«Маргенштэрну да яго, як да зорак!»: няпросты квэст пра эпатажнага Дуніна-Марцінкевіча

 

Працаваў над квэстам Мікіта Суботкін з камандай тайм-клуба «1387» у асобах Арцёма Галушчанкі і Мікіты Бялевіча. Яны дапамаглі школьніку прывесці гульню да ладу, раілі цікавыя спосабы шыфроўкі.

– Наагул, спачатку я планаваў зрабіць тыднёвы марафон мерапрыемстваў пад агульнай вокладкай «Дунін-Fest». Такая ідэя з’явілася ў мяне на школе Progekt-менеджмента, якая таксама ладзілася ў тайм-клубе. Там нас вучылі арганізоўваць гарадскія івэнты, а гэтай тэмай я даўно цікавіўся. Але пасля падумаў, што пацягнуць цэлы фестываль мне пакуль будзе складана, вырашыў паспрабаваць для пачатку квэст.

Я маю глабальную мэту – каб Бабруйск займеў свой брэнд. Канечне, хочацца каб ён быў звязаны з культурай, літаратурай. Таму Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч які ніхто іншы пасуе да гэтай ідэі, бо ён адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры. То бок, персона, важная не толькі для бабруйцаў. Цікавы факт: пісьменнік пачынаў пісаць па-польску, як і належала шляхцюку, але пасля перайшоў на беларускую мову. Атрымаў за гэта шмат хэйту ад сучаснікаў, але працягваў рабіць задуманае. Хіба гэта не крута? Я заўсёды кажу так: пачалося ўсё з Дуніна-Марцінкевіча!

Рыхтавацца да квэсту Мікіта пачаў у сакавіку, а правёў яго ўжо напрыканцы месяца. Удзельнікаў – а сабраліся чатыры каманды, не напалохаў нават дождж, які ішоў цэлы дзень. Як сапраўдныя дэтэктывы яны разбіралі шыфры і загадкі і шпарка перасоўваліся па горадзе, каб фінішаваць першымі.

 

 

Пасля таго, як усе загадкі былі расшыфраваныя, і каманды сабраліся ў тайм-клубе, Мікіта Суботкін прачытаў невялікую лекцыю «Як хайпіў Дунін-Мацінкевіч». У нясумным фармаце.

– Пісьменнік быў эпатажнай персонай. Напрыклад, ён сядзеў у турме, бо падрабляў дакументы. Таксама ён скраў каханую дзяўчыну, бо яе сям’я была супраць жаніцьбы. Пра такога, зухаватага Дуніна-Марцінкевіча, мала хто ведае. Для класікаў больш звыклы заімшэлы вобраз. А хто з вас ведае, што пісьменнік кінуў медуніверсітэт, бо не любіў анатомію? З ім звязана безліч цікавых фактаў.

 

На фота: Мікіта Суботкін. 

 

І, нарэшце, Мікіта расказаў, як стаць папулярным, як Вінцэнт:

– Трэба пісаць па-беларуску.
– Не толькі стварыць тэатр, але і самому граць у ім. Дунін-Марцінкевіч быў адным з першых, хто сам выконваў ролі ў крапасным тэатры.
– Падтрымліваць варушнякі. Напрыклад, Вінцэнт удзельнічаў у паўстанні Каліноўскага!
– Рабіць папулярнай беларускую лаянку: «Хрэн табе ў вочы!»

 

– Па ўсім відаць, што наш герой быў эпатажнай персонай. Маргенштэрну да яго, як да зорак! Жыццё яго было як квэст – непрадказальнае, – рэзюмуе Мікіта Суботкін.

 

На фота: Мікіта Бялевіч. 

 

Першай «Дунін-квэст» разгадала каманда «Бабруйская шляхта», другімі прыйшла «Суета», а каманды «Дунінцы» і «Краснае сонейка» аб’ядналіся ў працэсе гульні, і занялі трэцяе месца. Усіх удзельнікаў чакалі класныя прызы: налепкі і значыкі з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, кнігі «Пінская шляхта», квіткі ў тэатр і на квіз «Дом Шэрлака».

 

 

Мікіта Суботкін і Арцём Галушчанка расказалі, па якім прынцыпе абіралі лакацыі для квэсту, і якія шыфры выкарысталі. «Мы зладзілі мазгавы штурм, абралі месцы і падабралі пад іх шыфроўку. Але аўтар канцэпцыі – Мікіта. Ён прыдумаў звязаць квэст з урыўкам з «Пінскай шляхты», – тлумачаць аўтары.

 

На фота: Арцём Галушчанка. 

 

Заданне №1. Дом купчыхі Кацнельсон.

– На паперы з заданнямі быў намаляваны дуб, проста дзеля прыгажосці, і некага ён увёў у зман. Адна з камандаў пайшла да старога дуба на вуліцы Гогаля.

Першым пунктам мы абралі «зялёную бібліятэку», хоць і былі сумневы наконт яе. Бо мы і так часта пра яе кажам. Але яна ўдала супала з маршрутам, – распавядае Арцём.

 

 

– Да таго ж наш герой – пісьменнік, і будынак былой бібліятэкі пасуе да тэмы. Асацыяцыі зразумелыя, – дадае Мікіта.

 

 

– Шыфр быў таксама лічбавы. І калі верхнія, з хэштэгам, забіць у гугл, ён выдае колер, найбольш набліжаны да колеру гэтага будынку. А ніжнія лічбы азначалі слова «кніга», каб стала яшчэ больш зразумела, пра што ідзе размова, – тлумачыць Арцём.

