Месцы сілы Бабруйска: ці ёсць яны і дзе?

Месцы сілы – гэта такія незвычайныя куточкі на Зямлі з асаблівай энергетыкай, дзе чалавек прыходзіць у кантакт з сабой, адчувае гармонію, напаўняецца і натхняецца. Мы прыходзім у гэтыя месцы, калі нам кепска, і вяртаемся з адчуваннем унутранай сілы і гатовасці крочыць далей. Нам у такіх месцах проста добра. Ці трэба ехаць за такімі месцамі некуды вельмі далёка, ці яны ёсць наўпрост у Бабруйску? Мы запыталіся пра гэта ў нашых чытачоў і распавядаем вам, якія раёны, вуліцы, будынкі ў горадзе бабруйцы лічаць сваімі месцамі сілы?

«Сацыялка – цудоўная вуліца са старой архітэктурай, кавярнямі, вулічнымі музыкамі»

Вуліца Сацыялістычная ў Бабруйску. Фота: holiday.by

Самае папулярнае «месца сілы» – «Сацыялка», ці вуліца Сацыялістычная. Але не ўся, а яе самая старая, гістарычная частка.

«Сацыялка побач з базарам», «Сацыялка – цудоўная вуліца са старой архітэктурай, кавярнямі, крамамі, вулічнымі музыкамі».

Старая, пешаходная частка Сацыялістычнай вуліцы – гэта месца, дзе яшчэ можна адшукаць атмасферу былога Бабруйска, прынамсі, паглядзеўшы на другія паверхі камяніцаў, не сапсаваныя крамамі і рэкламай, уявіць сабе былое жыццё тут.

Гэта і па сённяшні дзень вельмі жывая частка горада – цэнтральны рынак спрыяе. Сапраўды, гэта амаль адзінае месца ў Бабруйску, дзе можна сустрэць вулічных музыкаў.

Вуліца Сацыялістычная, Бабёр каля рынку. Фота: Дар’я Роскач

Вуліца Сацыялістычная ўпершыню атрымала такую назву ў 1925 годзе. Да гэтага яна была Мураўёўскай, Керэнскага. Падчас акупацыі часоў Другой сусветнай вайны яе назвалі Цэнтральнай (Гаупштрассе), пасля вайны, у 1980-х гадах – вуліцай Перамогі. Але гэтая назва не прыжылася, і вуліца зноў стала называцца Сацыялістычнай. Бабруйцы ж завуць яе «Сацыялкай».

Забудова вуліцы Сацыялістычнай з’явілася напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў: тады пасля двух вялікіх пажараў у горадзе замест драўляных будынкаў пачалі будаваць камяніцы.

Вуліца Сацыялістычная. Фота: photobuildings.com

Гэта была самая гандлёвая вуліца ў Бабруйску – тут можна было знайсці самыя розныя крамы: пісьмовапапяровую і кніжную крамы Гіршы Б.Вольфсана, галантарэйную краму «Венскі шык» у доме Галодца, краму замежных і расейскіх вінаў Лейбы Я.Ліўшыца, ювелірныя крамы, з харчовымі таварамі. Тут знаходзіўся электратэатр «Увесь свет», якім валодаў А.П.Файнберг.

У 1888 годзе на Сацыялцы распачала працу тыпаграфія Г.Фрыдлянда, дзе выходзілі газеты «Бабруйскі кур’ер» і «Бабруйскія водгукі».

«Сацыялку» у сваіх творах згадвалі бабруйскія габрэйскія пісьменнікі – Эфраім Севела, Леанід Коваль, Сол Шульман. Апошні прысвяціў «Сацыялцы» цэлую кнігу – знакаміты «Праменад па Сацыялцы».

Вуліца Сацыялістычная. Плошча Перамогі. Краязнаўчы музей. Фота: 1387.io

«Мост на чыгуначнай станцыі Бярэзіна. Слухаць грукат колаў магу бясконца»

«Дом калектыву – усё звязанае з сям’ёй»

Гэты дом, які інакш завуць домам-камунай, знаходзіцца па вуліцы Пралетарскай, 17. Пабудаваны ён у 1930-я гады паводле праекту інжынера М.Кацнальсана як жылы дом камунальнага тыпу ў стылі канструктывізму.

