«Няма такога, што табе стукнула 35, і ты раптам становішся самотным». Бабруйцы разважаюць пра тое, што такое адзінота

Фота: Pexels: Matej Čerkez

Дзяніс, 29 год:
– На бытавым узроўні самотным сябе не адчуваю дакладна: ёсць сямʼя, сябры, што заўсёды падтрымаюць, як спатрэбіцца.
А нават калі б нікога і не было, наўрад ці б лічыў гэта праблемай. У наш час, па-мойму, нашмат цяжэй адасобіцца, чым застацца аднаму.
На больш глыбокім узроўні – усе мы адзінокія, на 100% ніхто і ніколі цябе не зразумее, з сваімі самымі таемнымі перажываннямі ты заўсёды будзеш сам-насам. Нават, калі распавядзеш аб іх, вельмі малаверагодна што з табой іх падзеляць.
І паміраць таксама будзеш адзін, нават калі вакол цябе будуць сямʼя, дзеці, унукі, якія цябе любяць. Бо яны застануцца жыць, а ты памрэш, адзін.
Соф’я, 62 гады:
– Першае, пра што думаеш, калі чуеш слова «адзінота» – гэта калі ў цябе нікога няма, ні сваякоў, ні сяброў. Няма да каго звярнуцца, калі цяжка і трэба выгаварыцца. І ты знаходзішся, нібыта ў вакууме. Але я маю на ўвазе адсутнасць менавіта тых людзей, з кім ёсць пра што размаўляць. Бо наяўнасць сваякоў і сяброў нічога не вартае, калі на справе чалавек незапатрабаваны і нікому не патрэбны.
Можна і ў шлюбе быць адзінокімі, калі ў сужэнцаў няма агульных інтарэсаў, няма пра што паразмаўляць. Чаму з вяселлем упарта звязваюць адсутнасць адзіноты, цяжка сказаць. Бо нават праз штамп у пашпарце кожны шукае сваё – хтосьці каханне, а хтосьці карысць.
Таксама само разуменне адзіноты вельмі залежыць ад характару канкрэтнага чалавека. Я ведаю людзей, якія маючы дзяцей і ўнукаў адчуваюць сябе самотнымі. І таксама ведаю тых, хто любіць быць адзін. Напрыклад, наша суседка, якой пад 90, пажыла ў горадзе, у кватэры ўнукаў – усё зручна, усе ўмовы ёсць, але кожны там заняты сваімі справамі, і ёй ужо хочацца вярнуцца ў вёску: «От там я буду не адна, бо ў сваёй хаце».
Можна нават сярод вялікай колькасці людзей быць адзінокімі.
Гэта як і з стэрэатыпам, што ў маладосці не бывае самотна. Але хапае падлеткаў, маладых, якія праз адзіноту думаюць пра самазабойства. Значыць, ім няма з кім па-сапраўднаму паразмаўляць, папрасіць дапамагчы.
Няма такога, што табе стукнула 35, ты глядзіш у каляндарык, і раптам становішся самотным. Галоўнае, каб побач былі аднадумцы.

 

Фота: Pexels: Micah Boerma

Ян, 8 год:
– Адзінота – гэта калі ты адзін, без нікога. Часам я сябе адчуваю так, калі застаюся сам-насам, але такое здараецца вельмі рэдка. Не, у такія моманты мне не хочацца плакаць, гэта проста сумна, і ўсё.
Мне трэба хаця б два чалавекі, каб я не адчуваў сябе самотным. Хто менавіта? Хоць хто.
Часам у школе мяне не разумеюць сябры, і я сябе адчуваю самотным.
Гэта дрэнна, бо калі цябе ніхто не разумее, гэта крыўдна. І ніхто не паслухае тое, што ты хочаш расказаць.
Людзі побач патрэбныя, каб было не сумна!

 

