Як Бабруйск некалькі разоў хацелі знішчыць, а ён штораз паўставаў з попелу

А ці ведаеце, што наш горад некалькі разоў меў шанец знікнуць, але заўсёды, нібы Фенікс, вяртаўся да жыцця? То давайце прыгадаем гэтыя гісторыі разам.

 

На фота: той самы прывілей

 

Бабруйск перажыў незлічоную колькасць нападаў і пажараў. Напрыклад, разбуральныя наскокі крымскіх татараў у 1502-1503 гадах разбіў Сямён Алелькавіч з вайсковай дапамогай вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка.  Але ўжо праз некалькі год Бабруйск зноў быў спустошаны і спалены, калі князь Міхаіл Глінскі ў хаўрусе з маскоўскім войскам і братам – кіеўскім ваяводам Васілём, падняў мяцеж у Вялікім княстве Літоўскім. У Менску захопнікі церпяць паразу і адступаюць да Воршы праз наш горад, які проста знішчаюць.

 

На фота: недзе ў гэтых мясцінах існаваў стары, знішчаны Бабруйск — з замкам, рынкавай плошчай ды іншымі атрыбутамі. Фота: 1387.io

 

У 1535 годзе у Бабруйск прыйшлі маскоўскія войскі, якія забівалі мясцовых жыхароў, палілі вёскі і гарадскія прадмесці, рабавалі, але не здолелі ўзяць тагачасную крэпасць.

 

Цэцылія Рэната. Крыніца: Вікіпедыя

 

Чарговая спроба знішчыць Бабруйск была эканамічная, калі ў 1639 годзе Цэцылія Рэната з Габсбургаў атрымала ва ўласнае валоданне Бабруйскае староства. Крыніцы сцвярджаюць, што гэта была жыццярадасная дзяўчына, якая любіла мастацтва і паляванне, але дамоўны шлюб з каралём Уладзіславам IV Вазам не склаўся для яе шчасліва. Больш за тое, жаніх нават не прысутнічаў на цырымоніі, яго прадстаўляў прынц Ян Казімір.

Уладзіслаў не кахаў жонку, на яго густ яна была непрывабная і чужая па менталітэце. Тым не менш Цэцылія Рэната нарадзіла ад яго дваіх дзяцей – Жыгімонта Казіміра і Марыю Ганну Ізабэлу.

 

Марыя Дарагабед у вобразе Цэцыліі Рэнаты. Фота: @lilacwave

 

Але вернемся да Бабруйска. Калі каралева атрымала Бабруйскае староства, вырашыла спрыяць на сваіх тэрыторыях развіццю рамёстваў і збудаваць новы, квітнеючы горад – Казімір, названы так у гонар сына.

Яна заснавала Каралеўскую Слабаду – падабенства сучаснай свабоднай эканамічнай зоны, у якой рамеснікі і гандляры вызваляліся ад падаткаў. На яе месцы і паўстаў Казімір, які атрымаў Магдэбурскае права. Гісторыкі мяркуюць, што гэты горад, па задумцы Цэцыліі Рэнаты, мусіў стаць канкурэнтам Бабруйску.

На фоне заможнага Казіміра, які меў прывілеі і апеку каралевы, Бабруйск мог з часам пераўтварыцца ў шараговае мястэчка.

Горад мары Цэцыліі Рэнаты праіснаваў усяго 12 год, а пасля быў спалены і пушчаны пад меч казакамі атамана Івана Залатарэнкі ў 1655 годзе, разам з Бабруйскам. Толькі наш горад з часам быў адноўлены, а на месцы Казіміра з’явілася стараверскае паселішча, якое заснавалі выхадцы з Ковенскай губерні. Сёння гэта Светлагорскі раён, там знаходзіцца вёска Каралеўская Слабада.

Што да Цэцыліі Рэнаты – цяжарнаю яна трагічна загінула на паляванні: спалохалася паднятых сабакамі мядзведзяў, стукнулася жыватом аб сані і страціла дзіця. А на наступны дзень, ва ўзросце 33 гадоў, памерла. Пахавалі каралеву ў кафедральным саборы Вавеля ў польскім Кракаве.

