Легендарныя даўгабуды і закінутыя дамы Бабруйска. Фотарэпартаж

 

Калі табе даводзілася бываць у раёне цэнтральнага рынка яшчэ з 20 год таму, ты памятаеш гэты дом з верандай а-ля «Санта-Барбара» на рагу завулка Пажарнага і вуліцы К.Маркса.

 

 

Да асновы з чырвонай цэглы паступова прыбудоўвалі новыя элементы з белай, а бабруйцы чакалі: вось-вось тут паўстане нешта грандыёзнае. Але даўгабуд так і застаўся даўгабудам, пасля яго нават абнеслі агароджай – бо надта зручна было мінакам хадзіць сюды па малых і вялікіх патрэбах.

 

 

Калі працягваць ісці па вуліцы К.Маркса ў бок крэпасці, на вуліцы Крупскай абавязкова напаткаеш гэты фабрычны гмах, цуд архітэктурнай думкі, які так і не быў дабудаваны. А судзячы па яго выглядзе – ужо і не будзе…

 

 

Затое людзям ёсць дзе графіці памаляваць.

 

 

Наагул, вуліца Крупскай выглядае, як партал паміж эпохай, калі людзі ўмелі прыдумляць і будаваць прыгожыя будынкі, нават калі гэта крэпасць (справа), і эпохай, калі вырашылі, што квадрацікі з бетону – «и так сойдёт!» (злева).

 

 

Нам зусім не хочацца, каб знеслі гэты будынак на вуліцы Бахарава. Але гэта яскравы прыклад таго, як з і без таго гістарычнай нерухомасці – а тут доўгі час да рэвалюцыі і пасля яе працавала легендарная аптэка Разоўскага – спрабавалі зрабіць нейкі палац.

 

 

Аптэка была аднапавярховай, усё астатняе даляпілі ўжо ў 2000-х. Па чутках, стогадовы будынак, разам з «Беразіной і Еўрапейскай» і яшчэ некалькімі старажытнымі дамамі ў Бабруйску, выкупіў злодзей у законе Уладзімір Бірукоў (Біря Бабруйскі). Пасля смерці крымінальніка рамонты ў яго маёмасці спыніліся.

 

 

… І гэты будынак належаў Біры Бабруйскаму. У ім таксама пачыналі рабіць рамонт з перапланіроўкай.

 

 

Калісьці тут была сінагога. Але рука несапсаванага добрым густам савецкага рэканструктара ўсё аквадратніла. Што здарылася пасля – бачым на фота. У такім стане будынак ужо шмат год. Прадаецца.

 

 

Сумуе без гаспадароў і былы Дом культуры завода імя Леніна. Дарэчы, знаходзіцца ён насупраць знішчанага ўжо вінзавода.

 

 

Яшчэ адзін гмах на тэрыторыі вінзавода, які, відаць, меў вялікую каштоўнасць, калі знеслі стогадовыя будынкі, а не гэты цуд простакутнасці.

 

 

А гэта закінутыя казармы ў Кісялевічах. Атмасфернае месца і сам будынак вонкава даволі прыемны, але так і не прыдаўся, хоць бы пад які інтэрнат ці арэнднае жытло.

Вядома, ёсць у былым вайсковым гарадку і прыклады будынкаў у стылі «кароўнік».  Вось яны:

 

 

Перамяшчаемся на Даманскі. А тут – непрыгожая каробка, якая гадамі псуе і без таго не самы архітэктурна-разнастайны раён.  Узнікла яна на месцы крамы “Альбатрос” , таксама легендарнай. Гэта была першая ў Бабруйску рыбная крама з незвычайна вялікім, па тым часе, асартыментам. Пасля заняпаду, невялікі будынак у нейкі момант аброс дадатковым паверхам па бірукоўскай схеме, і цяпер сапраўды выглядае, як бандыцкая “маліна”.

Дарэчы, каробка прадаецца, як бачыш.

 

 

Заходзім за каробку, каб убачыць, ці ёсць у ёй хоць нейкія дзверы-вокны, а тут… Двор з цалкам разбітай дарогай, у цэнтры якога, вядома ж – яшчэ адна цагляная каробка!

 

 

А ў цябе ёсць улюбёныя даўгабуды ці закінутыя будынкі ў Бабруйску? Раскажы пра іх у нашым інстаграме.