«Мяне называюць то ўкраінскім кінематаграфістам, то беларускім. Гледзячы па сітуацыі». Гутарка з рэжысёрам Максімам Буйніцкім

 

Як не стаў тэатралам

У 2006-м годзе я быў арыштаваны на 10 сутак, як удзельнік намётавага гарадка на Плошчы Каліноўскага. Частку з іх я правёў на Акрэсціна, і рэшту – у турме ў Жодзіна. Студэнты, што трапілі пад арышт, былі выкінутыя з сваіх універсітэтаў, для іх зладзілі Праграму Каліноўскага, па якой можна было працягваць вучыцца за мяжой. Калі я звярнуўся ў камітэт дапамогі рэпрэсаваным, мне сказалі, што з усіх варыянтаў засталася толькі Украіна.

…Гэта было пасля няўдалага паступлення, другі раз, у Акадэмію мастацтваў на рэжысуру. Бо мяне там усе памяталі з часоў навучання на тэатральным факультэце, адкуль мяне выключылі ў 2004-м, праз удзел у перформансе на тады яшчэ Кастрычніцкай плошчы. Ён адбыўся на Дзень Волі, мы тады прыкаваліся ланцугамі да слупоў асвятлення.

У той час ні ў акадэміі, ні ў Купалаўскім тэатры, адкуль былі нашыя выкладчыкі – Валерый Раеўскі, Мікалай Кірычэнка і Вячаслаў Паўлюць – мяне ніхто не падтрымаў. Таму было прыемна бачыць, што ў 2020-м годзе тэатральная супольнасць вельмі змянілася. А тады, наадварот, мой учынак назвалі «эскападай», нават «фашыстам» мяне называлі чамусьці калегі. Шмат давялося пачуць… Але афіцыйна мяне выключылі за «акадэмічную непаспяховасць».

Адбыўся візіт, проста падчас трэнінга па сцэнічнай мове, супрацоўніка КДБ. Гэта быў саліднага выгляду мужчына, ён вывеў мяне ў калідор, і па дарозе на іншы паверх сказаў: «Слухай, што табе скажу. Не пройдзе і двух год, сітуацыя зменіцца, не трэба спяшацца і ламаць сабе лёс». І ў гэткім накірунку вёў размову, троху схіляючы мяне да супрацоўніцтва, бо гэта мой «адзіны шанец застацца ў акадэміі». Мы тады з ім не паразумеліся. Але цяпер я таксама даволі часта чую гэтыя словы: «Трэба толькі пачакаць, усё зменіцца. Яшчэ год, яшчэ два, і ўсё будзе добра». І штораз прыгадваю тую размову з кадэбэшнікам.

«Толькі не трэба нічога рабіць» – такая мараль.

 

Як стаў кінарэжысёрам

Праграму «Вышэйшая адукацыя для моладзі Беларусі», для студэнтаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, заснаваў Еўрапейскі Савет у межах Усходняга партнёрства. Менавіта на яе і падаўся. Быў такі варыянт – прыехаць, паступіць, і чакаць адказ. Да таго ж як замежнік я мог вучыцца толькі на платным аддзяленні.

Я так і зрабіў. Прыехаў – у Кіеў, здаў экзамены, частку з іх – на ўкраінскай мове, частку па-руску – тады гэтак яшчэ можна было. Дарэчы, калі я перад паступленнем вучыў украінскую мову, хадзіў па бабруйскіх бібліятэках, і знайшоў толькі кнігу казак, якую мне далі з такімі падазронымі тварамі (смяецца).

Пасля паступлення атрымаў станоўчы адказ ад кіраўнікоў адукацыйнай праграмы, і паехаў. Гэта быў 2007 год, калі я стаў студэнтам Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэатра кіно і тэлебачання імя Івана Карпенкі-Карага.

Першае, што я пачуў, калі прыехаў: «Украінскага кіно няма». Мяне гэта непрыемна ўразіла. Але ў той час сапраўды ва Украіне была такая сітуацыя, як сёння з беларускім кіно.

Цягам наступных год там усё змянілася ў лепшы бок, асабліва пасля 2011-га, калі Дзяржкіно Украіны пачало праводзіць адкрыты конкурс кінапраектаў.

