Ніколі зноў ці можам паўтарыць? Чаму нас вучаць ваенныя помнікі? Размова з краязнаўцам Алегам Красным

Дзясяткі пакаленняў беларусаў з дзяцінства выхоўваліся на ваеннай тэматыцы. З дзіцячага садку нам распавядалі пра герояў Другой сусветнай вайны, пра перамогу над нападнікамі, недапушчальнасць паўтарэння вайны. Памяць пра вайну атачае нас штодня ў нашым горадзе – на вуліцах, названых у гонар салдатаў гэтай самай вайны, у помніках, якія ёсць амаль у кожным раёне. Што транслююць нам усе гэтыя напаміны пра вайну, што павінны выхоўваць, а ў чым, магчыма, нашыя помнікі працуюць не зусім так, як хацелася б? Адказы на гэтыя пытанні мы шукалі разам з бабруйскім краязнаўцам і экскурсаводам Алегам Красным.

Алег Красны праводзіць экскурсію. Фота: архіў 1387.io

«Нават калі вайна пачалася, трэба заставацца чалавекам»

– Спадар Алег, як памяць пра вайну прадстаўлена ў культурным і турыстычным ландшафце Бабруйску?

– У Беларусі агулам вельмі шмат помнікаў і памятных мясцінаў, звязаных з Другой сусветнай вайной. Замежнікі кажуць, што нідзе не бачылі такой колькасці. І гэта зразумела, бо ўся тэрыторыя краіны была пад акупацыяй, і войскі прайшлі спачатку ў адзін бок, гінулі людзі, потым у другі, і зноў гінулі людзі.

У Бабруйску асноўныя ваенныя помнікі – гэта плошча Перамогі, магіла генерала Бахарава і іншых вызваліцеляў Бабруйску, Алея герояў там жа, на плошчы. Помнікі ахвярам Галакосту – у Каменцы, каля заводу ТДіА, Алея праведнікаў.

– Якая галоўная ідэя гэтых помнікаў? Што яны нам транслююць?

– На мой погляд, з усіх ваенных помнікаў у Бабруйску Алея праведнікаў – самы важны. Бо яна як раз вучыць, што ваяваць не трэба, а калі вайна пачалася, то важна заставацца чалавекам. На мой погляд, гэта самы правільны пасыл у будучыню.

Алея праведнікаў, Бабруйсу, вул.Сацыялістычная. Фота: 1387.io

Алея праведнікаў. Бабруйск, вул.Сацыялістычная. Фота: 1387.io

Помнікі ў гонар герояў, пераможных падзеяў у нас у асноўным занадта велічныя. Яны паказваюць нам пераможны, гераічны бок вайны. І ў гэтым праблема – калі сёння кажуць пра вайну, то нібы забываюць, што гэта не толькі подзвігі і перамогі, але і паразы, трагедыі, боль. У мяне абодва дзяды былі на вайне, адзін загінуў на фронце, другі вярнуўся жывым. Ён памёр, калі мне было каля 20 гадоў. Пад канец свайго зямнога жыцця дзядуля пачаў мне шмат распавядаць, і тады вайна мне адкрылася з новага боку. Бо я быў звычайным савецкім хлопцам, выхаваным на нашых перамогах – Курская дуга, Сталінград, блакада Ленінграду. А вось пра моманты не такія пераможныя амаль нічога не казалі. А ветэраны, якія прайшлі праз вайну, давалі больш рэальную карціну таго, што адбывалася. І ім бы не прыйшло ў галаву пісаць на машынах «можам паўтарыць». Паўтарыць што? 25 мільёнаў адданых за перамогу жыццяў? Галакост? Зруйнаваную і разрабаваную краіну? У людзей няма разумення ўсяго жаху вайны.

