Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі: Рэгіянальным медыям сёння не хапае чалавечых гісторый

Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт, журналіст. Фота: Паўлюк Быкоўскі/Facebook

Цягам апошняга году медыяландшафт Беларусі змяніўся вельмі адчувальна: шмат якія СМІ пазбавіліся магчымасці выдаваць друкаваную версію (звычайныя газеты), іншым заблакавалі сайты, яшчэ шэраг рэдакцыяў былі змушаныя з’ехаць за мяжу, каб захаваць магчымасць працаваць. Пра асаблівасці працы рэгіянальных медыяў у новых умовах бабруйцам распавёў журналіст, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

2020 vs 2021: як было і як стала

– У 2020 годзе была вялікая цікавасць да грамадска-палітычнай інфармацыі, былі вялікія трафікі на сайты, газеты добра набываліся. А потым пачаўся час рэпрэсіяў, некаторыя газеты зараз не могуць выходзіць у Беларусі і распаўсюджвацца. Шмат якія заблакаваныя, што змяніла іх жыццё. Каб на іх трапіць, трэба карыстацца VPN. Некаторыя мусілі пераехаць на іншыя дамены, і аўдыторыя не абавязкоа да іх далучылася. Гэта ўсё ўплывае на трафік.

Новыя выпрабаванні прымусілі медыі перайсці да шматплатформернасці, што раней не вельмі падабался рэдакцыям, бо на новых платформах, напрыклад, у сацыяльных сетках было складана зарабляць грошы – прасцей было ісці звыклым шляхам продажы папяровых газет і падпіскі. Калі браць рэгіянальныя выданні з папяровай газетай, то даходы ад інтэрнэту мала ў каго перавышалі 30%.

Сёння лягчэй тым выданням, якія і раней існавалі выключна ў інтэрнэце і развівалі свае сацыяльныя сеткі.

Калі казаць пра працу журналіста, то ў 2020 годзе раптам стала важна, ці ёсць пасведчанне, ці смі зарегістраванае. Гэта стала абмяжоўваць працу з дзяржаўнымі арганізацыямі і ствараць рызыку затрымання падчас асвятлення масавых мерапрыемстваў. Але ўжо з восені 2020 году і тым больш цяпер нават наяўнасць такіх дакументаў не выратоўвае ад ціску.

Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт, журналіст. Фота: Паўлюк Быкоўскі/Facebook

Праца “у полі” vs UGC-кантэнт: што цяпер рэальней і эфектыўней?

–  Важнай крыніцай інфармацыі ў 2020 годзе стаў кантэнт, які ствараюць карыстальнікі – ugc-кантэнт (user-generated content).  Рэдакцыі навучыліся пісаць боты, якія дапамагаюць збіраць інфармацыю ад чытачоў. Аднак ёсць дзве праблемы: гэтую інфармацыю ўсё ж трэба пераправяраць і з карыстальнікамі неабходна працаваць, каб яны захацелі дасылаць такую інфармацыю. А на гэта патрэбныя сродкі і час.

Важнейшай, чым раней, крыніцай інфармацыі сталі сацыяльныя сеткі.

У той жа час для журналіста рэгіянальных смі дагэтуль вельмі актуальная праца “ў полі” – менавіта там па-ранейшаму прасцей за ўсё знайсці інфармацыю, якая патрэбна менавіта вашаму чытачу.

Калі мы карыстаемся інфармацыяй з сацыяльных сетак, то не заўсёды гэтую інфармацыю можна браць без дазволу. Калі няма сапраўднага грамадскага інтарэсу да інфармацыі, то яе нельга публікаваць, калі аўтар забараняе гэта рабіць. Некаторыя медыі публікуюць скрыншоты інфармацыі, якая была пад замком. Гэта не вельмі добрая ідэя – так рабіць.

Як змяніўся кантэнт рэгіянальных смі?

– Стала значна менш сваёй інфармацыі. Замест гэтага больш перапрацаваных і нават неперапрацаваных прэс-рэлізаў розных дзяржаўных органаў. Не ўсе рэгіянальныя медыі гатовыя прадставіць сёння поўную карціну дня.

У той жа час новых рэцэптаў па стварэнні кантэнту няма. Чытачам патрэбная цікавая інфармацыя, якая змяняе іхнае жыццё і датычыць падзеяў, якія адбываюцца побач.

Узмацнілася самацэнзура ў медыях. У 2020 годзе шмат хто працаваў без аглядкі на заўтра. Цяпер у перыяд рэакцыі нельга не зважаць на пагрозы і не думаць пра будучыню СМІ.

Шмат якія важныя тэмы абмінаюцца сёння. Аднак выданне мусіць выжыць і далей працаваць на карысць грамадства. Таму самазахаванне мае значэнне. І можна шукаць шляхі і знаходзіць павароты тэмы, каб распавесці тое, што нібыта нельга распавядаць.

Журналісты сталі цяпер меней падпісвацца сваімі прозвішчамі. Гэта б’е па даверу да публікацыі. Адначасова мы цяпер часта сустракаем і чалавечыя гісторыі без твараў і сапраўдных імёнаў. Такая ананімнасць змяншае давер, бо гэта можа стварыць уражанне, што журналіст падыгрывае таму ж актывісту, калі так сябе паводзіць. У ідэале журналіст мусіць быць раўнааддалены ад усіх герояў, але гэта не заўсёды магчыма. Часам рэдакцыя сваім аўтарытэтам выцягвае матэрыялы, у якіх у герояў змененыя імёны. Але натуральна ўзнікае пытанне, ці паверыць аўдыторыя, што гэтая гісторыя не прыдуманая, калі там няма твару, імя чалавека.

Праца журналіста ў полі па-ранейшаму застаецца вельмі важнай. Фота: Depositphotos

Ці адарвуцца журналісты, якія працуюць з-за мяжы, ад беларускай рэчаіснасці?

– Само выданне не абавязкова адарвецца, а журналісты, якія знаходзяцца за мяжой, з высокай доляй верагоднасці не будуць адчуваць той тон, якім трэба размаляць з аўдыторыяй.

Для выдання больш шанцаў не згубіць аўдыторыю, калі ў яго ёсць частка калектыву ў Беларусі. Альбо добра наладжаная зваротная сувязь. Хоць зваротная сувязь не раскажа, што людзі абмяркоўваюць у чарзе ў краму ці калі едуць грамадскім транспартам.

Разам з тым гэтую інфармацыю можна спрабаваць збіраць з дапамогай сацыяльных сетак.

Для журналіста важна разумець атмасферу, у якой адбываюцца падзеі, і яе цяжка адчуваць, калі ты не знаходзішся ў гэтай атмасферы. Тая інфармацыя, якую вы атрымліваеце, выгульваючы сабаку, набываючы нешта ў краме, калі размаўляеце з суседам, мае вялізнае значэнне.

Што з бабруйскімі медыямі?

– Бабруйскім, як і іншым рэгіянальным СМІ, не хапае нармальных чалавечых гісторый – іх стала значна меней. На сайтах шмат прэс-рэлізаў – гэта кепска, а што вельмі добра – бабруйскія медыі захвалі вулічныя апытанні – vox-populi. Шмат якія медыі сёння адмовілія ад гэтай формы працы з інфармацыяй.