«Гэта балюча – калі ў цябе двойчы забіраюць дом». Бабруйчанкі – пра эвакуацыю з Украіны

Адной з краінаў, дзе беларусы, якія былі вымушаныя ўцякаць ад палітычнага пераследу на радзіме, знайшлі прытулак, стала Украіна. Аднак з пачаткам вайны з’язджаць прыйшлося і адтуль. Як гэта – за кароткі час стаць двойчы ўцекачом, мы папрасілі распавесці дзвюх бабруйчанак. Кацярына (імя змененае па жаданні суразмоўцы) і Ірына Хамрэнка-Ушакова, былая журналістка газеты «Вечерний Бобруйск» жылі ў Львове, калі распачалася вайна. Цяпер абедзве ў Польшчы – у чарговы раз спрабуюць уладкаваць жыццё на новым месцы.

«Яшчэ не было 10-й гадзіны раніцы, а паўсюль стаялі вялізныя чэргі»

Львоў у пачатку вайны, 24 лютага 2022 году. Фота: асабісты архіў Кацярыны, гераіні матэрыялу

Кацярына:

– З Бабруйску я з’ехала разам з сям’ёй прыкладна паўгода таму праз небяспеку крымінальнага пераследу за маю палітычную пазіцыю. Да Львову я за гэты час паспела прызвычаіцца, успрымала яго ўжо як свой горад.

24 лютага я прачнулася к 6 гадзінам на працу. Толькі ўключыла інтэрнэт на тэлефоне, яшчэ не паспела нешта прачытаць, як мне патэлефанаваў мой кіраўнік. Я здзівілася званку ў такі ранні час, кажу яму – прывітанне. Ён у адказ – ага, ты нічога не ведаеш. Зразумеў па маім голасе і ашаламіў – пачалася вайна, Кіеў бамбяць, Расея напала, падымай мужа і думайце, што рабіць.

Мы неяк узялі сябе ў рукі, патэлефанавалі бацькам у Беларусь, сказалі, каб яны пайшлі знялі грошы з картак, купілі долары, калі ёсць на што. Потым я паехала ў краму, набыла прадуктаў, якія добра захоўваюцца без лядоўні – кансервы, крупы. На той момант мы яшчэ думалі, што застанемся ў Львове.

Яшчэ не было 10-й гадзіны раніцы, а паўсюль стаялі вялізныя чэргі – у аптэкі, крамы, на запраўкі. Амаль немагчыма было выклікаць таксі, на выезд з гораду ў пробках стаялі сотні аўтамабіляў. У крамах не засталося самых хадавых прадуктаў кшталту тушонкі.

Чарга ў аптэку, Львоў, канец лютага 2022 году. Фота: Ірына Хамрэнка-Ушакова

Мы на працягу дня глядзелі на тое, як усё развіваецца, што расейскія ракеты ляцяць не толькі па вайсковых аб’ектах, і не толькі каля мяжы, а ў тым ліку ў Івана-Франкоўск, і неяк іх не вельмі збіваюць. Чыталі ў тэлеграм-каналах, як павялічваюцца чэргі на выезд з краіны. У выніку к вечару мы вырашылі, што лепш цяпер сапраўды выехаць, а не сядзець і не чакаць, пакуль прыляціць ракета. Здавалася, мо, паедзем на пару тыдняў, на месяц, а потым можна будзе вярнуцца.

«Страхаўшчык накінуўся на мужа з крыкам «Забойца, акупант, каб ты здох!»

– У пятніцу рана ўсталі, пачалі збіраць рэчы. Памятаю, як прачнулася, ляжу – ціха, блакітнае неба за вакном, птушкі спяваюць, усё так спакойна, і здаецца – няўжо гэта ўсё рэальна і ўчора насамрэч пачалася вайна, і гэта не сон? І тут недалёка ад дому, а дом у нас параўнаўча недалёка ад аэрапорту, пралятае вайскова-транспартны самалёт – па гуку было зразумела. Ён і пераканаў – гэта не сон.

