Онлайн-фармат, штучны інтэлект, беларуская мова: як змяняецца інтэнсіў «Ад ідэі да запуску», на якім вучаць сацыяльных прадпрымальнікаў

У кастрычніку-лістападзе прайшоў трэці, восеньскі паток інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» у рамках праграмы прафесійнай падтрымкі «Дадай сябе». Праект, які некалі нарадзіўся ў Бабруйску, ужо год працуе ў онлайн-фармаце на аўдыторыю з самых розных краінаў. Асобнай «фішкай» інтэнсіву сталі сертыфікаты па сканчэнні навучання, якія стварае нейрасетка па матывах бабруйскіх культурных аб’ектаў  ці падзеяў. Пра трансфармацыю навучальнай праграмы і планы на наступны год распавядаюць суаўтаркі і сувядоўцы інтэнсіву Наталля Халанская і Юлія Саковіч.

Ілюстрацыя, створаная штучным інтэлектам на падставе апісання ідэі ўдзельніка інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» і матываў бабруйскіх мазаік.

«Амаль ва ўсіх ідэях удзельнікаў ёсць сацыяльны складнік і імкненне зрабіць свет лепшым»

Інтэнсіў «Ад ідэі да запуску» – гэта навучальны праект для тых, хто хоча распачаць ці развіць сваю справу, ператварыць ідэю ў рэальны бізнес, які працуе. Сёлета прайшло тры патокі праграмы.

У восеньскім патоку «Ад ідэі да запуску» прынялі ўдзел 29 слухачоў, якія працавалі над ідэямі з самых розных галінаў: адукацыя (онлайн і офлайн, для дзяцей і дарослых), творчасць і культура, мабільныя прыкладанні і сэрвісы, турызм і адпачынак, клопат пра сябе і здаровы лад жыцця, мода і дызайн, псіхалогія і кансультаванне. Мабільныя прыкладанні сталі цалкам новай галіной у гісторыі інтэнсіву – з такімі ідэямі раней не прыходзілі, зазначаюць вядоўцы. Таксама з новых кірункаў – мода і дызайн. Усё часцей прыходзяць з ідэямі ў галінах турызму і адпачынку.

«Хачу зарабляць на хобі», «адчуваю патрэбу аддаваць і дзяліцца». З якімі запытамі прыйшлі на праграму «Дадай сябе» менці і ментары(кі)

Навучанне ў восеньскім патоку працягвалася 4 тыдні.

«Гэта былі 4 тыдні пошуку, сумневаў, творчасці і натхнення, і 4 тыдні навучання, – распавядае Наталля Халанская. – Мы размаўлялі пра тое, што такое – ідэя, апісвалі яе, складалі ўнікальныя гандлёвыя прапановы, разлічвалі грашовы паток, аналізавалі рынак, прадумвалі канцэпцыю прасоўвання і казалі пра сацыяльную адказнасць нашых праектаў. <…>. Для нас вельмі важна, што амаль ва ўсіх удзельнікаў, якія да нас прыходзяць, у ідэях ёсць сацыяльны складнік і імкненне зрабіць гэты свет крыху лепшым».

Беларускамоўныя ўдзельнікі і ідэі

Ілюстрацыя, створаная штучным інтэлектам на падставе апісання ідэі ўдзельніка інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» і матываў бабруйскіх мазаік.

 

У восеньскім патоку ў інтэнсіў дадаліся новаўвядзенні, якіх раней не было – установачныя сесіі на пачатку навучання (адмысловая канферэнцыя ў Zoom, падчас якой абмяркоўваюцца праекты), групы падтрымкі і асабісты клопат.

«Часам бывае, што чалавек удзельнічае, праглядае матэрыялы, але не робіць хатнія заданні, не праяўляе актыўнасці. Мы доўга думалі, чаму так, і вырашылі проста запытацца, але не ў фармаце настаўнікаў, а менавіта са шчырым клопатам і цікаўнасцю, як мы можам дапамагчы. І мы ўдзячныя за зваротную сувязь, якую мы атрымалі, таму што менавіта яна дазваляе зрабіць наш курс яшчэ лепшым і эфектыўным», – кажа Наталля.

Ілюстрацыя, створаная штучным інтэлектам на падставе апісання ідэі ўдзельніка інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» і матываў бабруйскіх мазаік.

Ілюстрацыя, створаная штучным інтэлектам на падставе апісання ідэі ўдзельніка інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» і матываў бабруйскіх мазаік.

 

Яшчэ адна адметнасць восеньскага патоку – значная колькасць беларускамоўных удзельнікаў, ідэі якіх таксама былі на роднай мове. Вядоўцы інтэнсіву ўжо цяпер паспрабавалі адаптаваць праграму пад працу па-беларуску. Плануецца, што налета будуць створаныя магчымасці працаваць у рамках інтэнсіву як на расейскай, так і на беларускай мовах.

Першая бабруйская мазаіка – у сертыфікатах аб сканчэнні інтэнсіву

Як і папярэдніх выпусках, асобнай падзеяй сталі сертыфікаты аб удзеле ў навучанні.

Напрыканцы летняга патоку ўдзельнікі атрымалі вобразы сваіх ідэяў у стылістыцы карцін мастака Абрама Рабкіна. Выканаў іх штучны інтэлект.

«На падставе чарнавікоў, якія рыхтуюць нашыя ўдзельнікі і ўдзельніцы мы распрацоўваем кароткія апісанні ідэяў – промты, з дапамогай якіх нейрасетка Midjourney стварае візуальныя вобразы ідэяў. Мне падаецца, што гэта вельмі натхняльна, але заўсёды трэба быць гатовым, што нейрасетка ўбачыць тваю ідэю не так, як ты сабе яе ўяўляеш, і бываюць такія выпадкі, калі аўтарам можа не спадабацца. Але гэта дае таксама падставу задумацца, як мы транслюем і апісваем свае ідэі, і што з гэтага можа атрымацца».

