“Нам сказалі: з рэгуламі ў манастыр не заходзіць”. Гісторыі пра “чырвоныя жыгулі” і сродкі гігіены

Усе фота: 1387.io

 

Што нашы гераіні адчулі, калі пачаліся месяцовыя?

 

Аляксандра, 40 год:

– Я ведала, што такое месяцовыя, бо мне пра іх расказалі старэйшыя жанчыны ў сям’і. Але ўсё роўна я адчула нейкае расчараванне, што вось яно, пачалося. Я знайшла ў шафе нейкую таўшчэзную пракладку, памерам з надзіманы матрац.

Мне было год 13, і я яшчэ гуляла ў лялькі. Добра памятаю, што ў госці прыйшлі сяброўкі, мы будавалі дом для Барбі, а я баялася, каб ніхто з іх не заўважыў, што са мной нешта не так. Падавалася, што яны абавязкова заўважаць гэтую пракладку.

З часам пачуццё сораму прайшло, але не памятаю, калі. Напэўна, калі ў школе высветлілася, што ў аднакласніц месяцовыя таксама пачаліся.

Варвара, 63 гады:

– Дзень, калі ў мяне пачаліся месяцовыя, быў вельмі страшным! Бо мне ніхто нічога не расказаў, кніжак, як цяпер, тады не было, інфармацыі не было. Суцэльны жах!

Прыгадваецца кніга «Птушкі на цернях», у мяне былі прыкладна такія ж пачуцці. Там галоўная гераіня падумала, што памірае, бо сцякае крывёю, але святар ёй усё патлумачыў. Маці ёй нічога не расказала. І ў мяне была аналагічная сітуацыя.

Мама мне нічога не расказвала, не раіла. Магчыма, так было не прынята? Не ведаю. Таму для мяне гэта быў шок. Я не ведала, што рабіць. І расказаць не было каму з дарослых, толькі сяброўцы. У яе была старэйшая сястра, ад яе мы даведаліся, што да чаго.

Нават пасля, калі мама ўжо даведалася, што ў мяне пачаліся месяцовыя, яна ніяк на гэта не рэагавала, не прапанавала нават анучы. Добра, што ў мяне была бабуля, якая сказала: “Вось, дочачка, гэта трэба і гэта”. Дала мне тканіну. Памятаю, што называла бабуля месяцовыя “на рубасі”.

Штораз, калі пачыналіся месяцовыя – жыццё было не ў кайф. У мяне яны ішлі з мацнейшымі болямі, было шмат крыві.

На жаль, нават у дарослым маім жыцці маці таксама не брала пад увагу мае праблемы. Яна жыла ў вёсцы, і калі пад месяцовыя выпадаў сенакос, напрыклад, яе гэта не хвалявала: “Прыязджай і дапамагай! А як я ўсё жыццё рабіла, а як іншыя?” То бульбу гэтую капаеш і мяхі цягаеш… І зноў чуеш: “А як я рабіла?” Ніхто не шкадаваў, таму, напэўна, так шмат у жанчын было праблем па частцы гінекалогіі. Бо стараліся ўсё парабіць, нягледзячы на самаадчуванне.

Вераніка, 29 год:

– Дзень, калі пайшла першая менструацыя, я выдатна памятаю. На той момант мне было 14,5 гадоў.

Я ўзрадавалася, і па праўдзе іх я вельмі чакала, бо ў многіх маіх аднакласніц яны ўжо ішлі даўно.

Натуральна, я ведала, што гэта такое, размаўляла з мамай на гэтую тэму і з сяброўкамі.

Караліна, 30 год:

– Спачатку я нават не зразумела, што гэта месячныя, і трошкі напалохалася. Бо гэта была не чыстая кроў, а нешта бруднае. Сказала пра гэта матулі, а яна мяне павіншавала. Што праўда, я не памятаю, тлумачыла яна мне штосьці, ці вучыла… Хутчэй за ўсё – так.

