«Гісталогія паказала, што ў мяне другая стадыя раку, то бок – адразу аперацыя. Падчас яе знайшлі метастазы, а гэта ўжо трэцяя стадыя». Бабруйчанка расказала, як змагаецца з ракам

 

 

Наста, як ты даведалася пра тое, што ў цябе рак? Ці былі нейкія сімптомы, боль?

У мяне рак малочнай залозы, і болю ніякага не было. Выявіла яго абсалютна выпадкова. Як звычайна, пасля душа выціралася ручніком, і трапіла на камячок у грудзях. І адразу напалохалася: «Што гэта можа быць?!» Пачала пісаць сястры, якая працавала ў гомельскай анкалогіі, а цяпер у дэкрэтным. Яна параіла схадзіць на УЗІ і запісацца да мамолага. Я так і зрабіла, але не адразу.

Справа ў тым, што гэта быў ліпень мінулага года, і ў той час у нас былі вялікія праблемы з дзядулем майго мужа Колі. У яго знайшлі тромбы ў нагах, і мы яго даглядалі. Пасля ў яго здарыўся інсульт, і зноў мы за ім даглядалі… Калі дзядуля апынуўся ў рэанімацыі, лекары знайшлі ў яго рак костак. Аперацыя яму б ужо не дапамагла, таму яго адправілі дахаты, каб дарэмна не катаваць чалавека. Боль яму абязбольвалі проста дома, медыкі прыходзілі з уколамі. Таксама мы запрасілі святара, каб ён дзядулю сабораваў. Бо ў такіх выпадках, чалавек ці вылечваецца, ці адразу сыходзіць, бо яго забірае Бог. Гэта не рытуал, а шчырая малітва.

Такім чынам, ліпень мы прысвяцілі клопатам пра дзядулю, пасля было яго пахаванне… І так нечакана надышоў жнівень, пачаліся зборы ў садок і школу – бацькі ведаюць, які гэта квэст. А таксама ў нашых сяброў у гэты час былі вяселлі, і мы стараліся шмат працаваць, каб не прыйсці на іх святы з пустымі рукамі.

У верасні я дачакалася тэрмінаў па цыклу (прым. дыягностыку грудзей робяць на 5-10 дзень ад пачатку месяцовых) і трапіла на УЗІ ў прыватны медцэнтр напрыканцы месяца. І адразу заўважыла, што лекарка дзіўна сябе паводзіць. Яна правярала мяне з усіх бакоў, вельмі доўга і педантычна. І глядзела на мяне з такім жалем у вачах… Але гэта я ўжо пасля зразумела, калі ўзгадвала той дзень.

Пасля УЗІ, калі я забірала на касе заключэнне, мне прапанавалі адразу ж, тэрмінова, ісці да мамолага. У іх было «вакенца» на вечар. Папярэдзілі, што, магчыма, трэба будзе адразу рабіць пункцыю. Гэта такі пракол, які робіцца для таго, каб ушчыпнуць кавалачак пухліны на аналіз, і праверыць – дабраякасная яна, ці злаякасная.

Але ўвечары мяне зваліла тэмпература 39, гэта быў каронавірус. А пасля мяне пачаў хварэць Коля, пасля – дзеці, і я яшчэ на месяц вывалілася.

Напрыканцы кастрычніка я ўсё ж трапіла да мамолага, таксама ў прыватным медцэнтры. Ён сказаў: «Падобна, што пухліна дабраякасная». Магчыма, суцяшаў мяне так? А пасля адразу, на месцы, зрабіў пункцыю, але перад гэтым запытаўся: «Будзем рабіць, ці не?»

І я зараз часта думаю пра тое, а што, калі б я тады сказала: «Не, не будзем рабіць?» Напрыклад, пашкадавала б грошы, бо пункцыя – дадатковыя траты.

Калі б пухліна была дабраякаснай, я б проста забрала вынікі ў медцэнтры праз тыдзень, і пасля, у анкалогіі, мне б выразалі фібраадэному. Гэта звычайная пухліна, даволі пашыраная з’ява. Але мне патэлефанавалі праз тры дні: «Прыйдзіце, паразмаўляйце з лекарам». Вядома, я напрузілася.