«Папрасілі нейрасетку намаляваць ідэі нашых выпускнікоў у стылі Абрама Рабкіна». Як бабруйцы спалучаюць класічнае мастацтва і сучасныя тэхналогіі

У сертыфікатах вядоўцы інтэнсіву хочуць не проста адзначыць пройдзенае навучанне, але і звярнуць увагу на важныя творчыя, культурныя тэмы, падзеі, якія датычаць Бабруйска.

«Мінулым разам мы рабілі сертыфікаты ў стылі карцін Абрама Рабкіна, і гэта быў вельмі цёплы прыродны вайб, атмасфера, настрой утульнага невялікага гораду. Дарэчы, мы паказваем Бабруйск, таму што ідэя праекту «Дадай сябе» з’явілася ў Бабруйску, таму вельмі хочацца зафіксаваць гэтую кропку на мапе і яшчэ больш распавядаць пра гэтае месца. Таму мы вырашылі, што будзем у сертыфікаты дадаваць элементы, аб’екты, стылістыку Бабруйска і тым самым крыху распавядаць пра горад», – распавядае Наталля.

мазаіка

Мазаіка на лякарні ім.У.Марзона ў Бабруйску. Аўтар – Сямён Абрамаў. Фота: 1387.by

 

Удзельнікі восеньскага патоку атрымалі сертыфікаты ў стылі мазаічных пано. За прыклад для нейрасеткі былі ўзятыя бабруйскія мазаікі. Такая тэматыка была абраная не проста так.

«Сертыфікаты па матывах мазаік вырашылі прымеркаваць да зносу старога хірургічнага корпусу лякарні ім.У.Марзона, на якім знаходзілася першая бабруйская мазаіка аўтарства мастака Сямёна Абрамава. Мазаіку не атрымалася захаваць, бо яна не прызнаная гісторыка-культурнай каштоўнасцю і гэта дазволіла гарадскім уладам яе знішчыць», – зазначае каардынатарка навучальнай праграмы.

Пра лёс першай бабруйскай мазаікі на корпусе «Марзонаўкі» мы распавядалі тут і тут.

«Офлайн дае шмат энергіі і пазітыву»

У суаўтаркі і сувядоўцы інтэнсіву Юліі Саковіч трэці паток пакінуў самыя станоўчыя ўражанні.

«Ідэі ўдзельнікаў вельмі натхняльныя. Праекты абсалютна розныя. Удзельнікі – энтузіясты, якія вераць у сваю справу, і тыя, з кім проста вельмі цікава камунікаваць. Яны даюць зваротную жывую сувязь, і для мяне гэта крыніца сілаў і натхнення», – кажа Юлія.

Водгукі ўдзельнікаў інтэнсіву «Ад ідэі да запуску»

Водгукі ўдзельнікаў інтэнсіву «Ад ідэі да запуску»

 

Інтэнсіў «Ад ідэі да запуску» ад самага пачатку працаваў у Бабруйску ў офлайн-фармаце. Але апошні год быў трансфармаваны ў онлайн. Паводле Юліі, абодва фарматы маюць як перавагі, так і недахопы:

«Офлайн дае вельмі шмат энергіі і пазітыву. Людзі сустракаюцца, знаёмяцца, атрымліваецца нэтворкінг, сінергія ідэяў, поглядаў, узаемадапамогі. У нас у офлайне заўсёды быў вельмі ўрачысты выпускны, і гэта зараджала як нас, так і нашых удзельнікаў. Онлайн дазваляе пашырыць аўдыторыю, прыцягнуць новых удзельнікаў, бо ён не так прывязвае да месца, таму можна сказаць, што онлайн-фармат больш камфортны. Бо чалавек можа вучыцца ці дома, ці на працы ў вольны час, ці ў аўтобусе. Але офлайн-фармат дае больш эмацыйнага падсілкавання».

Інтэнсіў «Ад ідэі да запуску» стане міжнародным праектам

Ілюстрацыя, створаная штучным інтэлектам на падставе апісання ідэі ўдзельніка інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» і матываў бабруйскіх мазаік.

Ілюстрацыя, створаная штучным інтэлектам на падставе апісання ідэі ўдзельніка інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» і матываў бабруйскіх мазаік.

 

І ў офлайне, і ў онлайне ўдзельнікі даводзяць працу да канца, запаўняюць цалкам свае сшыткі прадпрымальніка, распісваюць пакрокава свае праекты.

«Аднак у офлайне да канца ў нас даходзілі ўсе і на заняткі прыходзілі ўсе за рэдкім выключэннем, калі чалавек захварэў ці з’ехаў. У онлайн прасцей сысці з праекту – націснуць кнопку адключыцца і ты ўжо не ў праекце», – зазначае Юлія Саковіч.

«Ты прыносіш карысць, радасць іншым людзям». Як бабруйчанка валанцёрыла стылісткай, і чаму валанцёрства пасуе для ўсіх

Ілюстрацыя, створаная штучным інтэлектам на падставе апісання ідэі ўдзельніка інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» і матываў бабруйскіх мазаік.

 

Пра набор на першы паток у 2024 годзе будзе неўзабаве абвешчана. Аднак ужо цяпер ёсць магчымасць запісацца ў ліст чакання і з вамі звяжуцца, як толькі будуць вядомыя даты навучання. А каб сачыць за развіццём праграмы “Дадай сябе” і атрымліваць карысную інфармацыю і падтрымку ў прафейсійнай сферы, падпісвайцеся на старонку ў Інстаграм.