Музей, кавярня, хостэл з габрэйскім каларытам: што рабіць з былымі езуіцкім касцёлам і галоўнай сінагогай?

А вы ведаеце, што самы стары будынак Бабруйску, які захаваўся яшчэ з часоў, калі не было крэпасці, шмат гадоў стаіць у закінутым стане, і цалкам верагодна, што мы зусім яго страцім? Гэта былы езуіцкі касцёл, у савецкія часы – гаўптвахта. І гэта не адзіны помнік сакральнай архітэктуры Бабруйска, які сёння знаходзіцца ў заняпадзе. У такім жа напаўразбураным стане – былая галоўная сінагога на вуліцы Камсамольскай. Каманда 1387.by вывучыла гісторыю гэтых будынкаў і апытала бабруйцаў, якую каштоўнасць для іх уяўляюць гэтыя помнікі, якімі б яны хацелі іх бачыць і ці гатовыя дапамагаць аднаўляць. Вынікі нашага даследавання – у відэасюжэце youtube-каналу «Падмуркі Бабруйска», а таксама – у гэтым матэрыяле.

Помнік эпохі барока, пабудаваны еўрапейскімі архітэктарамі

Пачнем з гісторыі.

Бабруйск, які мы з вамі бачым штодня, па якім гуляем, у якім жывем – зусім не той, што ўпершыню з’явіўся ў летапісах 1387 года. Сучасны горад нават знаходзіцца не на тым месцы. Стары Бабруйск паўстаў на правым беразе Бярэзіны, сёння занятым комплексам Бабруйскай крэпасці. Падчас пабудовы крэпасці старажытны горад перастаў існаваць, аднак адзін будынак усё ж устаяў. Гэта – былы езуіцкі касцёл.

Езуіцкі касцёл. Фота: 1387.by

Езуіты з’явіліся ў Бабруйску ў XVII стагоддзі. У 1747 годзе яны скончылі будаўніцтва мураванага касцёла, асвечанага імаверна ў гонар Святога Станіслава Косткі. Святыню будавалі больш за 10 год пад кіраўніцтвам архітэктараў езуітаў Казіміра Мацелякоўскага і Тамаша Жаброўскага. Потым яшчэ цягам 10 гадоў касцёл упрыгожвалі пад кіраўніцтвам архітэктараў езуітаў Габрыэля Лянкевіча і Францішка Каро.

З архітэктурнага пункту гледжання касцёл уяўляў з сябе помнік эпохі барока. Над галоўным фасадам узвышаліся дзве вежы, на адной з якіх быў гадзіннік з боем, а на другой – матэматычны компас. Унутры –  скульптуры святых, фрэскі, а сярод абразоў знаходзіліся партрэты караля Жыгімонта Вазы і бабруйскага старасты Пятра Трызны.

Так выглядаў езуіцкі касцёл у Бабруйску. Крыніца выявы: Слюнькова И.Н. Монастыри восточной и западной традиций. Масква, 2002

Пасля скасавання ордэна езуітаў касцёл перайшоў у распараджэнне свецкай улады, у ім знаходзіўся павятовы суд. Пасля ўзвядзення крэпасці касцёл перабудавалі пад артылерыйскі склад. А пасля другой сусветнай вайны ў ім размясцілі гаўптвахту воінскай часткі, якую за савецкім часам стварылі на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці.

Як сёння выглядае знутры былы езуіцкі касцёл у Бабруйску? Распавядае і паказвае блогер Validol

Закінутая гісторыка-культурная каштоўнасць

З 2005 года, пасля таго, як воінская частка была часткова расфармаваная, будынак стаіць закінуты. Ён быў перададзены на баланс камунальнай гаспадаркі гораду, аднак новай функцыі для яго так і не знайшлося.

