прадпрыемстваў. Па горадзе ёсць сетка меншых.

Так, сховішча маецца на тэрыторыі сярэдняй школы №1. Яно не самае вялікае, можа прыняць да 120 чалавек. Аднак, укрыцце цалкам абсталяванае, каб там знаходзіцца да 5 содняў. Прынамсі, 6 гадоў таму сцвярджалася, што там працуе сістэма вентыляцыі, ёсць ацяпленне, запасы вады, бакі з якой штогод абследуе санэпідэмстанцыя. У сховішчы стаяць двух’ярусныя ложкі.

Унутры сховішча ў школе №1. Фота: СБ

Унутры сховішча ў школе №1. Фота: СБ

Унутры сховішча ў школе №1. Фота: СБ

Унутры сховішча ў школе №1. Фота: СБ

Амаль VIP-сховішча належыць бабруйскаму піўзаводу – паводле «СБ», там двух’ярусныя ложкі нават запраўленыя пледамі-коўдрамі сіняга колеру, на іх ляжаць падушкі.

Бункер маецца таксама на тэрыторыі заводу жалезабетонных вырабаў, аднак ён закінуты і неабходнага абсталявання там унутры не засталося.

Буйное ўкрыцце знаходзіцца на тэрыторыі заводу ТДіА, і як распавялі працоўныя, ім стала вядома, што надоечы на прадпрыемства прыйшоў загад праверыць сховішча і прывесці яго ў парадак.

Сховішча каля кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

Дзе яшчэ ў Бабруйску знаходзяцца ўкрыцці

Прыводзім лакацыі, якія ў нас атрымалася знайсці з адкрытых крыніцаў і ў выніку шпацыру па гораду. Таксама хочам зазначыць, што мы не ведаем стану гэтых сховішчаў, аднак бабруйцы распавядаюць, што большасць з іх – закінутая. Некаторыя, якія знаходзіцца ў падвалах дамоў, жыхары выкарыстоўваюць для захоўвання сваіх рэчаў:

– Завод буйнапанэльнага домабудаўніцтва, вул.Мінская, 130, уваход праз дом культуры,

– на тэрыторыі крэпасці – пад былым езуіцкім касцёлам і пад былым вайсковым шпіталем,

– каля касцёлу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

– каля кінатэатру «Таварыш»

– побач з Палацам мастацтваў

– на тэрыторыі лякарні БШК

– на тэрыторыі інфекцыйнай лякарні

– на тэрыторыі трыкатажнай фабрыкі

– у доме па вул.Мінскай, 17

– у доме па вул.Сацыялістычнай, 125

– каля кавярні «Любімае месца»

– на вуліцы Савецкай у двары насупраць дзіцячай стаматалогіі

– у доме па вуліцы Мінскай, 56, там, дзе знаходзілася крама птушкафабрыкі «Вішнёўка».

Сховішча ў двары па вуліцы Савецкай насупраць дзіцячай стаматалогіі. Фота: 1387.io

Сховішча па вуліцы Савецкай у двары насупраць дзіцячай стаматалогіі. Фота: 1387.io

Таксама са старых публікацыяў мы змаглі высветліць, што ў Бабруйскім раёне таксама ёсць (ці былі?) бамбасховішчы. Адно з іх – у вёсцы Багушоўка, там, дзе мясцовыя жыхары паставілі паклонны крыж.

Акрамя звычайных сховішчаў, у Бабруйску маюцца супрацьрадыяцыйныя ўкрыцці. Яны пазначаюцца абрэвіятурай «ПРУ».

Супрацьрадыяцыйнае ўкрыцце, вул.Інтэрнацыянальная, 37. Фота: 1387.io

Супрацьрадыяцыйнае ўкрыцце, вул.Інтэрнацыяналная, 37. Фота: 1387.io

Калі трэба бегчы ў сховішча?

Цяпер МНС і ЖЭСы ў Беларусі супакойваюць людзей у адказ на іхныя запыты, і кажуць, што, па-першае, спіце спакойна – вам нічога не пагражае. Па-другое – калі раптам узнікне небяспечная сітуацыя, беларусаў апавясцяць – у першую чаргу ў горадзе загучаць адмысловыя сірэны «паветранай трывогі». Пачуўшы такую сірэну, трэба ўключыць радыё ці тэлевізар, ці зайсці на сайт МНС – там будзе ўся інфармацыя пра сітуацыю і таксама будуць дадзеныя каардынаты месца, у якім можна схавацца.

Указальнік на сховішча ў двары па вуліцы Мінскай, 56. Фота: 1387.io

Сховішча ў двары па вуліцы Мінскай, 56. Фота: 1387.io

Што рабіць, калі абвешчана паветраная трывога, а вы не паспяваеце ў бамбасховішча/не ведаеце, дзе яно?

Адныя адмыслоўцы раяць спускацца хаця б у падвал дому. Аднак трэба памятаць, што не кожны падвал падыходзіць – тыя, у якіх праходзяць камунікацыі, водаправод, газ могуць быць небяспечнымі ў выпадку пашкоджання. Іншыя спецыялісты наадварот заклікаюць ні ў якім выпадку не ісці ў падвал, а заставацца дома і прытрымлівацца правіла «дзвюх сценак» – падчас паветранай атакі знаходзіцца ў такім месцы дома, дзе паміж вамі і вакном будуць дзве сцяны.

У буйных гарадах існуюць таксама так званыя «аб’екты падвойнага прызначэння». У мірны час гэта падземныя паркінгі, метро. У выпадку сігналу паветранай трывогі гэтыя збудаванні можна выкарыстоўваць як часовыя сховішчы.

Што ўзяць з сабой у сховішча?

Сховішча каля касцёла. Фота: 1387.io

Сховішча каля касцёла. Фота: 1387.io

А лепш пакласці ўсё гэта ў загадзя падрыхтаваны «трывожны чамаданчык».

Лепш за ўсё збіраць неабходнае ў звычайны або турыстычны заплечнік, бо рукі трэба мець свабоднымі. Што пакласці ў гэты заплечнік:

– грошы (насамрэч, лепш іх захоўваць на сабе, на целе, а не ў заплечніку)

– дакументы (а лепш і копіі дакументаў, якія трэба зрабіць загадзя, арыгіналы прымацоўваем, як і грошы, да цела)

– спіс кантактных тэлефонаў, якія трэба выпісаць на паперу

– аптэчка. У ёй трэба мець: матэрыялы для перавязкі (бінты і жгуты); сродкі для дэзынфекцыі (перакіс вадароду, зялёнка, ёд, мазі); абязбольваючыя; антыгістамінныя (лекі супраць алергіі); лекі для зніжэння тэмпературы; антыбіётыкі; лекі ад праблемаў страўніка.

– вада і ежа

– зменная вопратка

– ліхтар і запас батарэек (акумулятараў);

– радыёпрымач і запас батарэек (акумулятараў) – магчыма, у выпадку адключэння мабільнай сувязі і інтэрнэту гэта будзе адзіны доступ да інфармацыі;

– паўэрбанк (вонкавая батарэя) або сонечная панэль.