«Дом калектыву» на вуліцы Пралетарскай. Фота: 1387.io

«Дом калектыву» на вуліцы Пралетарскай. Фота: 1387.io

Будынак П-падобны ў плане. Мае ўтульны ўнутраны двор. На другім паверсе месцяцца тэрасы з балюстрадамі. Кватэры аб’яднаныя вакол лесвічных клетак, прадугледжаныя памяшканні агульнага карыстання. У доме – прахадныя пад’езды.

«Мост на чыгуначнай станцыі Бярэзіна. Слухаць грукат колаў магу бясконца».

Гэтае месца папулярнае ў бабруйцаў. Сюды шмат хто прыходзіць паглядзець на цягнікі і падумаць пра вечнае.

Мост праз чыгуначныя шляхі на станцыі «Бярэзіна». Фота: 1387.io

Мост праз чыгуначныя шляхі на станцыі «Бярэзіна». Фота: 1387.io

У верасні 1873 года быў адкрыты рух цягнікоў па маршруце Менск – Бабруйск.

Станцыя «Бярэзіна», побач з якой знаходзіцца гэты «мост сілы» і якой мы яе ведаем сёння, была пабудаваная ў 1908 годзе на месцы драўлянага вакзала.

Станцыя «Бярэзіна». Фота: 1387.io

Станцыя вядомая мазаічным пано, выкладзеным на адной са сцен у залі чаканні. Мазаіка прадстаўляе сабой мапу з сеткай чыгуначных шляхоў СССР. Зрабілі яе бабруйскія мастакі.

Мазаічнае пано на станцыі «Бярэзіна». Фота: 1387.io

Мазаічнае пано на станцыі «Бярэзіна». Фота: 1387.io

«Заброшкі на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці».

Нас радуе, што ёсць людзі, для якіх гэтыя мясціны – месца сілы, а не смутку. Бо нас стан большасці будынкаў крэпасці моцна засмучае.

Бабруйская крэпасць. Фота: 1387.io

Будаўніцтва Бабруйскай крэпасці пачалося ў 1810 годзе з мэтай абароны заходніх межаў Расейскай Імперыі ад арміі Напалеона. Бабруйск тады ўваходзіў у склад Расейскай імперыі. І дзеля пабудовы крэпасці Бабруйск быў знішчаны – тая ягоная самая старая частка, з якой ён некалі і пачынаўся да першых згадак у 1387 годзе. Ад таго Бабруйска сёння застаўся толькі будынак былога езуіцкага касцёла, які дзеля мэтаў крэпасці быў перабудаваны ў склад зброі – цэйхгаўз.

Гісторыя Бабруйскай крэпасці мае шмат цікавых і трагічных старонак. Частка крэпасці – так званая «вежа Опермана», дзе некалі была турма, у якой утрымліваліся ўдзельнікі паўстанняў. Сёння там – СІЗА №5, праз якое таксама праходзяць асуджаныя паводле палітычных матываў.

Бабруйская крэпасць. Фота: 1387.io

Асноўная забудова крэпасці стала прыходзіць у заняпад пасля таго, як з яе большай часткі выехалі вайскоўцы і пачалася пабудова Лядовага палацу. Лядовы палац пабудавалі ў 2008 годзе, з таго часу шмат разоў абяцалі рэстаўраваць крэпасць, распрацоўваліся ўсемагчымыя планы. Аднак дагэтуль нічога не было зроблена. Большасць будынкаў разбураюцца і становяцца дэкарацыямі для здымак фільмаў пра вайну. У некаторых размясціліся крамы. Дзейнічаюць на тэрыторыі крэпасці конны клуб, праваслаўны манастыр, пратэстанцкая царква.

Бабруйская крэпасць. Кіно даўно знялі, а дэкарацыі канцлагеру засталіся. Фота: 1387.io

Бабруйская сцяна плача

«На санаторцы каля ракі»

«Санаторка» – бабруйскі пляж. Фота: 1387.io

Пра гэта цудоўнае і ўнікальнае для Бабруйска месца мы распавядалі, калі падымалі тэму стану цэнтральнага пляжа нашага горада. Летась актывісты правялі цэлае даследаванне гісторыі і сучаснасці гэтага месца, прапанавалі праекты яго развіцця.

«Санаторка» унікальная сваім ландшафтам, фаўнай – тут жывуць совы. Яна мае вялікі патэнцыял для развіцця – тут знаходзяцца санаторый, гатэль «Турыст».

