«Палены цукар са смятанай… смачней нічога няма на свеце!» Сямейныя стравы і душэўныя гісторыі бабруйцаў

 

Марыя, 31 год:

На Раство і Вялікдзень, а таксама і на Новы Год, на бабуліным стале заўсёды былі фаршыраваныя яйкі! У гэтым годзе я ўпершыню сама нешта гатавала на святочны стол, таму для мяне важна было зрабіць такія самыя. Тэлефанавала маме і пытала пра рэцэпт, і яны былі ў мяне на стале! Але… Больш ніхто і не быў у такім захапленні ад іх, акрамя мяне (смяецца).

Кожны раз, як ела такое яйка, у маёй галаве ўзнікалі ўспаміны з дзяцінства. Планую і надалей гатаваць іх. А яшчэ – халоднае! Яно проста мусіць быць на кожным святочным стале. Яго таксама гатавала бабуля, але малой я наагул не разумела смак гэтай стравы… А зараз вельмі падабаецца. Калі зрабіла такое самае для мужа, то ён сказаў, што гэта «найсмачнейшае халоднае у яго жыцці, якое ён ever-ever каштаваў». Таму і на ўласны святочны стол яго гатую. І нават па-за святамі, бо не хапае натуральнага калагена.

Вядома, сярод традыцыйных страваў такая папса, як «аліўе». У нас яго называюць «мясны салат». Гэта быў улюблёны салат майго таты, ён не ўяўляў свята без яго.

«Сялёдка пад футрам» – таксама па бабуліным рэцэпце, гатую яе сама. Яшчэ вельмі любіла марынаваныя грыбочкі ад бабулі і дзядулі. Гэта былі абавязкова маслякі, яны асацыююцца з Новым годам. Але іх гатаваць я не навучылася, бо трэба ж іх назбіраць (смяецца). А іх вельмі проста пераблытаць, таму не эксперыментую і не рызыкую.

Яшчэ ёсць стравы, што звязаныя з успамінамі пра тату. Гэта дранікі і бабка ў кішцы. Чамусьці, была такая традыцыя, што менавіта тата гатаваў дранікі. У маёй сям’і так жа, муж любіць гатаваць дранікі, па такім самым рэцэпце. Дарэчы, у яго сямʼі таксама тата іх гатаваў. Таму, тут у нас прам мэтч (match eng.) па традыцыях. Мама таксама гатавала, але яна магла на іншы памер таркі нацерці, ці чагось дадаць для эксперыментаў. А тата рабіў па рэцэпце свайго бацькі – на дробную тарку, без мукі, а сок адцэджваўся. А калі ёсць сальца, то неабходна пасмажыць шкварачкі і цыбульку, дадаць да натаркаванай бульбы і смажыць.

Бабка таксама гатавалася татам, па сямейным рэцэпце. І калі калолі кабанчыка, то вантробы не выкідаліся, усё чысцілася і хавалася ў лядоўню. Са страўніка рабілі сальцісон. З кішкі, ці таксама з страўніка, рабілі бабку. «Цеста» рабілі, як і на дранікі, пхалі ў вялікую кішку. Я нават памятаю, калі тата рабіў гэта ўпершыню… Я тады не разумела, думала: «Што гэта за жээээсць?»

Трэ было бачыць нашыя дзіцячыя твары, калі тата гатаваў і казаў: «Я сто разоў так рабіў, смаката будзе, паверце!» І пасля, калі дасталі страву з духоўкі… Я падумала, што мой тата нейкі шэф-кухар! Бо такой смакаты ніколі не каштавала дагэтуль. Залацістая скрыначка, рэжаш яе і там бабка са шкваркамі! Яны дадаваліся абавязкова, каб страва не была сухой.

Простую бабку я навучылася гатаваць. Неяк спрабавала згатаваць у кішцы, але не падумала і ўзяла маленькую – атрымалася абы-што смешнае. Спадзяюся, яшчэ неяк зраблю, у вялікай.

Яшчэ памятаю, што тата сам гатаваў хрэн – чырвоны, з буракамі. Я проста зараз магу ўявіць усё: лета, веранда, вечар. Тата натаркоўвае хрэн, і ён чамусьці ўжо чырвоны (магчыма, ён папярэдне замочваў яго ў вадзе з бураком). І кажа нам з братам: «О, панюхайце як пахне». Дае брату, той дзіўна адрэагаваў. І тата суне мне гэтую каструльку пад нос…І ў мяне так усё затрымцела ўнутры і ў носе, што аж з вачэй паліліся слёзыыы! Я на тату тады нават пакрыўдзілася, што ён не папярэдзіў, але не сказала яму пра тое. А ён вельмі смяяўся, і брат таксама. Хрэн я не гатую, бо пакрыўдзіў ён мяне ў дзяцінстве (смяецца).