Пакуль збірала рэчы, мяне «накрывала» – я разумела, што не хачу нікуды ехаць, зноў губляць дом. Плакала. Муж у той час пайшоў рабіць страхоўку на машыну для выезду за мяжу. А я думала – мо, ён зараз прыйдзе, мы яшчэ раз пагаворым з ім і застанемся, мо, Львоў усё ж не будуць бамбіць.

Але вяртаецца муж, цяжка дыхае, валачэ нагу. Я спалохалася, пытаюся, што адбылося. Ён кажа, што страхоўкі на машыну не будзе. Распавёў, што калі ён прыйшоў у страхавы кіёск і запытаўся, ці можна зрабіць страхоўку на замежныя нумары, страхаўшчык спытаўся, на якіх нумарах машына? На беларускіх, кажа муж, дастае дакументы. Калі страхаўшчык гэта пабачыў, ён накінуўся на мужа з крыкамі «забойца, акупант, каб ты здох» і пачаў яго біць. Ударыў некалькі разоў, нагамі выштурхаў на вуліцу так, што той упаў.

Калі муж распавёў гэта, я зразумела, што для нас у Львове цяпер акрамя небяспекі вайны з’явілася яшчэ адна небяспека – нас пачалі ненавідзець за тое, што мы беларусы. Хоць мы ніколі гэтую ўладу, якая дала беларускую тэрыторыю для нападу на Украіну, не падтрымлівалі. Я разумела, што нас могуць збіць, разбіць нам машыну, што нам не застаецца месца ў гэтай краіне, нас бачыць там не хочуць.

Акрамя таго, беларусам заблакавалі карткі ўкраінскіх банкаў, і не стала магчымасці атрымліваць заробак. Таму выбару ў нас не заставалася.

«13 кіламетраў да мяжы ехалі трое содняў»

– Мы сабраліся, загрузілі ў машыну прадукты, якія я купляла, каб перасядзець вайну – я разумела, што ў чарзе мы правядзем не менш за содні. У выніку прастаялі трое содняў. Столькі мы праязджалі 13 кіламетраў да мяжы. Першыя двое содняў мы ўвогуле амаль стаялі ўвесь час, па два кіламетры за содні праязджалі.

Чарга на выезд з Украіны. Фота: асабісты архіў Кацярыны, гераіні матэрыялу

Нам пашчасціла, што мы былі ў цёплай машыне, бо шмат людзей ішлі пешшу, а было вельмі халодна, ноччу мароз -6.

На мяжы ўкраінская мытніца, калі правярала дакументы, раптам запыталася – ну што, браты-беларусы, нападаеце на нас? Я тлумачыла, што нападаем не мы, а Лукашэнка, і што мы ніколі яго не падтрымлівалі, таму мы і ва Украіне.

Чарга на выездзе з Украіны. Фота: Ірына Хамрэнка-Ушакова

У Польшчу ўпусцілі без праблем. У нас былі гуманітарныя візы, але і без візаў усіх пускалі.

Спачатку мы паехалі ў Гданьск, бо там былі знаёмыя. Прабылі там пару тыдняў, спрабавалі знайсці жытло. Але туды шмат уцекачоў ехалі, і кошты вельмі выраслі – усе кватэры разляталіся імгненна. А ў нас яшчэ і сабака. Тады мы сабраліся і паехалі ў Беласток.

У Беласток уцекачы едуць менш, жытло тут таннейшае. Кватэру мы знайшлі за пару дзён. Акрамя таго, з боку мясцовых нашмат менш негатыву да беларусаў. У Гданьску, напрыклад, калі мы глядзелі першую кватэру, агент сказаў, што гаспадары не хочуць здаваць беларусам і расейцам. Іх не хвалявала нічога, толькі беларускі пашпарт. І я не аднойчы потым у абвестках бачыла, што здаем толькі палякам, не замежнікам. Таксама ў знаёмых былі выпадкі, што ім білі машыны з беларускімі нумарамі, былі канфлікты на дарогах.

