«Гэтыя рэчы з памерлых здымаюць». Бабруйцы расказваюць пра сваё стаўленне да сэканд-хэндаў

Паразмаўлялі на гэтую тэму з дызайнеркай, тыктокерам, супрацоўніцай бабруйскага сэканд-хэнда і аўтарам роліка пра сэканды.

 

Фота: anna_pro_foto

Дар’я Тараховіч, дызайнерка 

– Не магу сказаць, што я аматарка сэкандаў, і пастаянна нешта там набываю. Але я люблю гэтую тэму, і хаджу туды ці то з пэўнай мэтай, каб нешта знайсці, ці пад настрой. Калі хочацца натхніцца ці знайсці рэч, якой дакладна ні ў кога не будзе ў Бабруйску. І я буду ўпэўненая, што тканіна і сама рэч класнай якасці.

Гляджу, як адзенне пашытае, якія ў ім цікавыя элементы. І наагул у сэканды можна ісці толькі дзеля тканіны, бо яна цяпер вельмі дарагая. Ці для падкладкі, ці для элемента дэкора бывае штосьці патрэбна – а там можна знайсці.

У плане выбару куртак-паліто я апошнім часам у нашых сэкандах расчаравалася. Здараецца так, што рэчы прапануюць не ў вельмі добрым стане, а кошты на іх будзь здароў! Таму, апошнім часам, на вопратку я не вельмі звяртаю ўвагу. Выключэнне – спартовыя курткі, гарналыжныя, вятроўкі – гэтыя рэчы мне падабаюцца.

Дзіцячыя рэчы даволі часта гляджу ў сэкандах. Штопраўда, рэдка нешта добрае і цікавае трапляецца, але калі знаходжу – бяру адразу. Таму што тыя ж футболкі добрай якасці, з добрай тканіны. Яны доўга носяцца і захоўваюць колер, нягледзячы на тое, што гэта сэканд.

Для сябе гляджу звычайна штаны, джынсы – іх якасць заўсёды задавальняе.

Раней я таксама мела прымхі наконт сэкандаў, маўляў, людзі розныя, ва ўсіх розная энергетыка, і рэчы яе захоўваюць. Не хацелася з чужога пляча нешта насіць. Але пасля я сваё меркаванне змяніла, і цяпер думаю так: калі рэч «твая» – нічога негатыўнага ты ад яе мець не будзеш. Кіруюся ўнутранымі адчуваннямі – маё ці не маё. І калі маё – з энергетыкай таксама ўсё будзе выдатна!

Але абутак не бяру ў сэкандах. Напэўна, паўплывала мая цётка, якая з дзяцінства даводзіла, што чужы абутак насіць негігіенічна і нават небяспечна для здароўя, бо можа быць той жа грыбок. І гэта адклалася ў галаве.

У асноўным я бяру сукенкі, блузкі – летнія рэчы, і зноў жа – праз тканіну. Бо не магу знайсці альтэрнатыву якасці. У крамах мне часта не падабаецца не толькі тканіна, але і фасоны мадэляў. Таму нічога кепскага ў сэкандах я не бачу – наадварот, гэта класна, што яны ў нас ёсць. Дарэчы, сяброўка, якая жыве цяпер у Польшчы, расказвала, што выбар у тамтэйшых сэкандах ёй не падабаецца. З яе словаў, тут быў лепшы.

Больш пра Дашу чытай тут

 

Фота: асабісты ахіў Мікіты

Мікіта Бялевіч, тыктокер

– Памятаю, бабуля мне казала: «Як так, ты ў сэкандзе адзенне набываеш! Ты ж не ведаеш, хто гэта насіў. Гэтыя рэчы з памерлых здымаюць». Таксама чуў меркаванне, што сэканды для бедных, і там толькі бяздомныя закупаюцца. А нармальныя людзі ходзяць па адзенне ў крамы.

Я ж лічу, што сэканды – наша золата, і я шчаслівы, што яны сталі такімі папулярнымі. Ёсць два вялікія плюсы.