Такім чынам я далучыўся да першых крокаў новага ўкраінскага кіно падчас навучання ва ўніверсітэце, які скончыў у 2012-годзе.

Гады навучання ў Кіеве былі для мяне сапраўды натхняльнымі. Я паступіў на кінафакультэт, бо думаў пра будучую працу ў Беларусі, і разумеў, што як тэатрала мяне там не чакаюць. А вось праз экран вярнуцца было, здавалася, больш шанцаў.
Я трапіў у майстэрню да сапраўднага патрыярха ўкраінскага кіно – Міхаіла Ільенкі. Як пасля аказалася, менавіта з яго працаў у юнацтве пачалося маё знаёмства з украінскімі фільмамі. А дакладней з «Фучжоў», які паказвалі па тэлебачанні, і ў якім я ўпершыню пачуў украінскую мову, бо пераклад быў не сінхронны. А гэта быў час, калі я і беларускую мову толькі пачаў для сябе адкрываць…

То-бок, з мастацкім кіраўніком я быў завочна знаёмы.

Я вучыўся ў Кіеве пяць год, за гэты час зняў некалькі кароткаметражных фільмаў. Некаторыя з іх былі адзначаны на фестывалях.

 

 

Даведка: падчас навучання ў Кіеве Максім зняў некалькі кароткаметражак як рэжысёр і сцэнарыст: «Як тата і мама развіталіся ў тры раўнды» (лепшы студэнцкі фільм фестывалю «Відкрита Ніч»), «Адказ на малітву», «Перашкода» (найлепшы фільм фестывалю «Відкрита Ніч», два гран-пры фестывалю «Кінолев», міжнародная прэмія імя Арсенія і Андрэя Таркоўскіх), «Доўгі шпацыр – назаўсёды», «Матылёк» (кінапраект перамог у конкурсе Дзяржкіно Украіны і быў зняты на Нацыянальный кінастудыі імя А. Даўжэнкі).

 

 

Вяртанне на радзіму і мары пра вялікі фільм

Задачай праграмы было тое, каб беларусы атрымлівалі адукацыю за мяжой, а пасля вярталіся на радзіму і выкарыстоўвалі там атрыманыя веды. Я так і зрабіў, вярнуўся. Але, як аказалася, тут я нікому не патрэбны.

Спрабаваў працаваць дыстанцыйна з украінскімі калегамі, з расійскімі – у яшчэ мірныя часы. З польскімі калегамі… Нічога не атрымлівалася толькі з беларускімі. Гэта была сцэнарная праца. Мне хацелася рабіць менавіта аўтарскае кіно, дзе я б выступаў і ў якасці сцэнарыста, і рэжысёра.

Галоўную спробу зрабіў у 2016-м годзе, калі атрымаў стыпендыю міністра культуры Польшчы «Gaude Polonia» і планаваў зрабіць вялікі мастацкі фільм «Паркалёвы дыбук» у Лодзі. Такі містычны дэтэктыў. Але гэтую справу не давялі да канца, хоць я працаваў над сцэнаром тры гады і мы знялі відэапрэзентацыю, а пасля некалькі разоў складалі заяўкі, каб атрымаць фінансаванне. Спадзяюся, здолею вярнуцца да яго.

Гісторыя пра дыбука (назва злога духа), якая паходзіць з яўрэйскага фальклора, добра вядомая ў Польшчы, яна пра закаханых, якія не могуць быць разам, тады адзін з іх просіць дапамогі ў д’ябла і памірае, душа яго не знаходзіць супакою і пасяляецца ў целе каханай асобы. А мы хацелі зрабіць метамадэрнісцкае пераасэнсаванне гэтай гісторыі.

Мяне гэты дыбук і дагэтуль не адпускае!

 

Кафкіянскі перыяд. 2020-ы год

У 2020-м годзе я жыў у Бабруйску, і калі пачалася чарговая хваля рэпрэсій, мяне яна таксама закранула. Вечарам 9 жніўня я быў затрыманы ў цэнтры горада, падчас шпацыру па вуліцы майго дзяцінства – Астроўскага. Плошча была ў той час ачэпленая міліцыянтамі.

