Ці могуць паўплываць на лёс твораў манументальнага мастацтва гараджане? Расказваем, якія ёсць спосабы

 

– Па пытанні, якое тычыцца знішчэння мазаікі, ёсць некалькі варыянтаў для дзеянняў. Калі яе магчыма зняць і перамясціць на новае месца, тады бабруйцам неабходна заручыцца падтрымкай Мінкульта, даказаць каштоўнасць гэтага твора мастацтва. Для гэтага неабходна падрыхтаваць абгрунтаванне і звярнуцца ў аблвыканкам, – раяць кансультанты Робім Гуд. – Альбо другі варыянт: дамаўляцца з арганізацыяй, якая будзе займацца зносам і дэмантаваць мазаіку сваімі сіламі.

Аўтары урбан-пректу падрыхтавалі публікацыю, прысвечаную нашай мазаіцы, у сваім інстаграм. Паміж іншым яны пішуць, што, магчыма, бабруйцам мае сэнс скласці петыцыю, сабраць подпісы, каб твор захавалі ці перанеслі. “З рэалістычных крокаў – напісаць зварот у аблвыканкам з мэтай высветліць, ці ўзгоднена знішчэнне стрыт-арта з абласным мастацка-экспертным саветам”, – адзначае Робім Гуд.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Робім Гуд (@robim.good)

 

Ці ёсць сэнс змагацца за пано на “Марзонаўцы”?

Так! Бо нават згодна з “Палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва” ад 19.09.2008 № 1372, зацверджанага Саветам міністраў – бабруйская мазаіка адносіцца да манументальна-дэкратыўнага мастацтва. То-бок – мае каштоўнасць. Нагадаем, пра высокую мастацкую вартасць твора Сямёна Абрамава казалі культуролагі.

А тое, што яна значыць для некалькіх пакаленняў бабруйцаў, наагул цяжка ацаніць.

У ідэале – для таго, каб мазаікі заховаліся належным чынам, для іх трэба намагацца надання статуса культурных каштоўнасцей. Гэтае пытанне рэгулюецца Кодэксам РБ аб культуры ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З.

У главе 16 “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны”, у артыкуле 83 ёсць пералік відаў, сярод якіх маюцца “помнiкi мастацтва – творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога i iншых вiдаў мастацтва”.

 

Згодна з артыкулам 84, такі статус творам мастацтва надае “Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і саветы па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны”.

Спецыялісты вызначаюць, ці ёсць у творы значнасць для асобнага рэгіёна, на тэрыторыі якога яна знаходзіцца, і рэкамендуюць адпаведнаму мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню надаць ёй статус гісторыка-культурнай каштоўнасці; неабходнасцi аднясення гiсторыка-культурнай каштоўнасцi да пэўнай катэгорыі; магчымасці (немагчымасці) узгаднення навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя могуць прывесцi да iстотнага змянення гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, iх знiшчэння, страты або знiкнення.

 

Артыкул 90 апісвае сам парадак унясення прапаноў аб наданні мастацкім творам статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Яны падаюцца ў пісьмовай форме ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню. Да іх дадаюцца:

  • матэрыялы фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурнай каштоўнасці;
  • абгрунтаванне неабходнасці надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыкакультурнай каштоўнасці.

 

Зазірнем таксама ў артыкул 92, ён кажа пра крытэрыі для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. І бачым, што мазаіка цалкам адпавядае. Вось некаторыя з крытэраў:

  • з’яўляецца адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;
  • мае значнасць з пункту гледжання гісторыі, археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва, навукі і тэхнікі, эстэтыкі, этналогіі або антрапалогіі, культуры і аказала значны ўплыў на развіццё краіны або асобнага яе рэгіёна;
  • уяўляе сабой выдатны прыклад фарміравання ландшафту, у якім адлюстроўваюцца традыцыі пэўнага перыяду гісторыі беларускага народа;
  • з’яўляецца выдатным мастацкім узорам (шэдэўрам), створаным або пераўтвораным на тэрыторыі Беларусі.

Таксама адзначаецца, што з часу першапачатковага стварэння нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці павiнна прайсцi не менш за сорак гадоў. А мазаіка Сямёна Абрамава была створаная ў  1968 годзе.

Фота: wiki.bobr.by

 

Прыклад афармлення зваротаў у ведамствы, напрыклад – мясцовы аддзел культуры, абласны аддзел культуры, міністэрства культуры:

назва ведамства, у якое звяртаецеся

адрас ведамства

прозвішча, імя заяўніка, месца жыхарства, тэлефон

ЗАЯВА

Кароткае апісанне праблемы. (Што, дзе і калі адбылося. чаму праблема хвалюе гараджан. У якім стане знаходзіцца аб’ект, чаму ён важны для горада…).

На падставе выкладзенага просім:

Правесці праверку выканання дзеючага заканадаўства пры прыняцці рашэння і выкананні работ па дэмантажы мазаікі па адрасе…., у тым ліку патрабаванняў, прадугледжаных Палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2008 № 1372

Аб выніках праверкі праінфармаваць заяўніка.

« » ____________ 2022 года ______(подпіс)_____________ ___Ініцыялы, Прозвішча__

 

Пад пагрозай знішчэння першая бабруйская мазаіка. Пагутарылі з яе аўтарам – мастаком Сямёнам Абрамавым