«Каб у нашых ахвярадаўцаў засталася часцінка нас». Бабруйчанка, якая змагаецца з анкалагічнай хваробай, стварыла мерч з малюнкамі дачкі

Бабруйчанка Наста Лазурэвіч вядомая тым, што вядзе ў Інстаграме шчыры блог пра сваё жыццё, сям’ю, веру. Год таму дзяўчыне паставілі анкалагічны дыягназ. Пра ейную гісторыю змагання з хваробай мы пісалі раней. Цяпер Наста ў рэмісіі, раз на месяц атрымлівае лекаванне для папярэджання рэцыдыву. Аднак захварэў ейны муж – ковід даў ускладненні на псіхіку. У сям’і двое дзяцей. Наста кажа, што людзі моцна падтрымліваюць іх, але бабруйчанка стала шукаць шляхі, як зрабіць так, каб гэта не былі проста ахвяраванні, каб пасля іх нешта заставалася і таму, хто дапамог. Так прыйшла ідэя мерча з малюнкамі дачкі Насты. Пра яго – нашая новая размова з Настай.

Наста Лазурэвіч з сям’ёй. Фота: Наста Лазурэвіч/Instagram

Стала зразумела, што «з талентам дачкі трэба нешта рабіць»

Мерч Варвары Лазурэвіч – дачкі Насты – гэта кубкі, цішоткі, магніты, значкі з малюнкамі дзяўчынкі і натхняльнымі надпісамі, якія падбірае Наста. Ідэя рабіць такія рэчы прыйшла да бабруйчанкі ў пэўны момант цалкам нечакана – калі стала зразумела, што «з талентам дачкі трэба нешта рабіць», бо ейныя працы вельмі арыгінальныя і на сур’ёзным для дзіцяці ўзроўні.

Наста кажа, што Варвара пачала маляваць ва ўзросце 1,5 гадоў усім, што трапляла ў рукі – алоўкамі, фарбамі, асадкамі, фламастарамі.

–  Быў час, калі я лячылася ад анкалагічнай хваробы, Варвара не хадзіла ў садок, бо ў нас не было магчымасці яе туды вадзіць. І вось тады я заўважыла, што яна ў свой вольны час заўсёды малявала, – распавядае Наста. – Яе ніхто не прымушаў, яна сама хацела маляваць – гэта была ейная асаблівасць. І мы бачылі, што ў яе атрымліваецца вельмі добра.

Малюнак дачкі Насты Варвары на кубку. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Блогерка кажа, што людзі навокал таксама звярталі на добры ўзровень творчасці Варвары.

–  Нашыя знаёмыя, сябры, нават медсёстры і лекары казалі мне пра гэта, – прыгадвае Наста. – А мая знаёмая настаўніца з мастацкай школы сказала, што ўвогуле для дзіцяці 1,5 – 2 гадоў звычайна неўласціва так маляваць, разумеючы, дзе павінны быць ручкі, ножкі, вочкі, іншыя часткі цела. Дзіця звычайна не ў тых плоскасцях малюе, яго яшчэ трэба вучыць. У нашай жа дачкі гэта атрымлівалася само сабой. Я нават бачыла, як яна гэтаму вучылася – дакраналася да свайго твару, вывучала, дзе вочкі, дзе носік, што роцік складаецца не проста з дугі, а з дзвюх губак, зубак унутры. І ўсё гэта яна імкнулася паўтарыць на паперы.

Варвара пайшла ў гурток па маляванні ў тры гады, хоць дзяцей туды бяруць з шасцігадовага ўзросту

Малюнак дачкі Насты Варвары на кубку. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Малюнак дачкі Насты Варвары на кубку. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Калі Варвары было 3 гады, ейны старэйшы брат пайшоў на заняткі па падрыхтоўцы да школы ў Цэнтр падтрымкі сям’і і дзяцінства «Пакравы». Там жа ёсць і гурток па маляванні, але дзяцей туды бяруць з 6 гадоў.

