Ці магчымае захаванне культурнай спадчыны ў онлайн-прасторы? Прыклады цікавых ініцыятываў

Онлайн-фармат, лічбавая прастора даўно і трывала замацаваліся ў нашым штодзённым жыцці. Праз інтэрнэт мы можам камунікаваць з людзьмі з усяго свету, працаваць без прывязкі да канкрэтнага месца. Чым яшчэ можа быць карысны такі фармат? Напрыклад, у лічбавым фармаце можна захоўваць культурную спадчыну. Паглядзелі, як гэта робяць у Беларусі, а таксама ў іншых краінах Еўропы.

Віртуальны музей мазаікі ад каманды 1387.by: захаваць «у лічбе» манументальнае мастацтва

Пачнем з праекту каманды 1387.by – Віртуальны музей мазаікі. Гэты музей – адмысловая лічбавая пляцоўка, на якой мы збіраем ды захоўваем выявы і гісторыю бабруйскіх мазаік у інтэр’ерах і экстэр’ерах.

Ідэя музею нарадзілася на тле разбурэння будынкаў з мазаікамі на фасадах альбо ў памяшканнях. Калі мы спрабавалі агучыць гэтую праблему, то сутыкаліся з самай рознай рэакцыяй чытачоў. Хтосьці выказваў жаль з нагоды знішчэння мастацкіх твораў беларускіх мастакоў, іншыя ўхвалялі разбурэнне савецкай спадчыны. Так, мазаіка – савецкая спадчына. Але гэта – мастацтва, частка культуры. Мы задаліся пытаннем – чаму варта знішчаць мастацкія творы высокай якасці, створаныя ў савецкую эпоху? Што ўвогуле рабіць з савецкай спадчынай? Магчыма, варта яе пераасэнсаваць, даць ёй новае жыццё?

Галоўная старонка Віртуальнага музею мазаік. Скрыншот са старонкі музею mosaic.1387.by

 

На старонцы нашага музею мы спрабуем знайсці адказы на гэтыя пытанні разам з эксперткамі ў мазаіках – разважанні пра лёс сацыялістычнага манументальнага мастацтва вы можаце прачытаць у шэрагу інтэрв’ю.

Але галоўнае, што мы робім – фіксуем на фота бабруйскія мазаікі. Музей утрымлівае апісанні мазаік, інфармацыю пра іх аўтараў, а таксама дэталёвыя фотаздымкі і 3D-панарамы мазаік.

Адзін з самых цікавых раздзелаў нашага музею – пераасэнсаванне мазаік. У ім вы можаце ўбачыць, напрыклад, як бы выглядаў наш горад, калі б з фасадаў дамоў зніклі мазаікі, ці якімі могуць быць мазаікі, калі прыбраць з іх ідэалагічных савецкі складнік.

Стыкеры для Telegram з выявамі з бабруйскіх мазаік. Скрыншот са старонкі Віртуальнага музею мазаікі mosaic.1387.by

 

Віртуальны музей мазаікі – першы падобны праект у Беларусі. Мы б хацелі сабраць і захаваць не толькі бабруйскія мазаікі, але і з усёй Беларусі, а таксама даць штуршок да вывучэння і захавання манументальнага мастацтва не толькі онлайн, а і ў рэальнай прасторы.

Brest Stories Guide: пераасэнсаванне і захаванне гісторыі ў аўдыяфармаце

У 2016 годзе беларускі тэатр «Крылы халопа» распачаў праект Brest Stories Guide – цыкл дакументальных аўдыяспектакляў у прасторы горада. Гэтыя аўдыяспектаклі былі пакліканыя пераасэнсаваць, распавесці і захаваць гісторыю габрэйскага насельніцтва Берасця.

«Існуе значны пласт гісторыі, мала прадстаўлены ў школьных падручніках, беларускіх музеях і турыстычных маршрутах. Адна з закрытых у Савецкім Саюзе тэмаў – нямецкі генацыд габрэйскай супольнасці, – распавядаюць стваральнікі праекту пра тое, як нарадзілася ідэя. – Пра забітых савецкіх габрэяў казалася стэрэатыпна як пра «мірнае грамадзянскае насельніцтва». Пасля распаду СССР з’явіліся асобныя даследаванні пра Халакост, аднак дагэтуль грамадскасць у Беларусі мала інфармаваная пра лёс суайчыннікаў і пра маштаб гэтага злачынства ў Беларусі».

