Ці вітае царква пластыкавыя кветкі і вянкі, наколькі такія ўпрыгожанні традыцыйныя? Расказваюць экаактывісты

 

Адзначым, што на старонцы «Пікнічка» тэма кветак з пластыку ўздымаецца даволі часта, і нават прапануюцца экаальтэрнатывы. Падрабязней можна пачытаць тут.

– На жаль, тэма штучных кветак не губляе актуальнасць, бо бабруйцы працягваюць набываць у вялікай колькасці тыя ж рытуальныя пластыкавая аздабленні, – адзначае Юлія Саковіч, і прадстаўляе госця.

– Я займаюся пытаннямі экалагічнага выхавання і адукацыі, у прыватнасці ў царкоўных супольнасцях. Ёсць спецыяльная працоўная група паміж БПЦ і міністэрствам аховы прыродных рэсурсаў, якая займаецца экалагічнай адукацыяй сярод вернікаў. Бо мы працуем таксама і з каталіцкімі супольнасцямі. Пытанне пластыкавых кветак – адно з самых простых і зразумелых, таму мы яго ад года ў год падымаем і звяртаем увагу на праблему.

 

Сяргей Юшкевіч. Фота: інстаграм “Пікнічка”

 

Пытанне ад гледачоў: «Калі я ў гэты дзень на магілы нічога не занясу, а схаджу ў храм памаліцца? Гэта парушэнне традыцый? Бо кажуць, што памерлыя чакаюць нашых візітаў?»

Сяргей Юшкевіч адказаў што нават лепей памаліцца ў храме, паставіць свечку.

– З кропкі гледжання экалогіі і духоўнага стану гэта будзе лепей. Не бяруся адказваць за памерлых ды іх жаданні. Але мы робім нейкія дзеянні найперш для сябе, свайго разумення смерці і адносінаў да памерлых. Бо яно бывае розным. Можна паставіць

Эксперт кажа, што ў старыя часы людзі прыходзілі на могілкі проста каб узгадаць памерлых.

– Штучныя кветкі – адносна новая традыцыя, з 80-х гадоў, калі ў дасяжнасці з’явілася шмат пластыкавых кветак. Цяпер яны недарагія, за імі не трэба даглядаць, і звычка набываць іх на памінальныя дні і пахаванні пераўтварылася ў традыцыю. Але калі запытаць больш сталае пакаленне, даведаемся ад іх, што яшчэ год 30-40 таму выкарыстоўвалі для аздаблення натуральныя рэчы. Нават я з свайго дзяцінства не памятаю штучныя кветкі на могілках. Таму мы стараемся расказаць вернікам, што штучныя кветкі шкодныя для экалогіі і здароўя людзей.

 

Сяргей Юшкевіч. Фота: інстаграм “Пікнічка”

 

Пытанне ад гледачоў: «Стужкі, якія павязваюць на памерлых – гэта абрад, ці такім чынам рытуальныя канторы імкнуцца прадаць тавары?»

– Гэта царкоўная традыцыя, – тлумачыць Сяргей Юшкевіч. – На лоб памерламу кладуць «венчык» гэта сімвалізуе вянец славы, якую чалавек заслужыў за добрыя справы пры жыцці. У руках – іконка, найчасцей кардонная. Часам кладуць і крыжык, і вось ён пластыкавы, саван таксама сінтэтычны. Мы гэтае пытанне не пакуль не ўздымалі, бо да яго трэба падыходзіць надзвычай акуратна, бо людзі не заўсёды гатовыя абмяркоўваць пытанні, наколькі гэта экалагічна. Тэма «царкоўнага смецця» – толькі пачала даследавацца і абмяркоўвацца.

Мы кажам пра тое, што кветкі, вянкі – робяцца з розных матэрыялаў, ПВХ, пластык, сінтэтыка, фарбы, маталічны каркас. То-бок гэта кампазітны матэрыял, які немагчыма перапрацаваць. Гэта ўсё трапляе на палігоны, звалкі. Калі прыйсці на могілкі пасля Радаўніцы, можна ўбачыць горы вянкоў і кветак, якія адвязуць на палігоны ці спаляць. У абодвух выпадках гэта шкода для экалогіі, бо ў глебе пластык распадаецца і выдзяляе рэчывы, якія трапляюць у паветра, ваду, расліны, а пры спальванні выдзяляюцца дыяксіны.

Калі ведаць пра гэтыя рэчы, немагчыма ставіцца да штучных кветак добра. Таму маё стаўленне да іх адмоўнае. Так, пластык вакол нас паўсюль, але гэта тэма асаблівая, бо яе можна неяк перамагчы, дзякуючы фармаванню экалагічнай культуры. Вядома, можна спусціць загад зверху, але гэта будзе цяжка ўспрымацца. Займаючыся экаадукацыяй я бачу, што прымушаць людзей нешта рабіць – не самы лепшы спосаб. Найперш трэба змяняць культуру і свядомасць людзей.

