Пад Бабруйскам захоўвалі вадародныя бомбы і рыхтаваліся да атамнай вайны. Дзе гэтыя месцы? (шмат фота)

У савецкія часы недалёка ад нашага гораду існавала сапраўднае сховішча ядравых боепрыпасаў, а таксама бункер, які мог вытрымаць атамны ўдар. Будаваліся гэтыя аб’екты ў часы «халоднай» вайны, калі ЗША і СССР вялі гонку ядравага ўзбраення. Мы сабралі, што вядома пра гэтыя некалі сакрэтныя месцы.

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Будавалі так, каб вытрымаў паветраны ядравы ўдар

Абодва аб’екты схаваныя і замаскаваныя ў лесе, даўно закінутыя і выкарыстоўваюцца час ад часу толькі для гульняў у пэйнтбол і «Encounter».

Пачнем з «Руно». Гэта двухпавярховы камандны пункт 22-й гвардзейскай цяжкай бамбавальнай авіяцыйнай Данбаскай Чырвоназнаменнай дывізіі. Знаходзіцца ён недалёка ад вёскі Обча ў Гарбацэвіцкім сельсавеце, прыкладна ў 20 кіламетрах ад Бабруйску. Пазыўны вузла сувязі пункту – «Руно». Гэтая назва замацавалася за бункерам. Надпіс «Руно», выкладзены кафляй у санвузле пункту, захаваўся да нашых дзён.

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам. Надпіс у санвузле. 2019 год. Фота: belkraj.by

Камандны пункт быў пабудаваны ў 1970-х гадах. Пасля вываду стратэгічнай бамбавальнай авіяцыі з тэрыторыі Беларусі да 2003 году служыў вузлом сувязі сістэмы ПВС.

Верхні паверх бункеру знаходзіцца на ўзроўні зямлі і складаецца са шматлікіх калідораў і пустых пакояў – кажуць, іх каля 200. «Сэрцам» «Руно» былі машынныя залы, у якіх стаяла магутнае сувязнае абсталяванне.

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Камандны пункт мог працаваць аўтаномна цягам двух тыдняў. Электраэнергіяй яго забяспечвалі два дызельныя генератары. У бункеры была ўласная водаправодная і каналізацыйная сістэмы, устаноўка для фільтравання паветра.

Звыштрывалы бетон, з якога быў пабудаваны камандны пункт, мог вытрымаць ядравы ўдар, пісаў «Вечерний Бобруйск» са спасылкай на былога начальніка штабу 22-й гвардзейскай дывізіі бамбавальнай авіяцыйнай дывізіі Уладзіміра Жаніхова.

Праз «Руно» праходзілі каманды на выдачу ядравых боепрыпасаў

Усе віды сувязі ў камандным пункце забяспечваў асобны батальён. Працавала адмысловая апаратура для сувязі з самалётамі.

«Мы маглі нават атрымаць каманду «выдаць ядравыя боепрыпасы». Яны захоўваліся ў адмысловай частцы недалёка ад Ламоў, якая нам не падпарадкоўвалася (сховішча ў Казакова, аповед пра якое – ніжэй – рэд.). Але на камандным пункце прысутнічаў іхны прадстаўнік, і пры атрыманні такой каманды дакладваў пра гэта свайму камандзіру. Пасля гэтага ядравыя боепрыпасы было дазволена вывозіць на аэрадром», – распавядаў Уладзімір Жаніхоў журналістам «ВБ».

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

«ВБ» таксама прыводзіць спасылку на матэрыялы Нацыянальнага ўпраўлення архіваў і дакументацыі ЗША, рассакрэчаныя ў 2015 годзе – спіс мэтаў для ядравых удараў па тэрыторыі СССР і Усходняй Еўропы. Спіс быў складзены ў 1956 годзе, і згодна з імі, мэтай атамных бамбаванняў у выпадку эскалацыі «халоднай вайны» павінны былі стаць 800 кропак, у тым ліку некалькі беларускіх гарадоў, сярод якіх – Бабруйск. Таму так важна было стварыць у Бабруйску такі добра абаронены камандны пункт.

У 1990-я гады камандны пункт перадалі Узброеным сілам Беларусі. Потым там здарыўся пажар. Пасля 2003 году пункт аказаўся закінутым.

Цяпер ён паступова разбураецца. Сюды прыязджаюць аматары турызму па вайсковых, закінутых аб’ектах, а таксама пэйнтболу.

«Руно» сёння – спілавалі, адкруцілі і вынеслі ўсё, што можна было

Мы вырашылі паглядзець на «Руно» уласнымі вачыма і выправіліся ў вандроўку. Знайсці былы камандны пункт атрымалася даволі проста. Калі выязджаць з гораду па вуліцы Ванцэці ў бок Глуску, то пасля кальцавой дарогі і першай вёскі пасля яе можна ўбачыць паварот налева ў лес – туды і трэба збочыць. Неўзабаве ўбачыце насып вышынёй у 2-3 паверхі – гэта і ёсць «Руно».

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

На красавіцкім снезе добра бачныя сляды – знак таго, што людзі тут бываюць. Трапіць унутр даволі проста – уваход не засыпаны, хоць напачатку страшна. Але мы сабраліся з духам і палезлі – не за тым жа прыехалі, каб звонку пахадзіць паглядзець.

Унутры адразу трапляеш у калідор, абліцаваны кафляй сіняга колеру. Са столі яна ўжо з большага адвалілася і ляжыць на падлозе. Прыступкі цалкам разбітыя. Злева, калі меркаваць па канструкцыі, сядзеў вахцёр – было нешта кшталту КПП. Былі гермадзверы, якія спілавалі шмат гадоў таму. Увогуле, там спілавана і выкручана ўсё, што можна было спілаваць і адкруціць. Дыскі ад балгаркі нават валяюцца на падлозе.