Берасце, 3 ліпеня 1941 года. Фота: Amateurfotograf Albert Dieckmann, Deutsch-Russisches Museum Berlin-Karlshorst

 

Brest Stories Guide распавядае гісторыю пра антысемітызм і знішчэнне берасцейскай габрэйскай супольнасці ў 1941-42 гадах. Але адначасова аўтары праекту хацелі пераасэнсаваць мінулае і звярнуць увагу на праблему выключэння адных людзей іншымі ў сучасным свеце.

«Хто застаецца абыякавым да падзеяў мінулага, можа заставацца абыякавым да новых злачынстваў, якія нібыта «датычаць толькі іншых», – зазначаюць аўтары Brest Stories Guide.

«Скрыжаванне тэатру, урбаністыкі, гістарычных даследаванняў»

У рамках праекту выкарыстаны незвычайны фармат. Brest Stories Guide – гэта аўдыяспектакль і адначасова экскурсія па Берасцю, якога не існуе. Аўтары пабудавалі сваю экскурсію на падставе матэрыялаў архіваў, інтэрв’ю са сведкамі падзеяў. Таксама былі выкарыстаныя неапублікаваныя раней паказанні нямецкіх афіцэраў з архіваў Нямеччыны. Brest Stories Guide – гэта гісторыя Берасця, якую распавялі не аўтары падручнікаў, а самі жыхары гораду – так казалі пра экскурсію яе стваральнікі.

Brest Stories Guide – гэта мабільнае прыкладанне, якое складаецца з аўдыяспектаклю і мапы. Карыстальнік можа ў свабодным рэжыме перасоўвацца па мапе і знаёміцца з мясцінамі, звязанымі з гісторыяй габрэйскай супольнасці гораду.

Brest Stories Guide – праект на сутыкненні мастацтва, турызму і захавання культурнай спадчыны, інавацыйны турыстычны і мастацкі прадукт, прыклад пошуку і выкарыстання новых фарматаў для працы з гісторыяй і спадчынай.

Галоўная брама Берасцейскага гета. Фота: journalby.com

 

«Галасы з мінулага запрашаюць сучаснікаў задумацца пра культуру памяці, а таксама пра нашае стаўленне да дыскрымінацыі і да выключэння асобных групаў людзей з грамадства. Я лічу, што Brest Stories Guide – праект, звязаны не толькі з гістарычнай памяццю, адукацыяй і мастацтва, але і з важнымі этычнымі пытаннямі», – казаў пра аўдыяспектакль гісторык Крысціян Ганцэр.

«Можна шмат разоў слухаць лекцыі на гэтую тэму, але ніводная лекцыі не заменіць досведу пражывання гісторый у прасторы, у якой яна разгортвалася. Гэта я пра сілу мастацтва, і пра сілу менавіта сучасных яго формаў на перакрыжаванні тэатру, урбаністыкі, гістарычных даследаванняў і шмат іншага», – дзялілася ўражаннямі ад Brest Stories Guide філосаф Вольга Шпарага.

Tsesler’s World: выстава Уладзіміра Цэслера ў віртуальнай прасторы

У 2023 годзе з’явілася онлайн-экспазіцыя «Tsesler’s World». Гэта прыклад выкарыстання сучасных тэхналогіяў у экспанаванні і захаванні твораў мастацтва.

«Tsesler’s World» – гэта віртуальная прастора, выкананая ў выглядзе выставачнай залі ці музею, дзе знаходзіцца экспазіцыя працаў мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера. У праекце ёсць элементы гейміфікацыі – карыстальнік можа выбраць сабе персанажа, перасоўваць яго, у ягонай асобе хадзіць па залах і знаёміцца з творамі Цэслера.

На кампутары экспазіцыю можна праглядзець з любога браўзера. З iPhone – з браўзера альбо прыкладання Spatial (App Store). З Android – толькі праз прыкладанне. Націсніце на спасылку, на старонцы адразу з’явіцца спасылка на прыкладанне.

Скрыншот віртуальнай экспазіцыі Уладзіміра Цэслера.

 

Архіў захавання культурнай спадчыны ICOMOS: распавесці не толькі пра спадчыну, але і пра яе абаронцаў

Беларускі ICOMOS (прадстаўніцтва Міжнароднай рады па помніках і мясцінах) на пачатку лета 2023 года распачаў амбітны праект – Архіў захавання культурнай спадчыны.

«Што вы ведаеце пра гісторыю захавання культурнай спадчыны ў Беларусі? Хто стаяў за яе захаваннем і аднаўленнем? Хто першым загаварыў пра яе? Як ствараліся музеі? Як зараджалася беларуская рэстаўрацыя? Хто прасоўваў асноўныя законы і ахоўныя статусы для галоўных беларускіх помнікаў?» – задавалі сябры ICOMOS пытанні беларусам, анансаваўшы пачатак збору архіву.

