«Настаўніца адчытвае дзіця за джынсы, а сама ідзе на заняткі ў шлёпанцах». Бабруйцы пра школьную форму

 Усе фота: 1387.io

Марына, маці шасцікласніцы:

– Не думаю, што гэта новаўвядзенне будзе строга выконвацца. Нам далі рэкамендацыю, каб форма была проста аднатоннай – з нашыўкай, на якой эмблема школы. То бок, у гэтым годзе дачка будзе хадзіць у чорнай спадніцы/штанах пад белую кашулю «оверсайз» – як яна сама хацела. Але гэта ўсё роўна будзе класічны стыль. То бок, мы не будзем набываць тое, што шые «Славянка», ці наагул прапануе «Беллегпрам».

А наконт увядзення ў наступным годзе адзінай школьнай формы… Правілы, што тычыліся адзення дзяцей за час навучання дачкі ўжо некалькі разоў мяняліся. Не думаю, што і гэтым разам будзе ўсё так строга.

 

 

Генадзь, бацька трэцякласніка:

– Як па мне, то школьная форма не патрэбная – ад слова «зусім». Таму што галоўнае, каб дзіцяці было зручна. Тут не кожны дарослы будзе хадзіць у кашулі, ды яшчэ і з гальштукам. Сыну горача будзе ў траўні і верасні, а зімой халодна, бо швэдар не надзенеш.

Адзначу, што першыя дні ў школе сыну нават цікава насіць адзенне дзелавога стылю, але гэта на пару тыдняў, не больш.

Пасля цікавасць перагарае, і даводзіцца прымушаць яго гэта апранаць.

 

 

Валерыя, маці трэцякласніка:

– Мне не спадабалася ідэя з агульнымі элементамі ў адзенні. У нашым бацькоўскім чаце нават адбылася сварка – бо нікога і нічога з прапанаваных варыянтаў не задавальняла.

Па-першае, спачатку школа запусціла апытанне, і вельмі шмат людзей прагаласавала супраць увядзення элементаў. І тады галасаванне прадублявалі – але сярод класаў: «Як вы ставіцеся да таго, што элементам будзе камізэлька?» Бо, што тычыцца эмблемы школы, яна ўжо пару год як уведзеная, хтосьці з дзяцей яе носіць, хтосьці – не. І вось пасля гэтага апытання пачалося: «Навошта мне гэтая камізэлька – я за гальштук!» «Не трэба нам гальштукі, няхай будзе хустка». Недзе тыдзень яны ваявалі, а пасля старшыня бацькоўскага камітэта агучыла, што меркаванні сабраныя і перамагла камізэлька. Тады зноў бацькі запярэчылі: «А для чаго тады нас пыталі?» Даўно не бачыла, каб так апантана сварыліся ў чаце класа.

У выніку скінулі памеры дзяцей, і цяпер фабрыка будзе шыць пад іх гэтыя камізэлькі. А мы іх выкупім, кошт кожнай трохі больш за 20 рублёў. Пад яе, натуральна, дзелавы стыль адзення.

Прычым у нашай школе чорныя, класічныя джынсы, чамусьці, не лічацца «дзелавымі», хоць забарона на іх на сайце мінадукацыі не прапісана. Тым не менш сына так запалохалі, што ён аднойчы апрануў не гэтыя – чыстыя і акуратныя джынсы ў школу, якія я для яго падрыхтавала, а іншыя штаны, якія ўжо ляжалі ў кошыку для бруднай бялізны! Мятыя і ў плямах… Бо ў чорных джынсах ён ісці баяўся: «Паставяць «нездавальняюча» за паводзіны».

Але ж асобным настаўніцам, якія так сувора сочаць за адзеннем нашых дзяцей, не перашкодзіла б самім увесці «форму». Ходзяць у сарафанах, з глыбокімі дэкальтэ, у закароткіх спадніцах. Неяк я бачыла, як адна з іх прыйшла на заняткі ў шлёпках! То-бок да іх выгляду прэтэнзій няма…

Да самой ідэі школьнай формы адзінага ўзору я стаўлюся адмоўна. Часам гэта тлумачаць тым, што «усе будуць роўныя», але памятаю, што ў мае школьныя часы ўсё адно было бачна, у каго якасць тканіны лепш і фартушок падаражэй. Тыя, хто захоча выдзеліцца – зробяць гэта ўсё роўна. Па тым жа дзелавым стылі хіба не было бачна, у каго з дзяцей пінжак танны з базара, а ў каго з дарагой крамы? Хтосьці апране дзіця за 100 рублёў – а хтосьці за 1 500.

Як ставіцца да ўсяго гэтага сын? Ён не ведае, што можа быць інакш, прывучаны да «дзелавога стылю» з першага класа. А па-другое, паўтаруся, на іх насядаюць настаўнікі, што трэба гэтак апранацца.

Вельмі мала размоваў пра якасць адукацыі і ведаў, і вельмі шмат – пра адзенне. Гэта вельмі дзіўна.

 

 

Яшчэ адна бабруйчанка, Кацярына, падзялілася з намі, колькі ў яе сям’і каштавала сабраць у школу першакласніцу з нуля:

Кашуля ці блузка ад 20 да 40-50 рублёў.

Нагавіцы 45+ рублёў.

Сарафан 45+ рублёў.

Камплект пінжак+камізэлька 135 рублёў.

Заплечнік ад 20 да 80 (у сярэднім 50) рублёў.

– Выбар ёсць, вядома, але цэны прыблізна падобныя. На тым жа базары можна знайсці асартымент больш і прыгажэй. Дарэчы, сярод рэчаў, пра якія я расказала, няма яшчэ спартовага касцюма, абутку, канцылярыі. А гэта дадаткова пацягне на адчувальную суму, – падсумоўвае суразмоўца.

 

 

Давайце паглядзім, што прапануе школьнікам бабруйская фабрыка «Славянка». На яе сайце ёсць асобныя раздзелы з адзеннем дзелавога стылю для дзяўчатак і хлопчыкаў.

Класічныя сарафаны для дзяўчатак каштуюць каля 40 рублёў, цэны на спадніцы і штаны – ад 16 рублёў і да 40, блузкі – 34-36 рублёў, камплект джэмпер+блузка за 39 рублёў. У асартыменце ёсць даволі сімпатычныя рэчы, як, напрыклад, гэтыя модныя штаны-клёш:

 

Нагавіцы для хлопчыкаў можна знайсці ад 13 да 41 рубля. Кошты на джэмперы да 50 рублёў, на пінжакі – да 66 рублёў, камізэлькі – 18 рублёў. Касцюмы (пінжак+штаны) – ад 79 да 104 рублёў. Ёсць у асартыменце і цёмна-сінія касцюмы, падобныя да тых, што насілі школьнікі ў 90-я:

 

 

А як ставішся да школьнай формы ты? Дзяліся меркаваннямі ў нашым інстаграме!