«Мая задача – паказаць, колькі крутога ёсць у Беларусі». Размова з блогерам Мікітам Бялевічам

 

Я не лічу, што займаюся нечым суперцікавым. Але мне падабаецца той факт, што мне 21 год, і не маючы вышэйшай адукацыі я цалкам самадастатковы чалавек. Бо не толькі ствараю блог, але здымаю відэа, сам здымаюся, прадзюсую, рэжысую.

Пакуль яшчэ традыцыйны сцэнар маладых людзей такі: скончыў школу, паступіў ва ўніверсітэт, з’ехаў ад бацькоў. І пачынаеш існаваць адзін, самастойна. Жывеш у інтэрнаце, з аднакурснікамі – і гэта вельмі важны элемент сацыялізацыі. У гэтым сэнсе любы ўнівер грае вялікую ролю.

Але для таго, каб займацца любімай справай, жыць у кайф, неабавязкова мець корачку.

 

 

Мой шлях да культурнай дзейнасці можна даволі лёгка храналагічна адсачыць. У 2016 годзе я трапіў валанцёрам у тайм-клуб «1387». Пазнаёміўся там з курсамі «Мова Нанова» і, суадносна, з беларускай мовай.

Пасля сустрэўся з бабруйчанінам Ягорам, які жыве ў Маскве. Мы з ім адразу злавілі адну хвалю і вырашылі размаўляць па-беларуску. Пачалі рабіць падкаст «Брудныя словы», у якім было няшмат слухачоў, але мы стараліся ўздымаць тэмы, якія нас хвалююць. Разам з ім запусцілі суполку ў ВКонтакте «Вуж на патэльні» з мемамі па-беларуску. Яе адміністраванне мы даўно перадалі актыўнай падпісчыцы. Дарэчы, з Ірай ніхто з нас ніколі не бачыўся, але менавіта дзякуючы ёй паблік працягвае жыць.

 

 

З Ягорам мы зрабілі пару відосаў на YouTube пра будынкі з беларускіх грошай, і сталі на паўзу. Ён яшчэ нейкі час стрыміў, але зараз, наколькі я ведаю, ужо не здымае. Нашы самыя папулярныя ролікі набралі 1 500 праглядаў. Я ўжо і забыўся на іх, але відэа заўважылі. І я атрымаў прапанову паўдзельнічаць у стварэнні трэвэл-блога для грамадскай кампаніі «Годна».

Мы адзнялі пару відэа Электратрыпа. Далей мне прапанавалі весці TikTok hodnamusic.

 

 

Даведка: Электратрып – максімальна бюджэтны і экалагічны варыянт для падарожжаў па Беларусі. Паўтарыць іх зможа кожны ахвотны, бо тут нават машына не спатрэбіцца. Сядаеш на электрычку – і едзеш беларускай прыгажосцю захапляцца.

 

Я цалкам перайшоў на беларускую мову ў адзін момант, летам 2019-га. А перад тым доўга слухаў, накопліваў слоўнікавы запас, перыядычна трапляў на «Мова Нанова». А пасля прачнуўся і проста пачаў!

TikTok hodnamus вяду з траўня 2021-га. Як я абіраю музыкаў для відэа? Вельмі лёгка!

Спачатку я браў усё, што мне прапаноўвалі, і абапіраўся на сваю базу ведаў. А зараз больш арыентуюся на ўласны густ, калі выбіраю герояў з вялікага спісу беларускай сцэны. А яна пашыраецца досыць хутка, з’яўляюцца новыя імёны. Здараецца і так, што нейкія старыя каманды раптам запісваюць нешта па-беларуску.

Калі мне падабаецца музыка – раблю. Бо калі няма сімпатыі, зрабіць TikTok нашмат складаней.
Мне здаецца, што большасць маіх гледачоў узростам ад 15 да 25 год. Але быў у нас відос пра «Нестандартный вариант», які раптам заляцеў у рэкамендацыі і набраў 50 з нечым тысячаў праглядаў. У каментах было шмат людзей, якія ўзгадвалі, як у 9-м класе іх слухалі ды ўзгадвалі маладосць.