Мама часта пякла заварныя пірожныя. Самае смачнае, што можна ўявіць сабе з салодкага! Я багоміла дні, калі яна іх рабіла. І нібыта сама мама змянялася, калі гатавала іх, рабілася такой ласкавай, мяккай і салодкай… З гэтымі пірожнымі была гісторыя. Тады грошай мала было, і хоць на чым зараблялі. Мама напячэ іх, а мы з братам ідзем іх прадаваць каля радзільні. А кормячым мамам іх нельга, бо ці то малако псуецца, ці штось іншае. Мы ж усіх маладых мам накармілі тымі пірожнымі, а за намі потым ганяўся галоўны лекар, што мы недыетычнае харчаванне падсунулі… Але мы ад яго збеглі! Пірожныя я пакуль не навучылася гатаваць.

Ну і, канешне, любімыя цукеркі – гэта палены цукар на лыжцы. Мама яшчэ па «святах» рабіла палены цукар са смятанай… Смачней нічога няма на свеце!

 

Фота: Batbold Chuluunbat

 

Людміла, 60 год:

Мае бацькі перажылі вайну дзецьмі. Тата застаўся сіратой, мама з вялікай, шматдзетнай сямʼі. І ўсе традыцыі – каб проста былі сытыя.

У маім дзяцінстве ежу гатавалі на пліце і ў печы, а таксама быў керагаз.

Памятаю бабулін кулеш на вялікай патэльні – гэта нешта накшталт амлета з салам, але мукі ў ім больш, чым яек. І татаву бульбу – у чыгунку, наўпрост з топкі пліты.

Дарэчы, мая бабуля з 4 год жыла ў Бабруйску. Пасля рэвалюцыі яе сям’я бегла сюды з Смаленскай губерні. Па паходжанні яна дваранка.

 

Марына, 28 год:

У нашай сямʼі галубцы рабілі, фаршыраваныя перцы часта. Калі на святы, заўсёды на стале была бульба, але мы і зараз, у эміграцыі, яе робім – варым, смажым, таўчэм для пюрэ.

Што тычыцца дзяцінства, у нас неяк і не было традыцыі менавіта мяснога есці, больш гародніны было. Бо маці адна была і працавала, таму можа і фінансава не маглі сабе больш дазволіць.

Дзед бліны рабіў тонкія, вось есці іх для мяне сапраўды традыцыя была!

 

Зміцер, 35 год:

Кожнае лета і амаль усе канікулы я праводзіў у бабулі з дзедам. Вёска Бярозаўка, 30 кіламетраў ад Бабруйска. Кожная раніца пачыналася з таго, што ў пакой заходзіў дзед і з мажорнай, узнёслай інтанацыяй выгукваў «БЛІНЫ!» Мы, малыя, падрываліся з ложкаў і навыперадкі беглі на кухню, хапалі талеркі, станавіліся ў чаргу. Бабуля пачынала рабіць першы – самы каштоўны. Мы стаялі побач і глядзелі ў печ. Бліны з печы вельмі асаблівыя, тоўстыя, з непаўторным смакам, у горадзе такіх няма. Намазваеш іх маслам і запіваеш малаком.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Źmicier Zavadski (@zmicier.zavadski)

Потым, недзе праз пару гадзін, была другая частка сняданка. Звычайна гэта была бульба (з печы, з прыгаркамі), кулеш (так называлася яечня са шкваркамі), салат, бачкавыя агуркі, капуста. Пасля гэтага ўсе ішлі працаваць, пакуль у печы даходзіў абед. Пачынаўся ён недзе а другой. Гэта заўсёды было і першае, і другое. На першае былі расольнік, боршч, шчы, а на другое – малочны суп, каша ці бабка.

Цягам дня мы маглі часта прыбягаць у хату, каб перакусіць блінам з варэннем і малаком. Увечары сямʼя даядала тое, што заставалася з раніцы і абеда. Калі было багата бліноў, бабуля змешвала іх са смятанай і цукрам, даючы ім новае жыццё і смак. На наступны дзень ежу заўсёды гатавалі новую. Такая сямейная харчовая традыцыя існавала ў нас прынамсі некалькі пакаленняў.