–  Я выслала настаўніцы на Вайбер партфоліо з працамі Варвары, і яна ўзяла яе займацца, бо таксама была ўражаная, што дзіця так усё разумее, і так прыдумляе, мае такую цікавую фантазію, – распавядае Наста. – Памятаю, яна намалявала ката-русалку з крыламі. І я тады ёй сказала – Вара, з тваім талентам трэба нешта рабіць, нешта прыдумаць. І мне хацелася нешта зрабіць, але я тады не ведала, што менавіта.

«Гісталогія паказала, што ў мяне другая стадыя раку, то бок – адразу аперацыя. Падчас яе знайшлі метастазы, а гэта ўжо трэцяя стадыя». Бабруйчанка расказала, як змагаецца з ракам

А потым «Mark Formelle» абвесціў конкурс – розыгрыш дзіцячых малюнкаў для прынтоў на калекцыі вопраткі, кажа далей Наста.

–  Мяне ўсе пераконвалі, што Варвара мусіць паўдзельнічаць. Я тады адзняла ейныя малюнкі і адправіла на конкурс. Але нас не выбралі. У каментарах людзі пісалі, што не зразумелі выбару, але не нам судзіць пра гэта, – зазначае бабруйчанка. – І хоць перамогі ў нас не было, але я падумала – навошта нам прывязвацца да «Mark Formelle», калі мы і самі можам друкаваць свае малюнкі? Я напісала пра гэтае сваё жаданне ў Інстаграме, і мяне ўсе моцна падтрымалі. Увогуле, я вельмі ўдзячная і сваім падпісчыкам, і людзям, якія мяне атачаюць – ад іх заўсёды і своечасова прыходзіць падтрымка.

Рэчы з прынтамі дзіцячых малюнкаў – файны спосаб захаваць успаміны

Малюнкі дачкі Насты Варвары на кубках. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Наста разбіраецца ў дызайне, фоташопе. Яна сама адлічбоўвае малюнкі, стварае з іх патрэбныя шаблоны, дапрацоўвае ў фоташопе, дадае надпісы і аддае на друк. Пераносіць малюнкі можна на кубкі, цішоткі, значкі, магніты, шоперы, цішоткі, світшоты – на ўсё, што заўгодна, дзе можна надрукаваць, кажа наша суразмоўца.

–  Насамрэч любы чалавек можа так зрабіць – гэта нескладана. Можна самастойна падрыхтаваць шаблон, а можна аднесці ў друкарскую фірму малюнак на паперы, і яны самі адлічбуюць і зробяць усё, што трэба, – тлумачыць Наста. – Я, дарэчы, пасля таго, як прасунула сваю ідэю ў Інстаграме, заўважыла, што некаторыя друкарні сталі прапаноўваць такую паслугу – прынтоў з дзіцячымі малюнкамі. З аднаго боку крыўдна крыху, што забіраюць ідэю, з іншага – чаму не, бо гэта файны спосаб захаваць успаміны, бо папера – не такі трывалі носьбіт, дзіцячыя малюнкі псуюцца, а калі надрукаваць на нечым іншым, можна даўжэй захаваць.

Шопер з малюнкам дачкі Насты Варвары. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

«Калі я паправілася, захварэў муж – ковід даў ускладненні на псіхіку»

Аўтарка малюнкаў, 4-гадовая Варвара, вельмі радуецца, што бачыць свае малюнкі на рэчах, кажа ейная мама. А для сям’і Лазурэвічаў уласны мерч стаў не проста спосабам пацешыць дачку, але і аддзячыць людзям, якія ім дапамагалі і працягваюць дапамагаць.

