Дзе ў нашым горадзе чакаюць вазочнікаў? Абмеркавалі з бабруйчанкамі даступнасць культурніцкіх месцаў, кавярняў і лякарняў

Ілюстрацыйнае фота: 1387.io

Але, як адзначаюць дзяўчаты, прагрэс ёсць. І дзеляцца з намі гарадскімі прасторамі, якія сапраўды гатовыя да таго, каб прыняць усіх наведнікаў. Адзначым, што гэта месцы, у якіх нашыя суразмоўцы ўжо былі асабіста, у Бабруйску ёсць таксама іншыя лакацыі з пандусамі.

 

 Фота з асабістага архіва Святланы

Святлана Якаўлева:

– Пачну з кавярняў, бо моцна люблю каву і ўтульнасць, – пасміхаецца наша суразмоўца.  Спачатку яна называе месцы,  у якіх ёсць пандусы:

“Пушкина 202”, “Любимое место”, “Кафе Саунд” (на Інтэрнацыянальнай), “КофеВарка”, “Лаванда”. На летнія пляцоўкі можна трапіць у “Кофе Саунд” на вуліцы Горкага і ў “Албену”.

– Некалькі гадоў таму я звярнулася да кіраўніцтва кафэ “Гісторыя” наконт устаноўкі пандуса, і яно адгукнулася на просьбу. Былі зробленыя два прыстаўныя пандусы. З часам адзін з пандусаў быў заменены на два тэлескапічных, бо была адноўленая летняя пляцоўка і стары пандус пад яе не пасаваў. Калі я прыходжу туды, мне трэба спярша патэлефанаваць персаналу і папрасіць вынесці пандусы. Ці папрасіць кагосьці з людзей побач. Супрацоўнікі кафэ заўсёды з ветлівай усмешкай сустракаюць і дапамагаюць,  – кажа бабруйчанка. Таксама яна прыгадвае прыстаўныя пандусы ў “ТиКава” і “Пицца Браво”.

– Пандусы ёсць таксама ў кінатэатры “Таварыш”, тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча, галерэі на Горкага і ў выставачнай залі – але пандус там даволі круты. Кнопкі выкліку ёсць толькі ў кінатэатры і галерэі. Таксама яны ёсць у аптэцы на Пралетарскай-17, на 9-м аддзяленні пошты (але там кнопка не заўсёды працуе), – кажа Святлана.

Яшчэ адно важнае пытанне – даступныя прыбіральні. Як адзначае наша суразмоўца, з імі у горадзе праблематычна.

– Сярод кафэ такая прыбіральня ёсць толькі ў “Базіліку”. Хоць на актыўным вазку можна заехаць і ў звычайную прыбіральню, а вось мне, на электра, гэта складана зрабіць. Бо, мой вазок, мае вялікія параметры і патрабуе больш месца для развароту, таму я ў звычайныя прыбіральні не змяшчаюся. Даступныя прыбіральні ёсць у ГЦ “Абсолют”, там амаль ідэальна. Таксама ў “Каруселі”, вялікай “Короне”, “Санта” на Горкага, спартовым комплексе “Техас”.

Калі ацэньваць Бабруйск па даступнасці для вазочнікаў па 10-бальнай шкале, я пастаўлю “сямёрку”. Бо, наш горад, з кожным днём робіцца ўсё больш зручным і цікавым. Апошнім часам уладальнікі грамадскіх месцаў заўважна клапоцяцца, каб усталяваць пандусы, ці робяць прыстаўныя. Усе, да каго я звярталася, лаяльна ставіліся да просьбы, – пасміхаецца Святлана. – Нават прыватныя медцэнтры даволі добра прыстасаваныя для вазочнікаў.

– Увогуле, хацелася б, каб з’явілася прыкладанне для вазочнікаў, у якім пералічаныя ўсе даступныя месцы: кінатэатры, кавярні, крамы, паліклінікі, медцэнтры, гасцініцы, жылыя дамы, транспарт і г.д. Усё тое, чым можа скарыстацца чалавек на вазочку. Каб было падрабязнае апісанне месца, як даехаць, куды тэлефанаваць, калі няма пандусаў, прыбіральні. То-бок, паказаць усё, чым жывуць звычайныя людзі, толькі з погляду вазочніка. І каб гэтыя месцы паказваліся не толькі ў Бабруйску, але і ў іншых гарадах. Бо для хадзячых ёсць такія прыкладанні, а чаму б і для нас не зрабіць?