Але дакладна ведаю, што пра месячныя нам не казалі ў школе. І нават калі я ўжо сама працавала настаўніцай, ніякіх спецыялізаваных урокаў не было. Бо анатомія ў 9-м класе, у гэты час дзяўчаты ў большасці ведаюць, што такое месячныя. Максімум гэта ці адна-дзве гадзіны ўрока з сухімі фактамі (калі нармальны настаўнік біялогіі, то дзецям вельмі пашчасціла) і ўсялякія размовы пра сямейныя каштоўнасці. Але нічога – пра палавое выхаванне. І гэта не змяняецца гадамі, а зараз баюся, што стала яшчэ горш. Было б, канешне, цікава ў кагосьці з сучасных падлеткаў спытаць, адкуль яны бяруць такога кшталту інфармацыю.

У час месячных у мяне моцныя мігрэні, але доўгі час я ніяк не звязвала гэтыя падзеі. Гады чатыры таму я трапіла ў шпіталь, бо мігрэні былі настолькі моцнымі, што я ванітавала нават вадой, якую піла. Акушэрка і расказала пра ўзаемасувязь.

Пасля гэтага я пачала адсочваць цыкл і зразумела, што мігрэні здараюцца прыкладна ў адныя і тыя ж прамежкі часу, калі ідзе гарманальная перабудова. Але, канешне, працы над гэтым яшчэ шмат – прайсці нармалёвае абследаванне, пачаць прафілактыку і г.д.

Цяпер сябе маральна настройваю: “Сёння пратрымацца, а заўтра можна і мігрэнь” (смяецца). Але вельмі часта адбывалася, што на месячныя прыпадалі важныя паездкі, напрыклад на канцэрты, даводзілася сябе неяк прыводзіць у нармалёвы стан і трываць. Калі была сталая праца ў школе, то бывала, у цяжкім стане даводзілася адпрацаваць па некалькі ўрокаў. Цяпер я фрылансерка, то з гэтым трохі прасцей.

Часам, калі адчуваю мігрэнь, а на наступны дзень штосьці важнае, то я “даю мігрэні волю”, каб на наступны дзень быць у нармальным стане.

Лізавета, 19 год:

– Я даведалася пра месяцовыя, калі мне было гадоў 10-11, расказалі пра гэта дзяўчаткі, з якімі я тады сябравала. Мама потым пачала казаць пра гэта: “Вось такое бывае, гэта нармальна, не палохайся”. На што я адказала, што пра гэта ўсё ведаю, і яна не працягвала расказваць. Мабыць, і ёй і мне было няёмка размаўляць пра месяцовыя.

Я чакала месяцовыя з асаблівай цікавасцю, яны не напалохалі, а толькі ўзрадавалі тады!

 

 

Ці задаволеныя нашы гераіні якасцю гігіенічных сродкаў? Ці ведаюць пра экаальтэрнатывы?

 

Аляксандра, 40 год:

– Баюся, сродкаў, якія б мне падышлі – не існуе ў прыродзе! У мяне моцна ідзе кроў у першыя два дні, я карыстаюся пракладкамі і тампонамі “супер плюс”, і ўсё адно мне іх не хапае, каб спакойна паспаць ноччу. Даводзіцца ўставаць, мяняць…

Невыспанасць, плюс боль у спіне, і агульны “размазаны” стан – такі сабе набор. Усе паездкі, планы даводзіцца ў гэтыя дні ці пераносіць, ці ехаць-ісці па справах, і пасля раз у дзве гадзіны ў паніцы бегаць у прыбіральню.

Натуральна, я звярталася да гінеколага. Яна сказала, што справа ў кісце, параіла зрабіць аперацыю. Я пагадзілася. Лекарка адзначыла: “Першыя паўгады месяцовыя ўсё роўна будуць моцна ісці, пасля стане ўсё добра”. Але з таго часу прайшло ўжо гады тры – і нічога ў лепшы бок не змянілася.

У першыя дні адназначна карыстаюся толькі крамнымі сродкамі гігіены. На апошнія дні, калі інтэнсіўнасць месяцовых змяншаецца, выкарыстоўваю шматразовыя экапракладкі.

Варвара, 63 гады:

– Упершыню я ўбачыла пракладкі ў аптэцы, калі была ў класе дзясятым. Гэта было ў Парычах. Але ў мяне не было грошай на іх. Наагул, пракладак у тыя часы было не дакупіцца, нідзе іх толкам не было.

Таму мы з гэтымі анучамі жылі практычна ўсю маладосць. Пракладкі з’явіліся пасля перабудовы, у 90-я гады, калі пайшлі кіёскі, там яны часам з’яўляліся ў продажы. І гэта ўжо былі больш-менш нармальныя пракладкі.