–  Маё лекаванне нам абыходзілася нятанна, а потым, калі здавалася, што горшае ўжо прайшло, мы ўсёй сям’ёй захварэлі на ковід. І калі я паправілася цалкам, то мужу вірус вельмі «даў» на псіхіку, – распавядае Наста. – У яго пачаліся моцныя панічныя атакі, потым дэпрэсія, ён лячыўся ў псіхіятраў, плюс развіўся біпалярны разлад. Гэта сур’ёзнае захворванне, калі немагчыма нічога планаваць, неяк свой дзень спланаваць, і ўжо праз дзень ён ляжыць трупам і не можа вачэй расплюшчыць. А можа быць, што ў яго будуць гарэць вочы, і ён будзе хацець нешта рабіць, але праз 5 хвілін патухне. Мы раней займаліся здымкамі вяселляў, але праз хваробы страцілі магчымасць працаваць, бо зразумелі, што не можам браць замовы, каб не падставіць людзей, бо ў нас усё стала вельмі непрадказальна.

Наста Лазурэвіч з кубкам і закладкай з мерча сваёй дачкі. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Малюнкі дачкі Насты Варвары на закладцы для кнігі. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Малюнкі дачкі Насты Варвары на закладках для кніг. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Наста не ведае, калі яны з мужам змогуць вярнуцца цалкам да працы. Сама дзяўчына атрымала другую групу інваліднасці, ёй выплочваецца пенсія, але на яе не пражыць, зазначае наша суразмоўца. Таму сям’я вельмі ўдзячная ўсім, хто ім дапамагае.

«Хацелася нешта прапанаваць узамен»

Але ў нейкім момант Наста адчула, што хацела б не проста прымаць дапамогу, але нешта даваць у адказ. Ідэя з прынтамі на падставе малюнкаў дачкі прыйшла ў самы цяжкі момант – калі муж Насты Мікалай ляжаў у Менску ў псіханеўралагічным дыспансеры, і дзяўчына засталася адна з дзецьмі.

–  Мне стала страшна, што я не «вывезу» жыццё – ідзе восень, мне трэба апранаць дзяцей, усё дорага. Трэба было нешта рабіць, неяк рухацца, і я вырашыла ўключыць усе свае рэсурсы. – кажа блогерка. – Мне захацелася прапанаваць штосьці ўзамен, каб у нашых ахвярадаўцаў заставалася часцінка нас. І я падумала, што рэчы з малюнкамі Варвары могуць тут дапамагчы – я нарабіла шаблонаў, як яны маглі б выглядаць, і стала прапаноўваць іх як падзяку тым, хто дапамагае нашай сям’і.

Шопер з малюнкам дачкі Насты Варвары. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Акрамя мерча з малюнкамі дачкі, Наста стварае тэматычныя значкі – вырабіла серыю да Дня псіхічнага здароўя, які адзначаўся 10 кастрычніка. Да Дня маці 14 кастрычніка бабруйчанка зрабіла парныя магніты з малітвамі маці за дзяцей і дзяцей за маці.

У далейшым Наста хацела б развіваць сямейны мерч і зарабляць ім, але як гэта зрабіць, пакуль не ведае.

–  Магчыма, трэба сядаць і маляваць нейкія калекцыі, не ведаю. Пакуль няма такой магчымасці. Але я веру, што ўсяму свой час, усё з’яўляецца ў найлепшы момант – і ідэі, і людзі, якім гэта цікава, – кажа Наста.

Значкі, якія робіць Наста Лазурэвіч. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Значкі, якія робіць Наста Лазурэвіч. Фота: асабісты архіў Насты Лазурэвіч

Пазнаёміцца з мерчам на падставе малюнкаў Варвары Лазурэвіч, а таксама даведацца, як можна атрымаць сабе нейкую рэч, Наста запрашае на сваю старонку ў Інстаграме.

–  Калі вы хочаце нас падтрымаць, вы зможаце ўзамен займець адну з гэтых файных рэчаў. І нам будзе прыемна ад гэтага, і вам, – рэзюмуе блогерка.