Сямʼя ў нас вялікая і дружная, таму праз яе прайшло шмат маіх братоў, сясцёр, старэйшых і малодшых, пляменнікі і пляменніцы, мая мама, цёткі. На ранішніх блінах і абедзе ў будныя дні было ў сярэднім чалавек 5, а на выходныя – да 20-ці. Таму дзед прачынаўся рана, ужо а 6-й пачынаў чысціць бульбу, іншую гародніну, прыносіў дровы, карміў учорашняй ежай хатніх жывёл. Печ запальвала ўжо бабуля, як і спраўлялася з чыгункамі і патэльнямі. На выходных, безумоўна, дапамагалі іншыя. Але жаночая частка сямʼі. Мы, хлопцы, амаль ніколі не ўдзельнічалі ў гатоўцы. Мужчыны, напрыклад, кожны дзень лавілі рыбу. І чысцілі! Таму рыба ў рацыёне таксама была амаль кожны дзень.

Зараз, калі бабулі з дзедам ужо няма, гэтыя традыцыі стараюцца захоўваць старэйшыя цёткі. Але, на жаль, не заўсёды тое выходзіць. Калі я прыязджаю туды, то як мінімум бліны заўсёды аднаўляюць сваё існаванне. Калі бываю там адзін, то гатую іх сам. Успамінаю бабулю з дзедам і нашу вялікую добрую сямʼю, якая мела багата цікавых традыцый.

 

Наталля, 69 год:

Мае бацькі 1919 года нараджэння. Яны сустрэліся ў 1941 годзе ў той час, калі танкавы полк бацькі ўдзельнічаў у баях. Мама захавала ўсе лісты бацькі, якія да яе дайшлі. Распісаліся 4 студзеня 1945 года. У Беларусь трапілі ў чэрвені 1946 года. Тата быў загадчыкам бібліятэкі Дома афіцэраў, а мама заўсёды працавала ўвечары, бо была білецёрам у Доме афіцэраў, а потым у кінатэатры «Мір».

Я вельмі добра памятаю гарадскі рынак, ды іншы, на рагу Мінскай і Савецкай. Менавіта на апошні хадзіла з мамай за вясковым тварагом, смятанай, яйкамі. Яшчэ бацька любіў рачную рыбу, яе таксама куплялі там. У нас не было ніякіх сваякоў тут, усё куплялі ў краме і на базары. У тым ліку і жывую курыцу часам. Гэта ў 50-я –60-я гады.

Сямейныя стравы – халоднае, варэнікі, бліны і дранікі. У дзяцінстве халоднае варыла мама, а разбіралі яго мы з татам.

Варэнікі навучыла ляпіць маміна сястра, якая доўга жыла з намі. Самыя лепшыя – з вішнямі ці чарніцамі. На жаль, цяпер іх практычна не раблю. Пяку тонкія бліны. Гэтага заўсёды чакаюць мае ўнукі і сябры. Розныя начынкі: з мясам, грыбамі, тварагом, яблыкамі. Любімы дэсерт для маіх сяброў – блінцы з ківі-бананам, тушаныя з узбітай з цукрам смятанай.

А дранікі – гэта асобная размова. Самыя смачныя смажыў мой нябожчык муж. А яшчэ ён рабіў калдуны, не давяраючы гэта мне. Казаў, што я не беларуска, таму ў мяне не так атрымліваецца.

Мая мама родам з Харкаўшчыны, Купянскі раён. Мяне яна таксама нарадзіла практычна там: у цягніку, калі ехала да сваёй маці. Знялі нас з мамай з цягніка ў Купянску…

А з мужам пазнаёмілася праз сябра майго бацькі. У яго жонкі былі сваякі ў Бабруйску – стрыечны брат, пляменнікі. Гэтыя татавы сябры хацелі пазнаёміць пляменніка са мной. І я атрымала ад яго ліст. Ён у той час служыў у войску. Я адказала, завязалася перапіска. Перапісваліся амаль год. Фотаздымкамі абмяняліся праз 9 месяцаў. Вярнуўся з войска ў 20-х чыслах траўня, пачалі сустракацца, праз паўгады ажаніліся…

Сын увесь час узгадвае бабуліны катлеты. І аднойчы сказаў, што яны ў мяне сталі, як у бабулі. Асаблівага культу ежы не было ў сямʼі. Ежа простая. Заўсёды салілі капусту, шмат кансервавалі: агуркі, памідоры, кампоты. Самы любімы – вішні з абрыкосамі.

