Ці ўказваць у рэзюмэ чаканні па заробку? Пра лайфхакі паспяховага CV даведайся на лекцыі ў рамках праграмы «Дадай сябе»

Фотаздымак не прыкладаць, узрост не ўдакладняць, аднак прапісаць каштоўнасці. Калі пішаш, што ініцыятыўны ці стрэсаўстойлівы – будзь гатовы падмацаваць гэта фактамі. Якія яшчэ ёсць сучасныя трэнды ў складанні рэзюмэ? Навошта яно ўвогуле патрэбнае, мо, лепш, абзавесціся добрымі знаёмствамі, тады і праца хутка знойдзецца? Задалі гэтыя пытанні Ганне Палей – прадзюсарцы культурніцкіх праектаў, арт-менеджарцы, стваральніцы незалежна культурніцкай прасторы ў Беларусі. Цяпер Ганна развівае адукацыйную платформу maramora.platform. У рамках праграмы «Дадай сябе» экспертка правядзе цыкл лекцыяў па складанні рэзюмэ і партфоліа.

Што будзе на лекцыях пра рэзюмэ?

У рамках анлайн-праграмы прафесійнай падтрымкі людзей ва ўзросце 30+, якія хочуць прасунуцца па кар’ернай лесвіцы, змяніць працу, падвысіць кваліфікацыю, засвоіць новую прафесію ці пачаць сваю справу «Дадай сябе», будзе праходзіць цыкл онлайн-лекцыяў, прысвечаны складанню рэзюмэ і партфоліа, а таксама пошуку працы і лайфхакам паспяховага працаўладкавання. Першая лекцыя запланавана на 25 траўня у 19:00 па беларускім часе. Запіс на лекцыю тут

«Включи себя»: онлайн-коворкинг для профессионального развития и роста людей старше 30 лет

Арганізатары лекцыяў абяцаюць, што слухачы даведаюцца:

  • як вызначыць мэту і скласці структуру рэзюмэ
  • з чаго складаецца партфоліа для актывістаў і фрылансераў
  • як выдзеліць лепшыя прафесійныя якасці, прыняць і палюбіць свой досвед
  • пра рэсурсы для пошук працы, напісанне матывацыйнага ліста і рэкамендацыяў.

Весці лекцыі будзе культурная менеджарка Ганна Палей. У Ганны вялікі досвед працы з рэзюмэ, іх апрацоўкай, аналізам, перапакоўцы свайго мінулага досведу ў актуальнае CV (curriculum vitae, уласна рэзюмэ). На лекцыях экспертка падзеліцца лайфхакамі, як вылучыцца на рынку працы, а таксама навучыць, як напісаць і даслаць матывацыйны ліст у кампанію вашай мары. Спасылка з датай і часам пачатку лекцыяў прыйдуць кожнаму, хто зарэгіструецца – запоўніць анкету.

«Часта людзі маюць шмат карысных навыкаў, але не ведаюць, як іх пазначаць у CV»

А пакуль гэтая частка праграмы «Дадай сябе» яшчэ не распачалася, мы пагутарылі з Ганнай пра рэзюмэ, яго важнасць, сучасныя трэнды.

Ганна Палей. Фота за асабістага архіва Ганны

– Ганна, распавядзі, калі ласка, якая твая галоўная задача на будучых лекцыях пра складанне рэзюмэ?

– Я хачу, каб людзі ў выніку зразумелі, як можна вылучыць свае лепшыя бакі ў прафесійным плане і прывабна прэзентаваць іх у CV, каб потым, у тым ліку, эфектыўна іх выкарыстоўваць у новай галіне, калі чалавек хоча змяніць прафесію.