Беларускі ICOMOS вырашыў захаваць памяць не толькі пра самі аб’екты спадчыны, але пра гісторыю аховы культурнай спадчыны ў Беларусі. На думку ініцыятараў ідэі архіву, у нашай краіне вельмі не хапае цэласнага ўяўлення пра тое, як у Беларусі нараджалася ахова і рэстаўрацыя помнікаў. Ёсць шмат фотаздымкаў у розных месцах, тэкстаў, але няма адзінай пляцоўкі, з якой можна даведацца з першых вуснаў, хто стаяў за нараджэннем аховы беларускай спадчыны.

ICOMOS хоча, каб у стварэнні музею паўдзельнічалі самі беларусы, таму абвесціў кампанію па зборы дакументальных сведчанняў гісторыі захавання спадчыны. Дасылаць такія сведчанні можа кожны ахвочы. Гэта могуць быць фотаздымкі рэстаўрацыйных прац, археалагічных раскопак, даследчых экспедыцыяў, дакументы, асабістыя ўспаміны, артыкулы з часопісаў, эскізы нерэалізаваных праектаў і неапублікаваныя даследаванні.

«Збіраючы такі архіў, мы хочам паказаць працу пакаленняў беларускіх спецыялістаў. Іх спадчыну асабліва важна вывучаць сёння, яна – крыніца натхнення для ўсіх, хто неўзабаве будзе «рухаць горы» захавання нацыянальнай спадчыны. Бо ўсё калісьці пачыналася!», – тлумачылі ініцыятары праекту.

Усе дакументы архіву будуць аблічбоўвацца і выкладацца на сайце. Каб падзяліцца матэрыяламі альбо інфармацыяй, важнай для архіву, трэба звязацца з арганізатарамі праз форму.

Nonument: архітэктура і помнікі ў тэкстах, фотаздымках, вуснай гісторыі, 3D-мадэляванні, VR i AR

Як прыклад пераасэнсавання і захавання спадчыны ХХ стагоддзя хочам прывесці славенскі праект «Nonument». Гэта даследчая ініцыятыва, прысвечаная пераасэнсаванню ролі архітэктурнай спадчыны, помнікаў, публічных мясцінаў і прастораў ХХ стагоддзя. Для іх стваральнікі праекту прыдумалі назву – нанумент. На адмысловым сайце прадстаўленая калекцыя фотаздымкаў помнікаў і прастораў у розных еўрапейскіх гарадах, распрацаваная метадалогія па іх дакументаванні і захаванні, а таксама лічбавы архіў для картаграфавання гарадскіх ландшафтаў.

Аўтамабільны парк, TGH-48, Любляна. Фота: Janez Kališnik (monografija Savin Sever arhitekt)

 

Nonument стварала каманда MoTA – Музею пераходнага мастацтва Любляны. Сайт Nonument – частка міжнароднага праекту MAPS. Лічбавы архіў дапамагаюць ствараць шэсць арганізацыяў з розных краінаў – Чэхіі, Аўстрыі, Сербіі, Славеніі, Балгарыі, Кіпру.

«Нашае даследаванне архітэктуры, помнікаў, публічных прастораў і інфраструктурных аб’ектаў ХХ стагоддзя базуецца на мульцідысцыплінарнай метадалогіі, аб’ядноўваючы даследчыя тэксты, фотаздымкі, вусную гісторыю, 3D- сканаванне і мадэляванне, стварэнне VR i AR атачэнняў», – распавядаюць пра праект ягоныя стваральнікі.

Аб’екты, якія фіксуе праект – гэта архітэктурныя аб’екты, помнікі, публічныя прасторы, якія страцілі альбо ў якіх змянілася сімвалічнае значэнне ў выніку палітычных і сацыяльных змяненняў. Нанументы могуць больш не адпавядаць уяўленню таго, што такое грамадская прастора сёння, але яны звязаны з калектыўнымі ўспамінамі і ўбудаваны ў індывідуальныя гісторыі. Архіў Nonuments шчыльна звязаны з вуснай гісторыяй – з асабістымі ўспамінамі людзей, якія мелі дачыненні з аб’ектамі, уключанымі ў праект.

Склады заводу па апрацоўцы ражковага дрэва Zygi. Кіпр. Фота: Elia Neophytou/MAPS

 

Мэта архіву – лепшае разуменне ўплыву ўрадавых змяненняў на выкарыстанне грамадскай прасторы, спосабу разумення прасторы і архітэктуры і ролі, якую палітыка прасторы адыгрывае ў стварэнні дамінуючых у грамадстве наратываў.