Як зацікавіць дзяцей і дарослых тэмай беражлівага стаўлення да прыроды? Расказала эколаг Юлія Прылішч

Як прыйшла ў экаактывізм

Юлія Прылішч расказвае, што адпрацаваўшы 10 гадоў інжынерам-эколагам на прадпрыемствах, яна сутыкалася з праблемай адсутнасці ў большасці людзей экалагічнай усвядомленасці. «Ім трэба было тлумачыць, чаму ад кожнага з нас залежыць, якая планета застанецца нашчадкам, пра тое ж сартаванне смецця. Многія хацелі зрабіць прасцей, танней, хутчэй. І самым дзейсным у іх выпадку было пакаранне, штрафы – а я гэтак рабіць не люблю. Гэта было сумна, але яшчэ больш сумна было чуць словы: «Я лепш заплачу штраф, чым буду сартаваць адкіды. Мне так прасцей». Я зразумела, што бабруйцам не хапае экаадукацыі, асветы. А гэта адзін з важных шляхоў вырашэння праблем».

Як мама, Юлія ўбачыла, што фармаванне звычак трэба закладваць у раннім узросце. Бо яны вызначаюць паводзіны дзяцей у будучыні, калі яны будуць прымаць рашэнні. Таму трэба пачаць адукоўваць нашчадкаў проста сёння.

«Вырашыла, што трэба пачынаць з сваёй зоны адказнасці. Год з пяць таму я даведалася аб праекце «Новая жизнь в обмен на крышечки». Пачала збіраць накрыўкі, а потым задумалася, што яшчэ я магу зрабіць? Патэлефанавала кіраўніцы праекта Наталлі Кунцэвіч, ад яе даведалася, што якраз у Бабруйску няма валанцёра, які мог бы займацца асветніцкай дзейнасцю і забіраць накрыўкі з «Віталюра», – узгадвае эколаг.

«Новая жизнь в обмен на крышечки»

Гэта сацыяльна-экалагічны праект. Валанцёры збіраюць накрыўкі з маркіроўкай 2, 4, 5 – практычна ўсе цвёрдыя, пластыкавыя, з-пад харчовых прадуктаў, бытавой хіміі. Далей іх здаюць на завод па перапрацоўцы, а на атрыманыя грошы дапамагаюць дзецям з інваліднасцю. З 2017 года праект дапамог ужо 15 падапечным, у асноўным для іх набываюць вазкі. 40 000 – столькі грошай здабылі для дзяцей фактычна з смецця.

«Чым цікавы праект? Гэта дабрачыннасць, да якой лёгка прыцягнуць дзяцей. Гэта выхаванне, міласэрнасць, экалогія, усё разам. Я арганізавала збор накрывак у класе майго сына. І так усе дзеці загарэліся! Прыцягнулі сваякоў, каб сабраць больш накрывак, быў такі спаборніцкі момант. Плюс яны адчулі сваю значнасць, што яны гэтымі накрыўкамі дапамаглі іншым дзецям. Я ім распавяла пра адкіды пластыка. Зразумела, што такая асвета патрэбная і дзецям і бацькам. Бо праз дзяцей заўсёды вучымся мы, бацькі.

Сёлета падапечным праекта выбралі бабруйчаніна, Івана Ткачэнку. Вазок для гэтага хлопчыка ўжо набыты, вырашаецца пытанне з дастаўкай. Хлопчыка выхоўвае адна бабуля, мама памерла, і яны вельмі рады, што ім дапамагаюць» – тлумачыць экспертка.

На фоне гэтага праекта ў Юліі разам з выкладчыкам зʼявілася ідэя зрабіць экалагічны праект у класе яе сына. І ўсе 4 гады пачатковай школы ён працаваў. Дзеці даведаліся і пра макулатуру, і пра забруджванне паветра, і пра збор батарэек. Бацькі таксама падключаліся. Часам нават у чат пісалі: «Юля, што мы цяпер збіраем?» Гэта значыць, сартаванне смецця ўвайшло ў звычку, адзначае эколаг.

«Божья коровка»

«Летась у праваслаўнай гімназіі зʼявіўся экацэнтр, якім я займаюся. Дзеці самі прыдумалі назву «Божья коровка» і мы пачалі актыўна працаваць. Там школьнікі пасталей, пачынаючы з пятага класа, сапраўдныя валанцёры, у іх ёсць значкі.

Мы правялі некалькі мерапрыемстваў, напрыклад экаконкурс – з вырабамі з адходаў, а пасля іх прадавалі на экакірмашы. На атрыманыя грошы купілі корм для прытулка «Собачье сердечко». Правялі таксама конкурс экамемаў, сумесна з інспекцыяй прыродных рэсурсаў, «СпецЭкоКлининг» нас спансаваў, падарункі купляў. Працуем з горадам, прыватнымі арганізацыямі. Ладзілі фрымаркет, абмен рэчамі, майстар-класы, удзельнічаем у Сусветным дні чысціні. Дзецям гэта вельмі падабаецца. Напрыклад, у адной з нашых дзяўчатак уласны праект, яна з кольцаў на бляшанках робіць бранзалеты.