Рэзюмэ застаецца ўсцяж актуальным інструмента падчас пошуку працы. У сваім досведзе працы з рэзюмэ я часта сутыкалася з тым, што пачаткоўцы ці людзі, якія не ведаюць, як структураваць свае веды, вельмі сумбурна гэта робяць, у іхных рэзюмэ шмат тэксту, няма структуры. Часта людзі маюць шмат карысных навыкаў, але не ведаюць, як іх пазначаць у рэзюмэ, і ў выніку працадаўца праходзіць міма такога чалавека, які насамрэч мог бы быць карысны кампаніі.

Акрамя таго, сёння важна правільна прадставіць свае навыкі на тым жа Linked in – прафесійнай пляцоўцы, дзе можна знайсці шмат карысных кантактаў.

«Любая рэкамендацыя чалавека чалавеку лепшая за паперку»

– Ганна, у каго больш шанцаў атрымаць працу – у кандыдата з добрым рэзюмэ ці карыснымі знаёмствамі?

– Добрыя знаёмствы вельмі важныя. Але ў той жа час, калі ты, напрыклад, прыходзіш нават да свайго знаёмага эйчара, кажаш, што шукаеш працу, ён табе адкажа, што можа цябе парэкамендаваць, але рэзюмэ ўсё роўна патрэбна, і яго ўсё роўна спатрэбіцца скласці, каб усё ж такі было што паказаць патэнцыйнаму працадаўцы, прыкласці да словаў пра тое, які ты круты.

Але знаёмствы сапраўды вельмі важныя, і пашыраць сваю сетку сацыяльных кантактаў адназначна трэба, бо гэта адзін з самых надзейных інструментаў для пошуку працы. Любая рэкамендацыя чалавека чалавеку лепшая за паперку.

– Ці трэба ў рэзюмэ ўказваць узрост, прыкладаць фотаздымак?

– Калі я працавала ў ІТ-кампаніі, мы не прыкладалі фотаздымкі. І я лічу, што так правільна, бо найперш важныя скілы. Але калі мы гаворым пра сацыяльныя сеткі ў якасці рэзюмэ, той жа Linked in, там без фота ніяк. Калі фота няма, там давер да цябе будзе меншы. Таму тут сітуацыя неадназначная. У сацсетках фота патрэбнае, у класічным рэзюмэ яно зусім не абавязковае.

Датычна ўзросту, я ніколі не сутыкалася, каб узрост быў фактарам, які перашкаджае. Мы спакойна ўказвалі ўзрост, калі я працавала ў ІТ-сектары. Пры гэтым ніхто не адбракоўваў рэзюмэ па гэтай прыкмеце. Але ў Linked in у мяне ўзрост не ўказаны. Я лічу, што і не абавязкова яго ўказваць, калі няма такога абавязковага патрабавання.

Открыт набор на менторскую онлайн-программу. Включайся!

«Важнейшыя за асабістыя якасці цяпер каштоўнасці чалавека»

– Як працадаўцы ставяцца да такога пункту як асабістыя якасці? Як, напрыклад, стрэсаўстойлівасць, камунікабельнасць, ініцыятыўнасць, якія, здаецца, ужо набілі аскому?

– Я лічу, што калі ты не можа пацвердзіць гэтыя якасці нейкімі фактамі, то лепш не пісаць. Бо, напрыклад, калі ты кажаш, што ты ініцыятыўны, а пры гэтым працаваў на руціннай працы і за ўвесь час ніякіх паляпшэнняў не прапанаваў, гэта будзе хутчэй мінусам. Калі ёсць факты, якія могуць пацвердзіць, можна напісаць. Але проста словы нічога не значаць, асабліва цяпер, бо ўсім патрэбныя факты. Пакажы, як твая ініцыятыва спрацавала на папярэднім месцы працы. Цяпер, калі вельмі шмат аўтаматызаваных сістэмаў апрацоўкі рэзюмэ, ніхто не будзе шукаць цябе па алгарытме ініцыятыўны, толькі па скілах, якія можна прадэманстраваць.