Разам з іншымі будынкамі крэпасці былы касцёл быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўнесены ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Былы езуіцкі касцёл. Фота: 1387.by

Былы езуіцкі касцёл. Фота: 1387.by

Ад моманту ліквідацыі гаўптвахты ў будынку касцёла, вядуцца размовы пра неабходнасць аднавіць яго і стварыць парафію. Ідэя дагэтуль не была рэалізаваная, бо, па-першае, патрэбна шмат грошай, па-другое, на што звяртаюць увагу крытыкі планаў па стварэнні парафіі, наўрад ці туды будзе хадзіць шмат людзей, улічваючы аддаленае знаходжанне святыні, а таксама агульную колькасць каталікоў у Бабруйску.

Сёлета Міністэрства культуры Беларусі ў чарговы раз вырашыла распрацаваць праект аднаўлення Бабруйскай крэпасці, а разам з ёй – і былога езуіцкага касцёлу.

Гатовы яшчэ адзін праект рэканструкцыі Бабруйскай крэпасці. Што ў ім?

«Гэта быў бы зусім іншы Бабруйск – харызматычны і яскравы»

Ці магчыма аднавіць касцёл да першапачатковага выгляду ды захаваць старыя, аўтэнтычныя сцены, мы запыталіся ў архітэктара, які працаваў над праектам аднаўлення Бабруйскай крэпасці. Па ягоных словах, існуе вялікая рызыка, што прыйдзецца ўсё знесці і будаваць наноў.

«Трэба глядзець гісторыка-культурныя даследаванні, праводзіць вывучэнне нясучых канструкцыяў, высвятляць, ці трапіла ў кладку вада, ці не, што яны могуць вытрымаць сёння. З архітэктурнай пазіцыі заўсёды прасцей прыбраць старую канструкцыю і на яе месцы пабудаваць новую, такую ж, у былых прапорцыях. Бо стары матэрыял за такі перыяд часу без дагляду мог страціць сваю нясучую здольнасць. Тым больш, што гэты будынак некалькі разоў перарабляўся, і невядома, што рабілася са сценамі і ці змогуць яны вытрымаць, калі на іх паставіць новы дах. Таму рызыка, што прыйдзецца ўсё знесці і будаваць наноў, ёсць».

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі лічыць, што будынак езуіцкага касцёлу сёння абавязкова павінен мець музейную функцыю, больш за тое, гэтае месца можа стаць турыстычнай пярлінай Бабруйскай, дзе будзе паказаная гісторыя ўзнікнення гораду і яго сувязь з еўрапейскай культурай.

Былы езуіцкі касцёл. Фота: 1387.by

Былы езуіцкі касцёл. Фота: 1387.by

«Той куток старога Бабруйску звязаны з імёнамі Святога Андрэя Баболі, шанаванага ва ўсім каталіцкім свеце, і Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, у гонар якога ў Магілёве ёсць шыльда, а ў Бабруйску няма, хоць тут ён быў пробашчам, дэканам, тут пачыналася ягоная кар’ера, ён быў дзядзькам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, хрысціў яго. Акрамя таго, з гэтымі мясцінамі звязаныя Міхал Карыцкі – апошні паэт-лацініст, Тамаш Жаброўскі, які пабудаваў касцёл. Я б паставіў тут помнікі Міхалу Карыцкаму, Тэадору Нарбуту, Тамашу Жаброўскаму, Андрэю Баболю, Богушу-Сестранцэвічу, і тады гэта быў бы зусім іншы Бабруйск – харызматычны і яскравы», – кажа спадар Сяргей.

Былы езуіцкі касцёл. Фота: 1387.by

Былы езуіцкі касцёл. Фота: 1387.by

Былы езуіцкі касцёл. Фота: 1387.by

Сінагога, якая перажыла вайну, але стала ахвярай савецкай барацьбы з рэлігіямі

Яшчэ адным аб’ектам нашага даследавання стала была галоўная сінагога на вуліцы Камсамольскай. Пра яе, на жаль, не так шмат інфармацыі, як пра касцёл. Будавалася яна напрыканцы ХІХ – у самым пачатку ХХ стагоддзяў для равіна з сям’і Любавіцкіх равінаў Шмар’яху Ноаха Шнэерсана. Дакладная дата пабудовы сінагогі невядомая.