 

 

Заданне №2. Помнік Дуніну-Марцінкевічу ў гарадскім парку.

– Тут знаходзіцца адзін з двух помнікаў Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску. Загадка да гэтага задання была такая – «28 кылё», мы скарысталіся шыфрам Цэзара. Гэта было складана, таму што не ўсе зразумелі, што на малюнку Цэзар. Прынцып такі: з ім заўсёды ідзе лічба, якая азначае, колькі сімвалаў у алфавіце ссоўваецца згодна з шыфрам. То бок, у нашым выпадку алфавіт пачынаецца не з літары «а», а з 28-й літары. Слова «кылё» азначае «парк». Разгадалі шыфр дзве каманды, – кажа Арцём.

 

 

– Ведаю, што хтосьці проста арыентаваўся на месцы, звязаныя з Марцінкевічам. Таму адна каманда пайшла ў касцёл, бо там ёсць шыльда ў гонар хрышчэння пісьменніка ў Бабруйскай парафіі, – смяецца Мікіта.

– Марцінкевіч сам быў містыкам, шыфравальнікам, таму яму вельмі пасуе квэст з загадкамі. І наша мэта была зрабіць яго складаным. Але калі б усе ўдзельнікі здагадаліся, што гэта шыфр Цэзара, усё стала б проста, – дадае Арцём.

 

 

Заданне №3. Тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча.

– Тут быў загаданы тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча. Думаю, не трэба тлумачыць, чаму мы абралі гэтую лакацыю, – смяецца Мікіта. – Яна была відавочнай, але шыфр усё адно трэба было разгадаць. Мы выкарысталі алфавіт з нумарацыяй.

 

 

Заданне №4. Гімназія №3.

– У гэтай гімназіі я вучыўся, і заўважыў цікавую асаблівасць. Там, дзе старая яе частка – былой Аляксееўскай жаночай гімназіі, амаль аўтэнтычным захаваўся толькі верхні ярус з вежай. Вельмі атмасфернае месца! – кажа Мікіта Суботкін.

 

 

– Тут вялікая паркавая зона, якая амаль ніяк не выкарыстоўваецца. Ні лавачак, нічога, – заўважае Арцём.

 

 

– Зімой мы тут катаемся на лыжах. А так – сапраўды, тут хіба што з сабакамі гуляюць. Напэўна, бабруйцаў палохае, што тут знаходзіцца Алея праведных, і яны ўспрымаюць сквер выключна як месца суму, – разважае Мікіта. – Наагул, мы збудавалі квэст на трэцяй з’яве «Пінскай шляхты». Размова там ідзе пра вяселле і круціцца вакол двух закаханых, – тлумачыць Мікіта Суботкін. – Таму мы абралі прыгожае, гістарычнае месца побач з Палацам шлюбаў. Удзельнікам гульні трэба было прачытаць усю з’яву, і з яе ўзяць карыснае, зразумець накірунак.

 

 

– Так, бо па ўмовах квэсту ўдзельнікі мусілі рабіць фота на фоне знойдзенай лакацыі. А рабіць сэлфі на фоне Палацу шлюбаў неяк нецікава. Тут, ля гімназіі, прыгажэй. У трэцяй з’яве «Пінскай шляхты» мы абвялі падказкі, каб было зразумела, колькі заданняў. Шыфрам «Atbash» мы на іўрыце напісалі слова «гімназія», і дзве каманды адразу гэта зразумелі. Квэст не з простых, але ўсё можна было загугліць. І нумар з’явы – трэці, паказваў на нумар гімназіі.

Паходжанне слова «атбаш» тлумачыцца прынцыпам замены літар. Слова אתבש складзена з літар «Алеф», «тав», «бэт» і «шын», гэта значыць першай, апошняй, другой і перадапошняй літар габрэйскага алфавіту. У інтэрнэце ёсць дэкадзіроўшчыкі, у які можна ўводзіць зашыфраванае слова.

 

 

Заданне №5. Вуліца імя Дуніна-Марцінкевіча на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці.

– Вуліцу імя Дуніна-Марцінкевіча мы знайшлі па яндэкс-мапах. Я і раней чуў, што яна існуе, але не мог адшукаць інфармацыю. Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе ёсць вуліца ў гонар нашага пісьменніка. На жаль, тут не жывуць людзі. І ніякага указальніка, што яна ёсць. Але хтосьці прымацаваў тут самаробную шыльдачку з надпісам «вуліца імя Дуніна-Марцінкевіча». Лепей так, чым ніяк.

Шкада, што вуліца настолькі значнага пісьменніка знаходзіцца ў такім месцы, і мала хто ведае пра яе існаванне. Мяркую, Дуніну-Марцінкевічу трэба было б выдзеліць вуліцу памерам з Сацыялку, як мінімум. Дзе жыве і гуляе шмат бабруйцаў і турыстаў, каб яго імя часцей узгадвалася, – кажа Мікіта Суботкін.

 

 

– Што тычыцца задання, мы разумелі, што сюды не блізка дайсці, і не зусім зручна. Таму загадку пад яго мы не рабілі, а максімальна спрасцілі шлях, проста пазначылі на аркушы з заданнем дакладныя каардынаты, – тлумачыць Арцём Галушчанка.

 

 

– Мне так спадабалася арганізоўваць квэст, што хацелася б і далей займацца падобнымі рэчамі. Я задаволены тым, як усё прайшло. Мне радасна бачыць, як людзі атрымліваюць задавальненне, калі разгадваюць няпростыя заданні, і пры гэтым даведваюцца новае, – кажа Мікіта Суботкін.

 

Фота: Дар’я Роскач і Мікіта Бялевіч