Дарэчы, менавіта так я і рабіў амаль штодня – пісаў сцэнар ці запаўняў заяўкі на фільм за ноўтам, а пасля хадзіў пешшу па горадзе, з гэтага складалася маё жыццё…

І вось я прайшоў па Астроўскага да Дома піянераў, дзе ў дзяцінстве займаўся ў харэаграфічным гурточку, і бачу – бягуць хлопцы, а за імі – міліцыянты. Хлопцаў даганяюць, пачынаюць іх збіваць, класці на зямлю. Я дастаў тэлефон, і пачаў здымаць, але было ўжо цёмна, і на відэа засталося некалькі секундаў цемры. Толькі той, хто ведае, што адбывалася ў Беларусі 9 жніўня 2020 года, можа зразумець, пра што гэта ўсё… І вось я здымаю – і бачу, што і на мяне фронтам бягуць тры міліцыянты, і яшчэ тры – па праезнай частцы. Першая думка: «Трэба выключыць тэлефон і бегчы». А пасля: «Я ўсё ж такі кінематаграфіст». І працягваю здымаць – бо няправільна вось так збіваць людзей пасярод вуліцы! І мяне «прынялі», даволі карэктна, узялі пад рукі і суправадзілі да фантана, дзе чакаў аўтазак. Я нават паспеў выключыць тэлефон і пакласці яго ў кішэню.

«Спачатку мяне разам з іншымі на некаторы час даставілі на «Башню», у СІЗА, і толькі потым у ІЧУ – вось колькі было арыштаваных, не ведалі, куды змясціць. Прама ў ІЧУ адбыўся і суд.

У той час супрацоўнікі мясцовага ізалятара паводзіліся даволі прыстойна. Можа, таму што не ведалі, якія «правілы» ўжо ўведзеныя ў цэнтры, і ім проста не далі адмашку, што цяпер можна рабіць з людзьмі ўсё, здзекавацца з іх. Апошнія двое сутак я наагул правёў у шасцімясцовай камеры ў ганарлівай адзіноце, бо ўсіх суседзяў выпусцілі раней, 14-га жніўня, а мяне пакінулі ў «выхаваўчых мэтах», як рэцыдывіста. Тым не менш увесь гэты час я трымаў галадоўку.

Восень таго года нібы выпала з памяці, не магу ўзгадаць, што я такога напісаў у той перыяд па працы. Пачаўся кафкіянскі рэжым жыцця. Напрыклад, увосень быў дзень народзінаў маці, і пасля сыходу гасцей да нас завітвае міліцыя. Хацелі даведацца, ці дасядзеў я свае суткі, бо па асобных дакументах у іх адрозніваліся дадзеныя. Мяне завялі ў апорны пункт, званілі ў ІЧУ, высвятлялі гэта (смяецца), а пасля адпусцілі дахаты. І ў такім стылі працягвалася мая далейшая камунікацыя з міліцыяй, бо быў яшчэ допыт у СК, я нават прайшоў паліграф…

Рэальнасць пачала дэфармавацца. Гэта стан працягнуўся і ў 2021 годзе.

 

 

«Film Bridge Belarus»

Увосень 2021 года я ўбачыў абвестку, што ідзе набор на праграму «Film Bridge Belarus», якую сумесна арганізуюць Школа Вайды, створаная вялікім польскім рэжысёрам Анджэем Вайдай у Варшаве і Гдыньская кінашкола. Такі жэст салідарнасці польскіх кінематаграфістаў да беларускіх пасля падзеяў 2020 года. І што гэта магчымасць зняць адну мастацкую сцэну і дакументальны фільм. Падаўся і паступіў на навучанне.

У пачатку гэтай праграмы нам сказалі: «Мы сабраліся тут не для таго, каб прыгожа паразмаўляць, важна тое, што мы рэалізуем. Няхай сабе адну сцэну з фільма, але ад пачатку да канца. І каб мы вам дапамаглі зразумець, што ёсць у ёй галоўным. Каб яна стала вагомай заяўкай, з якой можна ісці да прадзюсараў».

Я зняў толькі адну сцэну – і цалкам у ёй упэўнены. Яна можа вырасці ў 30-хвілінны фільм, за невялікія кошты і праз непрацяглы час.