 

Першы – бо чалавецтва і так вырабляе больш адзення, чым трэба. Можна ўжо спыніць усе фабрыкі і проста мяняцца рэчамі. Вялікая частка з гатовага адзення, што не прадалося, пасля ці гніе ў зямлі, ці яго спальваюць. Альбо яно купленае, але ў шафе ў некага пакрываецца пылам.

Другі момант – крута, што ты ў сэкандзе можаш закупіцца таннымі, але класнымі рэчамі. І стварыць стылёвы вобраз без вялікай сумы грошай. Мне падаецца, калі сэканды сталі больш папулярнымі, на вуліцы зʼявілася больш цікава апранутых людзей.

 

Ілюстрацыйнае фота: 1387.io

– Так, я згодны з тым, што беларускія сэканды былі крутыя наконт выбару. Цяпер я жыву ў Літве, і мясцовая «Humana» таксама – золата!

Больш пра Мікіту чытай тут

 

На фота – прыклад таго, як можна зэканоміць на дзіцячым адзенні. Усе рэчы былі набытыя ў літоўскім сэкандзе: майка з кароткім рукавом – 75 цэнтаў, шорты – 55 цэнтаў, майка з доўгім рукавом 1,40 еўра. Новы камплект майка+шорты каштуе каля 30 еўра. 

 

Стэрэатып пра тое, што ў сэканд-хэндах апранаюцца толькі незаможныя людзі, для нас пракаментавала супрацоўніца аднаго з вялікіх мясцовых сэкандаў:

–У нашым сэкандзе апранаюцца людзі з сярэднім дабрабытам і вышэй за сярэдні. Часам пані на такіх машынах шыкоўных прыязджаюць, толькі здзіўляешся! Людзі, якія адпачываюць у бабруйскіх санаторыях, нават замежнікі, ці бабруйцы, што працуюць за мяжой – таксама завітваюць. Бо выбар добры і цэны прыемныя.

У прывозах бываюць не толькі ношаныя, але і абсалютна новыя рэчы – і на такія шмат ахвотных. Я і сама апранаюся ў нашай краме, і мае сяброўкі таксама. Бо тут на любыя мерапрыемствы, святы, вечарынкі – можна знайсці прыгожае адзенне.

Дарэчы, сваёй дачушцы я з дзяцінства набываю рэчы ў сэкандах, і яна ў мяне заўсёды самая стылёвая і прыгожая.

 

Ілюстрацыйнае фота: 1387.io

Нядаўна бабруйскі блогер VALIDOL апублікаваў відэа «Сэконд-хэнд мусорка, вся правда откуда там вещи. Second hand – как работают и где берут товар». Негледзячы на назву, якая можа напалохаць, размова ідзе не пра сметніцы, а спецыяльныя вулічныя кантэйнеры для адзення, якія ёсць, напэўна, у кожнай краіне Еўропы. Яны прызначаныя для рэчаў, якія вам ужо надакучылі, але могуць спатрэбіцца іншым. Частка з іх ідзе на дабрачынныя мэты, а частка – у сэканд-хэнды. У відэа аўтар паказвае англійскія сэканды – у якіх мясцовыя жыхары набываюць адзенне, мэблю, посуд ды іншыя рэчы. Гэта не лічыцца “ганебным”, а наадварот – карысным для экалогіі. Грошы ідуць на дабрачыннасць. У Мінску, дарэчы, ёсць аналагічны праект – KaliLaska.

 

 

– Я за ўсвядомленае спажыванне, – тлумачыць VALIDOL. – Я адналюб, магу адны шорты насіць 10 гадоў. Я зараз у UK, тут у крамах новае адзенне танней, чым у беларускіх сэкандах. І ў нашых сэкандах малы выбар мужчынскага адзення, няма з чаго выбраць. Жонка і сябры любяць сэканды, і гэта іх права. А што тычыцца відэа, у мяне ёсць сяброўка, яна трымала сэканды ў Беларусі. Яна мне ўсю схему і распавяла.