І з цягам часу перадаваць рэальную карціну таго, што адбывалася, усё цяжэй, бо ветэраны сыходзяць. Нам яшчэ пашчасціла пабачыць іх жывымі, і тое, як яны са слязьмі на вачах ускладалі кветкі да таго ж танка, пачуць іхныя аповеды. Калі бачыш эмоцыі, лепш разумееш, што такое вайна.

Сёння, хоць і вельмі шмат ваеннай тэматыкі і ў нашай культуры, і ў адукацыі, але яна часта бывае нібы святочнай. Тыя ж фільмы, якія цяпер здымаюцца – гэта вестэрны на тэму вайны, як кампутарныя гульні. Гэта ўсё не робіць антываеннай прышчэпкі маладым пакаленням.

«Перамогу таксама трэба ўмець перажыць»

Мемарыяльны комплекс «Ахвярам фашызму» на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Фота: 1387.io

 

– Адкуль бярэцца гэта засяроджванне на пераможным баку? Боль і паразы абмінаюцца наўмысна, ці гэта натуральным чынам забываецца з цягам часу?

– Рамантызацыю і гераізацыю вайны адмыслоўцы называюць сіндромам пераможцы – такі пабочны эфект перамогі. Перамогу таксама трэба ўмець перажыць. З цягам часу сціраецца з памяці боль, а застаецца праслаўленне гераізму. А варта было б не забывацца і пра трагізм вайны.

У ветэранаў быў баланс, яны разумелі, што яны – пераможцы, але адначасова памяталі і жах вайны. А ў спадкаемцаў пераможцаў ёсць разуменне перамогі, але няма досведу трагізму вайны. Здаецца, у горшай сітуацыі аказваецца бок, які прайграў вайну: ён перажывае два жахі – і саму па сабе трагедыю вайны, і паразу. Аднак з цягам часу боль ад паразы забываецца, у той час як пераможцы звычайна ўсяляк падкрэсліваюць і падтрымліваюць памяць пра перамогу, і тут трэба быць вельмі пільнымі, і трымаць здаровы баланс, каб не ўпасці ў тую самую рамантызацыю і гераізацыю вайны.

Алея герояў. Бабруйск, плошча Перамогі. Фота: 1387.io

«Людзей больш кранаюць чалавечыя гісторыі, чым помнікі»

– Ці закранаеце вы тэму вайны ў сваіх экскурсіях? Наколькі гэтая тэматыка запатрабаваная ў турыстаў?

– У мяне няма экскурсіяў сцісла пра вайну. Аднак у аглядных экскурсіях гэтая тэма закранаецца, і людзі з цікавасцю слухаюць. Найбольш пры гэтым людзі любяць чалавечыя гісторыі.

Ва ўсіх гарадах у нас стаяць танкі як сімвал перамогі. Экскурсаводы часам кажуць, што гэта першы танк, які ўварваўся ў горад пры вызваленні. Аднак часта гэта не так. Бабруйскі ж танк насамрэч мае гісторыю. На гэтым танку ваяваў і загінуў генерал Бахараў. І калі ты распавядаеш гісторыю, і кажаш, што гэты танк стаіць на магіле канкрэтнага героя, і побач ляжаць героі, у людзей гэта адгукаецца.

Танк на магіле генерала Б.Бахарава. Бабруйску, плошча Перамогі. Фота: 1387.io

Калі ў крэпасці я распавядаю пра хлопцаў з ваенна-трактарнага вучылішча, якія з вінтоўкамі і па 2-3 гранаты на чалавека ўсе за ракой палеглі, гэта робіць уражанне. Але адначасова людзей уражвае і што дагэтуль няма помніка там, дзе яны ляжаць. Што помнік, які мясцовы жыхар ставіў там за свае сродкі, сваімі рукамі, некалькі разоў дэмантавалі, бо ён не паводле закону пастаўлены. Я і ў выканкаме казаў – вы ці дайце людзям паставіць помнік, ці пастаўце самі паводле ўсіх патрабаванняў заканадаўства. Гэта ж нашыя бабруйскія хлопцы, якім было па 18 гадоў.

