“Не веру ў дзяржаву, веру ў дапамогу звычайных людзей”. Як экс-бабруец з Барселоны дапамагае ўкраінскім уцекачам

На фота: Павел з валанцёркамі. Гэтае ды іншае фота – з сацсетак героя. 

 

Наш суразмоўца нарадзіўся ў Бабруйску, але 22 гады таму мусіў з’ехаць з Беларусі пасля ўдзелу ў “Маршы свабоды-1999”. Спачатку атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, адтуль перабраўся ў Каталонію, дзе і жыве апошнія 15 год.

У Барселоне Павел разам з жонкай спярша меў невялікі арт-бізнес, а пасля перайшоў у сферу турызму. Апошнія некалькі год ён працуе гідам-экскурсаводам па Каталоніі, у тым ліку ў тэме гастранамічнага турызму. Ад 22 сакавіка – працуе ў валанцёрскім цэнтры дапамогі бежанцам, які сам і арганізаваў.

 

 

– Напэўна, я скажу банальнасць, але калі пачалася вайна ва Украіне, не толькі ў мяне, а шмат у каго было адчуванне: трэба нешта рабіць! Бо проста глядзець на тое, што адбывалася, немагчыма. Сітуацыя цяжкая, асабліва на фоне разумення таго, што краіна, з якой я паходжу, у гэтай вайне дэ-факта з’яўляецца агрэсарам. З такім цяжка прымірыцца, – тлумачыць Павел.

– Яшчэ адзін штуршок дало тое, што вельмі шмат уцекачоў з Украіны пачалі прыязджаць у Каталонію. Гэта людзі, што засталіся без жытла, якія беглі ад бамбаванняў, і нічога не маюць. У асноўным гэта жанчыны з дзецьмі.

Так, для іх ёсць пэўная падтрымка з боку дзяржавы, але яна мае свае дзіркі. Мясцовыя ўлады не робяць усё, што належыць. Уцекачы маюць патрэбу ў пэўных базавых рэчах, у некаторых выпадках ім банальна не стае харчавання…

Я наагул не веру ў дзяржаву – гэта мая асабістая пазіцыя. А веру ў дапамогу простых людзей. Гэта больш эфектыўна, калі адзін дапамагае другому.

Пачаў з таго, што зрабіў пост у фэйсбуку, кшталту: “Грамада, ёсць праблема, якую трэба вырашыць”. І шмат з тых, хто жыве ў Барселоне, адгукнуліся, так пачалася наша валанцёрская дзейнасць. Выявілася, што многія з дыяспараў – беларускай, украінскай, расейскай, хочуць нешта рабіць, бо адчуваюць прыблізна тое ж, што і я: трэба дзейнічаць!

Нельга сядзець і рабіць выгляд, што жыццё ідзе, як і раней.

 

 

Акрамя дапамогі ўкраінцам, Павел запусціў важны для ўсіх нас праект – суполку ў тэлеграм “Беларусы з Украінай”. Яе мэта – расказваць пра добрыя справы, якія робяць нашы суайчыннікі – валанцёраць, данацяць, абараняюць мірных жыхароў.

– Я зрабіў такі канал, бо ў пачатку вайны сітуацыя была маральна вельмі цяжкая. Многія ўкраінцы лічылі беларусаў агрэсарамі, пыталі: “За што ж вы так з намі абышліся, чаму з вашай тэрыторыі на нас лятуць ракеты, самалёты, заходзяць расейскія войскі?” Было зразумела, што трэба неяк паказаць – гэта не беларусы робяць, бо мы не хочам ваяваць з Украінай, а гэта ўлады падтрымліваюць расейскую агрэсію.

Калі суполка “Беларусы з Украінай” стала крыху папулярнай, з’явіліся людзі, якія захацелі ёй займацца. То бок, асабіста цяпер яе не вяду. А пасля ўжо ствараліся шматлікія ініцыятывы на гэтую ж тэму, што мелі на мэце паказаць: звычайныя беларусы не хочуць ваяваць, а наадварот, падтрымліваюць украінцаў.

 

На фота: “Учора 122 сям’і прыйшлі па дапамогу, плюс-мінус 450 чалавек. Белыя паперкі – анкеты-заяўкі на атрыманне неабходнага. Вось-вось стартуюць моўныя курсы ды іншыя гурткі і заняткі для бежанцаў і іх дзяцей. Працуем далей!”

 

– Ці атрымалася пераканаць украінцаў у тым, што звычайныя беларусы для іх не ворагі? Думаю, атрымалася. Але разумею, што гэта адбылося не дзякуючы майму ТГ-каналу ці валанцёрству. Перш за ўсё дзякуючы таму, што з’явіўся батальён Каліноўскага, хлопцы з якога ваююць на баку Украіны, а таксама дзякуючы рэйкавым партызанам, у тым ліку бабруйскім. Інфармацыя пра іх вельмі добра распаўсюджвалася па ўкраінскіх СМІ, і ўсё гэта паказала – народ разам з імі. Бо ў Расеі нічога падобнага не было, яны не вялі рэйкавыя войны, не стварылі батальён, які б дапамагаў украінцам.

 

На фота: чарга ў цэнтр дапамогі ўцекачам.

