«Калі размаўляеш па-беларуску, нават звычайны паход у краму становіцца незабыўнай прыгодай». Дзяніс Дудаль – пра сябе, бізнес і родную мову

Цясляр з Бабруйску, заснавальнік і дырэктар мэблевай фірмы «Белы грэнадзіл» Дзяніс Дудаль ужо больш за год, як свядома цалкам перайшоў на беларускую мову. І гэтае рашэнне моцна змяніла жыццё прадпрымальніка. Дзяніс распавёў нам, як цяпер папулярызуе родную мову на працы, сярод кліентаў, у краме, а таксама, што значыць назва ягонага прадпрыемства і пра любімае месца ў Бабруйску.

Дзяніс Дудаль. Фота: 1387.io

Як белае можа быць чорным

Дзяніс Дудаль нарадзіўся ў Бабруйску, тут вырас, вучыўся ў 23-й школе, потым у 3-й гімназіі (былой Славянскай), якую скончыў у 1996 годзе. Пасля школы пайшоў вучыцца ў  «пятнашку» – 15-е вучылішча, цяпер – каледж ім А.Ларына на сталяра-чырвонадрэўшчыка. Скончыўшы навучанне, паўтара года адпрацоўваў на «ФАнДАКу», пасля ўладкаваўся на «Бабруйскмэблю». Адначасова завочна атрымліваў вышэйшую адукацыю.

З «Бабруйскмэблі» Дзяніс перайшоў працаваць у прыватную фірму, а праз некалькі гадоў звольніўся і адчыніў сваё невялічкае мэблевае прадпрыемства з цікавай назвай «Белы грэнадзіл». Дзяніс зазначае, што назва заўсёды выклікае пытанні ў кліентаў – шмат хто ніколі не чуў гэтага слова.

– Доўга думаў над назвай фірмы. Грэнадзіл – гэта чорнае афрыканскае дрэва, – патлумачыў Дзяніс. – А белы таму, што ягоная забалань (пласт драўніны, які ляжыць пад карой) – бела-жоўтае. Вось так белае можа быць чорным (смяецца – рэд.). Усіх заўсёды здзіўляе такое глыбокае тлумачэнне назвы.

Фірма Дзяніса вырабляе мэблю для насельніцтва, для офісаў, рэстарацыяў. Акрамя зборнай мэблі, можна замовіць распіл, а потым ужо яго дома самастойна збіраць. «Белы грэнадзіл» таксама прадае матэрыялы для мэблевай вытворчасці, самарэзы, клей, фурнітуру і камплектуючыя для мэблі.

«Калі адкрываў фірму, мне казалі: ну ты прыдумаў – у крызіс бізнес пачынаць»

Сёлета 14-га жніўня «Беламу грэнадзілу» споўніцца 10 гадоў. Фірма адчынілася ў 2012 годзе.

– Мы распачыналі працу ў крызіс – рубель упаў, попыт знізіўся, людзі нічога не хацелі купляць, – прыгадвае Дзяніс. – Мне казалі – ну ты прыдумаў, у такі час бізнес пачынаць. Аднак я рызыкнуў. І цягам гэтых 10 гадоў імкнуўся ад прадпрыемства, пра якое ніхто не ведае, стаць такой часткай Бабруйску, без якой гараджане не маглі б жыць.

Дзяніс пачынаў бізнес з офісу плошчаў 40 квадратных метраў.

– Крыху пазней мы знялі большае памяшканне для вытворчасці, на 120 метраў, і першы станок – маленькі такі, – распавядае Дзяніс. – Але ў мяне тады быў такі неверагодны эмацыйны пад’ём ад гэтай пакупкі, якога ніколі больш не было ад набыцця абсталявання.

Пачынаць працу было няпроста, зазначае прадпрымальнік:

– Першыя 5 гадоў у мяне не было ніводнага выходнага. Калі ў мяне атрымлівалася пабыць дома ранцай да 12-й гадзіны, гэта значыла, што мне ў той дзень моцна пашанцавала. Дамоў прыходзіў каля 1.30 уначы, – дзеліцца ўспамінамі Дзяніс.