 

А вось і першая вядомая выява Бабруйска, апублікаваная беларускім гісторыкам  Міколам Волкавым.

Вось як ён апісвае малюнак:

“У ваенныя кампаніі 1648-1651 гадоў супраць казакаў польны гетман Януш Радзівіл браў з сабою мастака з Нідэрляндаў Абрагама ван Вэстэрфэльта, які мусіў фіксаваць вайсковыя вікторыі свайго патрона. Так паўсталі каля 50 малюнкаў, на якіх адлюстраваны найлепшыя для Януша Радзівіла хвілініы. У свой час малюнкі Вэстэрфэльта захоўваліся ў Нясьвіскім архіве, аднак пазьней былі страчаны. На наша шчасьце зь йх пасьпелі зрабіць копіі, асобныя зь якіх дайшлі да нашага часу. Значная частка гэтых копій была апублікавана Я.Я. Дрэшчыкам у 7 томе “Muzealnictwa Wojskowego”. Адной зь першых аўтар прадстаўляе малюнак, на якім адлюстравана узяцьце Бабруйска войскамі польнага гетмана ў 1649 годзе”.

Сам Дрэшчык сумняецца ў тым, што на малюнку Бабруйск, хоць выява і мае подпіс “Puga Janusij XI Ducis Radzivily cum krzyczevianis rebellibus Cosacis ad Bobroyskom anno 1649”. Польскі гісторык перакананы, што на малюнку адлюстраваны Пінск. Але Мікола Волкаў пільна вывучыў план нашага горада канца XVIII ст, і прыйшоў да высновы – на малюнку Вэстэрфэльта менавіта ён! Падрабязней пра гэта можна пачытаць тут.

Вярнемся да тэмы падзей, што адлюстраваныя на малюнку. Захоплены спярша казакамі атамана Паддубскага, а пасля абложаны войскамі ВКЛ – Бабруйск быў традыцыйна разбураны і спустошаны.

 

На фота: прыблізна недзе тут мог знаходзіцца Вэстэрфэльт, калі маляваў Бабруйск. Фота: 1387.io

 

Як мы ўжо ўзгадвалі раней у сувязі з гібеллю горада Казімір, у 1665 годзе на Бабруйскае староства робяць наскок казакі гетмана Залатарэнкі. Яны забіваюць жыхароў горада і спальваюць тое, што не могуць знесці з сабой. Пасля гэтага наш горад доўгі час не мог узнавіць эканоміку і літаральна паўставаў з попелу.

 

Фота: 1387.io

 

Калі ж чарговы раз быў знішчаны старажытны Бабруйск? Тады, калі з’явілася ідэя будаваць тут крэпасць для Расійскай імперыі ў 1800 годзе. Тады быў створаны першы праектны план перабудовы – на месцы гістарычнага цэнтра. Праз узвядзенне вайсковых збудаванняў, горад нібыта страціў сваю, беларускую, гісторыю. Але, як і пасля ранейшых катастрофаў, працягваў жыць.

 

Фота: 1387.io

 

Пажары – як той злы лёс, пераследавалі Бабруйск і надалей. У другой палове 19 стагоддзя, горад уяўляў сабой крэпасць і чатыры забудаваныя драўлянымі дамамі фарштаты. Узводзіць камяніцы побач з крэпасцю забаранялася. Праз тое, што горад быў драўляны, ён часта гарэў.

Напрыклад, у моцным пажары 1854 года агонь знішчыў палову будынкаў. А ў пажары 1901 года згарэлі рэшткі старой часткі горада, ды пераўтварыліся ў попел 1500 дамоў, у тым ліку – пажарнае дэпо. Менавіта гэта падштурхнула гараджанаў ахвяраваць грошы на будаўніцтва цаглянага дэпо, якое і дагэтуль выконвае свае функцыі ў аднайменным завулку.