Тое, што ў мяне рак, мне не сказалі. Адзначылі толькі, што ўсё дрэнна, і далі накіраванне ў анкалогію. Каб мяне паставілі на ўлік і пачалі лекаваць.

З гэтага моманту пачалася мая актыўная разумовая дзейнасць адносна анкалогіі. Таму што талковай інфармацыі пра яе ну вельмі мала, усе расказваюць рознае. Я вырашыла, што буду шмат разважаць, размаўляць з людзьмі, якія таксама хворыя на рак, бо спецыялісты не спяшаюцца нешта канкрэтна казаць. Адзіныя сігналы, што я заўважыла на накіраванні, гэта надпіс аловачкам «ТЭРМІНОВА!» і запіс пра тое, што знойдзеныя нейкія там клеткі. Я загугліла, і ўбачыла – гэта рак.

Таму, калі я прыйшла ў рэгістратуру анкалогіі, ужо ведала, што са мной.

Лекар агледзеў мяне і запытаўся: «Вам ужо казалі, што з вамі?» Адказваю: «Не, але здагадваюся». І ён пацвердзіў: «Так, у вас рак. Настройвайцеся на тое, што мы вас будзем доўга лекаваць. На хіміятэрапію, і на прамянёвую».

 

Як у выніку цябе лекавалі, што давялося перажыць?

Да аперацыі было яшчэ шмат разнастайных прызначэнняў, аналізаў, абследаванняў. Я праходзіла МРТ, КТ, усемагчымыя УЗІ – каб выключыць метастазы, бо яны не менш небяспечныя за саму пухліну. І гэтыя ракавыя клеткі могуць знаходзіцца, дзе заўгодна – у костках, у крыві, у пячонцы… Дарэчы, КТ мне рабілі з кантрастнымі рэчывамі, і пасля суткі мне нельга было кантактаваць нават з сям’ёй, мы з мужам разышліся па розных пакоях, а дзяцей аддалі нашым бацькам.

І гэта адбываецца так: ты праходзіш усе гэтыя абследаванні, але ніхто нічога не кажа: «Усё ў вашага лекара даведаецеся». А хто гэта – невядома, бо дыягназ паставіў мамолаг, накіраванні дае гінеколаг… Але мне пашчасціла з гінеколагам, бо яна знаходзіла час на мяне, каб усё патлумачыць. Калі б не яна – я б звар’яцела. Не ведаю, як гэта ўсё адбываецца ў іншых, каму даводзіцца так шмат абследаванняў прайсці, і толькі ў фінале даведацца, што да чаго.

Жыць у няведанні вельмі страшна! Напрыклад, у мяне пасля кавіду быў кашаль, і я пачала пераймацца, што гэта метастазы ў лёгкіх.

Таму менавіта гэты перыяд, цягам месяца, быў для мяне самым страшным. Бо табе хочацца як мага хутчэй ведаць – які гэта тып, від раку? Бо ён розны і ва ўсіх па-рознаму выяўляецца.

Гісталогія паказала, што ў мяне другая стадыя, а яна пачынаецца адразу з аперацыі. Што метастазаў няма. І мяне адразу адпусціла. Бо той увесь перыяд невядомасці мы часта плакалі. Калі паробіш усе справы, і галава не занятая, адразу накатваюць жахлівыя думкі. І ты не можаш спаць ад іх.

Я кожны вечар клалася спаць з шчырым пакаяннем, бо баялася, што не прачнуся раніцай. А раніцай – так жа, з удзячным сэрцам расплюшчвала вочы і дзякавала Богу, што жыву і магу нешта зрабіць для мужа, для дзяцей, яшчэ некага. Гэта быў месяц пераасэнсавання сваіх звычак і дзеянняў.

Далей я ўжо трапіла да хірурга, ён мяне паглядзеў і прызначыў дату аперацыі. Я зноў здала пэўныя аналізы, купіла пасляаперацыйныя гарсэты ў Мінску ў спецыялізаванай краме.