Сёння «Белы грэнадзіл» мае офіс у 200 квадратных метраў, плошча складоў і вытворчасці – амаль 1500 квадратных метраў. На фірме працуюць 15 чалавек.

Бясплатныя лекцыі, каб вярнуць былы прэстыж «пятнашцы»

Дзяніс Дудаль. Фота: 1387.io

У цяперашні час наўрад ці хапіла б адвагі адчыніць фірму, кажа Дзяніс. Стала менш магчымасцяў, ускладніліся ўмовы для працы. Рынак звузіўся. Новым прадпрымальнікам, паводле Дзяніса, складана ўтрымацца на плаву.

– Калі я гляджу на развіццё мэблевых суполак за мяжой, я вельмі шкадую. Бо там пастаянна з’яўляюцца новыя асобы, ідзе развіццё, – кажа цясляр. – Наша ж суполка мэбляроў з цягам часу не павялічваецца, амаль не прырастае ў апошнія гады новымі спецыялістамі.

Каб змяніць сітуацыю, Дзяніс вырашыў папрацаваць з будучымі спецыялістамі – навучэнцамі роднай «пятнашкі». Прадпрымальнік дамовіўся з дырэктаркай вучэльні і пачаў праводзіць заняткі.

– Па суботах я чытаў бясплатныя лекцыі пра клей, фрэзы, прыносіў інструменты з з сабой, выкладаў на стол, усё паказваў, расказваў і пра матэрыялы, і пра аздабленне. Я бачыў, што студэнтам цікава. На жаль, ковід крыху збіў тэмп маіх заняткаў, – распавядае Дзяніс.

Пазней прадпрымальнік пачаў браць навучэнцаў да сябе на практыку.

– І ведаеце з чым сутыкнуўся – вучні пыталіся ў мяне – а колькі вам грошай заплацілі, што вы прыйшлі і правялі нам гэтую лекцыю? Ім цяжка было паверыць, што я магу гэта рабіць бясплатна, бо некалі вучыўся там, – кажа Дзяніс. – А я проста хацеў вярнуць «пятнашцы» былы прэстыж, бо раней усе ведалі, што адтуль выпускаюцца добрыя спецыялісты.

«Сказаў «да пабачэння» – нібы сякеру ўбіў у касу»

Дзяніс Дудаль. Фота: 1387.io

З 2021 году Дзяніс сатў вучыць будучых цесляроў не толькі прафесійнаму майстэрству, але і роднай мове. Не, прадпрымальнік не пачаў праводзіць лекцыі па беларускай мове – ён проста сам цалкам на яе перайшоў у лютым 2021 году і стаў паказваць прыклад свайму атачэнню.

– Гэта было свядомае рашэнне, – зазначае Дзяніс. – Так, спачатку з памылкамі. Пачынаў з некалькіх словаў – дзякуй, калі ласка, да пабачэння. Але нават з адным словам, напрыклад, «да пабачэння» пачаў сутыкацца з асаблівай увагай атачэння. Калі я на касе ў краме камунікаваў па-расейску, а потым на развітанне казаў «да пабачэння», часцей за ўсё касірка глядзела на мяне, як на вар’ята, і ў мяне было адчуванне, нібы я сякеру ўбіў у тую касу. Цяпер ужо размаўляю лепей, памылак менш, бо я пастаянна чытаю, вучу, запамінаю новыя словы.

Дзяніс зазначае, што з пераходам на беларускую мову, ягонае жыццё стала цікавейшым. Цяпер нават просты паход у краму часта становіцца прыгодай. Людзі рэагуюць на беларускую мову па-рознаму.