«Другі раз пераезд перажыць прасцей»

– У мяне разрывалася сэрца ад таго, што я мушу з’язджаць другі раз з месца, якое мне стала домам. Апошні месяц у Львове я заўважыла, што стала адчуваць гэты горад больш сваім, прымірылася з тым, што ён будзе маім домам, пакуль я змагу вярнуцца ў Беларусь. І як раз калі я гэта адчула, аказалася, што гэта зноў не мой дом, што я мушу яго кінуць так, як крыху больш за паўгода я была вымушана кінуць дом у Беларусі.

Калі я ў Гданьску першы раз выйшлі выгуляць сабаку і ўключыла музыку, запусціўся «Акіян Эльзы». Я разраўлася проста на вуліцы, мне было невыносна балюча гэта чуць. Хацелася проста выць – так моцна я хацела вярнуцца ва Украіну.

Гданьск. Фота: асабісты архіў Кацярыны, гераіні матэрыялу

Гданьск. Фота: асабісты архіў Кацярыны, гераіні матэрыялу

Я супакойвала сябе тым, што я ў бяспецы, у мяне будзе нармальнае жыццё, і ўвогуле мае праблемы на фоне таго, што людзі засталіся без дамоў, а некаторыя і загінулі, не такія страшныя, і я дакладна змагу з імі даць рады. Праз пару тыдняў стала лепш – аказалася, што другі раз перажываць пераезд прасцей.

Яшчэ лягчэй стала ў Беластоку. Аказалася, што ён вельмі падобны на беларускія гарады – нібы сумесь Горадні, Магілёва, Гомля. Тут прырода абсалютна беларуская.

Беласток. Фота: асабісты архіў Кацярыны, гераіні матэрыялу

Вяртанне ў Львоў у бліжэйшай перспектыве я не разглядаю, бо зразумела, што гэтая вайна расцягнецца на невядома колькі, і наўрад ці ў бліжэйшы час там можна будзе адчуваць сябе ў бяспецы. Таксама думаю, што непрыязнасць з боку ўкраінцаў будзе і нават калі вайна скончыцца.

Калі можна будзе вярнуцца да дому, таксама не ўяўляю. Усё, што я магу цяпер рабіць – жыць сённяшнім днём, рабіць нешта карыснае для Беларусі, і спадзявацца, што аднойчы мы ўсе вернемся.

«Нам тэлефанавалі з Беларусі і распавядалі, што пачалася вайна»

Ірына Хамрэнка-Ушакова:

– Я добра запомніла ноч з 23 на 24 лютага. Да гэтага, хоць і было шмат размоваў, але сур’ёзна ніхто не думаў пра вайну, а тут ноччу нам сталі тэлефанаваць сябры з Беларусі. З 4 да 6 гадзіны раніцы нам патэлефанавалі разоў 5-7, каб распавесці, што пачалася вайна.

Чарга ў аптэку ў Львове, канец лютага 2022 году. Фота: Ірына Хамрэнка-Ушакова

Чарга ў аптэку ў Львове, канец лютага 2022 году. Фота: Ірына Хамрэнка-Ушакова

Мы з мужам былі ў Львове, і я разумела, што ў гэтым нам вельмі пашчасціла, што мы не ў Кіеве. Было даволі спакойна, толькі вылі сірэны. З’язджаць мы вырашылі недзе на 3 дзень вайны, бо баяліся, што Львоў таксама пачнуць бамбаваць. Ды і ў горадзе ўжо была моцна паніка – паўсюль стаялі чэргі, нешта купіць стала немагчыма.

Яшчэ адным нашым вялікім шчасцем была машына. Невыносна было бачыць, як людзі соднямі ішлі пешшу да мяжы на марозе, не ўяўляю сабе іхныя пакуты.