І калі ў мяне пытаюць пра альтэрнатыву, самы просты адказ – змяніць адносіны да памерлых, і да месца, дзе яны ляжаць. Бо могілкі – асаблівае месца. Можна выкарыстоўваць жывыя кветкі, шматлетнікі, якія не трэба кожны раз высаджваць.

Напрыклад, на могілках, дзе пахаваныя мае сваякі, мы выкарыстоўваем брэзент і розныя пакрыцці наверх – некаляровая галька, кара дрэваў. І так мы вырашаем пытанне пустазелля. А тады ўжо высаджваем шматгадовыя кветкі, нізкарослыя дрэвы.

Вянкі – таксама тэма нашай культуры. Калі мы запрашаем некага на пахаванне, можам проста прасіць прыносіць жывыя кветкі. І яны не змогуць адмовіць. Але людзі ў сітуацыі гора не думаюць пра экалогію, а тыя, што прыходзяць – па звычцы прыносяць штучныя вянкі ці кветкі. А можна ж проста прынесці жывыя кветкі, і без вянкоў абысціся.

 

 

Юлія кажа, што ў Беларусі ўжо ёсць прыклады рытуальных службаў, якія прапануюць вянкі з сухацветаў.

– Бізнес робіцца сацыяльна-арыентаваным. Пакуль такіх мала, але яны ёсць. Але пакуль ёсць попыт на пластык, будзе і прапанова ад рытуальных службаў.

Праваслаўны эколаг лічыць, што важна казаць пра гэтыя рэчы: «нават калі трохі рабіць, гэта дасць плён».

– Экаасвета – гэта заўсёды праца на перспектыву. Не будзе такога, што заўтра ўсе раптам адмовяцца ад штучных кветак.

Я разумею людзей, якім робіцца сумна, што яны стараюцца не набываць штучныя кветкі, а на могілках бачаць спрэс пластык і адчайваюцца… Не трэба! Бо для некага менавіта вы станеце прыкладам.

Юлія Саковіч кажа пра ўласныя назіранні, што напярэдадні Радаўніцы жывыя кветкі каштуюць нават танней за штучныя: «Калі падтрымаць тых, хто вырошчвае кветкі, яны будуць ведаць, што на Радаўніцу будзе падвышаны попыт».

– З хрысціянскага пункта гледжання месца пахавання ўжо ўпрыгожанае – крыжом. Галоўнае – прыбрацца на месцы пахавання, – кажа Сяргей Юшкевіч. – І не быць «эказанудамі», калі бачым сталую жанчыну з штучнай кветкай. Бо не да яе павінна ўзнікаць пытанне, а да агульнай культуры, якая навучыла яе так рабіць. А вось калі людзі могуць дазволіць купіць жывыя кветкі і забываюць пра малітву – да іх ёсць пытанні. Бо яны ў сілах пазбегнуць пакупку пластыка і не шкодзіць экалогіі.

А што тычыцца цэнаў – мы таксама пачыналі з гэтага, пераводзілі аргументы на мову грошай. На сайце МУС ёсць статыстыка, колькі людзей наведваюць могілкі на Радаўніцу – 1.5 мільёны. Мы памножылі па 1 кветцы на кожнага і атрымалася што толькі на гэты мінімум выдаткоўваецца больш 500 000 долараў. І яны будуць выкінутыя ў выніку, каб распадацца на шкодныя рэчывы, на мікрапластык. І калі сюды дадаць гэтую шкоду для прыроды – праблема робіцца яшчэ больш маштабнай. З хрысціянскай кропкі гледжання лепей зрабіць добрую справу ў памяць пра памерлага.
Нават святары кажуць пра тое, што не трэба прыносіць штучныя кветкі.

Магу прывесці ў прыклад Вербныя нядзелі: некаторыя бацюшкі робяць радыкальна – не асвячаюць штучныя кветкі на вербачках. У храме, напрыклад, наагул няма штучных кветак, толькі жывыя. Бо аздоба царквы мусіць быць ці жывой, ці без упрыгожвання – жывыя галінкі, кветкі. Вербачкі не абавязкова ўпрыгожваць – гэта людзі робяць самі для сябе.

Бо тыя ж стужкі таксама не распадаюцца некалькі дзясяткаў год у зямлі. А ў наступным годзе трэба думаць – куды ж падзець гэтыя вербачкі штучныя? Зноў на смецце. Варта разумець – нішто не знікае бясследна, яно застаецца для будучых пакаленняў.

І калі вербачка не ўпрыгожаная – адпадае шмат пытанняў, бо яе можна спаліць, выкінуць у раку, і гэта ніякіх паследстваў для прыроды не пакіне. Галоўнае – думаць перад тым, як мы штосьці робім

Эксперт мяркуе, што пра праблему забруджвання пластыкам мусіць ісці размова на ўсіх узроўнях. Ён прывёў у прыклад забарону на пластыкавы посуд: «У месцах грамадскага харчавання гэта спрацавала – але сярод саміх людзей – не. Яны працягваюць карыстацца, бо ім так зручна. Таму ў гэтым пытанні патрабуецца сумесная праца дзяржавы і асобных экаініцыятыў».