Якія фільмы пра вайну здымалі ў Бабруйску

 

Вядома, пералічыць усе праекты на ваенную тэму, якія ствараліся ў нашым горадзе, немагчыма. Бо часам, здымачныя групы завітвалі сюды па невялікія эпізоды, а некаторыя стужкі яшчэ ў працэсе вытворчасці. Таму ўзгадаем фільмы, якія ўжо можна паглядзець, і ў якіх мясцовыя краявіды займаюць значную частку.

 

На фота: кадр з фільма “Урокі фарсі”. Крыніца theguardian.com

 

Падаецца, што лідарам па колькасці бабруйскіх пейзажаў можна назваць якраз узгаданы ўжо фільм Вадзіма Перэльмана “Урокі фарсі”. Часам нават цяжка паглыбіцца ў сюжэт, бо тут і там заўважаеш знаёмыя краявіды ці твары ў масоўцы. Напрыклад – актора Аляксандра Парфяновіча ў ролі аднаго з вязняў.

 

На фота: кадр з кіно і рэшткі дэкарацый сёння. Фота: 1387.io

 

Большая частка стужкі здымалася ў бутафорскім канцлагеры каля салдацкіх казармаў. І, хоць звычайна дэкарацыі пасля здымак знішчаюць, гэтыя пакінулі ў падарунак гораду – паступова яны разбіраюцца і некуды вывозяцца і да сёння. Рэшта здымак прайшла ў Мікашэвічах, у кар’ерах прадпрыемства “Гранит”, а таксама ў лесе каля вёскі Думаноўшчына.

 

Фота: 1387.io

 

Па сюжэце, бельгійскі габрэй Жыль Крэм’е (грае Наўэль Перэс  Біскаярт) ратуецца ад смерці, калі называе сябе персам. А пасля, не ведаючы фарсі, навучае ёй кухара-немца (грае Ларс Айдынгер), які марыць па вайне адкрыць у Тэгеране рэстаран.

Спецыяльна для здымак была прыдумана штучная мова – псеўдафарсі, яе распрацаваў лінгвіст Антон Кіраў. Кожнае слова – частка рэальнага імя адной з ахвяраў Галакосту.

 

На фота: кадр з серыялу “Паляванне на гаўляйтэра”. 

 

Серыял 2012-га года “Паляванне на гаўляйтэра” здымаўся ў Бабруйску, Віцебску, Берасці і Мінску – дзе, па сюжэце, і разгортваюцца падзеі. У аснове сцэнара гісторыя рэальных беларусак, герояў СССР Алены Мазанік і Марыі Осіпавай, якія ліквідавалі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, што быў кіраўніком Беларусі ў часы акупацыі. У фільме адважных жанчын завуць Галіна Памазан (грае Анастасія Заваратнюк) і Марыя Архіпава (грае Марыя Машкова).

 

На фота: кадр з серыялу і Порт-Артур. Фота: 1387.io

 

У Бабруйску здымалі на фоне “Беразіны і Еўрапейскай”, у Порт-Артуры і ў некалькіх лакацыях на тэрыторыі крэпасці. Той самы дворык, дзе зрабілі дэкарацыі канцлагера, таксама быў скарыстаны. Ну і, вядома, у масоўцы бабруйцы могуць заўважыць шмат знаёмых, якія гралі гараджан, габрэяў у гета і нямецкіх вайскоўцаў.

 

 

Кадры з “Палявання на гаўляйтэра”. 

 

Бабруйская крэпасць і “Беразіна і Еўрапейская” — іх любяць здымаць кіношнікі. Фота: 1387.io

 

У жніўні 2021 года на тэрыторыі былога вінзаводу здымалі сцэны для серыяла “Полымя пад попелам”, які ўжо дасяжны для прагляду. Падзеі адбываюцца ў 1945 годзе і ў нашы часы. Галоўныя героі фільма займаюцца размінаваннем снарадаў, што засталіся ў Мінску і ваколіцах пасля Другой сусветнай вайны.

 

Фота: “Вечерний Бобруйск”

 

На жаль, разабраныя на цэглу стогадовыя будынкі вінзаводу сапраўды выглядаюць, як пасля вайны. Але зруйнавалі яго зусім не бомбы, а людзі, для якіх архітэктурная спадчына не мае каштоўнасці.

 

 

У далёкім 1980-м годзе Аляксандр Карпаў здымаў у Бабруйску і ваколіцах фільм “Вясельная ноч” па аповесці Івана Шамякіна. Падзеі ў ім адбываюцца летам 1942 года, калі партызаны плануюць узарваць чыгунку, і з гэтай мэтай ладзяць фіктыўнае вяселле, каб адцягнуць увагу паставых. Разынка сюжэту ў тым, што сапраўдная нявеста “жаніха” – Валя (грае Ірына Карытнікава), даведваецца пра аперацыю па факце, а да таго моманту падазрае каханага ў здрадзе з разведчыцай Марыяй (грае Наталля Андрэйчанка).

Падчас здымак знішчэння чыгуначнага вузла, кіношнікам выдзелілі закрытую лінію каля Бабруйску. Яны збіраліся зрабіць невялікі выбух, але нечакана ён атрымаўся даволі моцным, і пашкодзіў рамонтныя боксы і будынкі, якія знаходзіліся недалёка. Студыі давялося кампенсаваць страты, што пацягнулі на вялікую суму.

 

А якія ваенныя фільмы, што здымаліся ў Бабруйску, ведаеце вы? Чакаем вашы варыянты ў Instagram 1387.io