Вядома, што сінагога не зачынялася падчас Першай сусветнай вайны і ў часы белапольскай акупацыі, аднак пацярпела падчас савецкай барацьбы з рэлігіямі. Па стане на 1930 год большасць бабруйскіх сінагогаў, якіх налічвалася больш за 30, былі зачыненыя, у тым ліку – галоўная сінагога на вуліцы Камсамольскай. Прафесійным саюзам будаўнічых працаўнікоў было прынятае рашэнне аб прымусовым адчужэнні сінагогі пад клуб прафсаюзу.

Былая галоўная сінагога Бабруйска. Вуліца Камсамольская. Фота: 1387.by

Былая галоўная сінагога Бабруйска. Вуліца Камсамольская. Фота: 1387.by

У будынку галоўнай сінагогі ў свой час размяшчаўся клуб «Камінтэрн», у пасляваенныя гады – клуб прамкааперацыі. А ў другой палове 1960-х гадоў туды з Фарштадту пераехаў гарадскі Дом культуры. Такім гэты будынак і запомнілі – ва ўспамінах многіх бабруйцаў ён застаўся месцам, куды іх у дзяцінстве прыводзілі на навагоднія ранішнікі.

Будынак сінагогі на Камсамольскай неаднаразова перабудоўваўся. У 2003 годзе Гарадскі дом культуры пераехаў у Палац мастацтваў. З таго часу былая сінагога закінутая.

Былая галоўная сінагога Бабруйска. Вуліца Камсамольская. Фота: 1387.by

Былая галоўная сінагога Бабруйска. Вуліца Камсамольская. Фота: 1387.by

«Гэта гісторыя, да якой мы можам дакрануцца»

Мы запыталіся ў бабруйцаў, якія закінутыя культавыя месцы ў горадзе яны ведаюць і ці лічаць важнымі іх аднаўленне і захаванне, і чаму.

Палова бабруйцаў, якія адказалі на пытанні нашай анкеты, ведаюць пра закінутыя святыя месцы ў нашым горадзе, і большасць з гэтых 50% назвала менавіта былы езуіцкі касцёл на тэрыторыі крэпасці і былую галоўную сінагогу на вуліцы Камсамольскай. Пра касцёл, аднак, ведаюць больш бабруйцаў.

Скрыншот анкеты даследавання.

Сярод іншых закінутых рэлігійных месцаў бабруйцы назвалі: былы касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, сінагогі, царкву на Менскіх могілках, знішчаную вежу дзейснага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Скрыншот анкеты даследавання.

97% бабруйцаў, якія адгукнуліся на нашае даследаванне адказалі, што хацелі б атрымліваць больш інфармацыі пра гэтыя і іншыя падобныя помнікі Бабруйска. 85% адказалі, што закінутыя культавыя месцы каштоўныя для іх асабіста, а 82% лічаць, што яны прадстаўляюць безумоўную каштоўнасць для гораду.

Скрыншот анкеты даследавання.

Дык чым жа яны каштоўныя? Што нам напісалі бабруйцы:

Скрыншот анкеты даследавання.

Скрыншот анкеты даследавання.

Скрыншот анкеты даследавання.

Хто павінен аднаўляць рэлігійныя помнікі?

Амаль 94% тых, хто запоўніў нашую анкету, лічаць, што гэтыя месцы трэба аднаўляць і захоўваць. Амаль 70% нашых рэспандэнтаў лічаць, што такія будынкі, як былы езуіцкі касцёл ці закінутая галоўная сінагога на вуліцы Камсамольскай, пры жаданні можна аднавіць і выкарыстоўваць на карысць гораду.

Амаль 70% нашых рэспандэнтаў лічаць, што такія будынкі, як былы езуіцкі касцёл ці закінутая галоўная сінагога на вуліцы Камсамольскай, пры жаданні можна аднавіць і выкарыстоўваць на карысць гораду.

Аховай рэлігійных помнікаў, на думку большасці нашых рэспандэнтаў, павінна найперш займацца дзяржава, а потым – гараджане, бізнес ды вернікі.

Скрыншот анкеты даследавання.