Адмыслова ваенныя экскурсіі ў мяне не замаўляюць. Хоць неяк прыязджалі ізраільскія дыпламаты – іх цікавілі месцы Галакосту. Таксама былі расейцы, літоўцы, якія цікавіліся менавіта ваеннай гісторыяй.

– Што вы імкняцеся данесці да людзей, калі прыводзіце іх да помнікаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны?

– Дзве ідэі. З аднаго боку людзі павінны памятаць гераізм сваіх продкаў, што ёсць каштоўнасці, за якія не шкада памерці. Але адначасова важна разумець, за што не шкада забіць. Бо калі ты памёр, ты герой – гэта прасцей. Але калі табе трэба за нешта ісці ў бой і забіваць і потым з гэтым жыць – гэта няпроста. Ветэраны пастаянна казалі пра першы бой, пра першага забітага ворага, як адчувалі сябе. Бо для нармальнага чалавека забіць іншага чалавека – гэта жах, і трэба разумець, за што ты гэта робіш.

– За што не шкада забіць?

– За сваіх блізкіх, за свабоду і незалежнасць сваёй радзімы. Калі прыйшлі ў твой дом, твой горад, каб знішчыць яго, цябе, тваю сям’ю, тваю краіну, культуру, тваю мову. Цябе хочуць пазбавіць твайго права жыць на сваёй зямлі, выхоўваць сваіх дзяцей у сваёй культуры, сваёй мове.

Асобна хачу сказаць, што для мяне свабода і незалежнасць – гэта не сцяг над выканкамам. Бо мы ведаем прыклады з гісторыі, калі твае прыгнятальнікі пакінуць табе сцяг такі, які ты хочаш, няхай вісіць такі, які табе падабаецца, толькі маўчы і рабі, што табе скажуць. Але гэта не свабода і незалежнасць. І наш народ не аднойчы праз гэта праходзіў.

«Помнікі павінны з’яўляцца з ініцыятывы людзей, гэта выхоўвае чалавечнасць»

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам у Бабруйску. Фота: 1387.io

– Вы ў самым пачатку нашай размовы сказалі, што ў Беларусі вельмі шмат месцаў, звязаных з вайной, што здзіўляе замежнікаў. Магчыма, трэба зменшыць колькасць такіх помнікаў?

– А хто будзе вызначаць, які прыбіраць, а які не? І ёсць такі важны момант – шмат у каго, як у нас з жонкай, напрыклад, блізкія, якія ваявалі, загінулі далёка ад родных мясцінаў, і там, за мяжой, пахаваныя. І мала ў каго атрымліваецца часта ездзіць на магілу. А адначасова, калі ў Беларусі ёсць нейкі помнік недалёка ад дому, нават калі там ніхто не пахаваны, туды можна прыйсці і прынесці кветкі, узгадаць сваіх палеглых продкаў.

Але я б падумаў пра змяненне ідэі і сэнсавай напоўненасці нашых помнікаў. Мне больш падабаюцца непафасныя і неграндыёзныя манументы. У вёсцы Боркі недалёка ад Бабруйску зрабілі вялізны прыгожы мемарыял у памяць аб спаленых вёсках. Аднак я памятаю, калі там стаяла маленькая драўляная каплічка, а на плошчы – маленькія абеліскі, усталяваныя мясцовай уладай і жыхарамі вёскі. На камянях былі напісаныя назвы вёсак і колькі загінула людзей. На мяне такія помнікі ўздзейнічаюць нашмат мацней.

Ёсць файны помнік у Гарадзеі. Разам з мясцовымі ўладамі жыхары ўсталявалі помнік габрэям Гарадзеі, расстраляным падчас вайны. На момант расстрэлу ў Гарадзеі было 60% габрэяў. На момант усталявання помніка ў Гарадзеі не было ніводнага габрэя. Помнік паставілі беларусы. Яны збіралі камяні па лясах, колькасць камянёў адпавядае колькасці забітых. Там усё вельмі проста і кранальна. Людзі самі зрабілі ў памяць пра сваіх землякоў, гэта не зверху загадана было, а ішло ад жадання саміх людзей памятаць і шанаваць памяць.