Мне зрабілі аперацыю, я ляжала ў палаце адна. І не магла зразумець нават, за якія заслугі мне так пашчасціла. Але пачала ўсведамляць, што гэта Бог так клапаціцца, бо здаецца – усё страшна, усё складана, але кожны раз ён дае дапамогу, дае падушачку, каб было мякчэй. І гэтая палата таксама стала для мяне суцяшэннем пасля наркозу – а мне яго рабілі праз дыхніцу, і сама аперацыя доўжылася восем гадзінаў замест абяцаных трох. Увесь гэты час мая мама месца сабе не знаходзіла ў калідоры. Коля ў гэты час быў дома з дзецьмі.

Адной мне было добра ў палаце, да мяне прыязджаў Коля, даглядаў за мной, бо ў мяне ўсё жахліва балела. Я не магла ляжаць, дыхаць, мне не хапала паветра. Я рада, што акрамя мужа ніхто гэта не бачыў.

Тады ў мяне яшчэ былі валасы, і Коля мяне расчэсваў, карміў, апранаў, мыў, варочаў мяне, клікаў медсёстраў, каб абязболілі…

А ў час аперацыі ў мяне падпахай знайшлі метастазы, і паставілі трэцюю стадыю. Гэта называецца «люмінальны А, гарманальны, гармоназалежны рак». Таму прынялі рашэнне яшчэ рабіць хіміятэрапію і прамянёвую.

Пасля аперацыі ў мяне не рухалася рука. Калі адышла ў рэанімацыі, не магла зразумець, чаму? Лекар потым патлумачыў, што мне выразалі 15 заражаных лімфавузлоў і разам з імі прылеглыя нервовыя канчаткі…

Давалі 50 працэнтаў, што рука адновіцца. Я пайшла ў паліклініку да рэабілітолага, займацца, выцягвала руку. Напружваць яе нельга было. І нібыта справы па хаце гэтай рукой таксама нельга было рабіць. Чайнік набраць, паставіць, парашок падняць, насыпаць у пральную машынку. Здаецца, дробязі, але я так дома плакала часта… Як так я стала інвалідам?! Але з іншага боку, што, нічога не рабіць зусім? Ляжаць і бічавацца? Паціху раблю ўсё, як звычайна.

Дзякуй майму «асабістаму трэнеру», Святлане. У паліклініцы, у трэнажорнай зале, яна знаходзіла час і падыход для ўсіх. Праз месяц я ўжо рукой круціла на ўсе 360 градусаў без намаганняў і болю. А калі залу зачынілі праз кавід, яна параіла мне купіць турнік, гумовую стужку і мы кожнае практыкаванне для мяне запісалі на відэа, каб я яшчэ займалася дома. У выніку, я – звычайны чалавек (усміхаецца). Але правую руку па-ранейшаму напружваць нельга. Таму што можа развіцца ацёк – лімфедэма.

Групу інваліднасці мне далі другую непрацоўную, на два гады. Але тым не менш, вядома ж, я не ляжу днямі дома, а займаюся дзецьмі, домам, блогам і мужам. Таму што ў Колі панічныя атакі, яму даводзіцца лячыцца паралельна ў псіханеўралагічным дыспансеры амаль штодня.

 

 

Раскажы, што гэта такое, і як адчуваецца фізічна? Гэта моташнасць, гэта боль? Памятаю, ты пісала, што спатрэбіліся нейкія спецыяльныя лекі, якіх не было ў Бабруйску.

Мне прызначылі чатыры курсы «чырвонай» тэрапіі з канкрэтнымі двума прэпаратамі. Гэта кропельніцы. Першы раз я клалася ў палату, і там ужо была з дзяўчатамі – і гэта быў асаблівы, цікавы час.

Пасля першай хіміі мне было так блага! Мяне папярэджвалі, што будзе моташна, трэба запасціся скрылікамі лімонаў з маразілкі, і заядаць імі моташнасць. Ці нешта цытрусавае.

