«Я за эстэтыку, бо паважаю жанчын». Паразмаўлялі з Наташай Рымашэўскай, фатографкай з Бабруйска
Наша суразмоўца Наташа Рымашэўская нарадзілася ў Бабруйску і «амаль усё жыццё тут пражыла». Шэсць год вучылася ў Віцебску на ветэрынара, два гады была на адпрацоўцы ў Мінску, а пасля вярнулася. Прысвяціла спецыяльнасці амаль пяць год, а мінулай восенню вырашыла цалкам паглыбіцца ў фатаграфаванне. Яе сэты вылучае пачуццёвасць і пяшчота. Нават проста разглядаючы іх, разумееш – па абодва бакі аб’ектыва адбывалася пэўная магія, давер. Таму прапануем вам не толькі чытаць думкі Наташы, але і з асалодай разглядаць фота яе аўтарства.
Пра ветэрынарыю
– Гэта было і цяжка і цікава адначасова. Мне падабалася праца, не думаю, што я памылілася з выбарам прафесіі, але адчула, што прыйшло выгаранне. Канкрэтнай прычыны звольніцца не было, здаецца, усё было нармальна, проста назапасілася стомленасць.
У мяне, дарэчы, ёсць асобны, ветэрынарны інстаграм. Таксама час ад часу я дапамагала пісаць артыкулы пра жывёл «Вечернему Бобруйску», у іх ёсць спецрубрыка «Питомцы».
Са мной дагэтуль кансультуюцца наконт гадаванцаў – сваякі, сябры, знаёмыя, і я не думаю, што колісь гэта скончыцца. Засталіся пастаянныя пацыенты, я ведаю ўсю іх гісторыю, і гаспадарам прасцей звярнуцца да мяне, чым ісці да новага лекара. Ці напружвае гэта мяне? Не! Гэта не ў тым аб’ёме, як было на працы, таму я ўспрымаю сітуацыю, якая склалася, нармальна.
Але з мінулай восені я стала займаюся толькі фота, здаецца – гэта маё.
Дарэчы, маю вопыт фатаграфавання жывёл. Гэта былі партрэты чалавек+гадаванец, і проста жывёлкі – коткі, сабакі. Натуральна, сам працэс адрозніваецца, бо яны не будуць глядзець у камеру, пазаваць. Трэба наладзіць кантакт і працаваць на хуткасць. І тут акурат мне дапамагае прафесія ветэрынара.
Пра фотасправу
– Фатаграфую яшчэ са студэнцкіх часоў, з апошніх курсаў універа. Але, вядома, пачынала як аматарка. Прычына, чаму я зацікавілася гэтым рамяством, была зусім не арыгінальнай. Мне патрэбныя былі грошы. Я вучылася на дзённым, і пайсці на працу з графікам, які перашкаджаў бы навучанню, не магла. У той час фотасправа набывала моц, рабілася моднай, даступнай, не было праблем набыць камеру. У мяне былі сябры-фатографы, я ім час ад часу дапамагала, таму мінімальныя веды меліся.
Пазычыла ў сябра камеру і пачала падпрацоўваць… А з таго часу ўжо нават шмат сваіх памяняла!
Толькі апошнія два гады я займаюся фота прафесійна. І ў гэтым накірунку мяне пачалі ведаць больш, чым ветэрынара.
Пра стаўленне да працы і мадэляў
– Такой шалёнай колькасці фатографаў, як некалькі год таму, ужо няма. Але нас даволі многа ў Бабруйску.
Кліенты знаходзяць, у асноўным, праз Instagram. Хутчэй за ўсё адбываецца так: убачылі мае фота ў некага на старонцы, спадабалася – перайшлі на маю. Вядома, калі людзі прыйшлі да мяне, значыць ім пасуе мой падыход і стыль.
Думаю, цягам апошняга года я наблізілася да ўсведамлення: я маю свой стыль. Былі гады пошукаў, але зараз, здаецца, я намацала сваё, па чым можна пазнаць мае працы. Па колерах, напрыклад.
Падчас фотасэту я размаўляю з мадэлямі, каб яны адчулі сябе камфортна, бо я даволі лёгкая ў камунікацыі. Не магу ўзгадаць, каб была нейкая напружанасць падчас працы. Хіба што мужчынам, якія прыходзяць на сямейныя ці рамантычныя фотасэты, бывае цяжкавата, яны звычайна сціплыя, саромеюцца.
Пра эстэтыку
– Я не ўгаворваю кліентаў на штосьці, што можа быць для іх дыскамфортным. Калі бачу, што адгукаецца чалавеку, можна крышку падштурхнуць яго. А што наконт таго, каб распрануцца… Не ведаю, як гэта працуе, але ў мяне дзяўчаты любяць распранацца. Давер ёсць.
Звычайна ідэю мы распрацоўваем сумесна з кліентамі яшчэ да таго, як яны прыйшлі на фотасэт. Але часам узнікае неабходнасць уносіць карэктывы ўжо падчас працы. Напрыклад, людзі хочуць нечага, што я не змагу зрабіць, ці бачу, што гэта будзе лішнім – тады даводзіцца мякка адгаворваць. Але такое здараецца вельмі рэдка.
З ідэямі для фота, якія былі моднымі шмат год таму, кшталту «дзяўчына стаіць на далоньцы ў хлопца» – да мяне ніколі не прыходзілі.
Адзначу, што за звышразняволенымі фотасэтамі – не да мяне. Калі аголенасць выглядае пошла, гэта ўжо не мой жанр, і я за такое не бяруся. Можна распрануцца эстэтычна, а можна – разбэшчана. Я за эстэтыку.
Мне падабаецца працаваць з дзяўчатамі і жанчынамі, я стаўлюся да іх з павагай, напэўна, гэта адчуваецца. Разумею іх, бо я сама жанчына.
Пра рамяство
– Больш я люблю працаваць у студыі, люблю жаночы партрэт, сямейныя фотасесіі.
З вяселлямі амаль не сутыкаюся. Спрабавала, але зразумела, што гэта не маё. Таму бяруся скрайне рэдка, калі просяць знаёмыя, сябры ці сваякі. Гэта складана, займае ўвесь дзень і пакідае дадаткова вялізны аб’ём працы. Таму тут – ці займацца толькі вяселлямі, ці толькі фотасэтамі.
Мне хапае працы ў Бабруйску, але часам езджу ў Мінск, калі ёсць замовы.
У прафесіі адчуваю сябе ўпэўнена. Зараз фатографак нават больш, чым фатографаў. І наша аўдыторыя – часцей жаночая.
Пра фотасесіі
– Мне здаецца, людзі прыходзяць на фотасесіі, каб запомніць сябе ў пэўны момант жыцця. Для дзяўчат актуальная тэма адзначыць сваю самаўпэўненасць, сказаць самой сабе: «Я прыгожая. Я сапраўдная. Я такая, якой з’яўляюся». Гэта здорава падвышае самаадзнаку!
Часам мы ладзім фотасэты разам з майстрамі б’юці-індустрыі. І, безумоўна, гэта адрозніваецца ад звычайнай працы, але найперш для мадэлі. Таму што калі дзяўчына на ўсе 100 падрыхтаваная, калі яе вобраз адрозніваецца ад штодзённага, то ўсё праходзіць на больш якасным узроўні. І ўсе ўдзельнікі задаволеныя! Гэты працэс адбываецца на драйве, ёсць момант выйсця з зоны камфорту.
Я люблю таксама быць мадэллю, але апошнім часам гэта здараецца ўсё больш рэдка. Звыклася з тым, што я па іншы бок аб’ектыва.
Усе фота з асабістых архіваў Наташы.