 

Для таго, каб стварыць такое прыкладанне – патрэбны праграміст. Чакаем ахвотных дапамагчы ў распрацоўцы! А пакуль мы зрабілі мапу з пандусамі ў сервісе Google, скарыстацца ёй можна па гэтай спасылцы. 

 

На фота з асабістага архіва гераіні: “Летам нават недаступнае – даступна!” Інга каля “Голден Кафе”

 Яшчэ адна наша суразмоўца – Інга Татур, таксама прыгадвае пандус выставачнай залі ды называе яго нерэальным для самастойнага пад’ёму.

– У галерэі на Горкага добры пандус, але трохі перашкаджае парог, не кожны вазок яго адолее. У краязнаўчым музеі пандус на вуліцы з парогам, трэба прасіць дапамогу, каб трапіць, дзверы вузкія, парог на ўваходзе таксама ёсць. Я звычайна спыняюся каля вулічнага пандуса і вырашаю не заязджаць. У тэатры дзве дошкі на сходы — гэта ўсё, але доступ у вялікую залу магчымы. Кінатэатр “Таварыш” – у вялікую залу заехаць проста, астатнія недаступныя.  “Мір” – недаступны.

Інга пералічвае кафэ, якія наведвала:

– “Пушкіна 202” – даступнае. Кажуць, у кавярні “Любимое место” прыбіральня абсталяваная для вазочнікаў, але нязручна. Сама я там пакуль не была. “Чырвоная вежа” – пандус ёсць, але парог вялікі і небяспечны. У “Фанат” заехаць можна, “Турист” даступны цалкам, як і “Тимьян”. Недасяжная кавярня “Друзья” на Карла Маркса (насупраць рынка), якая мае адзін уваход з крамай ад “Чырвонага харчавіка” – бо вялікая прыступка. У кафэ “ТиКава” вынасны пандус, а вось “ТиКава Фастфуд”, які побач – недаступнае, як і летняя пляцоўка. “Правда” на Сацыялцы пасля рамонту недаступная праз парог – ён вялікі, не падымешся і не пераскочыш. “Варка Кофе” на Камсамольскай – пандус ёсць, але парог усё адно ў памяшканне не пускае. Гэта ўсё парогі ад жалезных дзвярэй. У “Голден Кофе” пандус ёсць, але недаступны, бо вузкі. А кава там смачная. “Зробім” на Горкага даступнае, на Мінскай – не. “Базилик” даступны.

Таксама бабруйчанка прыгадвае іншыя лакацыі ў цэнтры.

– “Чайная лавка” з невысокім парогам, але, збольшага, нармальна. Крамы на Сацыялцы, ад крамы фабрыкі “Славянка” і далей – усе недаступныя. “Приорбанк” пасля рамонту ў гэтым шэрагу прыемна даступны. “Мегатоп” на Мінскай даступны.

Інга расказвае, што калі вельмі хочацца трапіць у нейкае месца, а яно не абсталяванае пандусам, просіць мінакоў выклікаць каго-небудзь з персанала. Выходзяць і дапамагаюць. Аднак самым балючым пытаннем для нашай суразмоўцы застаецца медыцынскае абслугоўванне.

– Мне патрэбная невялікая аперацыя, але ў лякарні недаступна ўсё – ад УЗІ ў гінеколага і флюараграфіі да моманту “легчы на стол хірурга”. Праблема не ў спецыялістах, да іх пытанняў няма, а да самой медычнай сістэмы. Бо па дакументах яна прадугледжвае дапамогу людзям з інваліднасцю, а ў рэальнасці… Лепей не хварэць!

Нават у стаматалогію доступ ёсць, але перасесці ў крэсла я не магу, кожны раз прыходзіцца ўгаворваць, каб так лячылі. Ёсць лагодныя дактары – пагаджаюцца, іншыя пагаджаюцца праз канфлікт. Вось, цяпер вайна з хірургам ідзе за аперацыю на галаве, седзячы ў вазку. Тым не менш, лекары амаль заўсёды ідуць насустрач, да іх пытанняў няма, – рэзюмуе бабруйчанка.

А вы, звяртаеце ўвагу на тое, наколькі даступны наш горад для ўсіх людзей?

 

Фота: 1387.io