«Чырвоная» хіміятэрапія лічыцца самай жорсткай, робіцца больш моцнымі прэпаратамі, і яны ўдарылі па ўсім маім арганізме. Напэўна, гадзіны праз паўтары я «паляцела». Прыехала дахаты і адчуваю, што мне моташна, я з’ела пару мандарынак, але мяне пачало так накрываць! Калі б проста было моташна, гэта было б адно, але гэта іншы ўзровень. Я рэальна адчула, якой каламутнай робіцца свядомасць. І спаць хочацца – і не спіш, і паветра не хапае, і не разумееш, што вакол адбываецца. Мне ўвесь час хацелася, каб стала больш прахалодна ў пакоі. Ёсць думка, што мяне накрыла панічная атака, бо арганізм так прыфігеў ад прэпаратаў.

Калі мяне ўжо другі-трэці раз «капалі» амбулаторна, у кабінеце, там ляжалі калегі па няшчасці, якім было прама ў працэсе хіміі кепска. То бок, ва ўсіх розная рэакцыя.

Гэта падштурхнула мяне шукаць нейкія лекі, якія б дапамаглі справіцца з паследствамі ад хіміі і зменшыць пакуты. Пачала пісаць у інстаграм, пытаць у іншых. А ў той момант я ўжо пазнаёмілася з дзяўчатамі, якія ўсё гэта ўжо прайшлі. І мне параілі ўкалоць “Метаклапрамід” – гэта наагул супрацьванітавальны сродак, але па сутнасці ён супакойваючы. Моцны, заспакойвае ўвесь арганізм. Дзяўчына, якая мне гэта параіла, напісала, што яна з Бабруйска, і што мае лекі на руках, Коля за імі з’ездзіў.

Пасля аказалася што “Метаклапрамід” можна ўзмацніць “Дэксаметазонам”, з ім ужо стала лягчэй. Гэта гарманальны сродак. Бо проста “Метаклапрамід” мне не дапамагаў, я была без сілаў і не магла самастойна нават устаць, каб званітаваць у тазік, была «гароднінай». Больш ці менш пачала сябе адчуваць толькі на чацвёртыя суткі. А гэты час знаходзілася нібы ў іншай рэальнасці, і пры гэтым мяне ўсё раздражняла – гукі, святло. У такім стане было страшна знаходзіцца. Коля мяне адвёз у анкалогію, каб мяне пракапалі. Там я рыдала, калі мяне везлі на каталцы – ад самога ўсведамлення, што я зноў тут.

Мне было складана вяртацца назад, з гэтага цяжкага псіхалагічнага стану. Я нават руку не хацела даваць для катэтара. Бо памятала, як кепска было пасля апошняй кропельніцы. Праз мяне прагналі літры два фізраствору, і тады толькі палепшала.

І пасля, таксама праз дзяўчат, я даведалася, што ёсць такі прэпарат – “Эменд”. У нас ён не прадаецца, але ёсць у Расіі. Наш знаёмы якраз тады ехаў у місіянерскую паездку ў Тыву, і прывез лекі. На нашы грошы яны каштавалі каля 150 рублёў.

Гэты прэпарат зроблены канкрэтна для ўжывання пасля хіміятэрапіі. Ён палягчае ўсе сімптомы і прыбірае моташнасць, нібыта адключае ў галаве нейкія канальчыкі, што і дапамагае ў выніку. У пакунку тры капсулы – адна колецца за гадзіну да хіміі, і наступныя тры дні, разам з гармонам, пра што сказана ў інструкцыі.

На жаль, гэтыя лекі складана дастаць. Бо яны сапраўды паляпшаюць жыццё! Пасля другой хіміятэрапіі я вельмі баялася, што зноў давядзецца перажыць увесь гэты жах, але адчувала я сябе выдатна! Я магла хадзіць, есці, была ў свядомасці. Натуральна, усё роўна трэба больш ляжаць, каб арганізм адпачываў.

Застаюцца, канечне, усё адно нюансы – бо хімія выходзіць праз моцнае потааддзяленне, з дужа непрыемным пахам, і нават, каб сесці на канапу, трэба пад сябе нешта падаслаць, кшталту шчыльнага пледа.