Галоўны пляж Бабруйску ля санаторыя ім.Леніна. Фота: 1387.io

Бабруйцы неаднаразова казалі, што ім патрэбная свая набярэжная і дагледжаны гарадскі пляж. Ва ўладаў горада таксама нібыта былі імкненні нешта з гэтым лапікам зрабіць – намеры абсталяваць у горадзе набярэжную пераходзяць з аднаго генплану ў іншы. І пакуль што Бабруйск застаецца ці не адзіным горадам у Беларусі, які стаіць на рацэ, а набярэжнай, на якой можна было адпачываць, шпацыраваць, не мае.

«Габрэйскі дворык»

Габрэйскі дворык. Фота: 1387.io

Гэтае месца сілы з’явілася ў Бабруйску нядаўна – дворык быў адкрыты ў 2019 годзе каля сценаў былой сінагогі. Ідэю дворыка прапанаваў у 2015 годзе бабруйскі рабін Шауль Хабабо.

А сінагога на гэтым месцы з’явілася яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яе называлі «сінагогай мяснікоў», бо сюды хадзілі гандляры, якія раздзелывалі і прадавалі мяса на цэнтральным рынку ў Бабруйску. У савецкія часы тут зрабілі млын. Да нашых дзён захаваліся толькі дзве сцяны сінагогі – адна з іх – уздоўж вуліцы Чангарскай. На сценах добра бачны былы дэкор, які стварае ўяўленне пра прыгажосць сінагогі.

Габрэйскі дворык. Фота: 1387.io

Пасля адкрыцця Габрэйскага дворыка з унутранага боку руінаў сінагогі таксама па ініцыятыве рабіна Шауля была створаная бабруйская сцяна плачу. Сюды можна прыносіць запіскі, якія сябры бабруйскай габрэйскай суполкі адвязуць у Ізраіль, да сапраўднай сцяны плачу.

Калі «Габрэйскі дворык» адкрываўся, рабін Шауль распавёў, што ў будучыні паўстане паўнавартасны музей габрэйскай культуры ў Бабруйску, «габрэйскі квартал», кавярні. Калі ўсё гэта будзе рэалізавана, на сённяшні дзень невядома.

Пакуль жа сюды можна прыйсці, пасядзець у цішыні, адпачыць, прасякнуцца атмасферай габрэйскай гісторыі Бабруйска, памаліцца.

Былы дворык «Тайм-клуба 1387» – усё яшчэ такі ж, як і раней

Былы дворык «Тайм-клуба 1387». Фота: 1387.io

Сярод адказаў пра месцы сілы мы атрымалі і згадку пра былы дворык «Тайм-клуба 1387». Ён і сёння амаль такі ж, як некалі, да часоў, калі на «Тайм-клуб 1387» распачаўся ціск і ён быў вымушаны закрыцца. Аднак у дворыку не адчуваецца былога жыцця. Ён нібыта замёр і нечага чакае.

«Тайм-клуб 1387» з’явіўся ў Бабруйску ўвосень 2014 года, і за 7 гадоў і два пераезды сканцэнтраваў вакол сябе ўсё самае галоўнае і каштоўнае з культурнага жыцця ў Бабруйску. У 2021 годзе, 20 кастрычніка, на наступны дзень пасля 7-годдзя прасторы, да яе з ператрусам прыйшлі міліцыянты. Неўзабаве пасля гэтых падзеяў тайм-клуб быў вымушаны зачыніцца.

Сярод іншых месцаў сілы бабруйцаў – стадыён ім.Пракапенкі, усе паркі і скверы, вуліца Пушкіна, Бабруйшчына – вёска Малая Брожа.

Вуліца Пушкіна. Фота: 1387.io

Вуліца Пушкіна. Фота: 1387.io

А былі ў нас і такія каментары, што «гэта ўжо не месцы сілы, а ўзор безгаспадарлівасці». Імаверна, аўтара меркавання засмучае цяперашні стан шмат якіх цікавых месцаў у Бабруйску.

А ці ёсць у вас месцы сілы ў Бабруйску? Ці згодныя вы з нашымі чытачамі, што пералічаныя вышэй куткі Бабруйска – у нечым асаблівыя? Распавядайце нам, а мы будзем радыя падыскутаваць, падтрымаць і падзяліцца вашым меркаваннем ці аповедам.