Чарга на выезд з Украіны. Фота: Ірына Хамрэнка-Ушакова

Мы правялі ў чарзе трое содняў. Сутыкнуліся з канфліктам з-за беларускіх нумароў. Мы ненаўмысна некага абагналі. І тады з той машыны выскачыў мужчына, стаў крычаць на нас, што з нашымі нумарамі трэба ўвогуле быць вельмі асцярожнымі, бо можна і атрымаць.

Потым украінскія памежнікі выказалі, маўляў, з вашай зямлі нас бамбяць.

На мяжы было шмат народу – ужо стаялі намёты для ўцекачоў, дзяжурылі валанцёры. Валанцёры таксама гатавалі ежу і разносілі яе тым, хто стаяў у чарзе. Бо ні на запраўках, ні ў крамах ужо не было нічога. Мы з сабой узялі ежу, якой паспелі загадзя закупіцца.

Абвестка на запраўцы ў Львове. Фота: Ірына Хамрэнка-Ушакова

З намі да мяжы ехаў яшчэ адзін бабруйчанін, але напаўдарозе ён развярнуўся і паехаў назад у Львоў – зразумеў, што не можа з’ехаць, бо так будзе адчуваць сябе здраднікам. Цяпер ён у Львове пасяліў у сябе ўцекачоў з Кіева, дапамагае ім, валанцёрыць.

«Беласток – як Бабруйск, калі б яго не псавала нашая савецкая ўлада»

– У Польшчы першы час было цяжкавата, бо ў першы ж дзень, як толькі мы прыехалі, мужа выклікалі ў рэйс – ён кіроўца. Я засталася адна – у невядомай краіне, з незнаёмай мовай. Але праз два тыдні на моры ў Гданьску я крыху супакоілася. Падключылася да дапамогі ўцекачам – хадзіла сартаваць гуманітарную дапамогу. Была здзіўлена даведацца, што каардынуе дапамогу там таксама бабручанін.

Гданьск. Фота: асабісты архіў Кацярыны, гераіні матэрыялу

У Польшчы вельмі моцна падтрымліваюць Украіну. Тут паўсюль украінскія сцягі, у кожным горадзе інфармацыйны цэнтры для ўкраінцаў, паўсюль ёсць магчымасць заданаціць грошы. Вельмі адчуваецца салідарнасць.

У Сопаце на моры мне спадабалася жыць, але кошты на жытло вельмі высокія – каля 400 еўра за аднапакаёвую кватэру. Тамы вырашылі з мужам, што лепш ехаць у таннейшы Беласток. Тым больш, там вялікая журналісцкая суполка, ёсць каворкінг для журналістаў.

Беласток падобны на Бабруйск, якім ён мог бы быць, калі б нашая савецкая ўлада не псавала яго. Вельмі ўтульны. Тут нашмат прасцей адаптавацца, бо зусім па-свойску сябе адчуваеш. Негатыву да беларусаў я тут не сустрэла.

Вельмі складана – быць двойчы ўцякачкай, балюча, калі ў цябе двойчы забралі дом. Я цяпер увогуле нікуды не хачу ехаць. Пакуль прыехала ў Беласток, змяніла 7 кватэраў. Таму для мяне цяпер балюча ўжо проста рэчы збіраць. Хочацца нарэшце недзе асесці і замацавацца.

Вельмі сумую па Львове. Не магу сказаць, што ён для мяне як другая радзіма, але я вельмі да яго прывязалася. Думаю, што калі ва Украіне ўсё супакоіцца, а ў Беларусі яшчэ будзе захоўвацца дыктатура, то я вярнуся ў Львоў. Хоць найбольш хочацца дамоў, канешне. Часам так хачу паехаць, што даводзіцца нагадваць самой сабе, што цяпер вярнуцца нельга.

Калі я з’язджала, то ўгаворвала сябе – гэта на паўгода, на год. Цяпер разумею, што не, напэўна, будзе нашмат даўжэй. Але калі-небудзь абавязкова вернемся.