А да таго часу ў Беларусі ў гэтым плане было ўсё змрочна. Магчыма, у Мінску было з сродкамі гігіены лепей, не ведаю. А ў Бабруйску да перабудовы прадаваўся варыянт “марля+вата”. Яны не мелі такіх уласцівасцяў утрымліваць месяцовыя, як сучасныя. То бок, мы жылі ў цемры (смяецца). Як у каменным веку!

Мае дзеці былі ўжо падлеткамі ў час, калі пачалі з’яўляцца добрыя па якасці пракладкі, тампоны. І калі гэта адбылося, я адчула сябе чалавекам! Жанчынай. Што пра нас хтосьці паклапаціўся. Магу параўнаць хіба з пральнай машынкай-аўтаматам (смяецца).

Я з жахам прыгадваю час, калі мы карысталіся анучкамі, пралі іх, каб яшчэ некалькі разоў выкарыстаць… І я ўсё гэта шчыра ненавіджу!

Я ведаю, што ёсць сучасныя шматразовыя пракладкі, але сама думка пра іх выклікае непрыемныя асацыяцыі з мінулым. Таму ў гэтым пытанні я экалогіі не памочніца. Так, я сартую смецце, збіраю паперу, пластык. Раблю ўсё магчымае… Але толькі не паўтарэнне гэтага кашмару (смяецца).

Дарэчы, я ведаю жанчын, якія з падлеткавых часоў дагэтуль карыстаюцца менавіта анучкамі. А для мяне гэта – суцэльны жах!

Вераніка, 29 год:

– У 2008 годзе ў крамах быў вялікі выбар брэндаў пракладак і тампонаў. Усё было даступна, ад танных сродкаў да прэміўм. Па якасці прэтэнзій не было.

Зусім нядаўна з мамай і бабуляй абмяркоўвалі час іх маладосці, і якія ў іх былі гігіенічныя сродкі. На жаль, яны не могуць пахваліцца такім выбарам, які мы маем цяпер. Яны ў свае юныя гады пакутавалі без якасных пракладак, а выкарыстоўвалі вату, бінты, анучкі. Нават не ўяўляю, як ім было некамфортна. А ўлічваючы яшчэ, што ў многіх дзяўчат месяцовыя могуць праходзіць з моцнымі болямі, плюс дыскамфорт праз недаступнасць сродкаў гігіены – гэта ўдвая жудасна.

Караліна, 30 год:

– Я перайшла амаль цалкам на шматразовыя экапракладкі, якія набывала яшчэ ў Бабруйску. Так, мяне яны задавальняюць, але ўсё адно ў мяне ёсць яшчэ і звычайныя тампоны, якія я ці на ноч выкарыстоўваю, ці ў самы пік месяцовых, ці калі кудысьці еду. Але такога пакуначка мне хапае на некалькі месяцаў. Маю і звычайныя пракладкі, таксама пад нейкія экстранныя выпадкі. Штоднеўкі ў мяне толькі шматразовыя эка.

Дарэчы, калі разам з маім хлопцам разбіраем бялізну пасля пралькі, ён спакойна ставіцца да таго, каб браць у рукі мае шматразовыя пракладкіі, пакласці іх на месца. Калі яны адмакаюць у тазіку – у яго таксама няма нейкага дрэннага стаўлення. Наадварот, учора знайшоў нейкі сродак, каб дапамагчы вывесці з іх плямы.

Лізавета, 19 год:
– Сродкаў асабістай гігіены ў Беларусі ў крамах дастаткова, ёсць розныя катэгорыі па коштах і адпаведныя па якасці.

Цяпер ужо многім вядомыя экалагічныя альтэрнатывы аднаразовым сродкам. Мяне задавальняе іх разнастайнасць і даступнасць.

 

 

Ці сутыкаліся нашы гераіні з табуяванасцю тэмы месяцовых? Ці замянялі ў іх асяроддзі слова “месяцовыя” на іншыя словы, каб завуаляваць?