Наступныя разы, калі мне рабілі хіміятэрапію, я нават адчувала сорам перад іншымі людзьмі. Бо ім так блага, а ў мяне, дзякуючы лекам, усё будзе добра. Хацелася, каб як мага больш людзей даведаліся пра такую магчымасць. Бо праблема з добрымі прэпаратамі надзвычай вострая – іх трэба шукаць, набываць за вялікія грошы. З гэтым усё складана! Але людзям трэба ўсё адно расказваць пра гэта, бо, магчыма, у некага ёсць магчымасць прывезці іх, пазычыць грошы, нават калі іх няма…

 

 

Валасы выпалі пасля першай хіміятэрапіі?

Чым больш праходзіла часу пасля першай хіміі, тым больш я здзіўлялася, што валасы не выпадаюць. Ужо вось-вось мусіла ісці на другую, як заўважыла, што карані валасоў захварэлі. Я ўвесь час іх правярала, спрабавала пацягнуць за валасінкі. Але не атрымлівалася іх выцягнуць, пры гэтым скура галавы балела моцна. І вось, у адну раніцу я прачнулася і зразумела «не баліць». А потым зразумела чаму. Валасы проста вывальваліся, следам за мной, куды б я не пайшла. Я стаяла ў прыбіральні і проста іх даставала жмутамі…

Цэлы дзень іх выцягвала, а да вечара зразумела, што немагчыма ўсё дастаць самой, бо валасы былі густыя. Трэба галіцца. Патэлефанавала тату і ён прывёз машынку для стрыжкі. Коля стрыг. Я паставіла насупраць сябе тэлефон з паскоранай здымкай. Зняла акуляры і нічога не бачыла. Потым паглядзелася ў люстэрка і не змагла стрымаць слёз. Зняла сторыз. Паказала рабятам, якія таксама перажывалі… Атрымала шмат кампліментаў (смяецца). І пачала прывыкаць да сабе новай.

Першае, што я ўсвядоміла – як жа без валасоў халодна! Нават ноччу я спала ў шапцы.

Мы паехалі ў Мінск па другі гарсэт, і там выпадкова знайшлі прыгожыя, рознакаляровыя шапачкі па прыемным кошце, па тры рублі. Я сабе ўзяла дзве. І ўжо калі прыехалі дахаты, падумала: «Было б крута такія ж дзяўчатам купіць у аддзяленні, зрабіць ім прыемна!» І так нарадзілася ідэя зрабіць анкахворым падарункі – вязаныя шапачкі. Я абмеркавала гэта з загадчыцай аддзялення хіміятэрапіі, сказала, што хачу дапамагчы.

Бо справа ж не толькі ў тым, што халодна. Гэта маральна цяжка – развітацца з валасамі. Я пакуль не бачыла нікога, хто б спакойна такое перажыў. Ведаю, што некаторыя нават у люстэрка не глядзяцца.

І нам прывезла адна з маіх падпісчыц такія шапачкі з Магілёва, 30 штук, а мы іх аплацілі. Таксама дзяўчына, якая адначасова са мной праходзіла лячэнне, і мае фларыстычную краму, сабрала для ўсіх букецікі. А пасля мне напісала ў інстаграме Алёна з царквы «Целительница», што хоча дапамагчы. І ў выніку яна з бацюшкам і ўсім прыходам зладзілі кірмаш, прадавалі прысмакі, а на атрыманую суму мы набылі кнігі – якія натхняюць, нагадваюць пра Бога. Пра жанчын, якія таксама праз нейкія цяжкасці прайшлі.

Акурат у гэтыя дні было 8-е сакавіка, і мы зрабілі дзяўчатам падарункі, заходзілі ў кожную палату. Было радасна, што ў нас атрымалася падбадзёрыць жынчын.

То бок, зноў я вырашыла пытанне з дапамогай інстаграма. Блогерства – гэта маё (смяецца)!

 

Прабач, калі пытанне надта інтымнае… Як цяпер выглядаюць твае грудзі, ці пагадзілася ты на імпланты?

Яшчэ перад аперацыяй у мяне пацікавіліся – дзве грудзі выдаляць, ці адну? Мы вырашылі дзве – і слушна зрабілі, бо ў другой, згодна з гісталогіяй, таксама пачаў развівацца рак – у смочцы. Гэта была пачатковая стадыя, але ён бы даў пра сябе ведаць у бліжэйшыя гады. Рызыка вялікая!