Помнікі павінны з’яўляцца з ініцыятывы людзей, гэта выхоўвае чалавечнасць.

«Помнік пра вайну мусіць выклікаць не злосць і нянавісць, а светлы сум»

Савецкі танк Т-72 каля офісу Wargaming, Менск, Партызанскі праспект. Фота: dev.by

– Што б вы змянілі ў ідэйнай напоўненасці помнікаў?

– Архітэктар Леанід Левін – аўтар шматлікіх ваенных помнікаў у Беларусі – казаў, што помнік пра  вайну мусіць выклікаць не злосць і нянавісць, а светлы сум. Гэта быў ягоны дэвіз. Ён імкнуўся не выяўляць узброенага чалавека на помніку. Бо зброя забівае, на вайне забілі дастаткова, больш не трэба. І мне таксама падабаюцца помнікі, якія выклікаюць светлы сум.

А ў нас калі ваенны помнік, то гэта зброя, гэта ваенная тэхніка. Колькі ў нас танкаў стаіць? Мне часам нават смешна. Едзеш па Менску, і на Партызанскім праспекце сучасны танк на пастаменце. І навошта?

Па дарозе ў Мазыр ёсць месца, дзе быў асноўны ўдар «Баграціён». І там пушка стаіць, танк, каплічка, траншэі, бліндаж зроблены. І нават не так важна, што там не магло быць нашых траншэяў і бліндажу, бо савецкія войскі наступалі. Але раптам побач з гэтым усім мы бачым самалёт, якога не тое што падчас Другой сусветнай, але і падчас нават Карэйскай, В’етнамскай войнаў і Кубінскага крызісу не было. Яго тады яшчэ не прыдумалі. І тых жа часоў іншая ваенная тэхніка. Што яна там робіць? Навошта? І так па ўсёй Беларусі.

Каля помнікаў афганцам часта стаіць нібыта арсенал беларускай арміі, спісаны пару гадоў таму. Навошта? Што такім чынам імкнуцца выхаваць? Праз гэтую дэманстрацыю ваеннай тэхнікі дзе трэба і дзе не трэба, праз гераізацыю вайны ў Беларусі ўжо даўно ідзе вельмі моцная мілітарызацыя грамадства.

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам у Бабруйску. Фота: 1387.io

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам у Бабруйску. Фота: 1387.io

На захадзе ў той жа час сур’ёзна абмяркоўваюць пытанні нават вайсковых парадаў. Шмат у якіх краінах адмовіліся ад парадаў, змяняюць фармат. Так, там выходзяць вайскоўцы, у форме. Ветэраны выступаюць, іх уганароўваюць. Але пры гэтым няма мілітарысцкага шыку, рамантызацыі вайны, не ездзіць вайсковая тэхніка. Я не думаю, што нельга выхаваць абаронцаў радзімы без такіх парадаў.

– А як прадстаўлена ў Бабруйску памяць пра іншыя войны ў беларускай гісторыі?

– Ды ніяк. Толькі пра афганскую – ёсць помнік воінам-інтэрнацыяналістам. У Беларусі крыху прадстаўлена Першая сусветная. Бабруйск яна не закранула.

У нас уся крэпасць – помнік вайне 1812 году. Але пра ўдзел крэпасці і ролю беларусаў у гэтай вайне бабруйцы ведаюць няшмат, а ролі гэтыя былі розныя, і іх інтэрпрэтацыя – задача не самая простая. Увогуле, хачу сказаць, што ў нас пакуль не надта навучыліся пісьменна падаваць няпростыя старонкі гісторыі.