Як зрабіць першыя крокі да жыцця ў стылі «Нуль адходаў»? Парады экаактывісткі

Усе фота: “Пікнічок”

 

Што ж такое жыццё ў стылі «Нуль адходаў»? Гэта ўсвядомлены падыход да пакупкі і выкарыстання рэчаў, пераход з аднаразовага – на шматразовае. Юлія Саковіч расказвае, што яна з сям’ёй «не такі ўжо і маленькі экаслед пакідаюць», але адзначае важнасць імкнення пакінуць пасля сябе як мага менш смецця.

«Я размаўляю пра гэта з дзецьмі, спрабую шматразовыя альтэрнатывы. Некаторыя з іх пакажу ў час эфіру», – тлумачыць бабруйчанка. Таксама яна дадае, што падпісчыкі старонкі «Экапікнічок» даволі часта звяртаюцца да яе з сваімі ідэямі – хтосьці вяжа дыванкі з пакетаў з-пад малака, хтосьці робіць кветкі – альтэрнатыву пластыкавым. То-бок галоўнае – жаданне.

 

А вось бытавыя парады, якімі дзеліцца Юлія:

  1. Звярні ўвагу на рэчы, якія ўжо ёсць у тваім доме, правядзі дэтокс прасторы. Вызнач, якія рэчы можна аддаць іншым, якія можна адрамантаваць і зноў карыстацца, ці перапрацаваць, выкарыстаць неяк па-іншаму. «Напрыклад, я аддаю сукенкі ў атэлье, іх там перашываюць трохі, робяць зноў актуальнымі, і я магу зноў іх насіць», – кажа Юлія.
  2. Можна карыстацца паслугамі стылістаў – а яны ёсць і ў Бабруйску, каб яны дапамаглі па-новаму камбінаваць рэчы, якія, як табе падаецца, ужо надакучылі.
  3. Завядзі шматразовыя альтэрнатывы аднаразовым прадметам. Гэта, дарэчы, дазваляе эканоміць.
  4. Не выкідай заламаныя рэчы, спрабуй іх адрамантаваць.
  5. Кірмашы-фрымаркеты вельмі класная ідэя! На іх можна аднесці рэчы, якія табе надакучылі, і ўзяць рэчы, якія надакучылі іншым, але спадабаліся табе.
  6. Сартуй смецце! Пачні з макулатуры, пластыку, накрывак. «Мы раней збіралі харчовыя адкіды і завозілі ў прытулкі жывёлам, але цяпер мае бацькі робяць з адкідаў кампост», – кажа Юлія.

 

 

Што яшчэ можна зрабіць?

Юлія раіць складаць план пакупак перад тым, як ісці ў краму ці на кірмаш. «Сама заўважала, што калі заходзіш у краму кшталту «3 цаны», вочы разбягаюцца, хочацца купіць шмат рэчаў, нейкіх вазачак, падставачак з пластыку. А ўсё гэта праз нейкі час непазбежна трапляе ў смецце. Таму лепей набываць рэчы з прыродных матэрыялаў, якімі прыемна карыстацца – з шкла, дрэва, гліны.

 

Завесці невялікі «набор экаактывіста»:

Торба-шопер з шчыльнай тканіны, каб не набываць пакеты.

Замест кубачкаў – тэрмас ці экакубачак, каб браць з сабой/набываць каву ці гарбату і не набываць аднаразовыя.

Шматразовыя бутэлечкі для вады, каб не набываць аднаразовыя.

Замест крамных вяхотак для цела і посуду – вязаныя джутавыя вяхоткі, што пасля добра распадаюцца ў глебе.

Насіць з сабой экамяшочкі, фруктоўкі – для круп, гародніны-садавіны.

Ланчбоксы – імі можна замяняць аднаразовы посуд ці набываць нешта ў іх.

Экакасметыка. Юлія кажа, што мае дэзадарант без адушак і шкодных рэчываў, які прадаецца ў экаўпакоўцы. Таксама яна набывае касметыку на разліў, гэта дазваляе не набываць лішнія касметычныя сродкі. Ёсць таксама цвёрдыя шампуні і нават бальзамы для валасоў, якія не патрабуюць упакоўкі.

Зменшыць колькасць мыючых сродкаў, многія можна замяніць содай, воцатам, гарчыцай.

Пазбягаць упакоўкі. Асабліва там, дзе яна не трэба (напрыклад, калі ў цэлафан закручваюць кветкі; пакеты, у якія ў крамах пакуюць нават дробныя рэчы і таму падобнае).

Бізнесоўцам адмовіцца ад візітовак і буклетаў. «Гэты від рэкламы сыходзіць у мінулае, зараз пераходзяць на анлайн-рэкламу, а пакупнік можа адсканаваць к’юаркод. Да таго ж, як правіла, гэта папера цяжкая для перапрацоўкі», – тлумачыць Юлія Саковіч.

Ёсць нават шматразовыя пракладкі, якімі актыўна карыстаюцца бабруйчанкі. Дзе ўзяць? А вось тут, па спасылцы.

«Мяркую, што нават такі мінімум высілкаў ужо можа пазбавіць нас ад некалькіх кілаграмаў лішняга смецця ў год», – рэзюмуе аўтарка «Пікнічка».

А ты, выкарыстоўваеш шматразовыя экаальтэрнатывы? Пішы ў наш інстаграм!