Хто б не зʼяўляўся ў нашым доме, мусіў быць накормлены. Думаю, гэта з мамінага перажытага голаду 30-х гадоў. Тады памёр яе бацька, а яна дзяўчынкай пешшу пайшла на Данбас, дзе на шахце працавала яе старэйшая сястра. Маму ўзялі пасудамыйкай у шахцёрскую сталовую. Пасля працы дазвалялі забіраць лупіны ад бульбы. Пасля мыцця посуду збірала кроплі камбітлучшу, і на ім пяклі з сястрой лупіны.

Таксама запомнілася, калі я паступіла ва ўніверсітэт (1970 год), прывозіла з Мінска нейкія прадукты (крупы, каўбасу вэнджаную), рабіла ў краме на Мяснікова папярэдні заказ.

 

Мая, 39 год:

Прыгадалася, як у сямʼі маёй сяброўкі, ды і мой дзядуля таксама – пяклі яблычны пірог два разы на год. Ведаеш, на якія святы? Першамай і 7 лістапада!

У мяне гэта так у памяці адбілася, бо мае бацькі гэтага не рабілі. А вось асаблівае стаўленне да яблычнага пірага засталося (смяецца).

Апошні раз асабіста прысутнічала на такім свяце 7 лістапада ў 2002 годзе. Чаму вельмі запомніўся, бо святкавалі яго ў сямʼі сяброўкі, і мяне здзівіў размах. У нашай сямʼі так Новы год святкуюць!

А што тычыцца Новага года, на яго «гефілтэ фіш» гатавалі. Прычым незалежна ад нацыянальнасці.

 

Фота: Karolina Grabowska

 

Ірына, 34 гады:

Адразу ўзгадваю бабулю, яна заўсёды летам гатавала варэнікі з чарніцамі, а зімой – з бульбай і цыбуляй! Ляпіла іх адна, і вельмі хутка. Памочнікі нават не паспелі б ёй дапамагчы (смяецца).

Памятаеш, як у «Вечарах на хутары каля Дзіканькі» варэнікі самі ў рот ляцелі? Вось, такія і ў бабулі былі… Расказваю, і слінкі цякуць! Дарэчы, яе другі муж быў украінцам і, як я разумею, яна пад яго навучылася гатаваць, боршч дакладна быў не такім, як ва ўсіх.

А другая бабуля шмат гатавала ў печы, гэта называлася «ў чыгунку». І традыцыйна на Вялікдзень – заўсёды булкі. Я вельмі любіла яе бабку і аладкі… Мая мама супер гатуе, але такі смак не паўтарыць! З мамінага люблю ўсё. Але найбольш – дранікі і калдуны.

Я пакуль нічога з сямейных страваў не гатую, але дзіця будзе расці, думаю, натхніць мяне.

 

Нік, 40 год:

У мяне шмат розных страў, якія асацыююцца з дзяцінствам. І ёсць некаторыя, якіх ужо ніколі больш не будзе… Напрыклад, кісель. Не той, што наліваюць у кубачкі, а густы – у талерках. Мы прыязджалі ў госці да сваячкі на Вялікдзень, і кісель у талерках стаяў усюды. Гэта быў проста неверагодны ласунак!

І, чамусьці, прыгадаліся смажаныя курыныя сцёгны, бо неяк аднойчы яны сталі крыху больш даступнымі. І гэта было сапраўднае свята, што можна есці мяса без гарніру (смяецца).

Яшчэ адзін цёплы ўспамін – дранікі. Менавіта за імі часцей за ўсё збіралася, і часам цяпер збіраецца ўся сямʼя. Дранікі трэба ёсць гарачымі, і прысмакі да іх таксама трэба паспець зʼесці, пакуль не скончыліся. Таму, можна сказаць, што дранікі аб’ядноўваюць.

Падлеткам у гатаванні асноўных страў я не ўдзельнічаў, максімум бульбу абабраць. А вось гатаваць печыва, вафлі і торт «Мурашнік» я любіў. Яго я пасля гатаваў з любой нагоды, асабліва для дзяўчат, якія падабаліся.

Зараз мае кулінарныя веды і меню пайшлі значна далей таго, што я еў у дзяцінстве. Я гатую выпечку, гатую ў казане на прыродзе і на лецішчы. Не магу сказаць, што гэта прама вынаходствы. Але дакладна ведаю, што смачныя.

Магчыма, гэта смешна гучыць, але аб’ядноўвае нашу сямʼю любоў да звычайных пельменяў з крамы. Бо іх вельмі зручна гатаваць з раніцы ў выходны дзень, для дзяцей гэта свята. Яны з задавальненнем прамяняюць усё, што я гатую, на пельмені.