Ларыса, 39 год:
– Што для мяне ёсць адзінота? Гэта стан, калі ты маеш блізкі кантакт з самой сабой. Я люблю адзіноту, бо можна падумаць, пераасэнсаваць свае ўчынкі ці проста зʼявы.
У сваім жыцці я вылучаю тры станы адзіноты.
Першы, самы жахлівы, калі ты разумееш, што знаходзішся сярод людзей, сяброў, родных, а яны зусім не бачаць якая ты ёсць. Тут твае чаканні не супадаюць з іх бачаннем. Калі я стала дарослай, проста пачала адмяжоўвацца ад такіх людзей. Гэты працэс вельмі балючы, бо гэта ж, нібыта, блізкія людзі, сябры. Але, так лепш. Бо раней, па рэкамендацыі сяброўкі, я выпівала келіх віна ўвечары. Але праз тыдзень заўважыла тры пустыя пляшкі і зразумела, што гэта не мой шлях. Лепш адмежавацца ад людзей.
Другі стан – звязаны з каханнем. Гэта калі ты маеш пэўныя чаканні, а твая палова не робіць крокаў насустрач, не чуе цябе. Раней я рабілася «камфортнай», зараз не. Лічу, што патрэбна перажыць шторм незадаволенасці і ўсё ж паказаць, расказаць, і соты раз нагадаць, што мне так не падабаецца, гэта не маё… Але ўсё гэта трэба рабіць спакойна, тады не будзе адмежавання адно ад другога.
Наагул, лічу, што ў пары павінна быць месца адзіноце, калі ты зʼязджаеш на некалькі дзён і жывеш не «мы», а «толькі я».
Трэці стан, гэта калі тваё жыццё будуецца не табой, а бацькамі, роднымі, сябрамі, дрэннымі звычкамі, тэлебачаннем, новым трэндам… Калі ты жывеш, але не робіш выбару сама, за цябе робяць выбар абставіны, ідэалогія ці чалавек. У такой адзіноце жыве шмат людзей, але яны лічаць гэта нармальным. Я – не.
Усе тры станы я перажыла. Зрабіла высновы. Вяду дзённік. І гэта адна з самых класных размоваў з сабой пра адзіноту. Пішу сама сабе лісты, каб зразумець, што самоту можна прапускаць, а можна і пражыць. Медытацыя мне дазваляе вельмі станоўча ацэньваць адзіноту і з павагай ставіцца да людзей, якія ў мяне просяць адчапіцца ад іх. Займаюся самаразвіццём, каб сваё жыццё я жыла так, як хачу сама.
Адзінота – гэта добры інструмент для развіцця асобы. Толькі гэтая асоба павінна быць свабоднай і самастойнай.
Тэма вельмі цікавая. Можна было б яшчэ паразважаць, але маю самоту парушаюць мае дзеткі (смяецца). Хоць ужо зараз і яны пачалі разумець, калі я прашу 20 хвілін цішыні, і каб мяне не чапалі. Бо мама хоча прайсціся адна. І муж, і я – любім сваю адзіноту, і з павагай ставімся да яе.

 

 Фота: Pexels: Dhemer Gonçalves

Дзяніс, 49 год:
– Як казалі ў старым кіно: «Шчасце – гэта калі цябе разумеюць». Для мяне пра адзіноту тое самае. Калі ё адчуванне, што не разумеюць – блізкія, сябры, аднадумцы ў нечым – тады адзінота.
Быць адным магу доўга без праблем, хаця кампашкі-гутаркі-знаёмствы люблю. Калі так атрымалася, ці трэба. Гэта само па сабе не адзінота.
Хаця калі ты, напрыклад, адзін у падарожжы, шчасце – гэта калі ёсць з кім падзяліцца.  Лепш не па тэлефоне, а бачыць-чуць-адчуваць разам.
Адзінота для мяне не антонім кампаніі, а антонім шчасця.

 

Ксенія, 17 год:
– Адзінота – час знаходжання сам-насам са сваім вопытам, думкамі і пачуццямі. Такой, хутчэй за ўсё, была б трактоўка, напрыклад, Вікіпедыі. І так, здаецца ўсё даволі зразумела і лагічна, але мы ўсе вельмі розныя, адпаведна адны і тыя ж рэчы ўспрымаем па-рознаму.
Большасць людзей кажуць, што адзінота – гэта калі няма людзей вакол. Я не крытыкую такое перакананне, але і не магу пагадзіцца. Бо лічу, што адзінота – гэта гармонія ўнутры, калі ты можаш пабыць сам-насам з сабой, толькі ты і ты, у самых інтымных абставінах.
Хацелася б дадаць, што ні адзін чалавек з васьмі мільярдаў не можа быць самотны.
Калі ў цябе ёсць як мінімум адзін чалавек ці, напрыклад, хатні гадаванец – ты не маеш права лічыць сябе адзінокім.
Па сваёй прыродзе чалавеку патрэбны чалавек, людзям патрэбныя людзі, і гэты фактар ніяк нельга ігнараваць
Але, часам, у велізарным натоўпе людзей на вуліцы, у кампаніі сяброў або на працы, мы сапраўды можам адчуць сябе лішнімі, і як следства – самотнымі. І гэта абсалютна нармальнае пачуццё, так здараецца.
Нават калі табе стала сумна або самотна, трэба ўзгадаць пра тое, што і хто ў цябе ёсць. Бо людзі хутка прывыкаюць да камфорту, у тым ліку і да іншых людзей, стаўленне да якіх з часам станавіцца «належным».
Чалавеку патрэбен чалавек, любоў выратуе ўсіх!

 

Фота: Pexels: Karolina Grabowska

Зміцер, 40 год:
– Якая адзінота можа быць, калі працуеш па 10-12 гадзін? Прыходзіш дадому такі задзяўбаны, што хочацца проста адпачыць, зʼесці вячэру і спаць.
Таму для мяне адзінота – гэта калі чалавек сядзіць адзін цэлымі днямі дома ці ў вязніцы, ні з кім не размаўляе, не перапісваецца і ўвогуле не мае кантакту са знешнім светам. Па-мойму, у такіх месцах адзінота больш за ўсё і праяўляецца. Але ёсць манахі-пустэльнікі, якія спецыяльна адракаюцца ад усяго свецкага і жывуць асобна, кожны ў сваім доміку-келлі. Яны моляцца і працуюць, вось там адзінота, але яны да яе імкнуцца. Бо праз тую адзіноту «мірскую», яны становяцца бліжэй да Бога.
Сябе не лічу адзінокім, бо маю кантакт з людзьмі. Я нават люблю пабыць вечарамі адзін, бо мне так спакайней. Часам нават стамляюся ад доўгіх стасункаў з людзьмі.