«Нават папкорнам не пахне», «афішы нагнятаюць страх». Бабруйскія кінатэатры праз санкцыі пераключыліся на фільмы з нізкімі рэйтынгамі

Мы пацікавіліся меркаваннем наконт свежай афішы ў бабруйца, які любіць глядзець экшн-фільмы і аматаркі аўтарскага кіно. А таксама прыводзім тут вынікі апытанкі нашых падпісчыкаў у інстаграм і агляд афішы. Дарэчы, у беларускім фільме «Падрыў», які ідзе ў кінатэатры «Мір», можна ўбачыць зруйнаваны 3 кастрычніка стогадовы вінзавод – які стаў здымачнай пляцоўкай для некалькіх эпізодаў – літаральна летась.

 

Усе фота: 1387.io

– Паглядзеў афішу на бягучы тыдзень… Дык гэта ўсё «шляпа» другога гатунку! Я такое нават не гляджу, і не збіраюся, – каментуе рэпертуар мясцовых кінатэатраў Зміцер, аматар экшн-фільмаў.

– З прапанаванага, што бачу на гэты тыдзень, хіба што мульцік «Мы пачвары 2» можна глянуць. З цікавых сусветных прэм’ер анічога няма! На фільмы, якія паказвае «Таварыш», нават перакладу ў дубляжы няма – а гэта сведчыць пра тое, наколькі ў іх нізкі рэйтынг.

Я б хацеў паглядзець на вялікім экране фільм «Чорны Адам», «Тор: каханне і гром», «Анчартэд: на мапах не пазначаны», «Топ ган: Мэверык» з Томам Крузам. Але ў нас іх не пакажуць. Нават новых «Міньёнаў» не паказалі!

Апошні раз я быў у кіно амаль год таму, глядзеў «Дзюну». Хоць тады яшчэ і быў выбар. А пасля пачатку вайны і санкцыяў наагул няма што глядзець.

Складваецца адчуванне, што ў кінатэатр цяпер ходзяць адзінкі. Раней, калі міма праязджаў, заўважаў натоўпы каля ўваходу, было бачна як бабруйцы выходзяць і заходзяць, ці чакаюць на вуліцы. Зараз такога няма. Нядаўна ішоў побач позна ўвечары, скончыўся нейкі сеанс, а з залы выйшла пры мне чалавекі чатыры. І папкорнам не пахне на вуліцы. Раней заўсёды, калі былі прэм’еры, водар за кіламетр было чуваць.

Скажу так – пракату няма, паказваюць адно лайно.

 

 

Давайце і мы паглядзім на афішу. Вось што прапануюць «Таварыш» і «Мір» на гэты тыдзень. Звяртае ўвагу, што не ўсе фільмы і мульцікі датуюцца 2022 годам:

Кінатэатр «Таварыш»

 

 

«Пачвара» (ЗША, 2022), фільм жахаў, драма

1950-я. У цэнтры сюжэту – траўмаваная жанчына, якая разам з 7-гадовым сынам уцякае ад былога мужа-аб’юзера. У новым, аддаленым прытулку яны разумеюць, што ім трэба мець справу з больш жахлівым монстрам.

Рэйтынг: Кінапошук 4.7 IMDb: 4.6

«Ударная хваля: Бітва за Ганконг» (Кітай, 2020), баевік, крымінал, трылер

Галоўны сапёр спецпадраздзялення спецназа ў Ганконгу дапускае фатальную памылку падчас чарговага размініравання бомбы, у выніку чаго па ўсім горадзе адбываецца серыя моцных выбухаў. Выйшаўшы з комы, ён павінен ва ўсім разабрацца і высветліць праўду ў гэтай заблытанай сітуацыі.

Рэйтынг: Кінапошук 6.2 IMDb: 6.6

«Экспрэс» (Расія, 2022), камедыя, драма

Калі Сашу Сосланава выганяюць з універсітэта, ён ідзе ў букмекерскую кантору і робіць адчайную стаўку на апошнюю тысячу рублёў – «экспрэс». Але ў той жа вечар ён губляе картку, каб атрымаць выйгрыш. У Сашы ёсць тры дні, каб знайсці «экспрэс» і не ўпусціць шанец на новае жыццё.