– У школах, садках, для якіх мы робім мэблю, часам сутыкаюся з жахам у вачах супрацоўнікаў, калі яны чуюць маю беларускую мову, – кажа Дзяніс. – Яны вельмі насцярожана тады пачынаюць да мяне ставіцца, а я працягваю ўсміхацца і імкнуся зламаць іхныя шаблоны, пераканаць, што так, вось гэты беларускамоўны чалавек, я – добры, ветлівы, з рукамі, які ўмее нешта рабіць і хоча імі дапамагаць.

«Беларуская мова – мая зброя, мой танк»

Часта сустракаюцца людзі, якія хоць і не могуць падтрымаць гутарку па-беларуску, аднак на развітанне кажуць «дзякуй» ці «да пабачэння».

– А бывае яшчэ і так, што чалавек кажа табе – вы да нас яшчэ прыйдзіце, я тут адзін такі застаўся, нібы за нітачку трымаецца за мяне і за мову, – кажа дырэктар «Белага грэнадзілу». – А неяк у Менску была справа. Сутыкнуўся з генеральным дырэктарам фірмы на складзе. Ён старэйшы мяне мо гадоў на 10. І вось ён кажа – Дзяніс, прабачце, я не ведаю так добра мовы, я не магу вам адказаць на беларускай. І бачна было, што яму насамрэч было няёмка, на яго ціснула, што ён не можа размаўляць па-беларуску.

У сваім калектыве Дзяніс нікога не прымушае размаўляць па-беларуску, аднак імкнецца прасоўваць родную мову.

– У нас у краме вісіць дошка-слоўнік – я на ёй маркерам пішу словы па-расейску і пераклад на беларускую – калі ласка, ужывайце, – распавядае цясляр. – І людзі зусім не супраць. Амаль усе кажуць «смачна есці» – ім спадабаўся гэты выраз. Яшчэ ім падабаюцца такія словы як «тлумачыць», «я зразумеў» і «сто адсоткаў упэўненыя». Я кажу – вы, хіба, не ведаеце, як гэта зрабіць? Адказваюць – мы сто адсоткаў упэўненыя. А студэнты на практыцы, калі ім трэба было некуды адпрасіцца, пачыналі са мной размаўляць на чыстай беларускай мове.

Адказваючы на пытанне пра штуршок да пераходу на беларускую мову, Дзяніс прыгадаў выпадак, калі ён тануў, і страх, які ён тады адчуваў, уяўленне, нібы ад цябе ўжо нічога не залежыць. Гэтак жа бабруец адчуў сябе пасля паслявыбарчых падзеяў 2020 году.

– Я тады спужаўся. Гэта быў моцны ўнутраны жах і пачуццё ўласнай абмежаванасці, – кажа Дзяніс. – Я, мужчына, мне 40 гадоў, і я нічога не магу зрабіць. Маё жыццё нічога не каштуе. Гэта нарадзіла жаданне нешта рабіць. А яшчэ мацней мяне натхніў Зміцер Дашкевіч, заснавальнік фірмы «Цесляры». Я пераслухоўваў ягоныя інтэрв’ю па 4 разы і думаў – ён размаўляе па-беларуску, чаму я не магу? Беларуская мова стала зброяй у сітуацыі, калі здавалася, што ты больш нічога не можаш зрабіць. А аказалася, што размаўляць на роднай мове – гэта вельмі шмат. Я адчуваю сябе з мовай як на танку, напэўна – іду з ёй упэўнена і ўжо не баюся.

«Я «абкурыўся» мовай, падсеў на яе»

Дзяніс Дудаль. Фота: 1387.io

Дадаюць натхнення не кідаць родную мову праявы салідарнасці беларусаў, кажа Дзяніс.