Больш за палову тых, хто адказаў на пытанні нашай анкеты – 60,6% – гатовыя самі ўдзельнічаць у аднаўленні і захаванні рэлігійных помнікаў Бабруйска. Большасць гатовыя валанцёрыць, працаваць фізічна на гэтых аб’ектах. Яшчэ значная частка хочуць падтрымаць інфармацыйна. Ёсць і гатовыя ўкладацца ў спадчыну фінансамі.

Скрыншот анкеты даследавання.

Як выкарыстоўваць закінутыя рэлігійныя помнікі?

Ёсць у бабруйцаў і цікавыя ідэі, як можна было б выкарыстоўваць закінутыя рэлігійныя будынку гораду, калі не вяртаць ім першапачатковую культавую функцыю.

Амаль 70% нашых рэспандэнтаў лічаць, што такія будынкі, як былы езуіцкі касцёл ці закінутая галоўная сінагога на вуліцы Камсамольскай, пры жаданні можна аднавіць і выкарыстоўваць на карысць гораду.

Амаль 70% нашых рэспандэнтаў лічаць, што такія будынкі, як былы езуіцкі касцёл ці закінутая галоўная сінагога на вуліцы Камсамольскай, пры жаданні можна аднавіць і выкарыстоўваць на карысць гораду.

Прыкладаў, як можна выкарыстоўваць рэлігійныя архітэктурныя помнікі, нават калі ім не вяртаць першапачатковую функцыю, хапае і ў нашай краіне, і ў свеце.

Напрыклад у Амерыцы не толькі робяць з былых цэркваў стылёвыя жылыя дамы – у Піцбургу з былой царквы зрабілі піваварню. Гэтая царква і прылягаючы да яе манастыр былі зачыненыя ў другой палове ХХ стагоддзя праз эканамічны крызіс. Комплекс стаў першым рэлігійным будынкам у гісторыі ЗША, які быў камусьці прададзены. З 2006 года там функцыянуюць піваварня і рэстаран. Гэты будынак з’яўляецца гістарычным помнікам, таму вонкавы выгляд і ўнутраную аздобу змяняць забаронена, зараз там можна павячэраць у вельмі аўтэнтычнай атмасферы.

Піваварня ў былой царкве ў Пітсбургу, ЗША. Фота: varlamov.ru

Піваварня ў былой царкве ў Піцбургу, ЗША. Фота: varlamov.ru

Ці, напрыклад, у Амстэрдаме былую царкву 19 ст перабудавалі ў начны клуб Paradiso, адзін з самых вядомых клубаў Нідэрландаў, у якім у свой час выступалі Эмі Уайнхаўз, Сэкс Пістолс і Ролінг Стоўнз. Асаблівасці будынку даюць +100 да гучання ў гэтых сценах і канцэрты там праходзяць амаль кожны дзень.

Ёсць прыклад і бліжэй, у Вільні Еўрапейскі гуманітарны Універсітэт знаходзіцца ў будынку былога манастыра XVIII стагоддзя. Яго рэстаўравалі 5 гадоў, захавалі першатворныя элементы інтэр’еру, уключаючы фрэскі і брукаваную падлогу. І зараз студэнты ЕГУ ходзяць літаральна сярод гісторыі.

Шыльды «ахоўваецца дзяржавай» сталі мемам. Як бабруйцы жывуць і працуюць у гістарычных камяніцах + тэст пра Бабруйск

Больш пра падобныя прыклады ў тым ліку ў Беларусі распавядаецца ў відэасюжэце на youtube-канале «Падмуркі Бабруйска». А мы запрашаем вас дзяліцца з намі сваімі думкамі, што мы можам ужо цяпер зрабіць дзеля аднаўлення і захавання каштоўных будынкаў нашага гораду. Пішыце ў каментарах на нашых Instagram і Facebook-старонках, як, на ваш погляд, трэба выкарыстоўваць будынкі былых езуіцкага касцёла і галоўнай сінагогі, і чаму мы павінны іх захаваць для нашчадкаў.

Эфект мазаікі. Што мы згубілі за апошнія некалькі год