Гэтая праграма мне вельмі дапамагла вярнуцца да жыцця.

Наагул, польская кінематаграфія – выбітная, яна мае вялікую традыцыю, я яе добра ведаю і люблю. І нам сапраўды ёсць чаму павучыцца ў палякаў.

 

На фота: Выкладчыкі курса Film Bridge Belarus, злева направа: Філіп Марчэўскі, Роберт Глінскі, Дэніял Хасанавіч

 

У нас былі цікавыя выкладчыкі, прафесіяналы – кіраўнік Школы Вайды Філіп Марчэўскі, Роберт Глінскі, Дэніял Хасанавіч. З імі мы працавалі у таварыскай атмасферы, яны рабілі падказкі і ў драматургіі, і ў рэалізацыі фільмаў.

Наагул праграма складалася з трох частак, першая пачалася яшчэ ў Беларусі, анлайн, трэба было зрабіць практыкаванне – вельмі хутка зняць дакументальны эцюд. Мы дыстанцыйна займаліся, у нас былі лекцыі, грунтоўная падрыхтоўка.
А на другую частку прыехалі ў Варшаву, у Школу Вайды, што знаходзіцца на тэрыторыі кінастудыі WFDiF (дакументальных і гульнявых фільмаў). Там мы мелі шмат карысных майстар-класаў і напрыканцы праграмы знялі сцэну – за адзін здымачны дзень. Каб пасля, спадзяюся, зрабіць з яе 30-хвілінны фільм. Што з’яўляецца распаўсюджаным фарматам кароткаметражных фільмаў. Тут нават ёсць Студыя Мунка пры Асацыяцыі польскіх кінематаграфістаў, якая робіць некалькі такіх фільмаў у год, дазваляючы многім аўтарам дэбютаваць.

Мастацкім кіраўніком у мяне быў Дэніял Хасанавіч, польскі кінематаграфіст баснійскага паходжання. Ён пакінуў сваю бацькаўшчыну, калі пачалася вайна ў Югаславіі ў 90-х гадах, таму ён вельмі добра разумеў нашу сітуацыю. Бо мы прыехалі ў Варшаву за некалькі дзён да вайны, нас агаломшыла гэтая навіна. Давялося перагледзець свае працы, якія адразу перайшлі ў раздзел «Даваенная творчасць».

 

На фота: Максім запісвае заўвагі кіраўніка дакументальнага праекта Анджэя Фідыка (Гдыньская кінашкола)

 

Пасля двух месяцаў у Варшаве мы пераехалі ў Гдыню, і для мяне гэта быў вялікі чэлендж, таму што там трэба было знайсці героя і зняць пра яго дакументальны фільм. Тут мне зноў дапамог добры выкладчык – знаны дакументаліст Анджэй Фідык. Найвядомы яго фільм – «Парад», зняты ў Паўночнай Карэі.

Але нам ён больш вядомы з фільма «Беларускі вальс» пра мастака Алеся Пушкіна. Я бачыў яго яшчэ ў Кіеве, у ім дакументаліст стварыў сапраўды складаны партрэт героя.

 

На фота: На здымках дакументальнага фільма (Гданьск)

 

І раптам я трапляю на курс да Фідыка! Гэта мой першы дакументальны фільм, і я застаўся ў захапленні ад працэсу.
Таксама мне вельмі пашанцавала з гераіняй. Гэта мастачка Анастасія Рыдлеўская, яна зараз жыве ў Гданьску. Спадзяюся, «Дзённік Анастасіі» ў хуткім часе можна будзе паказаць, бо нам засталося не так шмат працы – дарабіць гук, музыку і карэкцыю колеру.

Я вельмі рады магчымасці рабіць кіно, бо так доўга на гэта чакаў!