 

 

Па мерках TikTok лічба 50-100 тысячаў праглядаў – гэта проста ОК. Але трэба разумець, што звычайны ціктокер і беларускамоўны – розныя рэчы. Беларускамоўны кантэнт вельмі абмежаваны, у тым ліку тым, што не ўсе суайчыннікі гатовыя ўспрымаць сваю мову, не кажучы пра замежнікаў. Хаця ўкраінцы часам глядзяць нас, і пішуць, што ім падабаецца.

Таму я радуюся, калі бачу лічбу праглядаў у чатыры-пяць тысяч. Гэта прыемны стандарт. А калі яна расце да 40 тысячаў, гэта ўжо свята!

Я зняў прыблізна 100 відосаў як ціктокер, і ні разу ў маіх выпусках не з’явілася ні Каржа, ні Вольскага. Гэта мая асабістая пазіцыя. Бо гэтых выканаўцаў вы і самі паслухаеце, а мне цікава расказваць пра новыя, ці ўжо забытыя старыя імёны. Хоць я і рады за Каржа, бо ён трохі змяніў стыль. І, магчыма, некалі дарасце да таго, каб адысці ад падзікаўскіх, пацанскіх і трохакордавых песняў.

 

 

Калі я пачаў працаваць над TikTok hodnamusic, два праз два працаваў у краме «1387». Мне стала складана засяродзіцца, рэсурсы павывальваліся і з’явіліся хвасты з абодвух бакоў. Я спрабаваў зрабіць нешта новае, закрыць старое, паспець паўсюль… У такім выпадку ты ці перастаеш спаць, ці пачынаеш вывальвацца. Самае цяжкае – думаць пра розныя накірункі дзейнасці і заставацца ў рэсурсе. Таму зараз, калі я засяроджаны толькі на творчасці, стала нашмат прасцей.

 

Наколькі я ведаю, гэта рэкламніца Юлія Ляшкевіч закінула ідэю, што слова «бусь», «буська» – вельмі класнае для нэймінга беларускага брэнда. Яно крутое, яго ведаюць усе беларусы, як беларускамоўныя, так і рускамоўныя.

Кавід падштурхнуў беларусаў да ідэі вандраваць па сваёй краіне, і таму зусім не новую ідэю трэвэл-блогерства аформілі ў канцэпцыю «Бусь Беларусь». Спачатку меркавалася, што асноўным вядоўцам будзе паэт, шоўмэн і музыка Мікіта Найдзёнаў. А мы з ціктокеркай Лізай Ветравай будзем на другіх ролях, як забаўляльны элемент. Але цягам абмеркавання прыйшлі да думкі, што больш цікавая канцэпцыя – вядоўцы рознага ўзросту. Мне тады было 20, Лізе 24, Мікіту 30+. І мы разглядаем адзін горад, вобласць, з трох пунктаў гледжання – зумеры, міленіялы і міленіялы пастарэй.

У нас атрымалася пасябраваць. А з Лізай мы і дагэтуль працягваем супрацоўнічаць, нешта абмяркоўваць. Мікіта больш заняты, бо стварае і вядзе музычны квіз «Сам Шазам», піша, перакладае. З ім нячаста бачымся.

Але на здымачнай пляцоўцы была атмасфера сяброўства, падтрымкі. На здымкі выпраўлялася каманда з 12 чалавек, калі не лічыць кіроўцу: чатыры аператары, лагіст, менеджар, рэжысёр… Цэлы бусік.

На дадзены момант мы скончылі працу над першым сезонам з 10 выпускаў. Заехалі ва ўсе часткі краіны, ва ўсе вобласці, акрамя Мінскай, бо яна і так даволі раскручаная.
Хацелася б здымаць працяг. «Бусь Беларусь» – гэта не абавязкова пра вандроўкі. Краіну можна паказаць з розных бакоў: праз касцёл, палац, праз асобу цікавага чалавека.

 

 

Месца, у здымках якога мне найбольш спадабалася ўдзельнічаць… Гэта, канечне – Бабруйск!

