Хочаш вывучаць беларускую мову гуляючы? Глядзі, якія настолкі робіць бабруйская настаўніца

Усе фота: 1387.io 

Як усё пачалося?

Ідэя рабіць дыдактычныя гульні для школьнікаў наведала Людмілу ў часы, калі яна працавала ў Цэнтры дзіцячай творчасці. Там бабруйчанка была намесніцай дырэктара па выхаваўчай працы, і займалася праектам беларускамоўнай змены летніка для сотні дзяцей. А калі яна пайшла настаўнічаць у школе, паўстала пытанне – як заматываваць васьмікласнікаў з цікавасцю наведваць шосты навучальны дзень. Людміла прапанавала ім ствараць гульні для малодшых. Формы настаўніца прапаноўвала сама, а яе вучні падбіралі лексічны матэрыял.

Так бабруйчанка пачала ствараць настолкі – як для малодшага, так і для дарослага школьнага ўзросту. Многія словы ці пытанні яна спярша тэстуе праз свой інстаграм, а пасля дадае ў гульні.

 

 

Тэматыка гульняў

Аднымі з першых гульняў былі лато для малодшага ўзросту, трохкутнікі з сінонімамі і антонімамі для старэйшых класаў (па іх добра рыхтавацца да алімпіядаў), рэбусы. З апошніх – «Праўда і хлусня» на экалагічную тэму, «Пчолка Леля» для самых маленькіх (дапамагае вывучыць новыя словы), настолка-хадзілка «У пошуках скарбаў», моўнае даміно, «Калейдаскоп» антонімы, «Калейдаскоп» літаратура, ды іншыя.

Цяпер у скарбонцы настаўніцы 12 гульняў, і тры на падыходзе.

–Адна гульня ўжо год ляжыць, ніяк не дашліфую пытанні. Абкатваю на дзецях, а яны іх не бяруць. Трэба спрашчаць. Але гэта будзе гульня жыцця, – смяецца Людміла Крылова. – Дапамагаюць вучні ды інстаграм. Там я кожны дзень выкладаю пытанні з гульняў, якія раблю, такім чынам іх абкатваю. Ідэю гульні «Незнаёмцы» год таму прапанавала мінчанка, напісала, а пасля мы стэлефанаваліся. Для гэтай настолкі я год падбірала цікавыя словы. Амаль усё ствараецца летам, бо маю больш вольнага часу для афармлення гульні ў «смачнае адзенне».

 

 

Як прыдбаць настолку ад Людмілы

Свае настолкі Людміла друкуе ў Мінску, па 30 асобнікаў. Пакуль яна не знайшла замоўцаў, зацікаўленых у вырабе больш вялікіх накладаў. Але ў мінулым годзе на друк 100 асобнікаў ахвяраваў сталічны прадпрымальнік. «Гэта быў прыемны шок, – узгадвае бабруйчанка. – Ён проста напісаў: «Хачу дапамагчы». І цяпер, калі мяне запрашаюць з аўтарскімі майстар-класамі «Вучым мову гуляючы, або лайфхакі для цікавага навучання», маю магчымасць рабіць удзельнікам падарункі. Бо мне падарылі – і я дару. Звярталася ў часопісы, але адзінае, што яны могуць прапанаваць – каляровы ўкладыш.

Таму ў асноўным раблю сваімі сіламі, на ўласныя грошы. І дзякуй настаўнікам, якія цікавяцца настолкамі, дасылаю ім. Наагул у мяне няма мэты на гэтым зарабіць. Жадаю падарыць магчымасці вучыць мову цікава!

 

На фота: Таксама Людміла робіць закладкі для кніг, з іх дапамогай можна ўдасканальваць свае веды. 

 

 

Зацікавілі настолкі Людмілы Крыловай? Пішы ў яе інстаграм. Там жа можна ўбачыць усе гульні і нават паўдзельнічаць у стварэнні новых.