 

 На фота: Здымачная група дакументальнага фільма (Гданьск)

 

Вайна і раптоўны сюжэт з жыцця

Я з цяжкасцю нават прыгадваю першы дзень вайны, як я рыхтаваўся да заняткаў, бо ўсе думкі былі ў гэтай, новай рэальнасці. Вайна адразу змясціла акцэнты. Напрыклад, у той кватэры, дзе мы жылі, у вольным пакоі ночылі ўцекачы з Украіны. Палякі, дарэчы, вельмі актыўна ўключыліся ў дапамогу, але бывала, што ў нейкі вечар камусьці са знаёмых ці знаёмых знаёмых не маглі адразу знайсці жытло, і тады яны заставаліся ў нас. Шмат хто з нашага курсу валанцёрыў ці паехаў здымаць дакументальны матэрыял ва Ўкраіну. Усё кардынальна змянілася.

Да беларусаў з’явілася дваістае стаўленне, нам сказалі проста: «Цяпер вам вельмі складана будзе знайсці фінансаванне для сваіх фільмаў, як прадстаўнікам краіны-суагрэсара».

Бо, паспрабуй цяпер некаму давесці, што не падтрымліваеш рэжым, што ты супраць вайны. Першае стаўленне да цябе будзе падазронае.

Спадзяюся, што нягледзячы на гэта, праграма Film Bridge Belarus будзе працягнутая і дапаможа іншым беларускім кінематаграфістам.

Такое цяперашняе стаўленне да беларусаў я магу зразумець, бо вайна ўключае ў дзеянне іншыя законы, і вельмі хутка трэба зразумець, хто перад табой – свой або чужы. Вайна дэгуманізаваная. Галоўнае не паддавацца агрэсіі, бо гэта будзе азначаць, што вайна дасягнула сваіх мэтаў.

Трэба нястомна тлумачыць, старацца паразумецца. Вось таму я зняў сцэну, дзе адбываецца камунікацыя беларуса і ўкраінкі ў час вайны. Стараўся расказаць чалавечую гісторыю. Давялося адкласці ўбок той праект, з якім я пачынаў гэты курс.

Падумаў, пра што я б хацеў распавесці тут і цяпер, у лютым 2022 года? У адзін дзень у мяне з’явілася такая думка: а што было б, калі б сёння ўвечары я пайшоў на спатканне з украінкай, што магло б здарыцца далей? І з гэтых маіх асабістых трохі рэчаў – з’явіўся сцэнар. А пасля ўжо пачынаеш нібыта сачыць за персанажамі… Гэта толькі адна сцэна з фільма. Вельмі спадзяюся, што змагу дарасказаць гэтую гісторыю.

 

На фота: На здымках сцэны “Сустрэнемся ўвечары”

 

Мне не хацелася рабіць герояў сімвалічнымі фігурамі, ні ў якім разе! Гэта проста сустрэча людзей, якія абое жывуць у іншай краіне, яны тут аднолькава чужыя, і вось яны шукаюць агульную мову і ў пэўны момант пачынаюць бачыць адно аднаго. Як людзей, а не прадстаўнікоў варожых бакоў. Ці магчыма гэта наагул? Ці можа, я наіўна разважаю?

 

 

Мужчынскую ролю грае беларускі актор Андрэй Корзан. А жаночую – вядомая ўкраінская акторка Аксана Жданава, якая якраз была ў Варшаве, калі мы рыхтавалі гэтую сцэну. Я, дарэчы, пабачыў яе партфоліо і згадаў, што мы вучыліся ў адным універсітэце, яна на малодшым курсе. Звярнуўся да яе з гэтай прапановай, Аксана адгукнулася і сказала, што вельмі балюча цяпер пра гэта здымаць. Але дала згоду, за што я ёй вельмі ўдзячны.

Здымачнай пляцоўкай стала сціплая кватэра. І вялікай удачай стала тое, што менавіта гэтыя два акторы сустрэліся ў той вечар у гэтай сцэне.

 

 На фота: “Напрыканцы прыгоды”

 

Пра самавызначэнне

Я ні там, ні тут, мяне называюць то ўкраінскім кінематаграфістам, то беларускім. Гледзячы па сітуацыі. Я ж жартам кажу, што найлепей называць мяне «Буйніцкім».

Пытанне – кінематаграфістам, ці не? Ці, напрыклад, дармаедам, як у 2017 годзе?..

Але зараз, у Школе Вайды, я зняў свае працы пра Беларусь.

 

Усе фота з асабістага архіва Максіма Буйніцкага. Больш яго відэа – у YouTube