У мяне імпланты. Цікавы момант, можа хтосьці падумае, што калі я хрысціянка, то мусіла адмовіцца ад іх, змірыцца. Але мы разгледзелі гэта па-іншаму, бо гэта не проста «цыцкі зрабіць», а гэта эстэтычная неабходнасць. Вось калі б размова ішла проста павелічэнне, без праблем у здароўі, мой адказ быў бы – не. Да таго ж, гэта вельмі балючая працэдура.

Лекар, які ставіў імплантанты расказаў, што ў Бабруйску робяць вельмі шмат аперацый, каб павялічыць грудзі проста дзеля таго, каб большыя былі. Мяне гэта здзівіла. Бо што б людзі сабе не перараблялі, гэтым на 100% немагчыма быць задаволенымі. Колькі прыкладаў вакол… і нават я. Калі б справа была толькі ў цыцках, не пайшла б іх перарабляць. Але… Дзякуй за тое, што ёсць.

Мне хацелася толькі вярнуць маю форму, не больш. Каб было так, як было раней.

У грудзі, дзе быў рак, не толькі імплант, там кавалак мышцы з спіны, кавалак тлушча з жывата і сетка за 170 рублёў, якая ўсё гэта трымае. Таму яна больш і мякчэй. Тая, дзе проста імплант – тугая, як камень.

 

 

Якія прагнозы цяпер? Трэба пастаянна правярацца ў лекараў?

Наконт прагнозаў… Пасля хіміятэрапіі я праходзіла яшчэ і прамянёвую. Гэта 25 сеансаў, штодня, акрамя выходных.

Спачатку мяне адправілі на разметку, дзе ставілі крыжыкі – у іх пасля «цэляць» промнямі, каб кропкава накіроўваць іх у пэўныя месцы. Па адчуванні – нічога, ты проста ляжыш у вялізным памяшканні, і ўсё. Але праз тыдзень-паўтара я пачала адчуваць, што ў мяне баліць горла. Пасля гэты боль нібыта дайшоў да стрававода, і цяпер мне цяжка есці і піць. Не магу есці нават кашкі-пюрэшкі. Але раз у дзень, праз слёзы, прымушаю сябе паесці. Таму што не есці – нельга. Я моцна схуднела. І нават вада мне зусім не ідзе, п’ю толькі малако. Бо вельмі балюча, нібыта ўнутры мяне ўсё гарыць.

І ў мяне з’явіўся новы страх – што з кожнай працэдурай будзе горш. Але на днях я ўжо ўсё прайшла, быў апошні сеанс. Цяпер я адносна вольны чалавек, бо, як мне сказалі, цягам месяца стане лягчэй.

Але надалей мне прызначылі гарманальную хіміятэрапію для яечнікаў. Таму што ў мяне рак гармоназалежны і наагул мне прызначалі піць таблеткі яшчэ падчас прамянёвай тэрапіі “Тамаксіфен” – у Бабруйску іх няма, але знайшлі ў Гомелі. Іх трэба піць пяць год, штодня. Па ідэі, яны перакрываюць месяцовыя, каб прыглушыць актыўнасць гармонаў. Бо менавіта яны і справакавалі рак.

Але пакуль я нейкіх пераменаў з цыклам не бачу. Таму мне трэба ці выразаць яечнікі, ці перавязаць трубы. Гэтага я рабіць пакуль не хачу, дзяўчаты мяне зразумеюць. Яечнікі – гэта не лішні орган у арганізме, як апендыцыт, напрыклад. Гэта вельмі складаны жаночы механізм, і калі яго выдаліць, будзе вельмі дрэнна. У Бараўлянах робяць лапараскапію, гэта праколы. Кажуць, аперуюць і на наступны дзень або праз дзень – выпісваюць. Але. Мне цяпер 30 гадоў. І да гэтага клімаксу мне яшчэ мінімум 10-15 гадоў. Таму пакуль я планую калоць уколы «Дыферэлін». Яны дарагія. Іх складана дастаць. Але функцыю яечнікаў яны адключаюць неяк пяшчотна. Без пабочкі. Спадзяюся! Аперацыю трэба будзе зрабіць бліжэй да клімаксу….

