Гайд па змеях Беларусі. Ці варта іх баяцца?

Вясна – самы час наведаць лес, выбрацца на раку ці возера. Вядома, у такіх месцах ёсць вялікі шанец сустрэцца са змеямі. І тут пачынаецца самае дзіўнае – у большасці выпадкаў людзі імкнуцца забіць іх, бо баяцца нападзення. Але ці маюць яны рацыю? Як вам, напрыклад, гісторыя пра тое, што беларусы лічаць небяспечнай змяёй бяскрыўдную бязногую яшчарку, ды імкнуцца яе знішчыць?

 

Наагул, у нашай краіне жывуць тры віды змеяў – гадзюка, вуж і мядзянка. І толькі гадзюка мае яд, які можа нашкодзіць чалавеку. Яд мядзянкі небяспечны толькі для людзей, што маюць алергію на яго, але гэта вельмі маленькі працэнт. Таксама важна ведаць, што змеі не нападаюць на чалавека без нагоды, а наадварот, стараюцца пазбягаць такіх сустрэч. Выключэнне – вужы, якія ў старажытных беларусаў ды ўкраінцаў жылі ў хатах, як свойскія жывёлы. Лавілі мышэй, а ў падзяку за працу ласаваліся малаком. Вось як апісвае гэтае сяброўства Адам Міцкевіч у “Гражыне”:

“Аднак калі ліцвін сабе ў парогі,

Як госця добрага, прымае вужа

І для хвалы багоў, пакінуўшы трывогі,

Яго ён корміць, даж дае для сцюжаў,

Тады паўзе яму гад свойскі ў рукі,

З ім разам п’е і есць з той самай міскі,

І мірна цела доўгае гадзюкі

Дзіця спаўе, улезшы ў глыб калыскі”.

Са змеямі, і ў прыватнасці з вужом, звязана шмат беларускіх тапонімаў. Таксама вы можаце пабачыць вужа на гербе Пружанаў, які блізкі па сваім змесце да міланскага. На срэбным полі намаляваны вуж, з пашчы якога з’яўляецца немаўля. Чаму так атрымалася? Ганна Ягелонка надала Пружанам такі герб у памяць аб маці – каралеве Рэчы Паспалітай Боне Сфорцы, што была дачкой міланскага герцага.

 

 

Дзе вы яшчэ можаце пабачыць вужоў? На ліштвах, у тым ліку ў Бабруйску. Іх выявы мусілі зберагаць дом ад маланак.

 

Вам таксама могуць спадабацца