 

Аляксандра, 40 год:

– Калі я вучылася ў школе, на ўрок фізкультуры трэба было ісці, нават калі былі месяцовыя. І ў момант, калі ўвесь клас стаяў пашыхтаваны, а фізрук называў прозвішча, яму адказвалі: “ёсць”, “тут”, ці “КаДэ”. Акурат тыя дзяўчаты, хто называў гэты шыфр, пасля з чыстым сумленнем адпраўляліся ў распранальню ці гуляць. Бо “КаДэ” расшыфроўвалася, як “крытычныя дні”, гэтыя літаркі фізрук прастаўляў аловачкам у класным журнале. Неяк я прыгадала гэта і ўсвядоміла ўсю трэшовасць мізансцэны. Няўжо сапраўды так важна было настаўніку штораз ладзіць гэты цырк на дроце?

А наконт табуяванасці тэмы, у многім на тое, каб яна стала меншай, паўплывала рэклама гігіенічных сродкаў па тэлебачанні. Дагэтуль памятаю дзяўчыну ў кепцы з шалёна моднымі тады завушніцамі-колцамі, якая рэкламавала “тампакс”. Ва ўсіх роліках нязменна прысутнічала блакітная вадкасць, якую лілі на пракладкі, каб прадэманстраваць іх суперякасці. Не ведаю, што пры гэтым думалі маладасведчаныя хлопцы-падлеткі, магчыма, яны меркавалі, што раз на месяц дзяўчаты набываюць сабе пракладкі, каб здзейсніць гэты магічны рытуал, ці што ў іх і сапраўды ідуць такія іншапланетныя, блакітнага колеру месяцовыя.

Мяне больш хвалюе нават не закрытасць тэмы, а спроба яе ігнараваць. Напрыклад, многія жанчыны, з якімі я заводзіла тэму адсутнасці сметніц у прыбіральнях (а куды ў такіх выпадках выкідаць тампоны і пракладкі?!), закатвалі вочы, кшталту: “Ой, ёсць праблемы і паважней”. Я не разумею, як можна так лічыць і казаць, як можна так сябе не паважаць?

Быў выпадак, калі мне прыйшлося па справах завітаць у невялікі офіс, дзе працавалі адны хлопцы. Я зайшла ў прыбіральню, каб памяняць пракладку, і з жахам зразумела, што там няма сметніцы! Мне прыйшлося пакласці пракладку ў кішэню, а пасля доўга і пакутліва шукаць на вуліцы сметніцу, дзе я магла б яе без лішніх вачэй выкінуць.

Я цвёрда ўпэўненая – калі ў кватэры, офісе, грамадскай прыбіральні ці хоць дзе – няма хоць самай маленечкай сметніцы – там не паважаюць жанчын і не прымаюць асаблівасці нашай фізіялогіі.

Варвара, 63 гады:

– Зараз стаўленне да тэмы месяцовых вельмі змянілася з часоў, калі я была падлеткам. Усе спакойна размаўляюць пра гэта і не камплексуюць. Па-першае, гігенічныя сродкі адкрыта паўсюль прадаюцца і захоўваюцца дома. Можа, сярод старога пакалення і засталіся кансерватары, а моладзь не пераймаецца.

Мяркую, табуяванасць тэмы месяцовых шмат дзе звязана з рэлігіяй. Узяць мусульманскія краіны… Ці прыгадаць Непал, дзе жанчын у час месяцовых прынята высяляць з дома ў хлявы, нават у сабачыя будкі, бо яны “нячыстыя”.

Такое стаўленне, што ў час месяцовых жанчына “нячыстая” было пашырана шмат дзе, асабліва ў старыя часы. Наогул, калі згадаць, колькі нават у пачатку 20 стагоддзя беларускі нараджалі дзяцей – можна падлічыць, што месяцовыя не так і часта ў іх былі, бо яны практычна ўсё жыццё хадзілі цяжарнымі.

Вераніка, 29 год:

– У маім коле на тэму месяцовых ніякіх табу не было, і гэта выдатна. Жанчыны не павінны саромецца гэтага, бо гэта натуральны працэс, закладзены прыродай. Вядома, крычаць на кожным куце, што ў цябе ідуць месяцовыя не варта, але абмеркаваць нейкія хвалюючыя моманты – цалкам нармальна.