 

Маша, 28 год:

Сямейныя стравы – кекс шакаладны, «кішэнькі» экзатычныя з яблыкамі і ківі, селядзец пад футрам, грэнкі з сырам часныком і маянэзам, памідорам. Раней усе гэтыя стравы мы гатавалі, калі хацелася, а цяпер грошай няма асабліва, таму толькі на святы.

Усё пералічанае мне падабалася, але асабліва грэнкі – мы іх у першую чаргу зʼядалі. Я і сама навучылася гатаваць кекс і грэнкі. Вось «кішэнькі» гатуе толькі мама!

Гэтыя стравы нагадваюць пра дзяцінства, памятаю, як крала крэм ад кекса – пальцам ці адразу лыжкай! Вядома, калі заўважалі, маглі ўсыпаць. Калі шчыра, я і дагэтуль так раблю, калі ніхто не бачыць (смяецца).

 

Таісія, 68 год:

Я не карэнная бабруйчанка, але пражыла ў Бабруйску 50 год. А з дзяцінства ездзілі сюды з бацькамі гандляваць і марозіва паесці (смяецца).

У сваёй вёсцы Сяргеевічы (Кіраўскі раён) навучылася ад бабуль і таты гатаваць аўсяны кісель з чарніцамі, буякамі і грэцкім арэхамі; пячы хлеб для кваса і ставіць квас на аснове бярозавага соку; мачоныя дзікія грушы з брусніцамі і мядовымі сотамі; пячыста (гэта мясная страва): юшку па-сяргеевіцку.

 

Фота: Karolina Grabowska

 

Ганна, 37 год:

У нашай сям’і заўсёды любілі сялёдку пад футрам з яйкам. Торт «Графскія руіны», яго нават я гатавала часам. А яшчэ курыцу на бутэльцы.

Раней мой муж часта гатаваў тушаную бульбу з хатнімі каўбаскамі, якія яго мама сама робіць. Прыгадала, што мая мама калдуны з мясам рабіла ў дзяцінстве часта, і маці мужа іх таксама робіць, але яны больш на цэпеліны падобныя, толькі абсмажаныя, а пасля іх яшчэ і ў духоўцы запякаюць. Таксама ў іх сям’і любяць варэнікі з клубніцамі і чарніцамі, галубцы, зацірку, аладкі з салам.

 

Аліна, 43 гады:

Я сама мала што гатую, у мамы раней быў набор страў, якія яна рабіла на святы, і проста купа рэцэптаў, напісаных на кавалачках паперы яшчэ ў 70-80-х гадах. З традыцыйнага – фаршыраваны карп, халоднае, салаты. Як я калісьці пісала:

«Нарадзілася я ў Бабруйску. А там, нават калі ў табе няма ні кроплі габрэйскай крыві, ты ўсё роўна ходзіш паўз будынкі з цэглы Разенберга, у прадуктовую краму «Ноеў каўчэг», а твая мама абавязкова рыхтуе па святах фаршыраваную рыбу. Горад напоўнены знакамі, зоркамі Давіда на закінутых сінагогах, рамеснымі майстэрнямі, характэрнай гаворкай і атмасферай».

Сама я толькі начыняла карпа гароднінай, ці грыбамі з сырам, і запякала. Гэта лайт-варыянт. А вось так разрабіць гэтую рыбіну, замарочыцца, а пасля яшчэ ўпрыгожыць гатовае ўсялякімі кветачкамі з морквы – тут у мяне ўжо ніколі цярпення не будзе.

На кухні я больш была на пабочных работах: штосьці нарэзаць, нацерці. А разам з мамай мы гатавалі розныя бабкі тварожныя, я ёй адкрывала нейкія сучасныя стравы і крупы, падсадзіла на булгур і кус-кус.

Сярод яе фірмовых дэсертаў быў і «Мядовік», і торт «Прага», і лімонны пірог, і купа ўсяго.

Таксама ў маёй маці былі самыя смачныя тонкія блінцы, як карункі, на малацэ. Рэцэпт яна нікому не давала. Самая я спрабавала іх гатаваць – не атрымоўваліся. І таму я рабіла на кефіры. А год з 10 таму я літаральна прыперла яе да сцяны, сказала, што мне трэба іх прыгатаваць. І яна расказала прыблізны рэцэпт, і блінцы атрымаліся! З таго часу гатую такія сама. Але на Раство мама абавязкова смажыла таўсценныя бліны на кефіры, і мяса – як колісь бабуля рабіла.