З таго, што я бачу, важнейшыя за асабістыя якасці цяпер каштоўнасці чалавека. Менавіта на каштоўнасным узроўні цяпер часцей за ўсё не сыходзяцца кампанія і кандыдат. Гэта вельмі важны трэнд сучаснасці – каштоўнасна-арыентаваны пошук працы, калі ты разумееш, чаму хочаш працаваць менавіта тут, і чаму кампаніі будзе цікава працаваць менавіта з табой.

«Зачем мне помогать другим?» Объясняют бобруйские волонтеры(ки)

– У такім выпадку, магчыма, у рэзюмэ трэба прапісваць каштоўнасці?

– Я лічу, што коратка трэба. Каб было зразумела, навошта, прывяду прыклад. Уявіце, што вы шукаеце працу ў ІТ-сферы, у продажах. Некалі вы валанцёрылі ў сацыяльным праекце, прысвечаны, напрыклад, гендарнаму пытанню, адстойванні жаночых правоў. Вам жа прапаноўваецца цалкам сэксісцкі праект, які эксплуатуе жанчын. Ці будзеце вы там працаваць? Ці ёсць сэнс працадаўцы вас наймаць? Бо яму ж таксама важна, каб быў вынік, каб у вас была матывацыя працаваць.

Ці трэба казаць, што ідзеш працаваць, бо патрэбныя грошы?

– Ганна, напэўна, ты чула анекдоты пра рэзюмэ і сумоўі, у якіх высмейваюцца тыя ж стрэсаўстойлівасць і ініцыятыўнасць, імкненне чалавека прапісаць як мага больш каштоўнасцяў, агульных з кампаніяй, каб упісацца ў яе, калі насамрэч чалавеку трэба за штосьці жыць, яму патрэбныя грошы. Як ты ставішся да таго, каб шчыра пра гэта казаць?

– Я лічу, што трэба быць шчырым, і пытанне грошай пры ўладкаванні на нейкую працу – самае важнае. Яно павінна ўставаць у чалавека да таго, як ён прапануе сваю кандыдатуру. Так, можна растлумачыць сваё жаданне працаваць у пэўнай кампаніі дзясяткам прычынаў, але грошы – гэта таксама нармальна. Я бачу са свайго досведу, што калі чалавек прапісвае ў сваім рэзюмэ свае скілы, але таксама і чаканні па заробку, калі ён падыходзіць, кампанія пагаджаецца таксама на ягоныя грашовыя ўмовы.

Калі чалавек шчыры ад пачатку, звычайна не ўзнікае праблем пры ягоным сыходзе з працы, у яго і кампаніі звычайна няма прэтэнзіяў адно да аднаго. Бо ад пачатку былі празрыстая матывацыя, чаканні. Таксама трэба казаць, калі для вас важны прафесійны рост. Кампаніі цэняць сумленную пазіцыю.

– У чым розніца паміж рэзюмэ і партфоліа?

– Рэзюмэ – твае навыкі, апісанне твайго досведу, дзе ты працаваў, на якіх праектах, якія былі абавязкі, якія ёсць скілы. Партфоліа – апісанне праектаў. Напрыклад, у мастакоў мы ў партфоліа ўпакоўваем прафесійны досвед працы над пэўнымі праектамі, іх падрабязнае апісанне, матывацыі, вынікі. Пра гэта мы таксама будзем казаць падчас лекцыі.

Агулам жа мы разбяром, як навыкі з мінулай прафесійнай сферы перапакаваць, прэзентаваць так, каб яны былі карыснымі і ў новай галіне, на новым месцы працы, і каб у рэзюмэ яны прыцягнулі ўвагу патрэбнага працадаўцы. Мая асноўная задача – дапамагчы зрабіць рэзюмэ і партфоліа, якія будуць максімальна эфектыўна працаваць.

Спасылка з датай і часам пачатку лекцыяў прыйдуць кожнаму, хто зарэгіструецца – запоўніць анкету.