Як гучыць Бабруйск? Слухай у нашай падборцы
Магчыма, ты здзівішся, але пра Бабруйск напісана нямала песень, і некалькі дзясяткаў з іх можна лёгка адшукаць у інтэрнэце. Вядома, большасць з іх – «блатняк» і рэп з невялікай аўдыторыяй, але сустракаюцца сярод знаходак і папулярныя творы, кшталту «Песні гуру», якую добра ведае старэйшае пакаленне рокераў на абшарах усяго былога сэсэсэру. Сабралі для цябе некалькі песняў і нават альбомаў, у якіх хоць неяк фігуруе назва нашага горада. Увага – у падборцы ёсць лютая крынжаціна, якая людзям з тонкім густам не рэкамендуецца:)
«Рэстаран Бабруйск», Лёха Чыканас
Пачнем з таленавітага творцы – мінчука Лёхі Чыканаса, які піша іранічныя песні, п’есы з няпростымі жыццёвымі тэмамі, і часам сам грае ў пастаноўках. Адну з яго п’ес ставілі ў бабруйскай школе, яшчэ адну – «Сэкс мне не патрэбен» аўтар чытаў у прасторы тайм-клуба ў 2016 годзе. А яшчэ раней, у 2013 годзе даў сольнік у байкер-пабе «Качэўнік», дзе выканаў тую самую песню, што пачынаецца з словаў: «Рэстаран Бабруйск стаіць закрыты, сабралісь тут месныя бандзіты…» Сцэнкі, апісаныя ў ёй настолькі маляўнічыя, што некаторыя слухачы часам пытаюць творцу, ці не на рэальных яна падзеях.
«Страх и ненависть в Бобруйске», «Интер 54», Кастян
Пра праект Косці Ражкова «Tankas» мы расказвалі ў падборцы бабруйскіх музыкаў, але варта прыгадаць, што аж два альбомы музыка прысвяціў роднаму Бабруйску.
«Страх и ненависть в Бобруйске» пачынаецца з песні «Это имя простое» дзе расказвае пра сваё дзяцінства-юнацтва ў нашым горадзе. «Я родился в Бобруйске и в Бобруйске вырос» спявае Касцян, і праз усе песні тэма настальгіі – скразная.
«Интер 54» – зроблены ў фармаце радыёэфіра, у якім чытаюцца навіны і гучаць песні з рэкламнымі ролікамі. Назва альбома адсылае да адраса, па якім жыў Касцян у Бабруйску. Таму, вядома, без настальгіі нікуды – тут і пра пладовае віно, і першая настаўніца з першым каханнем.
«Бобруйск – культурная столица», Ігар Ражкоў
Дарэчы, бацька Касцяна – Ігар Ражкоў, напісаў словы і музыку для гімна «Бобруйск – культурная столица». Калі вы памятаеце, такі статус наш горад атрымаў у 2017 годзе. Песню выконвае вакальнае аб’яднанне «Сонейка». Як расказваў музыка «Вячэрняму Бабруйску», гімн ствараўся на адным дыханні – за кубкам кавы на кухні, і адразу спадабаўся малым выканаўцам.
Ігара Ражкова ты можаш ведаць таксама як музыку «Солнечной стороны». Гэта той самы бабруйскі легендарны гурт, дзякуючы якому з’явіліся «Бі-2».
«Песня гуру», «Зоопарк» (Майк Навуменка)
Песня была запісана ў 1982 годзе. Як расказваў сам Майк Навуменка (той самы, якога ў фільме «Лета» грае Рома Звер), яна стылізавана пад Высоцкага. Ён тлумачыў, што «з цікавасцю ставіцца да ўсходняй філасофіі і рэлігій, аднак тут вырашыў пасцябацца над дылетанцкім падыходам да такіх рэчаў».
«Здрасьте! Я родом из Бобруйска.
Я – гуру, по-вашему это будет «учитель».
Я щас вам расскажу о смысле жизни.
Я, в натуре, профессионал, а не любитель.».
Чаму менавіта ў Бабруйск «пасяліў» Навуменка свайго персанажа – незразумела, бо прататып – рэальны чалавек, музыка, гукарэжысёр і пісьменнік Юры Марозаў, што нарадзіўся ў Белагорску Крымскай вобласці. А «Песня гуру» з’явілася ў выніку праслухоўвання кампазіцыі «Харэ Крышна» Марозава.
«Мой город лучше всех»
Але калі ты пачнеш шукаць песні пра Бабруйск у ютубе, знойдзеш у асноўным аматарскія ролікі з фотаздымкамі горада, у асноўным гэта «блатняк» пра хуліганскае юнацтва і турму. Ці «рэстаранныя» песні, якія можна пачуць на олдскульных банкетах, кшталту гэтай, пад назвай «Мой город лучше всех». На жаль, аўтарства не атрымалася адшукаць, пад відэа, якое апублікавалі ў 2011 годзе, пазначана, што гэта прысвячэнне Ірыне Роскач, тагачаснай намесніцы кіраўніка аддзелам культуры.
А вось яскравы прыклад самапальнага «блатняка», у выкананні Сяргея Скарабагатава «з далёкай Англіі», як пазначана пад відэа, якое мае больш за 18 тысяч праглядаў:
«Про Макса Коржа», STROGO BOBRUISK
Бабруйскі гурт з бабруйскай назвай, які ў 2014 напісаў песню для ўдзелу ў «Еўрабачанні», але не прайшоў нацыянальны адбор. Як расказвалі музыкі, «песня пра гісторыю кахання і трагічнага расстання пары, якой падабалася спяваць песні Макса Каржа». На жаль, інфармацыі пра далейшы лёс каманды мала, апошнія публікацыі на ютуб і soundcloud – тры гады таму. Асцярожна, многія з песняў 18+.
«Аггробабруйск»
Што тычыцца назваў, то калісьці існаваў і музычны лейбл «Аггробабруйск», расійскага рэпера St1m (самы вядомы хіт «Я – рэп»), да якога меў дачыненне гомелец Сярога. Назву часта параўноўвалі з нямецкім лейблам «Aggro Berlin» – «аггро» на слэнгу там азначае «агрэсіўнае стаўленне». Для азнаямлення з тагачаснай творчасцю прапануем табе калабу Сціма з беларускім салаўём Максам Лорэнсам. Звярні ўвагу, што на цішотках усіх музыкаў у кліпе – надпіс «Аггробабруйск».
Бабруйскі рэп з ВК
Гэта асобны від мастацтва. Прычым у ВК можна знайсці неверагодную колькасць песняў пра Бабруйск, люта крынжовых, кшталту «В Бобруйск!» выканаўцы Svoy (18+). Але найбольш рэпа, прысвечанага гарадскім мікрараёнам.
«В эфире те, кто обсцыкает вам подъезды, ловите новый хит с Доманской местности!» гучна заяўляе банда «Бобруйск. Доманский район» у песні «В эфире» (18+). На жаль, больш ніякай інфы пра гурт знайсці не атрымалася. Калі ведаеш – пішы ў наш інстаграм!
А якія песні пра наш горад ведаеш/любіш ты?