Пастаянна ходзім у прытулак, гуляем з сабачкамі, прыносім ім корм».

З чаго пачаць?

Калі чысцім зубы, выключаем кран, бо вада – важны рэсурс.

«Мы рабілі эксперымент, засякалі час, пакуль бяжыць вада і падлічвалі колькі ў месяц, год можа вады выцяты. Малым можна шкляначку з мядзведзікам завесці і тлумачыць, што калі ліць ваду дарэмна, медзведзяню не хопіць яе».

Эканомім на электраэнергіі. Бо чым больш яе спажываем, тым больш выкідаў у атмасферу.

«Дзіця можна прызначыць адказным, каб яно сачыла за выключанымі электрапрыборамі, святлом. Гэта вельмі матывуе!»

Утылізуем адходы, напрыклад, пачынаем збіраць батарэйкі.

«Патлумачце дзецям, што калі мы збіраем батарэйкі, спрыяем таму, каб не гінулі чарвячкі і вожыкі. Так жа і са зборам накрывак – кажам, што не толькі ратуем прыроду ад пластыка, але і дапамагаем іншым дзецям».

Мала хто ведае, што на кухні таксама збіраецца шмат макулатуры, гэта скрынкі з-пад гарбаты, пасты і г.д. Атрымліваецца даволі вялікі абʼём.

«Чэкі – не макулатура, у іх шкодныя рэчывы, яны псуюць макулатуру».

Не бярэм трубачкі ў кавярнях.

«Тлумачым дзецям, што яны не перапрацоўваюцца, могуць патрапіць у рэчку, а птушка або рыба пераблытае іх з ежай. І пасля дзіця само не будзе прасіць трубачку».

Бярэм з сабой бутэлькі з вадой, каб не купляць у пластыку ці не прасіць папяровыя/пластыкавыя кубачкі.

Карыстаемся мяшочкамі з тканіны, калі ідзем па пакупкі.

«Дзецям можна паказаць, як карыстацца экаторбачкамі, што яны прыгожыя і зручныя».

Не набываем лішнія цацкі.

«Гэта таксама можна тлумачыць на прыкладзе жывёлаў, што вытворчасць цацак можа ім нашкодзіць. Але не палохаць дзяцей, каб у іх не было траўмы, трывожнасці. Падысці з пазітыўнага боку, кшталту: «Ты супергерой, здольны выратаваць планету!»

І гэта яшчэ не ўсё. Вось як вы можаце зацікавіць дзяцей:

Юлія прывяла прыклад, як заахвоціла сына прыбіраць тэрыторыю каля дома. «Я прыдумала супергероя – Суперчыстамэна, які гуляе ў двары з пакетам і пальчаткамі, ды змагаецца з Смеццевай пачварай. Яму гэта вельмі падабаецца! Дзецям трэба прапаноўваць цікавыя альтэрнатывы».

Яшчэ адна з формаў адукацыі – экамульцікі.

«Іх вельмі шмат, і яны сапраўды цікавыя. Нават у «Свінцы Пэпе», «Фіксіках», «Смяшарыках» ёсць серыі пра экалогію. Ці больш доўгія – «ВАЛЛ-І», «Наўсікая з даліны вятроў». Трэба іх не проста глядзець, а абмяркоўваеш з дзецьмі: «Як табе героі, як ты гэтую тэму адчуваеш?» – раіць экспертка.

Дзіцячыя кнігі пра экалогію.

«Напрыклад, «Нуль адходаў на дне банкі», «Планета ў тваіх руках» – яна з заданнямі, якія можна выконваць з дзецьмі, «Экабоксік» пра ваду».

Таксама Юлія раіць звярнуць увагу на экалагічныя настольныя гульні.

Куды схадзіць у Бабруйску разам з дзецьмі?

«У прытулкі для жывёл, прынесці корм, пагуляць з сабакамі.

Таксама раю наведаць экасцежку ў Кісялевічах каля Іверскага храма. Гэта сумесны з «Экаідэяй» праект, з якім бабруйчанам дапамагаў Сяргей Юшкевіч. Калі мы там былі з дзецьмі, арганізавалі не толькі экскурсію, але і збор смецця. На жаль, вандалы размалёўваюць стэнды, мы спрабавалі іх адмыць з дзецьмі. Але сцежка класная, там усё зразумела нават без экскурсавода.

Яшчэ варта завітаць на Станцыю юнага натураліста – там ёсць гурткі, расліны, жывёлы – чарапахі, тхор. Туды таксама можна прынесці корм і класна бавіць час разам з дзецьмі.

На «Водаканале» музей вады працуе па серадах, я там праводжу для дзяцей экскурсіі. Паказваю прымітыўныя вопыты на вадзе, расказваю, куды яна трапляе пасля таго, як мы памылі ёй рукі, напрыклад» – раіць Юлія Прылішч.

Паглядзець эфір цалкам можна па гэтай спасылцы.