 

А з іншых гарадоў мяне ўразіў Мазыр. Неяк я заязджаў у яго па справах, быў галодны і стомлены, і тады мяне гэтыя ўзгоркі, лесвіцы і расцягнутасць раздражнялі. Другім разам я трапіў туды больш сыты і выспаны, і гуляў па горадзе з людзьмі, якія ведаюць і любяць свае мясціны. А гэта самы важны фактар!

Каб добра паказаць свой горад іншым, трэба самім яго любіць. І ў маім выпадку гэта былі дзяўчаты з праекту «Першы крок». Дзякуючы ім я адчуў Мазыр. Гэта вельмі незвычайна, калі на цэнтральнай вуліцы ты можаш спусціцца па лесвіцы ўніз і ўбачыць маляўнічыя, зялёныя краявіды.

 

 

Вельмі хочацца стварыць беларускі, паўнавартасны, незалежны інтэрнэт. Таму што мы, на жаль, усё яшчэ жывем пад вялікім уплывам расійскай інфапрасторы. Глядзім іх YouTube, іх TikTok, іх Instagram. І не толькі таму, што яны па-руску. Бо ў Беларусі таксама можна рабіць рускамоўны кантэнт, але свой, з мясцовым каларытам, пра нас.

Аўдыторыя ў нас менш. Бо па-руску размаўляюць у некалькіх краінах, а нашу мову разумеюць толькі беларусы і ўкраінцы. Гледачоў менш. Але для нас галоўнае – якасць, а не колькасць. І наша аўдыторыя са знакам якасці.

 

Мне цяжка сказаць, што беларусы больш заціснутыя і сціплыя, чым тыя ж украінцы і расіяне. Я спецыяльна не цікавіўся гэтай тэмай. Але ціктокер Віталь Рыжкоў vitaju_vital якраз займаецца гэтым – даследуе беларускі характар.

Таксама я раю падпісацца на беларускамоўных ціктокераў з якасным кантэнтам: на Алесю Гурскую alesia_gurskaya – яна расказвае пра беларускія традыцыі і святы, homanby – пра беларускую мову з Аляксеем Шэіным і Андрусём Такіндангам, DeadMetaler – расказвае пра рамонт ровараў, ssstashkevich – пра гісторыю і літаратуру, _zorka_venera – з гумарам пра жыццё мінчанкі, dziahel – кандыдат гістарычных навук расказвае пра гісторыю.

 

 

Хоць і займаюся музычнай тэмай, але не лічу сябе вялікім знаўцам у гэтай сферы. Магчыма, мае веды крыху глыбей за звычайнага слухача. Бо сам люблю слухаць, спрабаваць разабрацца, але не акадэмічна. І прыблізна на такім жа ўзроўні цікаўлюся кінематографам. Я б з радасцю нешта парасказваў пра кіно.

 

Я вельмі хачу застацца ў Беларусі і працягваць ствараць. На карысць нашай культуры, гісторыі, мовы. І ў першую чаргу, рабіць для людзей, якія таксама тут.

Нядаўна сфармуляваў для сябе ўласную місію ў медыяпрасторы – я вучу беларусаў ганарыцца сабой. Ёсць такая завядзёнка: каб мясцовым выканаўцам стаць папулярнымі дома, спярша трэба дамагчыся славы за мяжой. У асноўным, у Расіі. Мы пачынаем ганарыцца Каржом, калі яму апладуе Масква. І з Бі-2 так жа, і з ЛСП, ды з іншымі. Мая задача – паказаць, колькі крутога ёсць у Беларусі, колькі ўсяго класнага робяць беларусы і беларускі. Давайце ганарыцца тым, што мы самі ствараем!

І вось, я спрабую павялічваць агульнанародную самаацэнку.

Для таго, каб пачаць рабіць нешта файнае, у вас усё ёсць. Трэба толькі пачаць. Як адбылося са мной у 2019 годзе, калі я запісаў першы падкаст з тэлефонам на падушцы. На чысцейшай трасянцы!

Проста рабіце!

 

Мікіта раіць паглядзець: 

 

 

Паслухаць:

Rap&Vogue (беларусы, што спяваюць па-французску).

True Litwin Beat (рэп-праект Сяргея Пукста):

 

 

Фота з сацсетак.