Мяса па-французску абавязкова з бульбай – на кожная свята. Таксама ўзгадваю, што са зменай харчовых звычак гэты тлусты маянэз паступова саступаў сумесі нятлустага са смятанай.

Прыгадваецца яшчэ, як мая стрыечная бабуля працавала ў 80-я, калі ўсё было дэфіцытам, на «Чырвоным харчавіку», і прыносіла адтуль кавалкі шакаладу…

 

Фота: wikipedia

 

Алесь, 32 гады:

Памятаю дакладна бутэрброды з маянэзам, часныком, памідорам або шпротамі. Яны і дагэтуль уан лав – сам гатую іх, і нават малому падабалася іх і рабіць, і есці.

Адзін з яскравых успамінаў дзяцінства , як бабуля з мамай гатавалі крывянку, падаецца, усё на кухні было ў крыві. Але свята дакладна не прагадаю, якое.

Мама сцвярджае, што традыцыяй было рабіць булкі на Вялікдзень менавіта свае, яна дагэтуль не купляе ніводнай. І тарты заўжды свае былі.

Я зараз не жыву ў Бабруйску, і калі еду дахаты, прашу маму наляпіць свае пельмені, бо гэта таксама ўжо традыцыя. Ёй гэта лёгка даецца, і хатнія пельмені праўда смачней за крамныя. Неяк мы з жонкай таксама спрабавалі іх згатаваць, і выйшла абы-што (смяецца).

Дарэчы, мая жонка з Нарачаншчыны, і яе сямейныя кулінарныя традыцыі значна адрозніваюцца ад нашых. Падалося, там больш разнастайна па мясе. На сталах могуць быць усе варыянты мяса: калбасы, шашлыкі, катлеты, вэнджанае. У нас зусім не так.

 

Стася, 22 гады:

Першае, што прыйшло ў галаву, гэта мамчыны «гняздзечкі». Гэта натаркаваная, як на дранікі, бульбачка, што выкладваецца ў форме блінчыка. У цэнтры яго робіцца паглыбленне, туды ўбіваецца яйка і падсмажваецца. Візуальна выглядае, як хачапуры, толькі замест цеста – бульба.

Гэта вельмі смачна, я кожны раз з трымценнем чакала, калі мама іх прыгатуе. Часам сама іх раблю, але мамчыны – гэта мамчыны. Я нават не ведаю, адкуль у яе гэты рэцэпт, бо з маіх знаёмых ніхто пра «гняздзечкі» не чуў.

 

Таццяна, дзіця 80-х:

Мама ў мяне кухар са стажам і карэнная бабруйчанка. Калі прыгадаць стравы з беларускай кухні, то ў нашай сямʼі гатавалі дранікі, бабку з печы, боршч традыцыйны – наварысты. А калі размова ідзе пра сучасныя закускі, то, улічваючы вопыт мамы, яна навучыла мяне стравам, у якіх спалучаецца неспалучальнае. У пачатку 2000-х, калі мы толькі даведаліся, што такое крабавыя палачкі ці мяса з ананасам – гэта было ў навінку. А цяпер – любімыя стравы. Напрыклад, стэйк з ананасам ці персікам.

Справа ў тым, што мая памерлая ўжо бабуля таксама была кухарам з шматгадовым вопытам працы. Усё сваё жыццё яна працавала ў мастацкім каледжы. І ўсё тое смачненькае і запамінальнае з дзяцінства – ад яе пайшло.

Усё маё дзяцінства мы пражылі ў сваім доме, таму расольнік, прыгатаваны ў печцы, бабка, калдуны – засталіся ў памяці як неверагодна смачнае і вельмі любімае намі. Зараз там мы ўжо не жывем, разабралі печку, часткова і сам дом.

А ў дзяцінстве я працэс гатавання ў печцы рэгулярна назірала і ела з велізарным задавальненнем. Гатаваць мяне, штопраўда, не пускалі, баяліся (смяецца). А вось паляндвіцы і пальцам пханую каўбасу па тых рэцэптах робім да гэтага часу.

Таксама з часоў дзяцінства дагэтуль на стале «аліўе» і «сялёдка пад футрам». І мае дзеці цяпер гэта любяць, і нашы бацькі любілі. І ні адзін іншы салат не заняў месца гэтых двух.

 

Ёсць гісторыя, якой жадаеш падзяліцца? Пішы ў наш інстаграм!