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Пад нагамі шмат смецця – хадзіць там трэба асцярожна.

Уздоўж калідора ідуць пакоі. Справа – лесвіца, якая вядзе на другі паверх. Але яна выглядае настолькі ненадзейнай, што мы не наважыліся па ёй лезці.

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

У цэнтры – памяшканне з калонамі. Зверху бачныя лямпы і акенца. Знайшлі санвузел, ён даволі вялікі. З мэблі нічога не засталося. На кухні таксама ніякага абсталявання.

Калі там унутры ходзіш, заўважаеш, што навокал вельмі ціха. А калі спынішся і пачнеш прыслухоўвацца да цішыні, а потым пачуеш нейкі гук, становіцца страшна, нават вусцішна.

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Былы камандны пункт «Руно» пад Бабруйскам, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

9 вадародных бомбаў і 200 ядравых боегаловак пад Бабруйскам

Ядравую зброю пад Бабруйскам пачалі размяшчаць са з’яўленнем у горадзе цяжкіх бамбавікоў. Для захоўвання боегаловак у сярэдзіне 1950-х гадоў у 20 кіламетрах ад гораду ў бок Светлагорску, у прыкладна 10 кіламетрах ад ваеннага аэрадрому, каля вёскі Казакова быў пабудаваны адмысловы пункт СБЧ – спецыяльных баявых частак, то бок – сховішча ядравых боегаловак для стратэгічнай авіяцыі. Аналагічныя былі пад Быхавам і Баранавічамі.

Былое сховішча ядравых боегаловак пад Бабруйскам. 2013 год. Фота: budgawl.livejournal.com

У Бабруйскім спачатку захоўваліся 9 вадародных бомбаў.

Бабруйскі вайсковы аэрадром мог бы стаць грамадзянскім? Гісторыі пра мясцовую авіяцыю і не толькі

Пазней, калі ў горадзе з’явіліся звышгукавыя бамбавікі Ту-22М, пабудавалі яшчэ адно сховішча – для 200 ядравых боегаловак, якімі аснашчаліся крылатыя ракеты. Такім чынам СБЧ пад Бабруйскам складаецца з трох аб’ектаў – будынку рэгламентных прац і дзвюх сховішчаў.

Былое сховішча ядравай зброі пад Бабруйскам. Фота: Meridian28

Былое сховішча ядравай зброі пад Бабруйскам. Фота: Meridian28

Абслугоўвала сховішча адмысловая частка, якая падпарадкоўвалася наўпрост сакрэтнаму 12-му галоўнаму ўпраўленню Міністэрства абароны.

Напрыканцы 1994 году ўсе ядравыя боепрыпасы былі вывезеныя з Беларусі на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, а сховішча перададзеная на баланс Бабруйскага гарвыканкаму, пасля – Бабруйскаму лясгасу, і ўрэшце быў закінуты.

Былое сховішча ядравай зброі пад Бабруйскам. Фота: Meridian28

Былое сховішча ядравай зброі пад Бабруйскам. Фота: Meridian28

Ці ёсць дзе ў Бабруйску схавацца ад вайны? Як мы шукалі бамбасховішчы

Дзе да славутай «чырвонай» кнопкі водзяць экскурсіі

Нават у закінутым стане спадчына часоў, калі Беларусь была ядравай дзяржавай, выклікае цікаўнасць, і стыхійныя вылазкі туды, якія мяжуюць з экстрэмальным турызмам, бо збудаванні разбураюцца, можна было б замяніць на арганізаваны турызм. Аднак дзеля гэтага аб’екты трэба прывесці ў парадак. Дарэчы, нягледзячы на тое, што тут захоўвалася ядравая зброя, радыяцыі баяцца не трэба – яшчэ ў 2016 годзе вядомы беларускі блогер Максім Міровіч адмыслова прыязджаў сюды з дазіметрам – радыяцыйны фон быў у норме.

Былое сховішча ядравай зброі пад Бабруйскам. Фота: Meridian28

Былое сховішча ядравай зброі пад Бабруйскам. Фота: Meridian28

Былое сховішча ядравай зброі пад Бабруйскам. Гермадзверы. Фота: Meridian28

Былое сховішча ядравай зброі пад Бабруйскам. Гермадзверы. Фота: postalovsky-a.livejournal.com

Прыклады паспяховага выкарыстання савецкай ваеннай спадчыны ёсць ва Украіне. Пад горадам Першамайскам, на мяжы Кіраваградскай і Мікалаеўскай абласцей дзейнічае Музей Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. У савецкія часы гэта была сакрэтная ракетная база, дзе ў шахтах стаялі ракеты з ядравым боезарадам. Пасля вывазу ядравай зброі з Украіны, базу захавалі і зрабілі там музей. Гэта адзіны музей у свеце, створаны на базе рэальная вайсковай часткі. Экскурсіі там праводзяць былыя вайскоўцы, якія служылі ў гэтай частцы. Наведнікі могуць спусціцца на 40 метраў пад зямлю, дзе знаходзіцца так званы «11 адсек» – месца, дзе знаходзілася славутая «чырвоная кнопка», якая насамрэч – шэрая.

У Музеі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Першамайск. Украіна. Фота: pomnivoinu.ru

У Музеі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Першамайск. Украіна. Фота: pomnivoinu.ru

У Музеі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Тая самая чырвоная – шэрая кнопка. Першамайск. Украіна. Фота: pomnivoinu.ru