Рэйтынг на Кінапошуку 6.7

«Баракуда» (ЗША, 2022), баявік, трылер, драма, крымінал

У крымінальным свеце ўсе дрыжаць ад імя «Баракуда». Ён сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Але, калі 15-гадовая дзяўчынка становіцца ахвярай мафіі, ён ідзе насуперак усім правілам і накіроўвае ўвесь свой гнеў на працадаўцаў.

Рэйтынг: Кінапошук 5.5 IMDb: 5.1

«Эпоха выжывання» (Літва, Францыя, Бельгія, 2022), фантастыка, драма

Зямля будучыні. Тэхналогіі дасягнулі неверагодна высокага ўзроўню, але людзі кожны дзень змагаюцца за жыццё з прыродай, якая эвалюцыянавала і ператварылася ў бязлітаснага забойцу. 13-гадовая дзяўчынка Веспер павінна аднавіць раўнавагу і пахіснуць шалі, на якіх лёс усяго чалавецтва.

Рэйтынг: Кінапошук 5.5, IMDb: 6.3

«Чырвоны каптурок» (Расія, 2022), фэнтэзі, прыгоды

Ратуючы свой горад ад ваўкоў, Чырвоны Каптурок мусіць раскрыць таямніцу знікнення свайго бацькі Ваўкабоя, паглядзець сваім страхам у вочы і знайсці свой лёс.

Рэйтынг на Кінапошуку 4.4

«Поўнае апусканне» (Расія, 2020), мультфільм, камедыя

Малады дэльфін Дэльфі жыве ў падводным горадзе. Ён без узаемнасці закаханы ў прыгажуню Мію, прыёмную дачку мэра горада, і марыць патрапіць у гвардыю дэльфінаў, але ніхто не ўспрымае яго ўсурʼёз. Аднойчы Дэльфі разам са сваім сябрам Зебам трапляе ў затопленую крэпасць і знаходзіць там дзіўную арку.

Рэйтынг на Кінапошуку 6.3

 

Кінатэатр «Мір»

 

 

«Праклён мачахі» (Вялікабрытанія, 2021), жахі, драма, дэтэктыў

Знаёмства Холі з дзецьмі мужа ад першага шлюбу ператвараецца ў сапраўдны кашмар. Зʼяўленню мачахі не радыя не толькі дзеці, але і староннія сілы, што нібы спрабуюць сказаць Холі нешта важнае і жудаснае.

Рэйтынг: Кінапошук 3.6 IMDb: 4.50

«Падрыў» (Беларусь, 2022), ваенны

На здымках фільма “Падрыў ” у 2021 годзе. Сёння гэтых будынкаў не існуе – іх зруйнавалі, некаторыя ўзарвалі Фота: Камерцыйны кур’ер

Падзеі фільма разгортваюцца ў 1945 годзе. Яшчэ не скончылася Другая сусветная вайна, а на тэрыторыі вызваленай Беларусі вядуцца работы па ачыстцы зямлі ад неразарваных мін і снарадаў. З ліку падлеткаў-добраахвотнікаў ствараюцца атрады. Прайшоўшы толькі тыднёвыя курсы навучання, маладыя дзяўчаты і хлопцы ідуць на небяспечную працу.

Рэйтынг невядомы.

«1941. Крылы над Берлінам» (Расія, 2022) ваенны, баявік

Гісторыя лётчыкаў 1-га мінна-тарпеднага авіяцыйнага палка ВПС Балтыйскага флоту. Перад імі стаяла самая складаная баявая задача – нанесці першыя бомбавыя ўдары па Берліне.

Рэйтынг: Кінапошук 7.5 IMDb: 5.5

«Ластаўкі Хрыстовы» (Расія, 2021) дакументальны

27 снежня 2019 года парламент Чарнагорыі прыняў законапраект аб канфіскацыі ўсёй царкоўнай маёмасці ў Сербскай праваслаўнай царквы. Сотні тысяч чалавек у Чарнагорыі ўсталі на саборны малебен, які ўзначаліў мітрапаліт Амфілохій, які нечакана памірае. На саракавы дзень пасля смерці ўладыкі ўрад мяняецца і ўносіць папраўкі ў законапраект.