 

– Часу ў мяне не хапае ні на што, бо ёсць праца, ёсць сям’я, ёсць валанцёрства. Усё складана. Але так атрымалася, што я запусціў пэўныя працэсы, і лік ідзе на сотні людзей, якія ўдзельнічаюць у нашым руху і лічаць мяне ўмоўным лідарам. Яны хочуць, каб я рабіў пэўныя рэчы, таму я не магу ўсё гэта кінуць і сказаць: “А давайце далей самі, а я тут пайду сабе на жыццё зарабляць”. Не, я так не магу зрабіць, бо існуе праблема, якую трэба вырашаць.

Гэта трэба рабіць не толькі таму, што мая радзіма – суагрэсар. А проста таму, што мы мусім дапамагаць тым, хто мае патрэбу.

Безумоўна, мяне вельмі натхніў прыклад беларусаў, якія ў час першай хвалі кавіду аб’ядналіся – самі, без загадаў зверху, дапамаглі медыкам і адно аднаму. Я асабіста знаёмы з Андрэем Стрыжаком, які быў адным з стваральнікаў ініцыятывы #BYCOVID19. Узгадаем і Лёшу Лявончыка ды яго дапамогу пацярпелым…

Гэта людзі, якія пачалі нешта рабіць, а ў выніку дапамаглі больш, чым шматлікія дзяржаўныя структуры ці старыя НДА. Дзякуючы ім я зразумеў, што просты, “маленькі” чалавек, здольны зрабіць вельмі шмат!

 

 

– Кожны і кожная з уцекачоў ад вайны, якім мы сёння дапамагаем – гэта асобная, шчымлівая гісторыя. 90 адсоткаў – жанчыны з дзецьмі, гэта акурат  тая сацыяльная група, якой вельмі патрэбная дапамога.

У нас ёсць валанцёры, якія самі тыдзень таму беглі ад вайны, сядзелі ў бамбасховішчах, а сёння прыходзяць да нас і кажуць: “Мы хочам нешта карыснае рабіць”.

Напрыклад, маладая сям’я з Марыупалю, месяц яны былі пад акупацыяй, прайшлі ўсю гэтую жудасную гісторыю з бамбаваннем, з тым, што ім даводзілася гатаваць ежу на вогнішчах у дварах… Яны дабіраліся да Каталоніі праз захопленыя расейцамі тэрыторыі, праз неверагодную небяспеку для жыцця. І першае, што яны зрабілі – прыйшлі да нас, каб дапамагаць іншым!

Гэта прыклад таго, як людзі застаюцца героямі ў самых цяжкіх сітуацыях.

І такіх гісторый вельмі шмат.

Пастаянна чуеш гэтыя размовы. Людзі з Адэсы абмяркоўваюць, які раён бамбілі ўчора, які сёння, у каго дзе бацькі жывуць… Гэта цяжка, але гэта дае разуменне: тое, што мы робім – мае сэнс.

 

На фота: Экскурсія на стадыён Камп Ноў для ўкраінскіх дзетак-уцекачоў.  Яе сумесна зладзілі барселонскія валанцёры. 

 

– Безумоўна, гумар дапамагае не зляцець з катушак. Неяк прыходзіць да нас у валанцёрскі цэнтр сям’я ўцекачоў, паглядзелі і кажуць: “У вас тут так добра ўсё арганізавана, амаль як у нас у харкаўскім бамбасховішчы!”

І я таксама спрабую з усіх цяжкіх сітуацый выходзіць менавіта праз гумар. Не лічу, што ёсць нейкія забароненыя тэмы, на якія нельга жартаваць, таму што смех – ратуе. Ён дазваляе спраўляцца з цяжкімі сітуацыямі. І, магчыма, гэта нас, бабруйцаў, робіць падобнымі да адэсітаў.

Пазітыў неверагодна важны, трэба яго захоўваць.

 

 

– Ці можна цяпер беларусам святкаваць Дзень перамогі, калі побач ідзе крывавая вайна, на якой гінуць мірныя жыхары? Канечне, не.

Таму што дэ-факта мы самі з’яўляемся краінай-агрэсарам.

Беларускія ўлады пачалі рабіць культ з гэтага свята, паразітаваць на тэме перамогі, яшчэ раней за расейскія. І гэта праблема, бо яны з памятнай даты зрабілі сорам, і прыстойнаму чалавеку ўжо немагчыма гэта святкаваць.

Нам казалі, што трэба памятаць пра вайну, каб яна не паўтарылася, але выявілася, што гэта абсалютная хлусня!

Узгадваю, як у дзевяцігадовым узросце мяне прынялі ў піянеры, і мы хадзілі да ветэранаў… Ужо тады я разумеў, што ўсё гэта проста рытуал, фальш. Адзіная мэта якога – кантроль над розумам людзей. Мы ўсе ведаем гісторыю Другой сусветнай вайны, ведаем, што там адбывалася, і не маем сумневаў у тым, што гэта жудасна. Але рабіць з гэтага свята, культ?

Парадокс у тым, што чым далей дата вайны, тым з большым размахам святкуюцца Дні перамогі. Я ніколі не мог зразумець, чаму так? Чаму мой дзядуля, які прайшоў вайну, ніколі гэты дзень не святкаваў, а наступныя пакаленні – рабілі гэта з такім пафасам?

Гэта навязванне ідэалогіі “пераможцаў” – абсалютная маніпуляцыя. Гісторыя мусіць быць гісторыяй, а не культам. Яе трэба вывучаць. Асэнсоўваць. Сакралізацыя вайны выглядае вельмі небяспечнай.