– Быў неяк выпадак на касе ў краме. Касірка мне раздражнёна адказала на маю беларускую мову – «да свіданія», – прыгадвае наш суразмоўца. – За мной стаяла маладая дзяўчына, чула ўсю нашую гутарку, калі прыйшла ейная чарга, яна кажа касірцы: Прабачце, не ведаю, як гэта на расейскай мове, дайце мне, калі ласка, пакунак. Трэба было бачыць твар касіркі. Яна ж, напэўна, думала, пра мяне, што такі ідыёт тут адзін. А тут і наступны чалавек таксама па-беларуску! І я думаю, яна задумалася, мо, цяпер уся такая чарга там стаіць. Мяне вельмі натхніў той выпадак, а моцна адчуў салідарнасць беларусаў. Мова дала шмат новых знаёмстваў і шмат незабыўных гісторыяў. Гэта заўсёды цікава, кішэня эмоцыяў. І яны заўсёды пазітыўныя, нават калі нібыта з негатывам ці грэбаваннем нехта спрабуе паставіцца. Калі ты размаўляеш па-беларуску, нават звычайны паход у краму становіцца незвычайным. Хтосьці схадзіў у краму, прыйшоў да хаты і спіць, а я яшчэ ўвесь вечар узгадваю, што ў той краме адбылося.

Дзяніс кажа, што часта сутыкаецца з тым, што людзі не вераць, што ён – звычайны цясляр.

– Кажуць – ну ты што, так па-беларуску размаўляеш, дакладна БДУ скончыў, не менш. Не вераць, калі я кажу, што ніякай мовы ў мяне ў вучэльні ўвогуле не было, і гэта толькі маё імкненне. А яшчэ часам пытаюцца – вы з Украіны? Бо нашыя ж беларусы прымаюць родную мову за ўкраінскую, – распавядае Дзяніс. – У маім дзяцінстве, юнацтве ў маім атачэнні амаль не было беларускай мовы, і я цяпер бачу ў гэтым сваю місію – несці родную мову, папулярызаваць яе як мага больш. На мяне часам глядзяць, нібы я мовай абкурыўся, як на вар’ята. А я так сябе і адчуваю – што я запаліў і нікому гэтую цыгарэту ўжо не аддам. Я падсеў на мову.

Любімае месца ў горадзе – шыльда «Бабруйск» на ўездзе

Нягледзячы на ўсе гэтыя цікавыя прыгоды, Дзяніс хацеў бы, каб родная мова перастала ўспрымацца, як нешта надзвычайнае, а таксама, каб беларускае грамадства развівалася, каб можна было працаваць дзякуючы спрыяльным умовам, а не насуперак усім цяжкасцям.

– З танку хацелася б перасесці на кабрыялет, каб не прабівацца па выбоінах, а лёгка і прыемна ехаць. Гэта датычыць усяго жыцця, працы, – зазначае Дзяніс.

Пры гэтым з’язджаць з Беларусі Дзяніс не хоча. Кажа, што ёсць шмат абставінаў, якія трымаюць яго на радзіме, і адначасова ён удзячны ім, што яны не даюць яму з’ехаць.

– Ёсць шмат грузікаў, якімі я прывязаны да Бабруйску, – кажа прадпрымальнік. – Відаць, я цяпер патрэбны свайму роднаму гораду і мушу быць тут. Я вельмі люблю Бабруйск, моцна прывязаны да яго.

Улюбёнае месца Дзяніса ў горадзе – шыльда з надпісам «Бабруйск» на ўездзе з боку Менскай шашы.

– Калі ты праехаў 5 тысяч кіламетраў, і ведаеш, што праз 30 кіламетраў будзе гэтая шыльда, то яна для цябе – нешта неверагоднае. Каштоўнасць яе адчуваеш як раз калі некуды з’ездзіш. Ты бачыш яе і разумееш, што ты дома, – кажа Дзяніс. – Ад мовы я перайшоў да захаплення вандроўкамі па Беларусі. Летась ездзілі амаль кожныя выходныя па Беларусі, у нейкае новае месца. Наведвалі музеі. Так я знаёмлюся з гісторыяй і культурай радзімы. На мяне проста хваляй накаціла гэтае імкненне да ўсяго беларускага, да роднай спадчыны. Мы з сям’ёй любім вандраваць, але адначасова я вельмі люблю вяртацца дамоў і бачыць гэтую шыльду з надпісам «Бабруйск».