Чытала, што ў некаторых мусульманскіх краінах гэта тэма, якую нельга абмяркоўваць. І ў перыяд, калі ў жанчыны ідуць месяцовыя, на яе накладаецца шмат забаронаў. Гэта вельмі сумна, бо банальнае няведанне нейкіх элементарных рэчаў можа прывесці да многіх комплексах у будучыні і да псіхалагічных траўмаў. Хацелася б пазбегнуць такой долі для жанчын з усяго свету.

Тэма месяцовых закрытая, магчыма, з-за выхавання і ўстановак, якія далі бацькі дзіцяці або грамадства ў якім яно знаходзіцца, школа напрыклад. З маленства дзяўчыка можа зацыкліцца, і думаць усё астатняе жыццё, што гэта ганебная тэма і ўсяляк яе пазбягаць. І называць тымі самымі словамі: “крытычныя дні” і г.д. Таму абавязкова трэба размаўляць з дзецьмі ў падлеткавым узросце, і ўсё ім правільна і даступна тлумачыць. І гэта тычыцца не толькі дзяўчатак, але і хлопчыкаў. Бо, напрыклад, тое ж цкаванне дзяўчатак у школе можа ісці менавіта з боку хлапчукоў.

Я ж называю месяцовыя – месяцовымі, усё проста (смяецца).

Караліна, 30 год:

– Вядома, я чула розныя “мянушкі” для месяцовых. Нават мой хлопец можа запытацца: “Ну, што там у цябе ўжо, свістанула?” Калі не памыляюся, то ў школе месяцовыя называлі “чырвоныя дні”.

А ва ўніверы кодавае слова было “фізіялогія”. І калі трэба было з фізры свінціць, каляжанкі менавіта так і казалі. Думаю, што гэта ад фізрукоў універаўскіх менавіта пайшло. Яны так называлі, а ўжо потым студэнты падхоплівалі.

Яўгенія, 31 год:

– У нашай школе месяцовыя называлі “госці з Краснадара”, а яшчэ “чырвоныя жыгулі”. Чаму? Таму што адчуваеш сябе так жа адстойна, нібы ў час паездкі на жыгулях. І калі выкарыстоўвалі гэтую назву, то і пракладку называлі “паркоўка”.

Марыя, 36 год:

– “Крытычныя дні”, “госці”, “гэтыя дні” – так, усё гэта было. А яшчэ – “монстры”.

 

Лізавета, 19 год:

– Я не лічу, што гэта нейкая асаблівая тэма. Вядома, дзяўчаты яе абмяркоўваюць паміж сабой, але і хлопцы ўсе ведаюць і выдатна разумеюць, яны таксама могуць пагаварыць пра месяцовыя. Адзначу, гэта тычыцца майго кола стасункаў на цяперашні момант. Наколькі я памятаю: гадоў у 12-13 дзяўчаткі дзяліліся вопытам у гэтым плане, часам нават ганарыліся, калі яны пайшлі ў кагосьці раней, а хлопцы ставіліся да гэтага пытання з некаторай гідлівасцю.

А наконт прышпільных назваў. “Мексікі”, “чырвоныя дні календара”. А свайму маладому чалавеку паведамляю пра гэта наступным чынам: “Віншую, вы не бацька!”(смяецца).

Вольга, 35 год:

– Восьмы клас, школьная экскурсія ў Полацак. Тады ў Сафійскім саборы выстаўлялі мошчы Еўфрасінні. Каб трапіць туды, дзяўчатам трэба было надзець хустку і доўгае адзенне. Але перад тым, як наведаць сабор, у экскурсійны аўтобус зайшла манашка, і сказала: “У каго рэгулы, ісці ў храм забаронена”.

Акурат у мяне былі тыя рэгулы, і я падумала: “А навошта я ехала сюды восем гадзін?!” І пайшла глядзець на мошчы. Манастыр сапраўды быў прыгажэзны.

Так, правілы гэтыя, нібыта, ёсць. Дзе, праўда, пра іх пачытаць? Мяне словы манашкі не пакрыўдзілі, але мне падумалася, што гэта нейк не правільна. Наогул, лічу – калі ты хочаш пакрыўдзіцца, то пакрыўдзішся (смяецца). Выбар заўжды за табой. Але так – сказаць падлетку, што з рэгуламі нельга, пакінуць у аўтобусе, каб яшчэ і ўвесь аўтобус зразумеў, што ў цябе месяцовыя… Гэта кепска, безумоўна.