Гэтыя ўколы трэба рабіць раз у 21 дні, пакуль не надыдзе клімакс. У лякарні іх няма, часам бываюць, але мала, таму прасцей іх шукаць самім, адзін укол – 303 рублі. Я яго купіла, і сёння мне яго зрабілі. Пакуль адчуваю сябе нармальна.

Цяжка прагназаваць – вернецца рак, ці не. Кожныя тры месяцы ў мяне кантроль, УЗІ малочных залозаў, і таксама трэба правяраць метастазы ў падпахах – раз у паўгады.

 

У цябе яшчэ даволі малыя дзеці. Яны зразумелі, што з табой адбылося?

Мы прывыклі з дзецьмі па вечарах пра штосьці маліцца, за свае перажыванні. Таму, яшчэ калі я толькі знайшла пухліну, мы маліліся разам, і я прагаворвала ўслых, што: «Я знайшла ўнутры шарык, ён можа быць злы, а можа – не». Сказала, што магчыма, давядзецца рабіць аперацыю. І каб мы даверыліся Богу і прайшлі гэтае лячэнне, калі спатрэбіцца. Таму ў такім накірунку і рухаліся, расказвалі дзецям усё – акуратна і спакойна. Так дзеці нашмат прасцей усё ўспрымаюць.

 

 

Анкалогія – даволі «ціхая» тэма. Я ведаю цябе і літаральна яшчэ пару жанчын, якія расказваюць пра лячэнне. Як ты думаеш, чаму так?

Людзі не дзеляцца таму, што гэта балюча. Балюча чуць дыягназ, балюча з гэтым жыць. Балюча жыць з фізічным болем, а таксама з маральным, і з пытаннямі: «Гэта калі-небудзь скончыцца, ці не?»

І ты жывеш у прастрацыі, не ведаеш, што рабіць. Асабліва ў перыяд абследаванняў перад аперацыяй, калі ты нічога не разумееш і табе не кажуць, а што ж з табой адбываецца? З гэтым складана жыць.

Мая думка такая: без Бога з гэтым справіцца нельга. Напрыклад, мая апошняя размова з лекарам была настолькі кашмарная, што звычайны чалавек пайшоў бы ды засіліўся. У нас няма анкапсіхолагаў, якія адразу падхопяць чалавека, які ў шоку пасля дыягназу ці пасля кепскіх навінаў пра здароўе. З усім даводзіцца спраўляцца самастойна.

Ведаю, што ёсць людзі, якія развітваюцца з жыццём ці злуюцца на Бога ў такіх сітуацыях. Але Ён працуе і заўсёды побач з намі.

У мяне і не было нейкай асаблівай смеласці дзяліцца з іншымі сваёй гісторыяй. Проста я даўно вяду блог, і не проста дзеля лайкаў і фотачак – я паказваю сваё жыццё. І я бачу, што гэта дае плён. Людзі адкрываюцца, яны пішуць, раюцца. Што было для мяне спачатку дзіўна: «Ды хто я такая?»

Але людзі адкрываюцца, калі бачаць, што і ты адкрыты чалавек. Канечне, калі адкрываешся на вялікую публіку – чакай і крытыку і хейт, але праз усё гэта можна перакрочыць. Бо гэта не проста блог, ён пра Бога, пра сям’ю, якая з Ім разам пра ўсё праходзіць. Мы таксама баяліся, што наша вера пахіснецца, але па факце атрымалася ўсё наадварот.

Калі ты ўжо маеш духоўны вопыт, праходзіш з Богам пэўныя праблемы, далей становіцца прасцей. І ты гэтымі вачамі глядзіш штодня на ўсе сітуацыі. Таму, калі камусьці трэба падтрымка – маральная, інфармацыйная, пішыце ў мой Instagram. Я заўсёды адкрыта і дапамагу, чым магу, таму што ведаю, як гэта важна.

Важна не заставацца аднаму са сваёй хваробай.