Рэйтынг на Кінапошуку 9.0

«Таты» (Расія, 2021), драма, камедыя

Чатыры гісторыі, у кожнай з якіх глядач можа пазнаць сябе, абʼяднаны тэмай сілы бацькоўскай любові.

Рэйтынг: Кінапошук 6.4 IMDb: 5.5

«Мы – пачвары 2» (Германія, Вялікабрытанія, 2021), мультфільм, фэнтэзі, дзіцячы

Баба Яга ды Гарбун вырашылі згуляць вяселле. Але, ў час цырымоніі, пару выкрадае дзяўчына Стар, якая валодае звышчалавечымі здольнасцямі.

Рэйтынг: Кінапошук 5.7 IMDb: 4.70

«Вароніна Лагчына» (Латвія, Вялікабрытанія, 2022), трылер

1830 год. Малады Эдгар, у час падарожжа ў кампаніі сяброў, выпадкова трапляе ў мястэчка Вароніна Лагчына. Там ён бавіць некалькі злавесных дзён, напоўненых загадкавымі падзеямі і містычнымі прароцтвамі, што назаўсёды зменяць яго лёс. Эдгар Алан По стане пісьменнікам і праз час здабудзе сусветную вядомасць.

Рэйтынг: Кінапошук 5.6 IMDb: 5.2

«Кэт» (Расія, 2022), драма

Маладая эскортніца нядаўна стала мамай. У дзіцяці няма бацькі, і Кэт гатовая на ўсё дзеля свайго першынца. Дзяўчыне трэба будзе сутыкнуцца з сурʼёзным унутраным канфліктам і зрабіць важны выбар паміж мацярынствам і справай, якая прыносіць добры прыбытак.

Рэйтынг на Кінапошуку 6.1

 

 

Як бачыце, рэйтынг фільмаў невысокі, самы вялікі – у дакументалкі «Ластаўкі Хрыстовы». Варта адзначыць, што ў параўнанні з мінулымі тыднямі, гэты – яшчэ і не надта ўрадлівы на фільмы жахаў. Вось і наша суразмоўца, аматарка аўтарскага кіно Элі адзначае, што афіша «Таварыша» яе даўно не прываблівае:

– У кінатэатры апошнім часам хаджу рэдка. Апошні фільм, які я паглядзела – «3 000 год жаданняў», гэта было месяцы тры таму. Проста з зімы ў кінатэатрах больш няма чаго глядзець. Гэта ці расійскі рэпертуар, а я не вельмі добра стаўлюся да расійскага кінапраму, асабліва калі гэта нейкія блакбастэры, ці бясконцыя фільмы жахаў.

Калі я праходжу побач з кінатэатрам «Таварыш» і заўважаю, што з замежнага нам возяць, у асноўным, «жахлікі», хорары, трылеры. А я такі жанр не люблю. Афішы – такія ж. Нагнятаюць страх.

Сама якасць фільмаў, якія прапануюцца гледачу, стала заўважна горш. Думаю, гэта звязана з санкцыямі. І годныя навінкі, якія чакае ўвесь свет, у нашы кінатэатры не трапяць. Я нават здзівілася, як да нас прывезлі «3 000 год жаданняў»? Гэта было вельмі нечакана.

Разам з якаснымі фільмамі мы губляем магчымасць бачыць добры акторскі склад, рэжысёраў. Мы нават на дзіцячы рэпертуар перасталі хадзіць, бо майму сыну не хочацца глядзець тое, што там цяпер прапануюць.

Я разумею, што мой густ можа не супадаць з густам большасці гледачоў. Але, як мінімум, хацелася б пабачыць фільмы, якія былі намінаваныя на «Оскар», ці атрымалі гэтую ўзнагароду. Гэта не зусім артхаус, але стужкі добрага ўзроўню, і мне падаецца, яны б сабралі гледачоў. Да ўсяго, яны б выхоўвалі добры густ у бабруйцаў.

У свежай афішы я ўбачыла, што зараз кінатэатр прапануе стужку «Эйфарыя» ад стваральніка серыяла «Чыкі». Вось на яго, бадай, я бы схадзіла выключна таму, што серыял мне спадабаўся.

 

 

А вось што думаюць наконт афішы кіно нашы падпісчыкі ў інстаграм: